Вінцэсь ледзь прычакаў вечару, калі ў пакоях маёнтка запалілі сьвятло, і цені неахвотна распаўзьліся па кутах, каб пільнаваць момант свайго начнога панаваньня. У адным з такіх кутоў Вінцэсь схаваў захутаную ў посьцілку стрэльбу, знятую крадма з дывана ў бацькавым кабінеце.
Вядома, такое ўчыняць было нядобра. Але што зробіш, калі дарос да шаснаццаці, скончыў шляхецкі інстытут1, а табе ўсё яшчэ не давяраюць зброі. А між тым у Маскалёвым лесе пасяліўся сапраўдны ваўкалак! Яго бачыў конюх Тодар, і дзеці вясковага каваля, а паненка Рагманава, смуглявенькая Вальжына з насьмешнымі цёмнымі вачыма, пры ўсіх гаварыла, што толькі сапраўдны мужчына не збаіцца выйсьці супраць ваўкалака. А паколькі такіх у навакольлі няма, дык яна лепш са двара выходзіць ня будзе. Ваўкалакі, кажуць, дзяўчат крадуць.
Ваўчыную скуру табе пад ногі, ганарліўка! Ды каб сьвежым зьвярыным духам працяло твой лялечны пакой з белымі фіранкамі! Рашчынскія не баяцца ні людзей, ні ваўкалакаў.
Шкада, бацька ўнатурыўся ня ў слаўных ваяўнічых продкаў. Сам ніколі ў рукі зброі ня браў, і яму, Вінцэсю не дае… Нібыта шаблі ды пістолі –адно для аздобы пакояў!
Нічога, Вінцэсь дакажа ўсім, што ваярскі дух не пакінуў іх сям’ю! Цэліць ён трапна – навучыўся і бяз бацькавага дазволу.
Густы начны туман плыў па-над самай зямлёй. Так што здавалася, быццам Вінцэсь ідзе па аблоках. Але высокая трава са здрадніцкім шоргатам балюча сьцябала і калолася нават скрозь вопратку, мокрую ад расы. Тры срэбныя кулі – адна ў ствале, дзьве – у кішэні. Ваўкалака можна забіць толькі срэбнай куляй, пазначанай крыжам – і Вінцэсь патраціў дзень на тое, каб ператварыць тры старажытныя манеты з бацькавае калекцыі ў больш-менш ахайныя круглячкі.
Сёньня поўня… Час ваўкалакаў. Старажытныя грэкі лічылі, што людзі тутэйшых плямёнаў штогод на адзін дзень пераўтвараюцца ў ваўкоў. Можа быць, гэта праўда? І ў Вінцэсю ёсьць кропля ваўчынае крыві? І зараз поўня змусіць яго кінуць стрэльбу, і забыцца на тое, хто ён ёсьць, і…
Ну і глупствы лезуць у галаву. Шаргоча трава, быццам нехта шэпча праклёны. Ускрыкнула начная птушка, нібыта беспрытульная душа… Не, Вінцэсь не паддасца дзіцячаму постраху. Урэшце, ён – узброены мужчына… І Маскалёў лес вунь ужо, цямнее, як зубчастыя сьцены цмокавага замка. Усё пралічана: ён падбіраецца паплавамі да ўскрайку лесу, дзе пачынаецца лог, зарослы вольхай, а менавіта там і зьяўляўся некалькі разоў ваўкалак – і чакае… Пачвара абавязкова выберацца на асьветленае поўняй месца, каб правыць свой жудасны гімн цемры…
Вінцэсь пачаў мерзнуць – пачатак чэрвеня ня быў цёплы. Раптам гарачая хваля прайшла па целе. З лесу выходзіла страшыдла… Яшчэ жахлівейшае, чым хлопец чакаў, бо падобнае да чалавека — на двух нагах, калматае, прыгорбленае… Як і ўяўлялася, ваўкалак застыў на месцы і ўзьняў аброслае поўсьцю аблічча да поўні…
Прыцэл скакаў перад вачыма – ну, націскай жа! Палец ня слухаўся. Мусіць, перашкаджала гэтае падабенства з чалавекам – і Вінцэсю неадольна хацелася, перш чым стрэліць, неяк аб’явіцца, даць таму стварэньню магчымасьць супраціву — каб атрымаўся двубой, а не забойства з кустоў… Паказацца… Гукнуць… Няхай кінецца, зараве – а тады ўжо…
— Гэй… — вокліч застраў у горле. На галаву хлапца абрынулася нешта цяжкое, неадольная сіла выдзерла з рук стрэльбу, і ён упаў на зямлю.
— Бач, паганец, падпільнаваў! Зладзім табе паляваньне начное...
Вінцэсь зразумеў толькі адно: вакол яго – людзі… Ён з цяжкасьцю перавярнуўся на сьпіну, усё-ткі баючыся ўбачыць прамаўляючыя чалавечымі галасамі пысы. Не, гэта былі не пярэваратні – трое ўзброеных мужчынаў. У цемры Вінцэсь разгледзеў толькі вусы і насьцярожаны бляск вачэй. Адзін, у мужыцкай шапцы-магерцы, цэліўся ў хлапца з ягонай жа стрэльбы. Другі нагнуўся і спрактыкаванымі рухамі абшукаў Вінцэся, з асаблівай увагай падкінуўшы на далоні мяшэчак з кулямі.
Раптам сэрца сьціснуў цёмны жах – справа падыходзіў ваўкалак. Вінцэсь пазіраў на яго з зямлі, і таму ваўкалак здаваўся волатам – бо і сапраўды быў вышэйшы за астатніх.
— А што, казаў я вам, асочаць…
З пашчы ваўкалака даносіўся чалавечы голас. Вінцэсь угледзеўся – тое, што ён прымаў за поўсьць, быў вывернуты кажух і гэткая ж шапка. Вядома, барада і валасы, чорныя, доўгія, густыя, надавалі абліччу дзікі выгляд, але самае страшнае было, што праз увесь твар чалавека – так, цяпер Вінцэсь быў упэўнены, што гэта чалавек, — ішоў глыбокі цёмны шнар, відаць, ад шаблі. Нос, правая шчака, левае брыво расьсечаныя, і левае вока, здаецца, пашкоджанае… Затое погляд правага, нават у цьмяным сьвятле поўні гэта адчувалася, — быў незвычайна цьвёрды.
Ад усьведамленьня, што ён мог забіць чалавека, Вінцэся пачало трэсьці.
— Падымайся, гадзёнак. Раскажаш усё – памрэш лёгка. Ня бойся.
У голасе чалавека ў магерцы гучала лёгкая пагарда, і Вінцэсь пастараўся падняцца як мага больш спрытна і стаць у незалежную паставу.
— Дзе іншыя?— Я адзін, – хлопец сказаў гэта амаль абыякава.
— Адкуль ведаў, дзе нас чакаць?
Вінцэсь пачырванеў, радуючыся, што ў цемры гэтага ня бачна – давялося расказваць пра авантуру з паляваньнем на ваўкалака. Ён не спадзяваўся, што яму павераць. Хто яны? Разбойнікі? Беглыя жаўнеры? Катаржане?
— Ілжэ,—скрозь зубы працэдзіў той, што трымаў Вінцэсеву стрэльбу. – Забіць зараз жа – і ў дрыгву.
А ён уяўляў сваю сьмерць у бойцы, пад слаўным штандарам, на чале пераможнага войска! Але нават цяпер належала сустрэць непазбежнае так, як прыстойна шляхцічу.
—Чакай, Марцэл… — уладна прамовіў ваўкалак, наблізіўся да Вінцэся і жалезнай рукой змусіў юнака павярнуць твар проста пад промні царыцы ночы. Вінцэсь абражана адхінуўся, гатовы кінуцца ў бойку. Але ваўкалак зьдзіўлена запытаў:
— Ты ня сын Антося Рашчынскага?
Вінцэсь не зразумеў, чаму пасьля ягонага пацьверджаньня настрой захопнікаў перамяніўся – яны нібыта разгубіліся. А Марцэл у магерцы нават расчаравана прастагнаў. Чалавек са шнарам чамусьці ўсьміхнуўся і зьвярнуўся да таго, хто абшукваў Вінцэся.
— Пакажы, што ў яго забраў…
Разьвязаў мяшэчак… І працягнуў супольным даланю, на якой блішчэлі два нязграбныя круглячкі – самаробныя срэбныя кулі.
— Нават крыжам пазначаныя... Што, і ў стрэльбе такая ж?
Вінцэсь моўчкі кіўнуў. Вакол выбухнуў рогат.
Ваўкалак першы перастаў сьмяяцца і звярнуўся да хлопца сур’ёзна, нават з павагай.
— І ты пайшоў адзін на пераваратня?
— Ды, відаць, перад дзеўкай пахваліцца захацеў, — насьмешна вымавіў вусаты дзядзька з пістолем за поясам, і заўважыўшы засмучэньне Вінцэся, зарагатаў зноў.
— Не сярдуй, хлопча,— сумна прамовіў чалавек са шнарам.— Выгнаньнікі маюць няшмат вясёлых хвілінаў. Зараз ты пойдзеш. Стрэльбу – раз яна трапіла ў лес, мы пакінем у сябе. Перадай бацьку вось гэта… — Ваўкалак дастаў з кішэні нейкі мяшэчак. Навобмацак там было нешта дробнае і цяжкое.
— І запомні: твой бацька – першы, каму ты пра нас раскажаш, — гэта прагучала як просьба, і Вінцэсь прамовіў:
— Абяцаю.
— Ну што ж, шчасьліва заставацца, Вінцэсь Рашчынскі.
Хлопец агаломшана глядзеў, як постаці адна за другой зьнікаюць у лесе.
— Гэй, паляўнічы, падары сваёй красуні замест ваўкалацкай скуру вось гэтага зьвера… А то без здабычы вернешся.
Словы чалавека ў магерцы праціналі злоснай насьмешкай. Вінцэсь ледзь пасьпеў падхапіць нешта сьлізкае і халоднае, шпурнутае яму проста ў твар. Жаба… Юнак ледзь стрымаў гнеў, але ўдалося прагаварыць спакойна:
—Дзякую за падарунак. Абавязкова перадам.
Поўня залівала прывідным сьвятлом паплавы, і туман павольна спаўзаў да рэчкі, быццам паранены вужыны кароль у свой бурштынавы палац.
3
Мышкі плылі ў вялізным чорным парасоне, зьвесіўшы ваўняныя хвосьцікі на мокры асфальт. Вакол віраваў Казюкас – сьвяточны кірмаш. Дзень сьвятога Казіміра ў Вільні – як Паліна магла прамінуць! Нават калі даводзіцца плаціць ладную частку ейнага выкладчыцкага заробку за візу, праезд, выцярпець некалькі гадзінаў у чарзе на мытні, ды яшчэ пільнаваць сваіх гімназістаў – гаманкую зграйку будучых філолагаў, ці гісторыкаў, ці… Ат, галоўнае – каб сумленнымі вырасьлі.