Выбрать главу

Магда, ледзь не плачучы ад сораму і незразумелай тугі, кінулася да драбіны.

Марк цярпліва сядзеў на зрубе калодзежа з жураўлём.

— Уяўляеш, Магдаленка, хацеў вады зачэрпнуць, а гэта муляж! Зруб проста на траву пастаўлены. Вось табе і аўтэнтыка…

Магда, без дай прычыны адчуваючы сябе вінаватай, прысела побач, прыхінулася… Усцешаны, Марк пяшчотна-пяшчотна пацалаваў яе ў скронь…

Які ён добры! Яна проста не заслужыла такога мужчыну…

Чэрвеньскае сонца шчодра сыпала прамяні на шыферныя дахі Ваярска, нібыта спадзявалася іх пазалаціць. Блакітнавокая Ганна праводзіла сталічных гасцей да аўтобуса.

— Прыедзеш на канферэнцыю — не праміні мой сціплы кабінет! — гаварыў Кастусь.

— Зайдуся хіба, парушу гордую самоту тваёй келлі, калі не пагрэбуеш візітам беднай правінцыялкі.

— Правялебная пані асвеціць сваёй прысутнасцю маё сціплае жытло, — і сур'ёзна дадаў: — Зойдзем разам да Янкі Гарэлага. Нядаўна з бальніцы выпісаўся.

— А што з Яначкам?

— Ды як паездзіў тады па зоне, па выселеных вёсках, пазбіраў радыеактыўныя рушнікі, так і хварэе… Ужо дзве аперацыі зрабілі. Але трымаецца, нават экспедыцыю на Століншчыну рыхтуе…

І аўтобус ад'ехаў. А дырэктарка яшчэ доўга стаяла ля дарогі — светлая і сумная.

На вакзале Кастусь, развітваючыся, паціснуў руку Марку, павярнуўся да Магдаліны.

— Не сумуйце, прынцэса. Ваш крышталёвы туфлік абавязкова знойдзецца.

— Вы мяне з Папялушкай блытаеце, — холадна прамовіла Магда і, нечакана для самой сябе, працягнула руку — з нейкім выклікам ці Кастусю, ці ўласнай незразумелай трывозе.

— Да пабачэння…

Ёй падалося, ці Кастусь сапраўды, перад тым як паціснуць яе руку, прамарудзіў, нібыта чагосьці баючыся?

Ды не, падалося. Толькі з ёю нешта нядобрае. Зноў гэтае адчуванне… Нібыта нешта абрываецца ўнутры. Як на арэлях.

Здаецца, «гістарычны самародак» нічога не заўважыў. Не варта больш так жартаваць з сабой.

Марк сказаў:

— Як ты расчырванелася… Гаварыў, надзявай капялюш, а то сонца напячэ…

Апошні карнавал

— Крыўдзіш, пане-браце! — Шляхціц у кармазынавым кунтушы падкруціў няцвёрдай рукою руды вус, які зараз жа бяссіла апусціўся, быццам зноў макнуўся ў чашу з гаспадарскім віном.

Шляхетныя госці за ягонай спінай загулі разварушаным вуллем. Слова госця — закон! Госць у дом — шчасце ў дом!

Гэта была кулага — «сармацкі» звычай нязванага гасцявання падчас каляднага карнавалу. Усё, што можна з'есці і выпіць у доме, знікала ў высакародных чэравах. Пасля чаго «аб'едзены» да мышынага галоднага віску гаспадар мусіў далучацца да кампаніі і пераязджаць у маёнтак наступнага небаракі.

Але гаспадар гэтага маёнтка парушыў звычай. Пан Гаштольд Дарбут стаяў на высокім ганку з драўлянымі калонамі і паглядаў на гасцей разумнымі цёмнымі вачыма з-пад крыху абвіслых павекаў, ад чаго пагляд рабіўся вострым, як дзіда. І ўбор у яго быў не святочны — чорны жупан, зверху кунтуш таго ж колеру, падперазаны простым юлёвым пасам, адзінае ўпрыгожанне — жалезны пярсцёнак.

— Пані-брацця, дзякую за шчаслівы візіт. Але, як бачыце, я ў жалобе — памерла дарагая мне сваячка…

— Няўжо пекная пані Дарбутова? — жахнуўся падобны да аблезлага ката шляхціц з велізарным дыяментавым гузам на шапцы.

Ганарлівыя вусны гаспадара з'едліва скрывіліся.

— Хаця памерлая была маёй найдаражэйшай сваячкай, панства наўрад ці яе ведае. Яна жыла далёка ад вас, паны-брацця…

— А ці не хоча пан Дарбут уяўнай сваёй жалобай унікнуць «шчаслівага візіту»? — пракрычаў нехта з-за чужых спін.

Гаспадар паклаў руку на дзяржальна шаблі — яна адзіная з усяго ягонага ўбрання была прыўкрашаная каштоўнымі камянямі:

— Хто лічыць мяне хлусам?

Пытанне прагучала амаль мякка. Але госці, сярод якіх хапала задзірак, змоўклі, потым п'яна загулі:

— Пане-браце не так зразумеў…

— Няхай вашамосць прабачыць гарачыя словы… Жалоба, вядома. Усе пад Богам ходзім.

Вазкі няпрошаных гасцей выехалі за вароты маёнтка. Гаштольд Дарбут змрочна назіраў за ад'ездам кулагі. З дома да гаспадара выйшаў светлавалосы хлопец, падобны да маладога Жытніка — залатыя, як калоссе, валасы, светлыя-светлыя вочы.

— Пра якую нябожчыцу казаў ім пан Гаштольд? Гаспадар памаўчаў.

— Пра волю. Не ведалі яе і ведаць не хочуць… Затапталі ў бруд. І не заўважылі.

— Але сённяшні «абзэндэн» не прыбавіць вам папулярнасці ў акрузе, — дакорліва прагаварыў хлопец. — Кожны з тых нахабаў мае голас на сейміку. Нават Радзівілы не ганьбяцца ўлагоджваць гэты статак.

— Сам гаворыш — «статак»… Не, Андрусь, не да твару мне заігрываць з быдлам. Я не пастыр, я паляўнічы. Пойдзем, зоймемся зборамі на інакшае застолле.

Пан Гаштольд перакладваў паперы ў патаемных шуфлядках сакратніка з чырвонага дрэва. Па разной паверхні сакрэтніка плылі велічныя фрэгаты, ветразі якіх надзімалі шчакастыя кудлатыя малойцы, апранутыя ніжэй пояса ў хмаркі. Адзін з іх, суровы паўночны вецер Барэй, меў няўлоўнае падабенства з гаспадаром.

У дзверы кабінета нясмела пастукаліся. Пекная пані Дарбутова была нашмат маладзей за суровага мужа. Але яе зялёныя вочы глядзелі засур'ёзна для маладой дзяўчыны. Пані, нібыта вясельны каравай, несла на выцягнутых руках шаблю.

— Вы маглі не рабіць гэта самі,— прамовіў мужчына, узяўшы зброю.

Доўгія вейкі жанчыны здрыгануліся.

— Мне хацелася ўбачыць вас перад ад'ездам.

Гаспадар, стараючыся не сустрэцца з паглядам зялёных вачэй, паклаў старую шаблю на стол так беражліва, нібыта яна была жывою.

— Вы ўпэўненыя, што Сапегі — тыя людзі, за якіх варта паміраць?

Гаспадар уздрыгнуў, нібыта пытанне выцяла яго, адказаў, як пераконваючы сам сябе.

— Яны абараняюць Літву ад Кароны.

— Яны здрайцы, — жанчына плыла па пакоі ў сваёй смарагдавай сукні, быццам фея Мятлушка з казкі пра забітага каралевіча. — Вы гэта ведаеце. Дамогуцца прывілеяў — і кінуць усіх, каго звабілі.

— Усё ведаю… Але не пайсці, калі клічуць памерці за айчыну, ганебна. На гэтай зямлі кожны павінен мець права маліцца ў той царкве, у якой маліліся продкі, і гаварыць на той мове, на якой яны гаварылі… — гаспадар абарваў размову, усвядоміўшы, што пачаў разважаць, быццам мае справу з роўным. — Але гэтыя матэрыі занадта складаныя для вашай прыўкраснай галоўкі…

— Гэтую галоўку, магчыма, хутка пакрые ўдовін вэлюм… Ці пыл выгнання. Але… можаце не баяцца, я не буду спрабаваць затрымаць вас.

Жанчына гаварыла спакойна і горда, і толькі пільны назіральнік заўважыў бы, як сціснутыя яе тонкія пальцы — аж збялелі…

Гаштольд Дарбут упершыню дапытліва зірнуў на жонку. Тая смела сустрэла ягоны погляд.

— Што вы даручыце мне на выпадак, калі не вернецеся? Гаспадар памаўчаў, пагладзіў шаблю, што ляжала на стале.

Простую шаблю, без упрыгожанняў, толькі з чаканным малюнкам на дзяржальне — вершнік на кані, з узнятым мячом.

— Выхавайце майго сына так, каб ён у падобным жа выпадку, як і я, не вагаўся, як належыць учыняць.

У дзверы зноў пастукаліся.

— Пане, атрад гатовы. Пан Сташынскі чакае на двары. Пані Дарбутава спахмурнела:

— Нашто ты вязеш з сабой гэтага хлапчыску, Андруся Сташынскага?

— Ён мужчына. І ён ліцьвін. Шкадаванне недарэчы. — Пан Гаштольд паклаў рукі на плечы жонцы, зазірнуў у яе зялёныя-зялёныя вочы. Суровасць на хвілю пакінула яго. — Напэўна, табе трэба было выйсці за аднаго з тых, хто зараз ладзіць балі…

— Я рада, што выйшла за цябе… Голас пані мімаволі здрыгануўся…

— Настуся! Прабач… Я так і не ўпаляваў для цябе срэбную лісіцу, як колісь абяцаў…

Ён — у чорным, і яна — у смарагдавым… На хвілю яны засталіся зусім адны ў свеце — па-за жыццём і смерцю… Але на калідоры чуліся галасы. Тады мужчына зняў з пальца металёвы пярсцёнак і надзеў на палец жанчыны.

— Перадасі сыну, калі яго пастрыгуць у падлеткі.