Выбрать главу

Купіў у дзядзькі, які з белымі нарукаўнікамі стаяў за прылаўкам, слоік мёду. Заплаціў 10 руб. Ліповы мёд. Выбар гатункаў, дарэчы, не вялікі. Агульная назва: кветкавы, кветкавы, кветкавы. А я хацеў бы, напрыклад, пакаштаваць мёду з арэшніку, з вербалозу. Арэшнік (ляшчына) па лесе ўжо цвіце, у нас яго, як і вербалозу, шмат. Добры меданос — свірэпа. Дапамагае пры прастудзе. Мядовая каралева — грэчка. Мой хросны Сямён Гардзеевіч — знаны ў наваколлі пчаляр — сеяў яе малымі загонамі праз дзень на працягу двух тыдняў. Цвіла яна, духмяная прыгажуня, доўга радуючы пчол і пчаляра.

16 мая. Пахаладала, як звычайна ў гэты час.

Вечарам уключыў «Спідолу», слухаў (чамусьці не глушылі) выступленне доктара Вітаўта Тумаша. Гаварыў пра культуру Вялікага Княства Літоўскага, пра «готыку, рэнэсанс і барока» ў Беларусі. Хацелася б пачуць пра духоўна-філасофскі змест гэтых паняццяў.

19 мая. Ва ўсю буяе вясна. Зацвітаюць яблыні. Калгаснікі садзяць бульбу. Хутка будзе цвісці бэз. Кветачка бэзу складаецца з чатырох пялёсткаў, рэдка — з пяці. У дзяцінстве ў гронцы бэзу мы шукалі якраз такую — з пяці пялёсткаў. Калі знойдзеш — рады, значыць пашанцуе, будзе ў жыцці шчасце!

Да ўсяго дакранаецца таямнічая сіла вясны.

20 мая. Пайшла пераправерка партызанскіх дакументаў. Некаторыя, здаецца, не супраць адабраць партызанства ў Брыля. Але ў Івана Антонавіча надзейны сведка — Калеснік.

24 мая. Нарада ў загадчыка, які сустрэў мяне пытаннем: «Ну, як там твае пісьменнікі?»

— Пішуць.

Шэф аказаўся настроеным надта патрабавальна:

— Дрэнна яны пішуць. Нам сягоння патрэбен стопрацэнтны станоўчы герой. У жыцці ён ёсць, а ў літаратуры?

— Няма, — хіхікнуў Парватаў.

Я запярэчыў:

— Ёсць. Хіба Антанюк у «Снежных зімах» Шамякіна не станоўчы персанаж? А ў раманах Мележа хіба іх няма? А Сотнікаў?

— Ну, наконт Сотнікава ты, Уладзімір Васільевіч, загнуў, — заўважыў шэф.

Я змоўк, не спрачаўся, бо гэта было не тое месца, дзе спрачаюцца.

5 чэрвеня. У лазні пачуў прымаўку (гаварылі голыя дзядзькі, седзячыў парылцы): «Той багаты, хто нікому не вінаваты». Калі так, дык я таксамане бедны.

Па вуліцы Пуліхава цвіце акацыя. Хто і калі яе пасадзіў?

13 чэрвеня. Памёр Сяргей Прытыцкі. Асоба гераічная. Гэта ён калісьці, у 1936 годзе, страляў у правакатара Стральчука і сам быў цяжка паранены. Прататып галоўнага героя кінафільма другой палавіны 50-х гадоў «Чырвонае лісце» («Беларусьфільм», сцэнарый А. Куляшова і А. Кучара), які так глыбока хваляваў наша пакаленне, — гэта ён, Сяргей Прытыцкі. Мне ён запомніўся яшчэ і тым, што на вяселлі ў Аляксея Карпюка (пасляваенныя гады) падарыў маладому «Капитал» К. Маркса (расказваў сам Карпюк).

Разам з тым Прытыцкі, як і ўсе яго калегі, — тыповы партыйны функцыянер. Герой і функцыянер у адной асобе.

На пахаванні выступіў М. Танк з вельмі прачулай прамовай. Машэраў плакаў. Цікава, пра што ён у гэты час думаў?

19 чэрвеня. Моцны паэт падняўся — Васіль Зуёнак. Яго «Крэсіва» і «Крутаяр» — арыгінальныя кнігі, у вершах шырока і пераканаўча праявіўся дэмакратызм аўтара, яго павага да жыцця, здольнасць бачыць паэтычнае ў звычайным, прывычным для ўсіх.

Ад Зуёнка можна чакаць многага, непадманнага.

29 чэрвеня — 2 ліпеня. У Маскве адбыўся V Усесаюзны з’езд пісьменнікаў. М. Танк выступіў з прамовай «На высокім уздыме».

На з’езд разам з іншымі паехаў Алесь Савіцкі. Апошнім часам, ён шырока выдае свае кнігі. […]

3 ліпеня. Дзень вызвалення Мінска. Алеі па-святочнаму ўпрыгожаны, шмат партрэтаў герояў Айчыннай вайны.

Вечарам сустрэўся з Тамарай, пайшлі ў Купалаўскі скверык, тут чысцейшае паветра. Аўтамашын у сталіцы ўсё больш і больш, пабольшала і загазаванасці. Дзяўчына мая — незачэпа, не дакраніся. Але ж няма кахання без прытуляння.

4 ліпеня. А можа, заставацца халасцяком?

Вальтэр, Платон, Пятрарка, Таса, Дантэ, Спіноза, Кальдэрон, Рышэлье, Брамс — усе, як вядома, засталіся халасцякамі. Найвялікшыя ў свеце мастакі — Рафаэль, Мікеланджэла, Леанарда да Вінчы таксама былі нежанатыя.

Халасцякаваў Кант. За гаспадаркай у яго прыглядаў слуга Лямпэ. Парадак захоўваўся адносны: нельга было чапаць звычайнага беспарадку.

Словам, адказу на гэтае пытанне няма. Нічога не застаецца, як паспадзявацца на волю лёсу.

6 ліпеня. Па радыё пачуў, што памёр Луі Армстронг, выдатны амерыканскі джазавы музыкант, кампазітар. Яго называюць «трубачом-рэвалюцыянерам».

8 ліпеня. Гарачыня. Да таго ж яшчэ і вільготнасць. У службовым кабінеце духата. Усе сядзім у пінжаках і пры туга завязаных гальштуках — здымаць забаронена. У Парватава пінжак зашпілены на ўсе гузікі, але трывае, часта курыць. Кандыцыянераў няма. Адзін хіба толькі Яўген Бабосаў дазваляе сабе зняць пінжак.