Нямецкі поезд у той дзень не пайшоў…
А яшчэ праз два дні да мяне завітаў Сымон. Ён вярнуўся з сувязі і прынёс добрыя весткі. Партызаны пра нас ведаюць, і сувязь цяпер будзе рэгулярная.
— Мікола за новую міну ўзяўся, — паведаміў Сымон. — Ён на сёмым небе і цябе, ого, як хваліць…
Я паказаў Сымону нагу. Рана нарывала, я лячыў нагу сам як мог. Сымон занепакоіўся.
— Ты нікуды не выходзь, — папярэдзіў ён. — Я прынясу ўсё, што трэба. І наогул нам не трэба разам хадзіць.
Ён вярнуўся толькі пад вечар. Прынёс бінты, ёд, нейкую слізкую мазь. Я паглядзеў на сябра здзіўленымі вачамі.
— Мы, брат, дурні вялікія, — бінтуючы мне нагу, гаварыў Сымон. — Ходзім табуном, самі ж стараемся выдзяляцца, у вочы кідацца. Людзі ў сто разоў разумней за нас робяць. Ты думаеш, парню спалілі і лістоўкі раскідалі партызаны? Такія ж, як і мы, партызаны, толькі не такія вароны.
— Сымон, — не вытрымаў я, — скажы, ты хадзіў у аптэку?
Сэрца ў мяне тахкала так моцна, што, мабыць, пачуў і ён.
— Хадзіў, але ты нічога не ведаеш, — жорстка паглядзеў на мяне Сымон. — Нічога не ведаеш, зразумеў? Запамятай гэта…
Не, цяпер я ведаў усё. Ведаў, якім быў сляпым і недалёкім. Такую дзяўчыну хацеў прывабіць сінімі штанамі. Эх ты, дурніца… Тоненькая белая дзяўчына паўставала цяпер у маіх вачах у нейкім новым, казачным святле.
У гэтую вясновую ноч я зноў пачуў, як прыемна пахне расцвіўшы бэз. Ён пахнуў так заўсёды, калі мы хадзілі здаваць экзамены.
1956