Выбрать главу

25 красавіка. Заўтра пісьменніцкі з’езд. Сёння раздаюць дэлегатам «папкі». Дэлегаты — усе члены СП. Будзе вялікі склік.

26—27 красавіка. У памяшканні Купалаўскага тэатра адбыўся VI з’езд пісьменнікаў Беларусі. З’езд адкрываў К. Крапіва. З дакладам выступіў М. Танк. Шмат было пісьменніцкіх прамоў, але не пра галоўнае. Галоўнае ў тым, што выступіў П. М. Машэраў. Як і планавалася, выступіў па-беларуску. Перад гэтым, паклікаўшы мяне, удасканальваўся ў беларускім вымаўленні. Абрусеў ён парадкам, даводзілася папраўляць.

Настаяў, каб у дакладзе быў абзац пра станоўчага героя. Пісьменнікі, на яго думку, часта арыентуюцца на крайнасці. Нярэдкія факты, калі пісьменнік, паказваючы тую ці іншую з’яву жыцця, бярэ толькі крайнія моманты, крайнія полюсы. З аднаго боку — ідэальна станоўчы герой, з другога — заведама адмоўны тып. А ці не ўпускаем мы пры гэтым з поля зроку неабдымна шырокую сферу спраў і здзяйсненняў мільёнаў і мільёнаў нашых людзей, людзей цікавых, змястоўных, з гушчы якіх, дарэчы, і вырастаюць героі нашага часу, чыё жыццё і праца, у сваю чаргу, з’яўляюцца ўзорам для пераймання і паступова становяцца нормай жыццядзейнасці для большасці членаў нашага грамадства. Герой — той, хто рашуча не прымае снабізму, лайдацтва, самазадаволенасці і самазаспакоенасці.

У тэорыі гэта, вядома, прыгожа, але як на практыцы?..

Падыходзіў да мяне Васіль Васільевіч Барысенка, перад выступленнем Машэрава. Хваляваўся, чакаючы крытыкі ў адрас інстытута. Я супакоіў свайго былога дырэктара. В. Барысенка нагадвае мне літаратурнага героя, для якога галоўнае — «абы ціха», бо баіцца ўсяго, а рэакцыя начальства можа быць самая нечаканая. Пасля В. Барысенкі сустрэў А. Семяновіча. Ён былы аспірант Васіля Васільевіча, цяпер кандыдат навук, выкладае ў педінстытуце. Бачыў, што я стаю з яго былым шэфам, і стаў казаць, як не паладзіў, размінуўся з ім. Яблыкам разладу стаўся малодшы навуковы супрацоўнік Інстытута літаратуры Дзмітрый Бародзіч, да якога Барысенка меў прэтэнзіі, а Семяновіч абараняў.

Пачаўся з’езд. У прамовах некаторых выступоўцаў пракідалася думка, што больш адпаведнай увагі да сябе патрабуюць самыя асновы чалавечага быцця — прырода, гісторыя, інтымная сфера, жыццё духу. Жыццё мае столькі таямніц, а наша літаратура пакуль што піша пра гэта мала, а больш пра ўраджайнасць, надоі, выкананне плана.

Яшчэ раз пераканаўся, што талент мусіць мець выйсце, што для пісьменніка павінен існаваць сектар свабоды.

Старшынёй СП абралі М. Танка. Калісьці пра Броўку (думаю, што менавіта пра яго) Танк напісаў так: «І дурны ж ты, Квэк, што згадзіўся стаць // над цыганскім табарам каралём...» А цяпер і сам згадзіўся. Навіна, што адзін з яго намеснікаў цяпер — А. Грачанікаў. Думаю, што справіцца, досвед работы з людзьмі ў яго ёсць.

Абралі дэлегатаў на V з’езд пісьменнікаў СССР.

30 красавіка. Пасля работы прайшоўся па скверыку каля тэатра Я. Купалы. Сустрэў Я. Брыля. Павітаўся. У руцэ, пры кішэні, трымае паўлітэрку. Я выгляду не падаў, але здзівіўся: Іван Антонавіч не п’е. Але ж заўтра свята.

Можа, будзе госць...

1 мая. Я чуў, ад старых людзей, што калі ноч пад 1 мая зорная і цёплы дзённы вецер, то лета будзе з бурамі, але цёплае і ўраджайнае. Здаецца, так і было — і ноч зорная, і цёплы ветрык днём.

Быў на дэманстрацыі. Шматлюдна і чырвана ад сцягоў і лозунгаў, грымелі рэпрадуктары, але ўсё афіцыйна, прывычна, асаблівай радасці не адчувалася. Мне ўспомнілася дзяцінства — першы ў маім жыцці Першамай 1946 года. Я тады вучыўся ў другім класе нашай Кругельскай школы. Да свята рыхтаваліся загаддзя. Меркавалася, што калонай пойдзем у сельсавет, у Ратайчыцы, дзе адбудзецца дэманстрацыя. Трэба было, каб у кожнага вучня быў чырвоны сцяг. А дзе яго ўзяць у 1946 годзе? Нідзе не купіць. Бабуля адрэзала кавалак палатна і пафарбавала ў чыгунку з буракамі. Кіпяціла з гадзіну, а можа і болей, каб палатно набралася чырвані. Потым сушыла. Кужаль пачырванеў, але колер далёка не адпавядаў чырвані афіцыйнай, яму не хапала яркасці. Атрымаўся, цяперашнім словам кажучы, нейкі рэвізіянісцкі. Тым не менш мы з дзедам змайстравалі сцяг, прымацаваўшы палатно да дрэўка. Ваенрук у школе мой сцяг забракаваў — не той колер, і, калі калона рушыла ў Ратайчыцы, паставіў мяне ззаду, у самым канцы, «замыкаючым». Спачатку ішлі па вуліцы праз сваю вёску. З хаты выйшлі дзед з бабуляй і, стоячы каля веснічак, падбадзёрвалі мяне, махалі рукамі.