Было ціха, была раніца, быў горад, і мы збіраліся ў гэтым горадзе касіць.
- Як трымаць касу, не забыўся? - пытаўся дзядзька Ігнат. - Эх, браце! І навошта табе кніжная навука? Марнуеш ты маладосць. Пайшоў бы я на тваім месцы ў грузчыкі, у плытагоны, у кавалі. Сілу б у плячах адчуў. Апетыт бы меў воўчы. Сіла была б, як у каня... Ты не смейся. Ты малады яшчэ, нічога ты не разумееш... Бывала, косіш: во гэтак, як сёння, - не так, канечне, я толькі для прыкладу кажу. Косіш, а потым нехта «перакур!» - крычыць. У рэчцы касу абмыеш ды ў цянёк пад куст. А тут дзеўкі пракосы раскідаць прыйшлі... Ведаеш нашых дзевак? Загарэлыя, крамяныя, паркалёвая кофта ды спадніца, але ж дзеўкі што трэба. Засмяецца дык засмяецца, гэта не тое што хі-хі ды ха-ха!.. Ляжыш пад кустом, а яны пацвельваюцца з цябе. Не ўтрымаеш ды да іх: ну, думаеш, пакажу. Бяжыш, схапіць каторую хочаш, а яны - уцякаць... Дагоніш, канечне. Але і кухталёў надае... Але нічога, зможацца. І вось як глянеш тады ёй у вочы... Толькі што гэта я, кавалер гарохавы, табе расказваю, ведаеш сам. Але, брат, паслухай, паківай галавою і - маўчы. Быццам нічога табе не гаварыў... Толькі, брат, маладосць, яна, брат, маладосць... Эх, касанём мы з табою!
Ён неяк пасвятлеў увесь, па-заліхвацку кінуў недакурак, нагнуўся, падняў касу, зашчаміў касільна пад пахай, узяўся рукой за палатно касы і паласнуў па ім мянташкай.
Джгінь-джгінь-шах! Джгінь-джгінь-шах!
Вясёлая, харошая, знаёмая з маленства музыка!
Ён падышоў да шнурка кустоўя, асцярожна пракасіў лапінку, павярнуўся, падняў над мокрай травою касу, прыгнуўся і - пайшоў...
- Насядай на пяткі, Віктар, насядай!
І тады, хвалюючыся, баючыся адстаць ад дзядзькі Ігната, узмахнуў касой і я...
. . . . . . . . . . . . . . . . .
Днём ужо, едучы на футбол, я выскачыў з тралейбуса на плошчы. Пякло сонца. Трава ў пракосах завяла. Па пракосах чорныя, аж бліскучыя, жвава скакалі шпакі. Пахла сенам. Вялізны і шумны ляжаў навокал горад. На плошчы па-лугавому, па-летняму пахла сенам.
Я павярнуўся і паціху пайшоў тратуарам, і тут, на тратуары, раптам таксама ўбачыў сена - невядома кім растрэсены клок падсохлага сена. Па-лугавому, па-летняму пахла сенам. «Сена на асфальце, - падумаў я, - сена на асфальце...»
Быццам доўга я шукаў нечаму слова і раптам яго знайшоў.
«Сена на асфальце, - узрадавана думаў я. - Вёска ў горадзе...»
1963