10 сакавіка. Утрох (я, Ткачоў і Алешка) падрыхтавалі, нарэшце, даволі аб’ектыўную і вядома, станоўчую (з некаторымі толькі заўвагамі) даведку па выніках нашай камандзіроўкі. Аддалі загадчыку аддзела, а той панёс наверх. Пачнецца, як заўсёды, праўка, рэдагаванне.
13 сакавіка. Панамароў нудзіцца сваім становішчам памочніка ў Пятра Міронавіча. Завалены работай па выступленнях шэфа («папы», як ён кажа). Прэтэндуе на нейкую высокую пасаду, але наўрад ці хто паставіць. Высокія пасады падобныя на крутыя скалы: туды ці арлы ўзнімаюцца, ці ўзбіраюцца тыя, хто поўзае. Панамароў, здаецца, не адносіцца ні да першай катэгорыі, ні да другой.
14 сакавіка. Ноччу марозіць, з раніцы, калі ідзеш на службу, хрусціць лядок, а ўдзень растае.
15 сакавіка. Іосіф хоча сфатаграфавацца для часопіснай падборкі ў «Маладосці». Папрасіў у мяне гальштук у белую палоску, які яму надта падабаецца. Даў.
17 сакавіка. Зямля падсохла, з раніцы сыпануў сняжок. Звычайнае для канца сакавіка надвор’е: вецер, калючы сняжок, хмарнае неба.
Па пошце, у абедзенны перапынак, паслаў дзеду Лявону ўпакоўку балгарскіх цыгарэт «Шипка». Лёгкія. Ён так і не кінуў курыць.
Вечарам чытаў ваенныя мемуары — кнігі маршала Конева «Сорок пятый» і лётчыка Пакрышкіна «Небо войны». Цяжка было ўсім, хто ваяваў.
18 сакавіка. В. Панамароў прэтэндуе на рэдактара «Немана». Пісьменніцкай падтрымкі аднак не мае. Не падтрымлівае яго і наш аддзел. «Папа» таксама перастаў глядзець у яго бок.
22 сакавіка. Па панядзелках па даручэнні Ленінскага райкама партыі вяду тэарэтычны (!) семінар з работнікамі ашчадных кас. Збіраемся ў памяшканні ашчаднай касы па вуліцы Кірава. Гэта каля вакзала. Тэма семінара — «Навуковы камунізм». Пазнаёміўся з чалавекам, які працуе ў гэтай ашчаднай касе. Прозвішча — Троцкі. Пытаюся: можа з Трокаў родам? Ёсць такі горад у Літоўскай ССР. Не, кажа, прозвішча памяняў дзед у пачатку яшчэ 20-х гадоў, каб быць бліжэй да рэвалюцыйных падзей. З цягам часу дзеда, за прозвішча, палічылі, што сваяк Льву Троцкаму, расстралялі, а сын і ўнук выжылі. Цяпер да прозвішча ніхто надта не чапляецца.
26 сакавіка. Распагодзілася. Падбіраем рэдактара на «Неман». Да С. заходзіў Хведар Жычка (яны сябруюць). Чуў, як Хведар на развітанне сказаў, заікаючыся і смешна вымаўляючы «л» замест «р»: «Жыццё — гэта балба».
31 сакавіка. Галоўны орган у чалавека — гэта нос. Гэта яшчэ Гогаль заўважыў. Нос адчувае пах. Калі пах добры, значыць маем справу з жывым, нармальным, калі дрэнны — значыць разлажэнне. На вуліцах пасля зімы шмат смецця (нос гэта адчувае), праз пару тыдняў — суботнік, уборка.
1 красавіка. Дзень падманаў. Быў напагатове, што хто-небудзь паспрабуе ўвесці ў зман, але абышлося. У мінулыя гады такое здаралася.
3 красавіка. Прачытаў выступленне М. Шолахава на партыйным з’ездзе ў Маскве. У сваім стылі. Усіх крытыкуе, але, у адрозненне ад Карпюка, не чапае партыі, кіраўніцтва, і яго ўзносяць да неба.
4 красавіка. Туман. Вільгаць. Вясна. Завяршыліся Дні беларускай літаратуры на Брэстчыне. Апошнім часам Брэстчыну пачалі называць Берасцейшчынай. Гэта, відаць, больш правільна, бо ў нас, у Кругелі, кажуць не Брэст, а Берасць.
З Брэстам у мяне звязана безліч успамінаў.
Мы, студэнты, любілі сваіх выкладчыкаў — Смальянаву, Калесніка, Германовіча, Царанкова, Барысаўца. І паміж сабой сябравалі — Грыша Лазіцкі, Федзя Цудзіла, Марк Любін, Вера Ляшук, Віктар Карповіч, Тася Тарасевіч,
Фіра Гафштэйн, Вера Маннук… У Марка Любіна ў пашпарце стаяла: Мендэль Янкавіч Любін, — але па яго просьбе яго называлі Марк Якаўлевіч. Ніхто не пярэчыў — каму што даспадобы.
Аднойчы ідзём з Маркам Якаўлевічам па Савецкай. Было гэта ў 1957-м, вясной. Едзе на возе, па бруку, селянін. Едзе без аднаго задняга кола, воз валачэцца на жэрдцы, падкладзенай пад вось. Што зробіш — зламалася кола, і чалавек едзе на бярозавай жардзіне. Бегае вакол воза нейкі ўвішны суб’ект з фотаапаратам, фатаграфуе і так, і сяк, папраўляе на галаве вазака зімовую шапку-аблавушку. Нешта ва ўсім гэтым падалося нам наўмысным і здзеклівым. Мы з Маркам падышлі да таго фатографа. Аказалася — журналіст з ФРГ. У нас узняўся патрыятычны пыл: «Што ж ты робіш, нягоднік? Вакол столькі цікавага, вартага ўвагі, нашага, савецкага, а ты прычапіўся да няспраўнага воза на бярозавай жардзіне! Замежныя газеты, вядома, з ахвотай апублікуюць здымак — зламаны воз на прымітыўнай жардзіне, наіўны паляшук у аблезлай аблавушцы…» Разам з Маркам узялі гэтага журналіста ў работу: «Засвяці плёнку!» Той страшэнна напалохаўся, але выканаць наш загад адмовіўся. Тады мы павалаклі яго ў міліцыю, дзе сустрэў дзяжурны. Немец апраўдваўся, нешта тлумачыў. Дзяжурны прысарамаціў яго, але паводзіў сябе больш спакайна за нас. Плёнкі ў журналіста не адымаў, а толькі пахітаў галавой і павадзіў пальцам. Іншаземец развітаўся і пайшоў.