Вядома, гэтага не адбылося б (маем на ўвазе сапсаваную кропку), калі б Паліна пісала свой артыкул на кампутары, а не асадкай.
Але Паліна не любіла спавядацца жменьцы мікраэлементаў. І не любіла разглядаць няўчасных наведнікаў праз дзьвярное вочка. Да абурэньня маці, нават без асьцярожлівага “Хто там?” расчыняла дзьверы наросхрыст.
Артур стаяў на лесьвічнай пляцоўцы, беражліва прыціскаючы да сябе нешта цяжкое, ухутанае ў зялёную саматканую посьцілку. Па яго доўгіх валасах сьцякала вада, а худы твар быў такі няшчасны, што Паліне адразу ж захацелася зачыніць дзьверы. Не, яна ня чэрствая. Проста надакучылі няшчасныя мужчыны. А яны ў нас амаль усе такія – пакрыўджаныя ды незразуметыя, і беларускія жанчыны мусяць пажыцьцёва ратаваць іх ды шанаваць іхнюю спароджаную высокай духоўнасьцю тугу.
Вядома, падстава дзеля тугі ў Артура была – у чарговы раз звольнілі з інстытуту, дзе ён выкладаў гісторыю беларускай літаратуры. Тое, што студэнты дарэмна чакалі яго на сваіх лекцыях – вядома, ня клопат. Арцік у гэты час займаўся сьвятой справай – шукаў духоўнай раўнавагі ў кавярні “Сем пятніцаў”.
Штопраўда, калі ён усё-ткі знаходзіў дарогу ў аўдыторыю, туды крадма прабіраліся нават з іншых факультэтаў. Літаратуразнаўца ад Бога – нават дзіўна, што сам мастацкіх твораў ня піша.
Папярэджвала Паліна ягоную цяпер ужо былую жонку, колішнюю аднакурсьніцу Аксану, наконт асаблівасьцяў Артуравай творчай натуры…
Праўда, і сама ў свой час гэтак жа разумна праігнаравала сяброўскія папярэджаньні. Таму цяпер і сядзіць адна, разумная і гордая “вучоная дама”… І знаёмыя пры сустрэчах перагаворваюцца: “А як там Палінка? Усё яшчэ адна? Бедная! Трэба ёй было ехаць са Стасікам”.
“Адна” – значыць “бедная”? Недастатковая, няспраўджаная. Чароўная архідэя, непрысмактаная да дрэўца-кармільца, зялёная гірлянда плюшчу, адарваная ад апірышча – бясьсілы прыгожы паразіт, які толькі і марыць ласкава аплесьці новага гаспадара…
Так, Стась імкнуўся быць гаспадаром. І калі яму, таленавітаму праграмісту, удалося выйграць грант на стажыроўку ў Штатах – абвесьціў адразу: назад – ня вернецца, лягалам ці нелягалам – застанецца там. І Паліну хоць бэбі-сітэрам, але прыладкуе. Вядома, наўрад ці — гісторыкам.
Не, гэта ня быў выбар між прафесійнай апантанасьцю і сямейнасьцю. Хутчэй – уцёкі ад лёсу плюшча.
Воля – апошняе суцяшэньне няўдачніка. Калі б убачыла Паліна хоць водбліск уласнага каханьня ў цёмных прыгожых вачах свайго ўладара – памкнулася б і за акіян, не разважаючы, як калісьці не разважаючы прыняла ягоную дзіўную прапанову: “Мне здаецца, з цябе магла б атрымацца някепская жонка”.
Але акрамя любові да самога сябе, роднага, ня бачылася ў Стасевых вачах анічога. Ён нават асабліва не ўгаворваў – хуценька арганізаваў развод, паабяцаў ліставацца…
А для яе проста скончылася жыцьцё.
Хацелася аднаго: спакою, самоты, як сьмяротна параненаму зьверу. І каб ніхто, ніколі больш ня змог прыўлашчыць нават часьцінку ейнае душы. Яны ж не бяруць, ня просяць — кусаюць, як ваўкі, ды пакідаюць цябе з незагойнай ранай.
Паліна заколвала ў цяжкі вузел цёмныя валасы і апранала доўгія сукенкі. Белыя карункавыя каўнеры да іх не вязала сама – не хапала цярплівасьці. Купляла ў бабулек на Камароўцы. Ёй хацелася быць падобнай на віктарыянскую класную даму, якую-небудзь міс Тэмпль: годнасьць. Бездакорныя манеры. Трымай дыстанцыю, мінак.
У зьменлівых рысах яе гожага на манер візантыйскіх абразоў аблічча былі прыхаваныя цікаўнасьць птушаняці і мройлівасьць засьцянковай паненкі… Хаця Паліна сама сабе ня раз паўтарала, што яшчэ крыху – і яна назаўсёды ператворыцца ў нелюдзімку, зьледзянее сэрцам, як скрадзены хлопчык Кай. Урэшце – дваццаць восем гадоў, “разьвядзёнка”.
Ці не залішне казаць, што мужчыны аблашчвалі яе позіркамі, але знаёміцца баяліся: “штучка”!
Дысертацыю Паліна таксама не абараніла з-за сваёй “недатыкальнасьці”. Проста ў пэўны момант зрабілася брыдка: “арганізатарская” беганіна, бясконцыя перамовы, намёкі на тое, што Кастусь Каліноўскі – асоба супярэчлівая…
А ў гімназіі выкладаць добра. І гучыць амбітна. Пару гадоў таму называлася школай, а сёньня – гімназія…
Але мы адхіліліся ў бок ад падзеяў. Дык вось, стаіць няшчасны Артур, мокры, як вадзянік, на лесьвічнай пляцоўцы, і працягвае нешта, ухутанае ў даматканую посьцілку.
— Палінка, купі!
Ведае, хітраванец, што яна ўсё роўна яго пашкадуе. Сказала была, што апошні раз пазычае. Дык вось табе сёньня –“купі”… Відаць, вазу Аксанчыну прыцягнуў, геній непрызнаны…
Вада з Артура капала ўжо на дыванок у вітальні. Пад зялёнай посьцілкай хавалася зусім ня ваза. Жаба. Каменная жаба велічынёй са шчанючка. Бугрыстая, шэрая, але зусім ня монстр – утульна кругленькая, лапкі ўмольна складзеныя, велізарныя вочы глядзяць так кранальна… Не раўнуючы, як цяпер Арцікавы. Праца прафесійнага скульптара, і не нашага стагоддзя…
— Адкуль гэта ў цябе?
Артур задуменна пагладзіў жабу па каменнай сьпіне. А пальцы дрыжаць… Дапіўся.
— Не хвалюйся, ня крадзеная. Ад майго таты засталася. Гэта з надмагільля Вінцэся Рашчынскага. Ну таго, паўстанцкага філосафа. Ты лепш за мяне мусіш ведаць.
Паліна недаверліва зірнула на каменную зачараваную царэўну. Вядома, Артураў тата быў важны чыноўнік “за Саветамі”, езьдзіў па сьвеце… Сыночка-“бітніка”, дарэчы, лічыў “страчаным”, нават неяк прымусова засадзіў у прывілеяваную псіхушку.
— Калі не памыляюся, Рашчынскі пахаваны ў Парыжы.
— А вось і памыляешся, – Артур раптам перастаў быць няшчасным – і Паліна вельмі любіла такія ў ім перамены, якія адбываліся, калі справа тычылася таго, чым ён цікавіўся, магчыма, больш за жыцьцё, але, на жаль, менш за сваю сусьветную тугу. Вочы госьця зазьзялі, голас загучаў сьпеўна, як на лекцыі. – Так, Рашчынскі пасьля разгрому паўстаньня дзесьці з 1867-га жыў у Парыжы, нават браў удзел у рэвалюцыйных падзеях, але на пачатку дзевяностых вярнуўся сюды. Людзі тых часоў цяжэй перажывалі расстаньне з роднымі мясьцінамі. Гэта для нас настальгія – амаль што жарт, а для іх — куля ў жывым сэрцы. Ад гэтага паміралі. Дарэчы, Рашчынскі памёр неяк дзіўна, усяго год пражыўшы на радзіме. Падобна, што яго забілі. Нават працавала камісія па расьсьледваньні сьмерці. І пахавалі яго ў касьцёле ў Гарнушках, у магіле, якую ён сам для сябе падрыхтаваў – там была цэлая скульптурная галерэя, мармур, граніт, малахіт… Грошай ляснуў у сваё надмагільле… Як ведаў, што хутка спатрэбіцца.
— Першы раз чую пра такое…
— Ня дзіўна, — Артур зноў пагладзіў каменную жабу, нібы пакінутага гаспадаром сабаку.—Адразу пасьля пахаваньня надмагільле зганьбавалі, нехта разьбіў цэнтральную скульптуру, алегорыю сьмерці. І на працягу году невядомыя зламысьнікі разьбівалі фігуры адну за другой. Нібыта былога інсургента, што хацеў зьнішчыць нават памяць аб ім. А калі мой бацька ўзначаліў барацьбу з помнікамі рэлігіі ў раёне, там ужо амаль не было чаго руйнаваць. У прыдзеле касьцёлу, дзе радавая ўсыпальніца Рашчынскіх, засталося толькі некалькі пашкоджаных дзіўных фігурак, і ўсё. Адну бацька загадаў адбіць для сябе. Сказаў, што надта нагадвае маю маці. Маўляў, паставіць у хаце, каб глядзела на сваю выяву і сядзела моўчкі.
Арцік прыглушыў голас і ненавісна сьціснуў зубы – Паліна ведала, ён дасюль не дараваў бацьку стаўленьне да маці, хоць абодвух ужо не было на сьвеце. Тым жа здушаным голасам госьць скончыў аповед.
— Касьцёл узарвалі. Цяпер на тым месцы Дом культуры. Вось табе і ўся гісторыя маёй жабкі… Чырвонец ня дорага?
Апошнія словы Арцік прагаварыў са звыклай няўпэўненасьцю няшчаснага беларускага мужчыны. Але Паліна не магла адмовіць і са скрухай глядзела, як ён хавае атрыманую паперчыну ў кішэню, і рукі яшчэ больш трасуцца, а вочы загараюцца непрыемным хваравітым бляскам…
Божа мой, Паліне б тады ўзяць гэтую жабу ды абрынуць са свайго пятага паверху, каб разьляцеліся ейныя шэрыя друзачкі па мокрым асфальце…
Але яна гэтага не зрабіла. Таму далей адбылося тое, што адбылося.
2