Выбрать главу

Памятаю, што такія разважанні мяне нават супакоілі, а тоненькая чыстая дзяўчына зрабілася для мяне крыху далёкай і чужой. «Няхай ходзіць у сваёй чысценькай сукенцы, — помсліва думаў я. — Справа ж не ў капялюшыках і сукенках. Знайшлася княгіня!..»

Некалькі дзён я не хадзіў у скверык. Якраз у гэты час разнесліся чуткі, што немцы думаюць аднаўляць чыгунку. Чуткі гэтыя пацвердзіліся, бо на чыгунцы ішла ліхаманкавая работа. Мы вырашылі, што надышоў час дзейнічаць. Мікола Біцюг высушыў аманал на печы, Цішка Дрозд сцягнуў старую бабуліну кофту з шырокімі рукавамі. Адзін рукаў мы напакавалі аманалам, зашылі і гэтую нашу міну схавалі да часу. Было аднагалосна вырашана, што сваёй мінай мы ўзарвём масток кіламетры за чатыры ад станцыі. Масток хоць і невялікі, але ў вызначаны дзень немцы па нашай чыгунцы не паедуць. Паедуць яны жыватамі…

Якраз у гэты час адбыліся падзеі, якія прымусілі нас яшчэ больш сур'ёзна паставіцца да задуманай дыверсіі. У ясную вясновую ноч ні з таго ні з сяго згарэла парня. На гэтай парні гнулі вобад, які адпраўлялі некуды на нямецкіх машынах. Апрача гэтага, у некалькіх месцах нашага раённага гарадка былі расклеены антыфашысцкія лістоўкі, надрукаваныя на машынцы. Гэтыя падзеі нас і ўзрадавалі, і засмуцілі.

Мы былі перакананы, што спалілі парню і расклеілі лістоўкі партызаны, якія ноччу прабраліся ў гарадок. З невялікім партызанскім атрадам, які дзейнічаў кіламетраў за сорак ад нас, у другім раёне, мы мелі ўжо сувязь, хоць і нетрывалую. Калі ўсё гэта зрабілі нашы партызаны, то чаму яны наважыліся абысціся без нас? Сякія-такія паслугі мы ж ім ужо рабілі. Можа, партызаны нам больш не давяраюць?

Каб вывесці ўсё гэта на чыстую ваду, Сымон Біцюг адправіўся ў госці да сваёй цёткі. Цётка, канечне, была тут толькі прыклёпам, Сымон пайшоў на сувязь з нашымі партызанамі.

Мы ж утраіх таксама не спалі ў шапку. У гэтыя дні мы выказалі вялікае жаданне нанасіць сваім маткам арэхавых кійкоў на фасолю і пад памідорныя кусты. Кійкоў мы нанасілі на пяць гадоў уперад, але справа зноў жа была не ў кійках. Арэшнік рос якраз недалёка ад мастка, які мы наважылі пусціць у паветра. Масток і подступы да яго мы агледзелі добра, самаробную міну занеслі і схавалі паблізу ад мастка.

Былі ў нас поспехі і ў справе самаўзбраення. Нам удалося разжыцца старой заржавелай вінтоўкай, якую мы ўтраіх чысцілі і прыводзілі ў належны выгляд цэлы дзень. Цяпер мы ў дадатак да абрэза мелі сапраўдную вінтоўку, з якой не сорамна было прыйсці да партызан.

Праўда, на грунце асабістай прыналежнасці вінтоўкі паміж намі адбылася спрэчка. Мікола Біцюг патрабаваў, каб вінтоўку аддалі яму. Свае патрабаванні Мікола падмацоўваў тым, што ён здаў норму на поўнага варашылаўскага стралка, а мы з Цішкам — толькі на юных стралкоў. Міколу мы далі суровы адпор, і ён, пакіпяціўшыся, быў вымушаны здацца.

Адным словам, цяпер мы адчувалі сябе больш упэўнена. Мы чакалі Сымона, чакалі вестак ад партызан, і ва ўсіх нас быў прыўзняты, гераічны настрой. У адзін з тых дзён я зноў пайшоў у скверык і зноў убачыў Стасю.

Праходзячы паўз яе, я стараўся не пазіраць у яе бок. І не вытрымаў. А яна — мне гэта ніколькі не здалося — паглядзела на мяне зусім сур'ёзна. Яна не насміхалася з мяне! Я зноў стаў вясёлы, расказваў цікавыя гісторыі сваім сябрам, і яны смяяліся. Я хацеў, каб Стася звярнула ўвагу на наш смех, на мяне. Здаецца, яна глядзела ў мой бок.

Раптам я прыдумаў выхад, адзіны, які толькі мог быць на свеце. Мой бацька, чыгуначнік, яшчэ да вайны выпісаў сабе форменны сіні касцюм. Гэта быў выдатны касцюм, нездарма з бацькавага заробку вылічвалі за яго пакрысе амаль цэлы год. Цудоўнае сіняе сукно было, мабыць, самага вышэйшага гатунку. Бацька толькі і паспеў адзін раз на Першае мая перад самай вайной апрануць касцюм. Цяпер касцюм быў клапатліва схаваны, як самая каштоўная рэч у хаце, і неаднойчы ў цяжкія часіны я чуў, як асцярожна маці намякала, што за яго, каб прадаць, далі б хлеба пудоў дзесяць…

Разлічваць на тое, што мне дадуць апрануць сіні касцюм, не прыходзілася. Прасіць аб гэтым было б проста сорамна. Я наважыў зрабіць усё інакшым парадкам. Прасцей за ўсё было вынесці адзенне ў адрыну і там паціху апрануцца, а пасля скінуць. Тым больш што ўвесь касцюм мне быў не патрэбен. З мяне хопіць адных сініх штаноў. І нічога ім за адзін вечар не зробіцца…

План мой быў разлічан да дробязей. Увесь наступны дзень я гарэў ад нецярпення, уяўляючы, як падыду да Стасі, як загавару з ёй, што ёй скажу. Пад вечар мне ўдалося ажыццявіць першую частку майго плана як найлепш. Я выйшаў агародам у новых сініх штанах, з-пад якіх зусім не відаць было маіх чаравікаў-чарапах, у вымытай кашулі. Я быў ужо ў скверыку і чакаў, што вось-вось прыйдзе мая белая дзяўчына…