Выбрать главу

Але бацька зусім не зьдзівіўся. Гэтак жа нясьпешна расклаў каменьчыкі па колерах, задумаўся…Потым пільна зірнуў на сына.

— Ім патрэбна тры фунты пораху і набоі для пісталетаў. І ў іх скончыўся хлеб.

Вінцэсь яшчэ не разумеў.

— Тата, хіба ты іх ведаеш? Хто яны такія?

Пан Рашчынскі памаўчаў.

— Брацтва Ваўка.

Вінцэсь разгубіўся.

— Хіба гэта ня казкі? Пераваратні, якія зьяўляюцца па начах і зьядаюць таго, хто забіў бязьвіннага чалавека?

— Кожная казка калісьці была праўдай, сыне, — усміхнуўся пан Антось. – Брацтва Ваўка існуе на нашай зямлі вельмі даўно. Адразу, я думаю, яго ўтварылі нашыя продкі-паганцы, якія не хацелі прымаць новую веру і хавалі свае паселішчы ў гушчарах. Потым – беглыя прыгонныя і жаўнеры, пакрыўджаныя людзі. Цяпер Брацтва захоўвае памяць апошняга паўстаньня. Тое, што даручылі табе – вялікі давер. Сёньня аднясеш па­трэбнае, куды я скажу. Чалавек са шнарам, з якім ты пазнаёміўся ў лесе, належыць да слаўнага роду, Вінцэсь. І продкаў варты. Дваццаць год таму мы разам з ім былі вязьнямі Бабруйскай крэпасьці.

— Вязьнямі? — а Вінцэсю здавалася, што яго больш нічога так ня зьдзівіць. Бацька ўстаў, павольна прайшоўся па пакоі, склаўшы рукі за сьпіной, быццам зьбіраўся чытаць лекцыю.

— Паўстаньне пачалося ў Варшаве. Але гэта быў шанс і для нас. Мне хапіла б і таго, што Аляксандр І забараніў жыхарам Беларусі і Літвы накі­роўваць сваіх дзяцей на вучобу ў замежныя універсітэты. А я так марыў пра Гейдэльберг, пра Падую, дзе вучыўся Скарына! На далучаных да імперыі землях тварылася так шмат несправядлівасьцяў, што ня бачыў толь­кі сьляпы. У віленскім шляхецкім інстытуце, я вучыўся там, як і ты, многія падзялялі ідэалы паўстаньня — і вучні, і настаўнікі.

— Але цяпер там пра гэта не чуваць! — зазначыў Вінцэсь, які ня надта шанаваў сваю навучальную ўстанову.

— А хто табе мог расказаць? — уздыхнуў пан Рашчынскі. — Сёньня права выкладаць вам маюць адно “вернападданыя”. А ў той час мы перапісвалі вершы Міцкевіча і Чачота, чыталі Дыдэрота і Шылера… Паўстаньне ўжо было амаль разьбітае, калі я разам з сябрамі па інстытуце далучыўся да аднаго з атрадаў генерала Дэмбіцкага, апошняга з абаронцаў. Мяне схапілі, калі я прыйшоў дадому ў спадзеве здабыць зброю і хлеб.

Вінцэсю стала страшна:

— Гэта зрабіў… мой дзед?

— Не, дарагі. Не пераймайся. Ён жа быў шляхціц. Але ён выгнаў мяне з нічым – бо я пайшоў у атрад інсургентаў супраць ягонае волі. Мяне выдалі жандарам сяляне, якія так ненавідзелі пана, што нават пострах ягонага гневу не перашкодзіў ім адпомсьціцца на сыне. Дарэмна што сын змагаўся і за іхнюю будучыню. Царскія ўлады ня толькі касавалі вольнасьці літоўскае шляхты, але і зводзілі ўсіх, хто ня мог пацьвердзіць шляхецтва, да стану прыгонных, як і сёньня, душылі падаткамі. Вядома, той жах, у якім сяляне жылі з міласьці твайго дзеда, не даваў ім усьвядоміць, што чакае іх у абдоймах новых законаў. Калі ўжо варышся ў кіпні – няма розьніцы, у якім гаршку. Тым больш новыя ўлады ня раз дапамагалі бацьку змушаць дзёрзкіх хлопаў да пакоры. Ссылка ў Сібір – гэта жахлівей, чым бізуны. Не, твой дзед ня быў нейкім людажэрам – ён у маладосьці шмат ваяваў, нават быў у войску Серакоўскага, калі яго разьбіў Сувораў пад Крупчыцамі. Потым паехаў на Балканы, паспытаў турэцкага палону, мусіць, там і развучыўся цаніць чалавечае жыцьцё. Напалеон спрабаваў стварыць у нас саюзнае войска Вялікага княства Літоўскага – многія шляхціцы пайшлі туды. А твой дзед пасьмяяўся. Сказаў – ня верыць больш у годнасьць роду чалавечага. Ні за каго ня варта паміраць. Тым больш за хамскую волю. Хлопы для яго былі ня больш, чым карысныя або шкодныя жывёлы. І каб не твая бабуля, я мог бы вырасьці такім самым… І ты б зараз адсылаў свайго слугу Янку на стайню, калі той падае табе не зусім гарачую каву. Не крывіся – выхаваць у чалавеку пагарду да бліжняга няцяжка. Паглядзі на партрэт у куце.

З карціны сурова пазіраў сівы чалавек, гладка паголены, у берэце і круглым карункавым каўнеры, са шпагай. Але танклявая рука пакладзена не на ўпрыгожаны каштоўнымі камянямі эфес шпагі, а на глобус. Пан Антось патлумачыў.

— Я табе казаў некалі, што гэта твой прадзед Ганорый. З яго ў нашым родзе пачаліся каталікі – перахрысьціўся з праваслаўя. Пасьля таго, як пабыў прыхільнікам Кальвіна… Вальнадумец, карацей. Разумны чалавек, вучыўся ў Чэхіі, Італіі, Нямеччыне. А вярнуўся сюды – у першы ж дзень прыгоннага на стайні бізуном забіў. Насьмерць. Уласнай рукой.

— За што? – прашаптаў Вінцэсь. Бацька толькі горка ўсьміхнуўся.

— Можа быць, падаў недастаткова гарачую каву... Ці што там продкі нашыя пілі? Медавуху? Дык вось, дзед Ганорый… Пра яго дасюль у Гарнушках расказваюць, што быў чарнакніжнікам і нават выгадаваў цмока пад уласнай пахай. І як падчас навальніцы бліскала маланка, усе навакольныя сяляне былі пэўныя – цмок нясе пану золата. А калі ў вёсцы зьнікала дзіця… Ну, ня буду пераказваць усяе забабоннай лухты – вядомае адно: дзед твой памёр самай нядобрай сьмерцю. Засіліўся. Сьвятар адмовіўся хаваць самагубцу на асьвечанай зямлі. Тады яшчэ сустракаліся прынцыповыя святары. Ты бачыў каля дарогі, на ўскрайку Маскалёва лесу, капліцу?

Вінцэсь кіўнуў галавой.

— Толькі яна зусім занядбаная.

— Там – магіла твайго прадзеда, Ганорыя Аляксандра Рашчынскага. Жонка вырашыла – у лесе лепш, чым пад царкоўнай агароджай, пасярод нікаў. І колькі ўжо баек вакол таго месца! Жорсткасьць не памірае разам з акрутнікам. Але заўсёды зьяўляюцца людзі, якія могуць аддаць жыцьцё за перавагу дабра. Мы былі на гэта гатовыя. Мартына Саколку, так завуць твайго новага знаёмага, схапілі падчас бойкі – яго паранілі… Бачыў, які ў яго твар?

— Так…

— З атраду засталіся ён – і я. Мне – васемнаццаць, яму, як табе — шаснаццаць. Сьледчыя хацелі, каб ён пацьвердзіў, што я таксама – з атраду. За гэта абяцалі вельмі шмат – жыцьцё. Нашая сям’я ў сваяцтве з многімі – Рагманавымі, Ляшчынскімі, Каліноўскімі. За мною пацягнулі б іншых – усе сьледчыя ўсіх краінаў і часоў мараць не схапіць асобнага злачынцу, а выйсьці на змову, раскрыць закалот, і чым паболей шаноўных людзей у ім заблытаць. Мартын не сказаў ім нічога. Чаго гэта каштавала яму – ведае толькі ён. Але мяне адпусьцілі.

— А яго?

— Як бачыш, ён жывы… І мы ўсё яшчэ чакаем свайго часу.

Апошнія словы бацька сказаў вельмі ціха, але Вінцэсь зразумеў сэнс пачутага і скалануўся ад радаснай трывогі. Зусім як у вершы забытага паэта пра Чорнага Войну:

“…Куля ніколі ня ведае шлях у абход, Война самотны ня ведае шлях да спакою. Маніш, чужынец, што мой не са мною народ, Ён – гэта я, ён ніколі ня будзе з табою. Вежы маёнтка майго парасьлі палыном, Тых, што кахалі мяне – суд зямны не ўваскрэсіць. Покуль жывы – Беларусь мая – родны мой дом, Так, Беларусь, не губерня, ня ўсходнія крэсы. Нават асуджанасьць зброяю стала маёй. І безвыходнасьць – крыніца змаганьня для сьмелых. Верас палае над беднай сьцямнелай зямлёй, Быццам у попеле іскры пажару сасьпелі...”

— Не, гэта ня будзе хутка, — прагаварыў пан Рашчынскі, заўважыўшы, як заблішчэлі вочы сына. — І ты заўтра ж паедзеш у Вільню, да дзядзькі Андрэя. Ён дапаможа табе падрыхтавацца да універсітэту – а я думаю, гэта ня будзе цяжка. Мы – ня самыя багатыя, але я зрабіў усё, што мог, каб даць табе добрую адукацыю. Сюды вернешся толькі праз год.

Апошняе гучала загадам. Не, Вінцэсь ня выкажа засмучэньня.

На разьвітаньне Вінцэсь ня мог не спытаць:

— А маці ведала?..

— Яна чакала мяне са зьняволеньня, — сумна казаў бацька. — Ты ніколі не пытаўся, якая спадчына засталася табе ад маці. Дык вось цяпер магу сказаць – яе сям’і належалі Саматыі за Маскалёвым лесам. Сёньня яны належаць палкоўніку Варанецкаму, які ўціхамірваў паўстаньне.

— А сваякі?

— Спытай у сібірскіх крумкачоў, сыне… І памятай – ад маці табе за­сталася найлепшая спадчына: мужнае сэрца і чуйная душа. Ці прынясе табе гэта шчасьце – ня ведаю…