Выбрать главу

— Вышэй нагу! — чулася дзедава каманда (калісьці ён служыў у войску,яшчэ царскім).

Да Ратайчыцаў дарога няблізкая — шэсць кіламетраў. Там быў мітынг. Народу назбіралася поўна, з усяго сельсавета. Прамовы выступоўцаў складаліся ў асноўным з гучных заклікаў і пажаданняў. Слухалі мы стоячы, мітынг доўжыўся не адну гадзіну. Дадому брылі ўжо не калонай, а даволі бязладна. Без абеду я дык зусім змогся і ледзь валок свой «бурачковы» сцяг. З яго, здаецца, выветрылася апошняя чырвань. Ішлі, помню, не дарогай, а напрасткі, полем, пераходзілі рэчку...

Успаміны, успаміны...

7 мая. Юбілей Сцяпана Ліхадзіеўскага. 70 гадоў. Цяпер ён жыве ў Ташкенце, сярод узбекаў. Некалькі гадоў таму мы з М. Грынчыкам наведалі яго ў яго кватэры, у блочным доме, у якім ён жыве пасля землятрусу. Гасцінны. Паставіў на стол гарэлку. Дачка (не помню імя) згатавала плоў з бараніны, нарэзала памідораў. Да гарэлкі — беларускі матыў — падала селядзец з цыбуляй, бульбу. Ташкенцкі жнівень гарачы, на сонцы градусаў сорак. Абліваліся потам. Сцяпан Іванавіч хварэе на цукровы дыябет, і дачка (налаўчылася) час ад часу закасвае бацьку рукаў і коле інсулін. Сцяпан Іванавіч, як дыябетчык, аддае перавагу гарэлцы, каньяк не спажывае. Ён, казаў, адзіны на ўсю Сярэднюю Азію доктар навук па замежнай літаратуры. Дасканала ведае французскую мову. Дысертацыя — па творчасці Анатоля Франса. Доктарская ступень далася цяжка, таму што яе, як і кандыдацкую, прысвяціў аднаму і таму ж пісьменніку — Анатолю Франсу.

Гаварылі аб усім. Сцяпан Іванавіч быў нядаўна з сынамі ў Мінску і на роднай Случчыне, пахадзілі з косамі па лузе. Каб дзеці ведалі, дзе і якая іх радзіма.

Сцяпан Іванавіч між іншым выказаў глухую крыўду на С. Пілатовіча, які абяцаў дапамагчы пераехаць на працу ў Мінск, у БДУ, але не спраўдзіў свайго абяцання («Абяцаў чарэшні на вярбе», — жартаваў Сцяпан Іванавіч), і на сябра Стася Шушкевіча, які, мяркуючы па ўсім, не надта цэніць паэзію Ліхадзіеўскага. Яны, дарэчы, перапісваюцца, і Стась не ўтрымаўся, каб не адзначыць, што яго кнігі раскупілі, а зборнік Сцяпана Іванавіча заляжаўся.

Пасля ўсяго, калі гарачыня крыху спала, Сцяпан Іванавіч нас праводзіў. Побач з яго домам — Фархадскі рынак. Прагуляліся па ім — квяцісты, гаманкі ўсходні базар. Купілі кішміш.

8 мая. Пярэдадзень свята Перамогі. Сабраліся, апроч загадчыка, С. Парватаў ужо каторы раз расказвае (забывае, што ўжо казаў пра гэта), як на ваенным заводзе, за Уралам, дзе ён у вайну працаваў парторгам ад ЦК, выпрабоўвалі новую канструкцыю мінамёта. Заданне заключалася ў тым, каб у хуткім тэмпе зрабіць запар 50 стрэлаў і паглядзець, які будзе вынік. Выехалі на палігон, устанавілі канструкцыю, і, па камандзе, пачалося выпрабаванне. Прысутнічала, як належыць, дзяржаўная камісія, якую ўзначальваў сам Парватаў. Да палавіны ўсё ішло нармальна, а потым ў мінамёта нечакана пачаў задзірацца хобат, і міны сталі класціся ўсё бліжэй і бліжэй. Асколкі засвісцелі над галовамі, камусьці з абслугі знесла шапку. Камісія схавалася ў бліндаж, і пачаліся спрэчкі. Некаторыя настойвалі на спыненні выпрабаванняў. Маўляў, загінуць людзі. Але гэта азначала б зрыў плана выпуску прадукцыі, за што можна было б трапіць пад трыбунал. Парватаў не дапусціў зрыву тэрмінаў, і ўсё неяк абышлося.

9 мая. Дзень Перамогі. На жаль, яшчэ не для ўсіх ён стаў днём справядлівасці. Барыс Сачанка расказваў пра чалавека з суседняй з яго Вялікім Борам вёскі, якога кіраўніцтва калгаса не запрашала на святкаванне Дня Перамогі, бо ён трапіў у палон. Здарылася гэта ў трагічным 1941-м. Калі вызваліўся з палону, прысудзілі да штрафбата, у якім праваяваў — цэлы, не паранены — да канца вайны. У гэты дзень, 9-га Мая, ён выпівае з такім жа штрафніком, як і сам.

Сустрэўся з Юзікам Скурко, які пазнаёміў з Міколам Заранком. Родам ён з-пад Мазыра, вёска Глінная Слабада. Аспірант Інстытута філасофіі. Да гэтага ён працаваў на Палессі, у вёсцы Зеляночы, у пачатковай школе дырэктарам. Жыццёвы вопыт мае. Адзначылі свята Перамогі. У Міколы на вайне загінуў бацька.

10 мая. Чуў першы гром. Грымела, здаецца, на поўдні. Ёсць прыкмета: калі вясною першы раз загрыміць на поўдні, то лета будзе цёплае і пагоднае, а як на поўначы — то халоднае.

12 мая. В. Быкаў, кажуць, збіраецца пераязджаць у Мінск. Нібыта разводзіцца з жонкай.

15 мая. Вырашыў наведаць Камароўку, захацелася купіць мёду. Здзівіўся ранішняму небу. Такім актыўна-зялёным, бліскучым яно бывае, напэўна толькі вясной, у траўні месяцы, як калісьці называлі май.

Камароўка — вечны рухавік жыцця. Віруе народ. Гамоніць, здзіўляецца, спрачаецца, шуміць. Мала пра яе пісалі пісьменнікі. Ёсць, праўда, добры верш у Р. Барадуліна.