Выбрать главу

У нас з Маркам было адчуванне выкананага абавязку.

6 красавіка. Прысутнічаў на пасяджэнні Сакратарыята СП. Разглядаліся пытанні падрыхтоўкі да чарговага з’езда пісьменнікаў Беларусі. З асноўным, справаздачным, дакладам будзе выступаць М. Танк як старшыня Прэзідыума СП. У дапамогу яму — кансультанты, робяць агляды па жанрах. Намецілі рабочыя органы з’езда і месца правядзення — тэатр імя Я. Купалы. Абмяркоўвалі, каму адкрываць з’езд. Я. Брыль падаў думку прасіць Кандрата Кандратавіча.

У канцы вырашылі замачыць добры пачатак, крыху расслабіцца і выпіць па чарцы. Між іншым, цікава прыгледзецца, як хто п’е. Кожны, мушу сказаць, па-свойму. М. Танк толькі прыгубіў. Рагоча грамчэй за ўсіх, але не п’е, трымае кілішак у руцэ, «грэе».

12 красавіка. Якая гэта прыгожая пара года — вясна! Нават у горадзе, які скрозь утыканы дымнымі трубамі. На Берасцейшчыне, відаць, ужо амаль лета. Ужо, пэўна, прыляцелі буслы. Лаўлю сябе на думцы, што мяне, як заўсёды, цікавіць жыццё прыроды. Усё ж такі прырода — гэта норма, гаючы сродак, які можа супакоіць, вярнуць да раўнавагі.

13 красавіка. Правёў у ашчаднай касе чарговы семінар. Разглядалі пытанне аб экалогіі, пра ўзаемаадносіны чалавека і прыроды. Разважаў у асноўным я, семінарысты паводзяць сябе даволі пасіўна. Большасць удзельнікаў семінара — дзяўчаты, жанчыны. Ну, і той Троцкі. Слухалі, мне здалося, уважліва. Тэма ўзаемадачыненняў чалавека і прыроды выразна выступае ў нядаўнім вершы А. Куляшова «Сасна і бяроза»:

Трымаюць Зямлю без падважнікаў тых,

Без мудрага троса

Жывымі рукамі карэнняў сваіх

Сасна і бяроза…

Ёсць у гэтым вершы і, думаецца, прыхаваны падтэкст, палеміка. Камуністы, як вядома, ставяць на мэце перарабіць, перабудаваць свет, у тым ліку пакарыць прыроду, на месца «першай» прыроды паставіць «другую», штучную, якая, аднак, павінна скласці матэрыяльную аснову камуністычнай цывілізацыі. Паэт на баку прыроды, прыроднага ўлоння, адмаўляе значэнне «мудрага троса». Вядома, сваім семінарыстам я пра гэта не сказаў. Не сказаў таксама, што і сам чалавек — частка прыроднага космасу і што адпаведна патрабуе больш паважных адносін да сябе. Але гэта — асобная тэма.

Закончыўшы семінар, ідучы на работу, параўняўся з дзяўчынай у летнім паліто, рослай, з доўгімі косамі. Была яна з сяброўкай. Разгаварыліся.

— Я простая медсястра, — сказала яна. Працуе ў дзіцячай чыгуначнай паліклініцы. Назвала сваё імя: Тамара. Жыве ў інтэрнаце. Здалася прыгожай. Зрэшты, кожная жанчына па-свойму прыгожая, варта толькі ўгледзецца. Я ў гэтым пераканаўся. Фрэйд, якога я чытаў у акадэмічнай бібліятэцы, пісаў, што светам кіруе сексуальнасць. Гэтую думку ў змененай форме часта паўтарае А. Мальдзіс, згадваючы польскую прымаўку: «Мы жондзімы святэм, а намі — кобеты».

Толькі чаму сказала: «Простая медсястра»? Медсястра ды і ўсё. Чым гэта блага? Дала тэлефон.

15 красавіка. Падрыхтоўка да VI пісьменніцкага з’езда. Здаецца, будзе выступаць Пётр Міронавіч. Панамароў ужо на іншай пасадзе — працуе на тэлебачанні на чале групы палітычных аглядальнікаў, так што рыхтаваць прамову Машэраву давядзецца мне аднаму. Хачу, каб выступіў па-беларуску.

18 красавіка. Выхадны. Захацелася сустрэцца з Тамарай. Пазваніў. Паехала ў Плешчаніцы, да бацькоў. Тамара — у перакладзе з іўрыта — фінікавая пальма. Падабенства з пальмай ёсць.

19 красавіка. Пішу прамову Пятру Міронавічу. Ён даў згоду выступіць на беларускай мове. Інструктуючы мяне па сваім выступе, ён, між іншым, сказаў:

— Ні ў якім разе нельга павучаць — гаварыць пісьменніку: пішы вось так і не інакш. Кожны піша па-свойму. І яшчэ. Звярніце ўвагу на мову, на майстэрства.

24 красавіка. Як звычайна — суботнік. Зноў цягалі бетон. Бетаніравалі пляцоўкі пад новы цэх. Пад канец ледзьве трымаўся на нагах, нічога не хацелася, апроч адпачынку.

Пасля суботніка ў некаторых радыкуліт. Інструктар з аддзела транспарту наогул цягне нагу і круціць галавой. «Укалваў, як Паўка Карчагін», — кажа ён. У мяне пры рэзкім руху паколвае ў паху.

Парватава на суботніку не было, спаслаўся на тэрміновае заданне.

А Пётр Міронавіч быў.

У перапынку мае калегі звярталі, у чарговы раз, увагу на тое, што Пётр Міронавіч надта хутка ездзіць на сваёй «Чайцы». Чалавек з аргаддзела — знаўца гэтага пытання — даступна патлумачыў, што Пётр Міронавіч — кандыдат у члены Палітбюро ЦК КПСС і яму ездзіць павольна не дазваляецца. Ён чалавек дысцыплінаваны, трымаецца інструктыўных указанняў ад службы бяспекі, ездзіць заўсёды з хуткасцю не меней як 90 км у гадзіну. Пятра Міронавіча паважаюць.