Выбрать главу

— А-а-а! Га-га-га!

Гарлалі не вароны. Крык даносіўся з краю могілак. Вароны хмарай узляцелі над шатамі, але іх карканне не магло заглушыць галасы прыхадняў.

Людскія постаці рухаліся між помнікаў, быццам гулялі ў дзіўную гульню. Спыняліся, падскоквалі, тузаліся, набліжаючыся да склепа…

— Яны крыжы на помніках ламаюць, гады! — Кастусь рынуўся напярэймы.

— Магда, дай мне руку! Сыходзім! — Марк пацягнуў дзяўчыну ў супрацьлеглы ад крыку бок.

Магда ўпіралася і крычала:

— Кастусь! Стой! Пачакай! Мы міліцыю паклічам!

— Ідыёт твой Кастусь! Ты не будзь ідыёткай! Бяжым!

Але постаці ў чорных скураных куртках з заклёпкамі абкружылі Магду і Марка. Яны не былі страшныя — падлеткі ў скуранках. Сімпатычныя твары, дагледжаныя, спартыўныя целы… Страшнымі былі вочы. Пустыя, як у аглушанай рыбіны.

— Вашыя дзяды тут таксама могуць ляжаць, — Кастусёў голас зрываўся ад гневу.

Магда зірнула з-за Маркавага пляча. Гісторык, неяк дзіўна выпрастаўшыся, ішоў між двух падлеткаў, якія быццам пасяброўску да яго прыціскаліся. Раптам Магда зразумела, што яму заламалі рукі. Дзяўчына не паспела ні спалохацца, ні ўсвядоміць, што адбываецца: так імкліва ўсё здарылася. Адзін з прыхадняў зароў:

— Яны ў нашым склепе капаліся!

Хутка са склепа данесліся лаянка і выццё. Няўжо з-за кансерваў хвалююцца?

— Ампулы дзе?!! — вочы іх зрабіліся зусім белыя.

— Умазку нашу забралі!

— Ды яны мянты!

Магда нічога не разумела. Да Марка падышоў хлопец у скуранцы. Ён быў нашмат старэйшы за пуставокую дзятву. Смуглявы твар з жаўцізной. І вочы не шалёныя, як у тых. Разумныя, нават сумныя вочы. Як у добрага гаспадара, які ідзе калоць любімае свінчо.

— Адкуль ведалі пра ўмаз? Аддайце…

— Паслухайце, мы нічога не ведаем пра ваш «умаз». Гэта непаразуменне. — Марк гаварыў важка, унушальна…

Смуглявы зіркнуў на яго раскосымі вачыма амаль весела.

— А якога ражна перапаролі склеп? Костачкі калекцыяніруеце?

— Гэта я іх сюды прывёў! — Кастусь таксама гаварыў цвёрда і важка, і ўсе павярнуліся да яго. — Я гісторык! Зараз пакажу пасведчанне з інстытута. Я маю права на археалагічныя даследаванні.

Кастусь падняў свой джынсовы заплечнік, які валяўся ля ўвахода ў скляпенне, дастаў зялёную кніжачку. — Вось… — Смуглявы ўзяў дакумент, няўважна пакруціў у руках і кінуў назад Кастусю. — А ў гэтай гільзе былі дакументы, якія нас цікавяць.

— Праўду казаў Цяпа! Знайшоўся пакупнік на паперкі! — выгукнуў нехта за спінай Магды. — А мы іх паліць хацелі!

Са склепа даляцела адчайнае:

— Цяпа! Яны бібулкі з кайфам патрушчылі! Усе пяць! Смуглявы спыніў скавытанне сваёй зграі.

— Што рабіць будзем?

Марк па-ранейшаму гаварыў ветліва і спакойна, але Магда са здзіўленнем заўважыла, што ён успацеў.

— Мы, відаць, зрабілі вам нейкую шкоду. Гэта выпадкова. Мы кампенсуем.

— Сто рублёў,— змрочна кінуў смуглявы, якога чамусьці гэтак смешна і бяскрыўдна звалі Цяпай.

— Марк, не турбуйся, — вінавата прагаварыў Кастусь. — Гэта цалкам мая віна. Я знайду грошы. А вы, — звярнуўся Сташынскі да смуглявага, — як я зразумеў, маеце патрэбныя мне дакументы. Я гатовы таксама выкупіць.

Цяпа падумаў.

— За паперкі вашы цана спецыяльная. Нясі яшчэ сто — не памылішся. А можа, мне яшчэ што заманецца. Я фантазёр. Ну, шуруйце за грашыма… Дзяўчынка пакуль з намі пасядзіць, мы яе вінцом пачастуем.

— Ды я з вамі пасяджу, — Кастусь гаварыў нязмушана весела. — У гэтых сёння свята, яны дакументы ў загс падалі. Марк, ты Янку Гарэламу патэлефануй. Ён усё зробіць. Пасля разлічымся.

— У мяне з сабой трыццаць рублёў… Вазьміце як залог, — з палёгкай прагаварыў Марк, сунуў грошы смугляваму і пацягнуў за сабой Магдаліну. — Сто семдзесят за намі… Я хутка…

Не паспелі адысці некалькі крокаў…

— Э, не… Адкуль нам ведаць, будзеце вы гэтага, з хвосцікам, выкупляць ці не? Дзяўчынка застанецца.

Магда адчула, што Маркава рука ўздрыгвае.

— Я з ёй застануся.

— Ты, дзядзька, па грошы пойдзеш, нявесту сваю выкупіш, — распарадзіўся Цяпа. — А раз паненка нашай кампаніяй грэбуе — з ёй гэты хіпі пасядзіць. А мы прыглядзім, каб ён табе рогі не наставіў.

Марк знікаў за дрэвамі, але страху не было. Чаго баяцца тут, у цэнтры горада, калі вунь за агароджай — аддзяленне міліцыі, вунь ходзяць людзі, ездзяць машыны… Да таго ж яшчэ дастаткова светла…

— Кыця-кыця-кыця! — між магіл рухалася дзіўная постаць — старая ў капялюшыку, у доўгай цёмнай сукенцы, на якую было накінутае нешта падобнае да рыбацкай сеткі.

— Зноў гэтая вар'ятка… — зашыпеў Цяпа. — Значыць, зараз бабулькі ад касцёла паваляць… Давайце гасцей сюды… Мы з лысым павартуем, а Сева па «траўку» збегае — грашыма ад дзядзькі разжыліся.

Кастуся і Магду штурханулі ў склеп. За імі зайшлі яшчэ чацвёра, зачынілі дзверы… Скрозь сляпое акенца святло прасявалася так ашчадна, як у краіне ценяў па той бераг Леты. Падлеткі ўселіся на кучы смецця. Засвяціўся агеньчык цыгарэты, варухнуўся, паплыў убок — быццам далёка-далёка блукаў нехта з чырвоным ліхтарыкам.

Магда заціснулася ў кут — і таму, што месца было мала, і са страху. Пад нагамі нешта пахруствала… Цяпер, у цемры, усвядомілася, што яны не проста ў старым будынку, а ў склепе, за брамай на той свет, і страшна падумаць, што — пад нагамі…

Кастусь стаў побач:

— Не бойся…

Раптам цемра выбухнула рогатам. І Магда інстынктыўна прыхінулася да Кастуся… Яны ўпершыню былі блізка адно да аднаго. Дзяўчына схавала твар у яго на грудзях. І страх знік.

Побач гучалі анекдоты пра «вучылак». Напэўна, беспрытульнікі, што збіраліся на гэтых могілках паўстагоддзя таму, былі больш шчаслівыя, чым гэтыя падлеткі ў скуранках, — яны не мелі, на каго крыўдаваць. А ў гэтых былі жывыя бацькі…

Агеньчык цыгарэты з дзіўным пахам пераплываў ад аднаго ценю да другога. Магда падумала, што і яны з Кастусём цяпер — цені… Плынь жыцця абцякала іх. Сэрца Кастуся білася моцна і хутка… І Магда адчула, што яе ўласнае сэрца зноў абрываецца і ляціць… Куды? Дзяўчына скаланулася…

Рука Кастуся асцярожна кранула яе валасы… Пагладзіла… Затрымалася… Ён туліў яе галаву да сябе. Але ягоная рука дрыжэла… І Магда раптам зразумела, што ён адчувае тое самае, што і яна!..

І зямля загайдалася пад яе нагамі — сапраўды бы донне Харонавага чоўна. І, каб не знікнуць назаўсёды ў краіне ценяў, Магда ўхапілася за таго, хто стаяў з ёй побач і чыё сэрца білася ўсё хутчэй, хутчэй — быццам ён даганяў сваё скрадзенае шчасце…

— Нешта госці нашы прыціхлі… — Прамень ліхтарыка, як клінок, разануў па цемры. — Во, глянь, што робіцца! З кім жа тады дзяўчына заяву падавала? З гэтым хвастатым ці з тым дзядзькам?

Калі яны адышлі адно ад аднаго, за расчыненымі дзвярыма скляпення дрэвы велічна змыкалі цёмныя шаты, між лістоты міргала першая зорка, фізіяноміі падлеткаў у скуранках крывіліся ўсмешкамі, а Цяпа гаварыў:

— Та-ак… Недаглядзелі мы, хоць дзядзьку абяцалі. Трэба чырвонец саступіць.

Агонь і жалеза

Марк прынёс для Магды белую куртачку і клапатліва дапамагаў зашпіліцца. Чырвоная сукенка хавалася пад белым, быццам правіна. Бялявы хлапчыска пералічваў грошы. Сто семдзесят рублёў. Падлеткі задаволена загулі.

— Ну што, у разліку?

Цяпа зрабіў рукой шырокі жэст:

— Арыведэрчы, Рома! Тупайце на ўсе чатыры.

— А паперы з гільзы? — азваўся Кастусь.

— А на паперы, я ж сказаў, цана спецыяльная. — Вочы Цяпы таксама не натуральна блішчэлі. Відаць, «траўкі» Сева прынёс…

— Вы ж атрымалі за тыя паперы сто рублёў…

— А я фантазёр. — Магда адчула, што гэты чалавек на мяжы свядомасці.

Марк цягнуў яе ў бок брамы, шэптам выказваючы ацэнку ейным разумовым здольнасцям, але яна марудзіла, прыслухоўваючыся да перамоў.

— Што вы хочаце яшчэ атрымаць? — Кастусь стараўся быць спакойным.