І Кастусь нічога не пытаўся і не кідаў дапытлівых позіркаў. Сядзеў у сваім фатэлі ды вёў свецкую гаворку пра норавы шляхты васемнаццатага стагоддзя.
— … А на развітанне гаспадарская дачка мусіла «запіць» з кожным госцем страмянную — трохі пакаштаваць з чаркі, якая падавалася госцю. Вось прыблізна такая чарка была… Як на той паліцы, каля чорнага гаршэчка.
Крумкач прагарлаў сваё «Невермор», і Магда наважылася расказаць.
Кастусь слухаў яе, не перабіваючы. Толькі ў адным месцы, калі гаворка ішла пра доказы візантыйскага паходжання, усхапіўся і некалькі разоў прабегся па пакоі, махаючы рукамі і нешта мармычучы сабе пад нос.
І вось засталося пераказаць апошнія радкі зніклага паслання. Магда змоўкла. Кастусь зразумеў яе хваляванні.
— Можаце мне не расказваць далей. Хто я такі? Мэнээс з хіповым хвосцікам. Але я магу звесці вас з аўтарытэтнымі, і галоўнае — сумленнымі вучонымі. Ёсць, прынамсі, два чалавекі… Адзін, вядомы пісьменнік, таксама перажыў рэпрэсіі. Вы можаце распытацца пра яго ў каго заўгодна.
Але Магда рашуча страсянула валасамі, не заплеценымі сёння ў акуратныя коскі, і, заплюшчыўшы вочы, каб ясней прыпомніць напісанае, прагаварыла, як прачытала:
«Было зроблена тры копіі з рукапісу і з дакументаў.
Адну я перадаў Антосю. Ведаю, што ў час уцёкаў паперы былі з ім.
Другая копія ў архіве прафесара Сахнут-Бічэўскага, у папцы з надпісам «Копіі судовых актаў сельскагаспадарчага суда Мінскай губерніі. Пачатак ХІХ ст.».
Трэцяя — на Кальварыйскіх могілках. Склеп злева ад касцёла, на фасадзе трохкутнік з блакітнай цэглы з вокам. Гільза закапаная ў правым дальнім куце, 50 см.
Твой дзед падпісваўся «Алесь Валошка». Мы з ім абодва былі сінявокія».
Пераказала — і жахнулася: цяпер назад не павернеш. А Марк строга загадаў выкінуць з галавы ўсе гэтыя справы! Як ён раз'юшыцца!
Твар Кастуся гарэў ад узрушэння.
— Мой сябра напісаў артыкул «Загадка Алеся Валошкі». Нідзе не надрукавалі — сказалі, бяздоказна. Сенсацыя, высмактаная з пальца. З паэтаў, што пачыналі напрыканцы дваццатых, Валошка быў найярчэйшы. Усё, што ўдалося знайсці,— чатыры вершы ў газеце. Прычым у тых нумарах, што захаваліся ў бібліятэках, публікацыя выразана! Але і гэтага дастаткова. Сапраўдны талент. Ні пафасу, ні сялянска-пралетарскай тэматыкі. Толькі роздум і пачуццё. Нібыта сцверджана, што пад псеўданімам «Валошка» друкаваў раннія вершы ці то Глебка, ці то Броўка. Але мой сябрук перакананы, што быў такі паэт, дасюль не адкрыты. Адкапаў нейкую кнігу 1933 года, дзе на абачыне ў спісе будучых выданняў ёсць зборнік вершаў Алеся Валошкі «Чырвоныя канваліі». Гэты зборнік не з'явіўся ніколі. І ніколі больш не друкаваўся паэт Алесь Валошка.
— Рукапіс, пра які гаворыць Іван Хмель, гэта рукапіс «Чырвоных канвалій»? — задумліва папыталася Магда-ліна.
— Думаю, так. А «дакументы» — доказы каралеўскага паходжання, і можа, некаторыя планы змоўшчыкаў. Каралеўства Беларусь! Як гэта… прыгожа! — Кастусь не змог уседзець на месцы і ўзбуджана хадзіў па пакоі.
Карлу Карлавічу, напэўна, гэты рух спадабаўся, бо ён таксама закульгаў па падлозе, нібыта перадражніваючы хлапца. Магдаліна рассмяялася. Але Кастусь нават не звярнуў увагі, працягваючы разважаць:
— Сахнут-Бічэўскі! Знакаміты прафесар! Яшчэ дарэвалюцыйнай школы! Знаўца антычнасці і сярэднявечча! Расстраляны ў трыццаць сёмым. Напэўна, як шпіён Рымскай імперыі. У ягоны архіў рукапіс Валошкі схаваў няйначай любімы вучань… Як вы называлі? Міхась?
— Так… А прозвішча не памятаю. Нібыта Зарэйка… Ці Зварэйна…
— Ніколі не чуў. Хаця гісторык. І гэты знік бясследна. Але схаваць паперы ў прафесарскі архіў — выдатная ідэя!
— А мне здаецца, там адразу знайшлі б?
— Нічога падобнага! — запярэчыў Кастусь. — Папка падпісаная. А папак — тысячы. Нават калі нехта будзе звяраць і пабачыць неадпаведны матэрыял, наўрад ці пачне адразу разбірацца. Ведаеце, колькі такіх «неадпаведных» папак у нашых дзяржаўных архівах? Урэшце, трэба будзе распытацца ў бабулі — перад вайной яна была студэнткай Ленінградскага універсітэта, у час блакады працавала там калісьці накшталт вартаўніка ці архіварыуса… А напачатку вайны многія архівы з Беларусі вывезлі ў Піцер. Лукаш Бэндэ, напрыклад, амаль усю беларускую рэпрэсіраваную літаратуру туды перапёр… Хаця наўрад ці бабуля ведае. Яна ж у мяне біёлаг. Спецыяльнасць — арніталогія. Лекцый ёй цяпер мала даюць чытаць. Пенсіянерка. У сельгастэхнікуме былыя студэнты дапамаглі прыладкавацца, дзве лекцыі на тыдзень. У свой час доктарскую не абараніла — з-за нашага спадчыннага паскуднага характару.
Карлуша, якому абрыдла бессэнсоўнае хаджэнне, узляцеў на паліцу. Адтуль адразу ж зваліўся зялёны гліняны збаночак і раскалоўся напалам. Магда сцялася… Зараз будзе чарговае «выгнанне з раю»… Але Кастусь толькі задумліва паглядзеў наверх:
— Трэба будзе там яму седала прыбіць… Палку такую… Уздоўж усёй сценкі. Бацька ўвечары вернецца, зробім.
І зноў захадзіў па пакоі, разважаючы пра кальварыйскі склеп, які, магчыма, зруйнаваны, але наведацца туды трэба, пра архіў Сахнут-Бічэўскага, пра рукапісы і дакументы… І Магдаліне чамусьці стала сумнавата. Вось спецыяліст і задаволены… Даведаўся ўсё, што хацеў. Дзяўчына разумела, што яна сама больш не ўяўляе для яго цікавасці. Узнялася з канапы.
— Што ж, дзякуй за піражкі, за Карла Карлавіча…
— Я вас чымсьці пакрыўдзіў? — Кастусь стаяў перад Магдалінай.
— Дзяўчына адвяла вочы.
— Ну, вы цяпер справіцеся без мяне… Вы спецыяліст…
Вось вы якога пра мяне меркавання… — Сташынскі глядзеў амаль што сумна. — Ну, што ж… Пераконваць не буду. Але ўсвядомце: усё, што я знайду, належыць вам. І рукапіс, і ўсё іншае… Я не змагу без вашае згоды гэта выкарыстаць.
— А калі я згоды не дам? — недаверліва папыталася Магдаліна. — Калі забараню друкаваць усё, што тычыцца майго роду?
Кастусь нават збялеў, на хвілю паверыўшы ў такую магчымасць.
— Гэта будзе… прыкра. Але я стрымаю дадзенае слова, — памаўчаў, дадаў больш спакойна: — І ўсё-ткі вы так не зробіце.
Я ведаю пра ваш учынак у Маскве. Магчыма, гэта быў з вашага боку капрыз, дзіцячая ўпартасць. Але іначай было б… ганебна.
Калі Магдаліна апранала свой падсохлы плашч, у калідор выйшла Кастусёва бабуля.
— Спадзяюся, мой унук здагадаўся наліць вам другі кубак гарбаты? Або ён зноў нудзіў адно пра сваю навуку?
Кастусь пачырванеў:
— Бабуля, пакінь гарэзаваць. Гэта нявеста Марка Ялецкага, ну, памятаеш, таго журналіста з кракадзілавым «дыпламатам». Ён прыходзіў, калі пра дзеда артыкул пісаў да Дня Перамогі.
— Кракадзілавы «дыпламат» памятаю. Шкада, у нас партыі «зялёных» яшчэ не створана на такіх «аматараў дзікай прыроды». А нявеста — гэта прыгожа. Цяпер мужчыны гавораць або «мая дзяўчына», або «мая жонка». Ніякіх прамежкавых станаў. Заставайцеся, дарагая дзяўчынка, у сваім рамантычным статусе падаўжэй.
— Бабу-уля! — зусім збянтэжыўся Кастусь і хапануў са стэлажа вялізны парасон з касцяной ручкай.
Магдаліна яшчэ паспела ўбачыць, як Карлуша сеў на плячо Яўгеніі Іванаўны і тая набыла незвычайнае падабенства з пракаветнай сівілай.
На вуліцы Магда адзначыла пра сябе, што хаця бабуля — арнітолаг, у кватэры ніводнага птушынага чучала. Не было і клетак. Птушкі лёталі на фотаздымках, ды букет з шыкоўных пер'яў красаваўся ў вазе.
Напэўна, Карлушу будзе там някепска.
На падыходзе да ейнага дома Кастусь папярэдзіў, што як толькі нейкія звесткі будуць, ёй паведаміць. А ля пад'езда Магдаліну чакаў Марк.
Лёсы сплятаюцца
Наступныя два тыдні праляцелі, як у тумане. Марк дамовіўся, што Магду залічаць на журфак. Сесія пачалася, таму можна было або перанесці яе для Магды на восень, або здаць зараз некалькі прадметаў — якія паспее падрыхтаваць.
Але Магдаліна заўпарцілася. Хопіць за вадой плысці.
І заявіла, што здасць усе іспыты.
Акрамя прадметаў, якія яна вывучала ў Маскве, тут дадалося яшчэ пяць.