ЛІСТ ТРЭЦІ
Добры дзень, Андрэй і Куліна!
У першых радках свайго пісьма саабшчаю вам, што мы жывыя і здаровыя, чаго і вам жадаем. Пісьмо ваша палучылі, за што дзякуй, а таксама, што не забываецеся на нас і завяце ў вёску, каб прыехалі ў гэтае лета. На гэта скажу, што не ведаю, бо адпачынак мне даюць заўсёды ўвосень: летам у мяне ў горадзе самая работа.
Толькі вы як бы адгадалі мае думкі: стары я станаўлюся і ўсё больш і больш пачынаю думаць пра нашу вёску, а як успомню, што там, дзе стаяла мая хата, чужы двор і чужая гаспадарка, дык і кажу сабе: дурны ты, дурны, чаго ты са свайго гнязда сарваўся, чаго пайшоў у белы свет як у капейку!
І старая мая на тое, каб назад вярнуцца, даўно падбівае. А вы ведаеце, што калі сам хочаш вярнуцца ды яшчэ калі жонка за тое голас падае, дык тут і думаць няма чаго.
Грошай трохі мы сабралі; каб купіць халупу, хопіць, а там, як кажуць, бог бацька; рукі ёсць, горб таксама, можна і новую хату паставіць.
Быў тут Піліпаў хлапечык у нас - такі дзівак, грошы, яшчэ студэнтам пазычаныя, прынёс. Даўно гэта было, а не забыўся. Я не пра грошы кажу, грошай тых старымі якіх пяцьдзесят рублёў, а толькі прыемна, калі чалавек харошы, ды яшчэ з тваіх мясцін. Я і не ведаў, што ён пасля інстытута ў нас у раёне ляснічым працуе. Вось гэта добра, што вярнуўся дамоў.
У мяне да цябе, Андрэй, мужчынская просьба. Як тады гэты Піліпаў хлапечык быў, пасаромеўся я слова сказаць, каб ён мяне, калі што якое, лесніком дзе прыстроіў. Скажы цяпер яму. Скажы, што я чалавек ціхі, любіцельскі: у лесе, можна сказаць, гадаваўся - і лес люблю. А то во і вы пішаце, што як пілараму ў нас паставілі, дык многа лесу без пары і толку на глум ідзе... Ён чалавек, я думаю, хоць малады, а з душой і павінен зразумець.
Навін у нас асаблівых няма. Хлопец наш малодшы служыць у арміі, астаўся яму служыць адзін год. А больш навін у нас ніякіх няма.
Адпішыце нам, а мы, як ад вас пісьмо палучым, адразу адпішам.
Бывайце здаровы.
Ігнат
ПАРА КАСАВІЦЫ
Яшчэ не хадзілі трамваі, тралейбусы, вуліца была пустая і мокрая ад дажджу. Недзе за горадам узыходзіла сонца. Яно не абзывалася яшчэ ў горадзе, але я ведаў: сонца ўзыходзіла. Таму-сяму, як і дзядзька Ігнат, я навучыўся ў вёсцы. Было чатыры гадзіны раніцы.
Далёка-далёка, у маёй і ў дзядзькі Ігнатавай вёсках, пастух выганяў наранкі кароў.
А мы ішлі з дзядзькам Ігнатам па мокрым ад дажджу тратуары, і на плячы я нёс касу. Касу мы ўзялі ў дзядзькавага напарніка, дасталі з падстрэшка дашчанай нізенькай пунькі, крытай толем і рудой гарбатай бляхай. Было лета, і дзядзькаў напарнік спаў тут жа, у пуньцы: нам не трэба было заходзіць у дом.
Вуліца была пустая і мокрая ад дажджу. Было ціха. Па дарозе на плошчу мы ўбачылі толькі вартаўніка ля гастранома ды нейкага дзівака ля аўтамата з газіраванай вадой. Дзівак усё тыцкаў і тыцкаў пальцам у кнопку аўтамата, грукаў па ім кулаком, але вада не ішла. Дзіваку было год дзевятнаццаць: які-небудзь сасмяглы ад кахання студэнт. Салют табе, браце, і шчырыя пажаданні ўдачы! Перадавай прывітанне маёй студэнцкай маладосці! Мы прыйшлі на плошчу.
Далёка-далёка, у маёй і ў дзядзькі Ігнатавай вёсках, нехта здымаў з пляча касу. Узыходзіла сонца. Стаяла высокая, пасівелая ад туману і густой расы трава. Звінела пад мянташкай каса...
- Пачакай, - сказаў дзядзька Ігнат, спыніўшыся на краі шырокага газона, абсаджанага роўным кустоўем. - Давай пакуль перакурым. - І асцярожна палажыў касу на шызую, набрынялую холадам елачку. - Пачынаць буду першы я...
Ён гаварыў ціха. Раніцай нельга моцна гаварыць.
Я маўчаў.
- Паглядзі, як там у цябе на касільне пупок. Каб высака не быў.
- Не, у самы раз... Толькі ў нас гэта не пупок завецца, а лучок. У нас лепш...
- Як вядзецца, так і завецца. Лучок... А як у вас завецца распорка з сеткай, што да касы прыладжваюць, калі косяць грэчку? Вось гэта - дык завецца лучок!
- Як у нас завецца? Чакайце, дзядзька Ігнат... Не, нешта не ўспомню.
- Як успомніш, скажаш мне.
Ён нават не ўсміхнуўся. Сур'ёзна ён казаў ці кпіў з мяне? Але я не крыўдаваў на яго, мне нават чамусьці было прыемна, што ён правучыў так мяне.
- Дайце мне мянташку, - сказаў я, - пагляджу, можа, у маёй касе лапатуха якая завялася. Га, дзядзька Ігнат!
- Чакай, спярша я сам. Але давай лепш пакурым. Закуры махры.
- Давайце.
І вось мы стаялі, курылі моцную, аж займала дух, ядавітую махорку. Харошая была махорка!