Выбрать главу

У дзяцінстве з дзядулем Лявонам у такую спёку ішлі ў клуню і клаліся на ток. Прыемна было адчуваць лёгкую прахалоду.

12 ліпеня. Цвітуць і салодка пахнуць ліпы. Толькі не чуваць пчол у іх залатой квецені. На гарадскіх плошчах шмат галубоў. Гарадскія галубы зусім не баяцца людзей, гуляюць побач. Пенсіянеры прывабліваюць іх хлебам. На ўсіх плошчах Мінска чуецца буркат іх любімцаў.

Час ад часу бачуся з Тамарай, адчуваю да яе духоўную прывязанасць. Каханне — гэта пазнанне. А пазнанне — рэч тонкая, можна сказаць, далікатная. Недалікатнае пазнанне можа выклікаць адваротную рэакцыю.

17 ліпеня. Ездзілі з Тамарай на возера. Нарэшце, здаецца, убіўся да яе ў ласку.

19 ліпеня. Раніцай, ідучы на работу, убачыў над Чэрвеньскім рынкам вясёлку. Сеў у трамвай, і па вокнах заляпалі дажджавыя кроплі.

24 ліпеня. Адзначае 60-годдзе Анатоль Астрэйка. Яшчэ не стары, але развіццё прыпынілася. Тое ж самае і ў яго сяброў: А. Бялевіча, П. Прыходзькі, Р. Нехая, А. Вялюгіна і інш. Эксплуатуюць стары стыль і прыёмы.

26 ліпеня. Выйшаў вялікім тыражом трохтомнік Сяргея Ясеніна (у прылажэнні да часопіса «Огонёк»). Дэфіцыт, як кажа Аркадзій Райкін. Атрымалі тыя, хто падпісаўся. Пісьменніка Васіля Хомчанку да вайны, быў яшчэ студэнтам педінстытута, арыштавалі, знайшоўшы ў куфэрку кніжачку Ясеніна.

28 ліпеня. Прачытаў у «ЛГ» артыкул варонежскага крытыка Гусева «Истины, которые не следует забывать». Піша пра ўзрастанне філасафічнасці сучаснай паэзіі, што выяўляецца ў патрэбе паэта «адчуць ісціну». Чаму адчуць, а не ведаць? Пра якую ісціну гаворка? А ці існуе яна — ісціна? У Гусева ўсё абстрактна, па-кніжнаму, з напускной сур’ёзнасцю. Гэта так званая ўніверсітэцкая крытыка.

29 ліпеня. Прыкмячаю, што хінецца да мяне Барыс Сачанка. Я паважаю гэтага пісьменніка. Першымі сваімі кнігамі ён, на мой погляд, шмат у чым абнавіў нашу літаратуру. Помню яго «Канапляны чад». А аповесць «Дзік — бадзяга» — выдатны твор!

Сачанка — кнігалюб, фанатычна любіць кнігу, асабліва рэдкую.

[…]

3 жніўня. Памёр Янка Маўр — пісьменнік майго дзяцінства. Меў 88 гадоў. Прызнаны дзіцячы пісьменнік.

Іван Чыгрынаў расказваў чутае ад Маўра — як старцы-прасіўцы, пабіраючыся па людзях, сыходзіліся ў пэўны дзень (часцей на нейкае свята) у прызначаным месцы, недзе на лясной паляне, распальвалі вогнішча і на гарачым вуголлі пяклі «барану» — вялікую яечню з назбіраных яек. Як сімвал сваёй прафесіі, свайго брацтва.

На пахаванні быў Васіль Зуёнак і яшчэ некаторыя. Жнівень — час водпускаў. І ўсё-такі болей было народу, чым, як кажуць, на пахаванні Стэндаля. Там за труной ішло ўсяго трое: Фёдар Талстой з Расіі, Альфрэд Мюсэ і яшчэ нейкі жабрак з надзеяй трапіць на памінкі.

5 жніўня. У Пятра Міронавіча новы памочнік — замест В. Панамарова Юрый Пятровіч Смірноў, які раней кіраваў групай лектараў. Кандыдат юрыдычных навук.

6 жніўня. Майго сябра Віктара Шматава прынялі ў Саюз мастакоў Беларусі. Павіншаваў. Ён мастак і мастацтвазнаўца. У аспіранцкія гады разам супрацоўнічалі, пісалі артыкулы пра гадавыя мастацкія выстаўкі. Нядаўна быў на гадавой выстаўцы ў мастацкім музеі, пачуў выраз: «земляные краски». Пасаромеўся спытаць, што гэта такое. Папытаю, думаю, у Віктара.

9 жніўня. У Жодзіне, на аўтазаводзе, выпусцілі новы самазвал на 75 тон — БелАЗ-549. Пра гэта загадчык аддзела абвясціў на «пяцімінутцы». Самазвал мае выкарыстоўвацца на серпанцінных распрацоўках.

11 жніўня. Аб’явіўся вялікі друг Савецкага Саюза спявак Дзін Рыд. Нешта ён не паладзіў са сваёй радзімай — ЗША.

Пра Амерыку сёння кажуць і так, і гэтак. Помню, з дзяцінства, аповеды дзеда Лявона Міхайлавіча пра яго знаходжанне ў Амерыцы з 1906 па 1913 гады. Паехаў яшчэ юнаком, а потым усё жыццё шкадаваў, што вярнуўся. ЗША, безумоўна, краіна глыбокай, самабытнай культуры, калі нарадзіла такіх вось пісьменнікаў, як вядомы на ўвесь свет Фолкнер. Мяне заўсёды цікавіла багатая амерыканская літаратура, што чамусьці вельмі здзівіла В. Быкава, калі я яму пра гэта расказаў. Пра тое, што і ён начытаўся Джэка Лондана, ён мне не сказаў. У Амерыцы ёсць нават такое, што цяжка ўцяміць. У газеце «Известия» прачытаў нядаўна пра «общества «неродящих» в США». Гэта значыць, тыя, хто вымірае. Адчуваючы такое, яны, відаць, і аб’ядноўваюцца.

12 жніўня. Карціць сустрэцца з Тамарай, даўно не бачыліся. Надвор’е добрае, сонца ўжо не пячэ.

Успомніў, як убачыў яе ўпершыню. Вочы — зычлівыя і шырока адкрытыя, нібы чакала чагосьці незвычайнага.

13 жніўня. Пятніца, Заранок запрасіў паехаць на Палессе, на Прыпяць. Даў згоду і пазваніў Тамары: «Паехалі разам». У яе іншыя планы — едзе да бацькоў.