— А што трэба чалавеку для шчасця? Хлеба і відо-вішч! — голас смуглявага гучаў лена. — На хлеб мы ад вас атрымалі… Цяпер нам патрэбныя відовішчы.
Падлеткі пачалі наперабой выказваць свае пажаданні, спрэс непрыстойныя. Цяпа спыніў іх:
— Каханне і смерць… Што яшчэ можа разагнаць нуду жыцця? Выбірайце. Або дзяўчынка пакажа нам стрыптыз… Зараз сцямнее, мы падсвецім ліхтарыкамі — прыгажосць на фоне магіл! Узбуджае! Не, не, ніякага гвалту. Сеанс дзесяць хвілін — і паперы вашыя.
— Цяпа ў нас паэт! — горда прагаварыў налыса стрыжаны хлапчук.
— Гэта проста пераходзіць усе межы! — зароў Марк. — Ану, пайшлі адсюль! — і тузануў Магду за руку.
— Стрыптызу не будзе. А што за другім разам? — гэтак жа спакойна спытаў Кастусь.
— Або хто-небудзь з вас пайграе са мной у ножычкі.
— Па якіх правілах?
— Сам-насам, да першай крыві.
— Неціка-ава. Давайце да трэцяй, — працягнуў хтосьці з падлеткаў.
— Да сёмай! Гэта крута!
— Добра, давайце да сёмай.
Святло ліхтара ля касцёла дазваляла разглядзець, як блішчаць вочы чалавекаў у скуранках.
— Ды ці маеш патрэбнае нам?
Адзін з хлапчукоў — яго зусім разабрала «траўка», так што хістаўся чарацінай, — дастаў з чорнага пакета пляскатую кардонную каробку і працягнуў смугляваму. Той няспешна зняў накрыўку.
— Вось… Падыдзі, зірні…
Кастусь коратка ўздыхнуў:
— Яны…
— Вы сабе як хочаце, а я ў гэтым шоу не ўдзельнічаю, — голас Марка грымеў на ўсе могілкі.— У мяне яшчэ дваццаць рублёў ёсць, бярыце, і разышліся. Цяпа скрывіўся:
— Схавай грошы, дзядзька. Давай, Сева, падпалі паперкі. Відаць, пакупнікам яны без патрэбы.
На рагу першага аркушыка расцвіла чырвоная кветка…
— Марк, Магда, ідзіце дамоў,— цвёрда сказаў Кастусь. — Гэта ўжо мая справа. — I да смуглявага: — Давай пагуляемся ў ножычкі.
Смуглявы задаволена ўсміхнуўся і пацягнуў маланку на скуранцы.
— Распранайся да пояса…
— Не трэба! Лепш я… — Магда вырвалася ад Марка, адбеглася і дрыжачымі рукамі пачала расшпільваць куртку.
— У-у-у! — зацікаўлена загулі падлеткі. Але Кастусь раўнуў:
— Калі ты зараз гэта зробіш, я буду» гуляць у ножычкі» з усімі імі! Марк, чаго чакаеш, забірай яе!
Магда адчула, як дужыя рукі Марка адрываюць яе ад зямлі і ён нясе яе да выхаду з могілак, нягледзячы на пратэсты. Ужо ля брамы іх нагнаў адзін з хлопчыкаў.
— Вы… гэта… міліцыю не клічце. Цяпа майстар. Насмерць не зарэжа. Падрапае толькі… А калі мянты падыдуць, гамон хвастатаму. Цяпа любіць, каб сумленна ўсё было. Магдаліна плакала ля белай брамы і рвалася на могілкі. Марк затуляў яе ў абдоймы, штосьці супакаяльнае нашэптваў, спрабаваў адвесці далей… Дарэмна. Ну не будзеш жа ў цэнтры горада цягаць на плячы дзявулю! На іх і так азіраліся рэдкія прахожыя. Дзейнічала толькі пагроза, што калі яна не перастане раўці, зацікавіцца міліцыя і Цяпа вырашыць, што гэта несумленна. А з могілак даносіўся вясёлы хор: «Тры! Чатыры! Пяць!», нібыта там гулялі ў жмуркі.
Вароны зашумелі ў чорных нетрах шатаў, быццам паўз іх праляцела нечая душа.
— Се-ем!
Магда вырвалася з абдоймаў Марка і кінулася па цёмнай прысадзе, далёка ў канцы якой гарэў агеньчык над дзвярыма касцёла, як сумны анёл.
Цішыня палохала. Ад яе спынялася сэрца… Між магіл павольна рухалася чыясьці постаць…
— Кастусь! Што з табой?
У святле ліхтара Магдзе падалося, што ён памірае — спрэс заліты крывёю. Хлопец прыціскаў да грудзей свой заплечнік у цёмных плямах і ўсміхаўся.
— Усё нармальна… Толькі драпіны. Праўда, Цяпа перамог — чатыры-тры на яго карысць. Але нават паабяцаў прыйсці на краязнаўчы гурток.
— Прыдурак! — прашыпеў скрозь зубы Марк. — Паперы дзе?
— Тут… — Кастусь паказаў на заплечнік.
— Давай… Яны ж належаць Магдзе, ты сам казаў? Кастусь паслухмяна адкрыў заплечнік. Марк выхапіў каробку, загорнутую ў чорны пакет, і паклаў у свой дыпламат.
— Магдаліна, пайшлі…
— А ён?
— О, Госпадзе, калі ж гэта скончыцца!
Марк дастаў з партманета грошы і раздражнёна працягнуў Кастусю:
— На табе тры рублі на таксі. Той адмоўна пакруціў галавою.
— Дзякуй, свае ёсць. І заўтра вярну дзвесце рублёў. Ялецкі толькі раздражнёна фыркнуў:
— Янку свайму вернеш. Ягоныя грошы. Магда вырвала руку з рукі жаніха:
— Якое таксі… З яго ж кроў капае!
— Перажыве…
На асветленай вуліцы Кастусь прагаварыў, гледзячы ў зямлю:
— Даруйце, калі ласка… Бывай, прынцэса. І пайшоў…
І яны ўжо ніколі не…
Гэта сапраўды горш за смерць!
— Кастусь! Пачакай!
Магда расшпіліла куртку, сарвала з сябе, працягнула Марку.
— На… І аддай мне, калі ласка, паперы дзеда. Я іду з ім. З Кастусём.
Марк не зрэагаваў, толькі здзіўлена падняў бровы.
— Магдаленка, я ўжо прывык да тваіх выбрыкаў. Але мусіць жа быць мяжа? Не забывай, што мы пачалі сямейнае жыццё.
Але Магда наблізілася да Кастуся, і яе зялёныя вочы палалі.
— Ты кахаеш мяне?
Кастусь памаўчаў і сказаў вельмі проста:
— Я памёр бы за цябе, — зірнуў на Ялецкага. — Прабач, Марк. Я праўда гэтага не хацеў.
— Ты проста нягоднік, — пагардліва азваўся той і звярнуўся да нявесты: — Магда, не дуры. Пасля сама будзеш вельмі шкадаваць.
— Прабач, Марк. Можа, я і пашкадую, але…
— Ты не пашкадуеш, прынцэса!!!
Кастусь схапіў дзяўчыну на рукі, падняў над сабой, закружыў:
— Я хачу тры сыны-каралевічы і тры дачушкі-прынцэсы!
— На сваю мэнээсаўскую зарплату карміць іх будзеш? — сталёвы голас Марка вярнуў закаханых на зямлю.
Магда падбегла да жаніха — абразліва шчаслівая.
— Марк, міленькі, я нічога не магу змяніць. Ты мужны, добры… Аддай мне рукапіс і… даруй.
У прывідным святле ліхтара твар Марка здаваўся сапраўды высечаным з каменю.
— Гэта мая памылка. Трэба было зрабіць цябе жанчынай. Ты ж усё роўна вернешся да мяне! Хто яшчэ будзе з табою так нянькацца? А паперы, прабач, я пакіну сабе.
— Чаму? — разгубілася Магда.
— Таму што напачатку імі павінны заняцца адпаведныя органы. А то налятуць зараз усялякія энтузіясты з хвосцікамі…
Кастусь неўразумела паспрабаваў усміхнуцца.
— Марк, ты жартуеш?
— Мне не да жартаў, як ты мог бы здагадацца. Кастусь збялеў.
— Гэта… гэта подла!
Магда ўмаляла:
— Марк, дарагі… Я разумею, гэта тваё самалюбства… Але столькі жанчын мараць пра такога мужчыну, як ты! Ты для мяне проста занадта добры. Я не падманвала — я проста не ведала, што такое каханне. Прашу, не рабіся ворагам. Ты ж не хочаш сапраўды перадаць паперы майго дзеда гэтым…
— Не толькі хачу, але і павінен, — важка, нават насмешліва сказаў Марк і рушыў да аўтобуснага прыпынку.
— Стой! — кінуўся ўслед Кастусь. — Аддай рукапіс!
— Забяры, падонак, як забраў маю нявесту! — Марк раптам зрабіў рэзкі рух рукой, і Кастусь сагнуўся напалам, хапаючы ротам паветра. Але зноў дагнаў Марка…
Яшчэ хвіля, і яны ўдвух пакаціліся па зямлі… Марк падмяў пад сябе хлопца і біў з такой злосцю, што Магда падумала — заб'е… Але вось наверсе — Кастусь…
— Магда! Дыпламат!
Дзяўчына кінулася да Маркавага чамаданчыка, паспрабавала адкрыць…
Проста ля іх спынілася міліцэйская машына. Трое здаровых міліцыянтаў расцягнулі ваякаў.
— Супакоіцца! Вашы дакументы! Марк дастаў з задняй кішэні нагавіцаў чырвоную кніжачку, разгарнуў… Міліцыянт, што трымаў Ялецкага за каршэнь, адышоўся і разам з двума саслужыўцамі ўзяў пад казырок.
— Якія будуць распараджэнні?
Марк змрочна абтрос безнадзейна сапсаваны касцюмчык.
— Забярыце ў дзяўчыны дыпламат. Давайце сюды… — адкрыў, упэўніўся, што каробка на месцы. — Завязіце мяне на Валадарскага.
— А з гэтымі што рабіць?
Ялецкі азірнуўся на Магду і Кастуся. На хвілю яго вочы ненавісна бліснулі і жорсткая ўсмешка перакрывіла вусны, але змянілася стомай.