Не, яна не самавітая, і самавітай ніколі ня будзе. Нягледзячы на апранахі віктарыянскай класнай дамы.
І ўжо ў аўтобусе, калі яны зьбіраліся ад’язджаць ад вакзалу, Паліна спахапілася, што ў сумачцы няма пашпарту.
Вядома, ніхто ня мусіў пакутаваць з-за ейнага нядбайства. Паліна, як магла, супакоіла спадарожных і нават ўсьміхнулася на разьвітаньне. Аўтобус з гімназістамі, вярбоўкамі і адмысловымі кошыкамі адправіўся ў Менск.
Паліна стаяла ля дзьвярэй, за якімі ахоўвалі закон і вырашалі лёс разявакаў, як яна, і не наважвалася ўвайсьці. Зьявілася здрадлівая думка – уцячы, заблукаць у горадзе, і няхай будзе што будзе…
— Нарэшце вас адшукаў! – няўклюдны скульптар схіліўся над Палінай, працягваючы ёй сінюю кніжачку. – Аўтобусы абыйшоў, што з Беларусі прыехалі, тады думаю – ці ў міліцыі вы, ці ў амбасадзе... Дзіна каза-ла – вы жабу ў сумку спрабавалі ўціснуць, потым ледзь дасталі... Відаць, тады пашпарт ваш і выпаў.
Сьвет расплыўся ў вачах Паліны вясёлкай, і яна, раптам разраўлася-разрумзалася на ўвесь калідор. Нешта цяжкое высьлізнула з рук, грукнула…
— Нічога, нічога, я вам новую зьляплю, прывязу… Яшчэ прыгажэйшую, вось пабачыце… — побач гучаў голас. Скульптар узяў у залітай слязьмі Паліны сумку, падхапіў пад руку, як малое дзіця, павёў на вакзал, пасадзіў у крэсла, даў насоўку – выціраць сьлёзы, потым прынёс каву, потым уклаў у руку білет… Паліна пакорліва прымала ўсё...
Ужо з тамбура цягніка паспрабавала вымавіць нейкае слова ўдзячнась-ці – сьветлавалосы няўклюда толькі памахаў рукой з платформы, шырока ўсьміхаючыся. Ды яшчэ Паліне запомніліся ягоныя словы – ён, здаецца, увесь час расказваў нешта цікавае, спрабуючы супакоіць:
— Ведаеце, як ляпіў гэтую жабу, шмат чаго паўспамінаў з міфалогіі… Дарэчы, гэта, напэўна, ня жаба, а рапуха – лапы іншыя, і пыса не пляскатая… А пра рапух ёсьць павер’е – чалавек, які ня выканаў пры жыцьці тое, у чым пакляўся, прысягнуў, павінен пасьля сьмерці ў абліччы гэтай істоты абяцанае выканаць. І патрапляе на нябёсы толькі ў выпадку, калі яму, напрыклад, удасца дапаўзьці да алтара царквы. Можа быць, Рашчынскі думаў пра гэтую прымху? Памятаеце, як у жабы лапкі малітоўна складзеныя?
За вакном цягніка мільгалі далёкія агеньчыкі. Паліна зьняможана прыхінулася галавой да вакна, паклаўшы капялюш на калені. Гэты Казюкас запомніцца надоўга. Такая “рамантыка”…
Але ж яна нічога пра сьветлавалосага дзівака з аркі ня ведае! Толькі імя запомніла – Валянцін. А ён жа білет ёй за свае грошы купіў!
Вось няёмкасьць…
І жабы разьбітае шкада…
4
Бацька моўчкі стаяў, адвярнуўшыся да вакна, і Вінцэсь баяўся парушыць цяжкое маўчаньне. На сьцяне, на фоне вясёлкавага кіліма, паблісквала, быццам суровыя вочы старых вояў, зброя – шаблі, корды, ружжы, мушкеты, абушкі, скрыжаваныя дзіды, нават буздыган – шастапёр, страшная зброя, якой раструшчвалі галаву. Але Вінцэсеў пагляд мімаволі цягнуўся да таго месца, дзе мусіла вісець стрэльба, страчаная ім пад час начнога здарэньня. Ды яшчэ на стале – мяшэчак, перададзены лясным знаёмцам. І жадаў бы — не пераканаеш сябе, што ўсё было толькі страшным сном.
— Я не хацеў, каб гэта адбылося цяпер і такім чынам…
Бацька гаварыў вельмі сур’ёзна і важка – гэтак з Вінцэсем ён яшчэ ніколі не размаўляў.
— Так, напэўна, я вінаваты, што лічыў цябе за дзіця, забыўшыся, што давялося зьведаць самому ледзь не ў тваім узросьце, — бацька павярнуўся і зусім не сярдзіта зірнуў на сына. (Шкада, Вінцэсь ня ўспадчыніў гэтыя вочы колеру сталі з пранізьлівым паглядам – давядзецца пазіраць на ворагаў сваймі сінімі, ды яшчэ вялікімі, як у паненкі). —Разумееш, у дзяцінстве мне давялося перажыць шмат. Твой дзед Лявонцій быў чалавек... ня вельмі лёгкі па натуры. Ты неяк пытаўся, чаму нашыя сяляне не адрабляюць паншчыну, а толькі плацяць чынш? Гэта і таму, што я хачу хоць нейкім чынам выкупіць зло, што яны мелі ад майго бацькі. Гісторыя ро-ду – ня толькі ваенныя трафеі ды фамільныя партрэты. Гэта — цяжар, які сумленнага змушае схіліцца перад праўдай, а чэрствага – кінуць праўду пад ногі свайму гонару. Памятаеш, на ўзгорку за Гарнушкамі – вялікі пень, а каля яго – крыж з абразом Маці Божае Суцяшальніцы?
Вінцэсь моўчкі кіўнуў галавою. Менавіта туды Вальжына Рагманава час ад часу насіла кветкі – букецікі рамонкаў і валошкаў, перавязаныя карункавымі стужкамі, а Вінцэсь ішоў за ёю, як паж, і ніяк ня мог навучыцца адказваць на жарты. Як усё лёгка было ў дзяцінстве, калі яны разам гулялі ў хованкі і слухалі ў Весьніцах страшныя казкі ахмістрыні Казіміры! А мінулым летам вярнуўся на вакацыі з Віленскага шляхецкага інстытуту, убачыў знаёмыя чорныя вочы… І незнаёмая прыгажосьць і незнаёмы боль назаўсёды зьнішчылі нязмушанасьць. Падумаеш, на чатыры гады старэйшая! Эх, каб ваўкалак існаваў папраўдзе!
— Дык вось, сыне, — голас бацькі змусіў Вінцэся адарвацца ад мрояў. — На тым узгорку расла сасна, якую выкарыстоўвалі дзеля пакараньня прыгонных, – пан Рашчынскі гаварыў зусім ціха. — Гэта старажытнае пакараньне, яно нарадзілася, калі панавалі дзікія норавы, і жыцьцё чалавечае не было каштоўней за разьбітую чарку. Ды не, чарка была большай каштоўнасьцю – адзін з нашых продкаў памяняў сям’ю гарнушкаўскіх сялянаў з дзесяці чалавек на італьянскі сервіз – крышталь, аздоблены срэбнымі птушкамі і вінаграднымі лозамі. Шэсьць чарак і графін з коркам у выглядзе срэбнай вінаграднай гронкі, на якой сядзіць матылёк.
— Памятаю той сервіз…— гэтак жа ціха адазваўся Вінцэсь, і нейкі холад апаноўваў яго знутры, нібыта ў шкле паміж хатнім цяплом і знадворным сіверам зьявілася першая трэшчына. Ён амаль не хацеў чуць, што далей скажа бацька.
— Дык вось… Пакараньне было такім – вінаватаму разразалі жывот і прыбівалі канец кішкі да дрэва. А потым няшчаснага бізунамі ганялі па крузе, пакуль усе вантробы не наматаюцца на камель. Самае страшнае, што пасьля гэтага чалавек яшчэ нейкі час жыў. Я сам гэта бачыў. Бацька лічыў, што такое відовішча паспрыяе выхаваньню ўва мне мужнасьці.
Вочы пана Рашчынскага палыхнулі гневам, і Вінцэсь раптам зразумеў, што зусім ня ведае свайго бацькі – гэты чалавек са спакутваным тварам меў мала падабенства з тым ласкавым, вясёлым “papб”, які заходзіў у дзіцячы пакой, заўсёды нешта напяваючы, які займаўся з Вінцэсем гімнастыкай па нямецкай сістэме. А калі Вінцэсь быў на вакацыях, яны штораніцы разам пераплывалі сажалку. Нават калі ўтваралася тонкая скарынка лёду, яго разьбівалі, каб вызвалілася з дзясятак метраў, і прыслуга зьбягалася паглядзець, як шалёны пан купаецца ў палонцы і няшчаснага паніча за сабой цягне. А Вінцэсева любімая нянька Агата дык проста плакала ды галасіла, стоячы на беразе. Затое насуперак звычаям бацька з сынам заўсёды былі на “ты”, і ў доме ня мелася звычкі цалаваць старэйшага ў руку і, як у строгіх прыхільнікаў “сармацкага ладу”, падаць у ногі.
Пан Рашчынскі глядзеў на старажытную зброю на сьцяне.
— Гонар роду… Нашыя продкі часам дзіўна трактавалі гэтае паняцьце. Калі я стаў уладаром маёнтка, загадаў сьпілаваць сасну і паставіць на тым месцы крыж. Але памяць пра ўчыненае зло ня зьнішчыш так лёгка, як дрэва – карэньні ад яго цягнуцца на шмат пакаленьняў наперад. Я зрабіў, што мог – спадзяюся, ты падоўжыш маю справу. Падобна, я ня змог стаць добрым бацькам. Я рана страціў маці, ты таксама. Жаль і любоў часам адпрэчваюць розум. Я нічога табе не расказваў, ні ў што не пасьвячаў. Здавалася – яшчэ прыйдзе час…Мне хацелася бачыць, як маё дзіця бесклапотна гадуецца, радуецца жыцьцю… І вось – мой сын мог загінуць, і гэтак па-дурному…
— Тата, прабач... — Вінцэсь па звычцы хацеў дадаць дзіцячае – “я больш так ня буду”, але ўсьвядоміў, што ня можа, і ня хоча гэтага вымаўляць. І бацька сказаў дзіўнае:
— Гэта ня той учынак, за які трэба прасіць прабачэньня.
Сеў за стол, не сьпяшаючыся, разьвязаў мяшэчак з лесу, высыпаў з яго нешта… Вінцэсь прагна нахіліўся… Рознакаляровыя каменьчыкі, некалькі зярнятак, нават мінулагодні, счарнелы арэх… Вінцэсь ледзь не засьмяяў-ся – а ён жа, пакуль нёс бацьку пасланьне, чаго толькі ні перадумаў – вядома, падгледзець самому, што ўнутры, было нядобра.