— Вінцук, Вінцук, адчыняй хутчэй скляпенне! Вера Сцяпанаўна жадае паглядзець. Ну, хутчэй жа! Давай ключ, я сам адчыню, а то цябе не дачакаешся.
Я паглядзела на свайго нядаўняга экскурсавода і здзівілася. Ён стаяў ля сценкі, засунуўшы рукі ў кішэні ватоўкі, і такі каменны зрабіўся ягоны твар, нібыта ён сам быў часткай нейкага надмагільнага барэльефа.
— Не адчыню.
Мне падалося, што «Фальстаф» зараз лопне ад гневу.
— Ды ты ведаеш, каму адмаўляеш?
— У тым і справа, што ведаю.
«Прынцэса» толькі холадна ўсміхнулася. Бамбіза, відаць, сапраўды целаахоўнік, няспешна падышоў да вартаўніка і працягнуў далонь.
— Давай ключы. Сам дай, а то… Старшыня аж клекатаў:
— Цудко, няхай зямля яму пухам, нікога не пускаў… Цяпер гэты… Там жа адно ламачча, нікому не патрэбнае!
— Гэта не вам меркаваць.
Вінцук стаяў, як каменны рыцар. Бамбіза ўзяўся за яго ватоўку.
Не першы раз даводзілася назіраць такія сцэны… Праўда, звычайна «новыя беларусы» не сустракаюць супраціву — дый тут з боку мясцовых улад, відаць, не сустракаюць. Сунуць сто баксаў — і забіраюць бясцэнныя рэчы. А мы пасля разглядаем фотаздымкі ў каталогах замежных аўкцыёнаў, каб дапоўніць чарговы раздзел айчыннай гісторыі мастацтва. Ці яшчэ горш — забяруць старажытную скульптуру дзеля прыкрасы лецішча, скалечаць па сваім гусце, расфарбуюць, пагаблююць, не спадабаецца — знішчаць. У паціры, у якім прычасце выносілі, кактэйлі змешваюць. Спыніць іх не ў маёй уладзе, але на адкрыты скандал яны не пойдуць, дакладна. Я прадставілася, пералічыла ўсе свае рэгаліі і высокіх асоб, што мяне сюды накіравалі, і запэўніла, што пакуль не зраблю вопіс экспанатаў, якія ўяўляюць цікавасць для майго музея, пакуль не будзе складзены адпаведны акт аб перадачы азначаных рэчаў, ніякіх экскурсій не можа быць. Яшчэ што знікне, а мне пасля адказвай перад гісторыяй.
— Гісторыя перажыве, — прыгажуня працэджвала словы скрозь зубы. — Гісторыя не тое перажывала.
— Вельмі рады пазнаёміцца з вамі, калега, — гэта вылез наперад дзядзечка ў паліто. — Я таксама мастацтвазнаўца, эксперт сталічнага антыкварнага салона. Так што, думаю, мне…
— Абяцаю, калі адбудзецца інвентарызацыя, запрашу вас на агледзіны. А пакуль, выбачайце, я прадстаўляю інтарэсы дзяржавы.
Бамбіза рваўся ў бойку, але «прынцэса», відаць, перадумала, павярнулася на сваіх высокіх абцасіках і пайшла. На развітанне яна кінула доўгі позірк на Вінцука, які, аднак, аніяк не адрэагаваў.
«Фальстаф» пабег услед за гасцямі, пасля вярнуўся. Паколькі з двух аўтарытэтаў засталася толькі я, усё жаданне дагадзіць было скіравана ў адзін бок.
— Выбачайце, Кацярына Аляксееўна, за інцыдэнт. Проста людзі вельмі цікавяцца мастацтвам. А гэты… аблом… не пускае. Ну што здарылася б дрэннага, калі б людзі па-глядзелі?
— А хто гэтая аматарка мастацтва? Старшыня трохі замяўся:
— Жонка Вячаслава Бутава.
— Знаёмае прозвішча, па тэлебачанні часам рэкламны ролік круцяць. Страхавая кампанія ў яго, ці што?
— Так. Але, ведаеце, такія цудоўныя яны людзі, ну такія чулыя… Два гады таму зусім нечакана іх фірма дала нашаму пасёлку грошы на новую школу. Пяць гадоў адзін падмурак стаяў… А цяпер за год выштукавалі — не горш чым у горадзе школка!
Вінцук пачаў мыць уквэцаную нагамі сённяшніх наведнікаў падлогу, няспешна шоргаючы шэрай мокрай анучай. Чамусьці ягоныя мерныя рухі нагадалі мне Харона ў чоўне мерцвякоў.
3
Я ішла за старшынёй па рыпучым снезе — бялюткім, якога ў горадзе не бывае — і гадала, чым выкліканы інтарэс жонкі айчыннага фінансавага бонзы да сціплага местачковага музея. Тым больш да сховішча, у якім не было нічога, што магло б зацікавіць «новых беларусаў». Хутчэй яны маглі б паквапіцца на паліраваны сакрэтнік ці фальшывую кітайскую вазу. Нашто ім пашчапаная драўляная скульптура, чарапкі, надмагільныя камяні ці ржавыя краты, а тым больш мясцовыя архівы векавой даўнасці? Гэта ўсё сапраўды цікава, але толькі для спецыялістаў. Можа быць, варта было б сапраўды пусціць гэтую кампанію ў скляпенне, няхай паглядзяць і супакояцца. Надта ўжо мне не спадабаўся «прынцэсін» бамбіза.
Але я чамусьці ўстрымалася ад таго, каб выказаць слушную прапанову старшыні. З сельсавета патэлефанавала ў Мінск, дамовілася, што заўтра да мяне ў дапамогу прышлюць кагосьці з музея. Паабяцалі нават выслаць «рафік» па экспанаты, якія «мая мастацтвазнаўчая вялікасць» палічыць вартымі для перавозу ў музей сталіцы. (Мармуровага анёла і некалькі драўляных скульптур дакладна трэба будзе забіраць.) Гэта была вялікая перамога, відаць, падрыхтаваная Альбертавымі намаганнямі. Часам я нават шкадую, што вырасла ў Мінску. Прынамсі, ёсць амаль стопрацэнтная верагоднасць, што калі ты нарадзіўся ў вёсцы ці мястэчку і дасягнуў хоць невялікіх, але поспехаў у навуцы, мастацтве ці літаратуры, тваё імя будзе шанавацца на «малой радзіме», згадвацца ў рознага кшталту краязнаўчых выданнях як гонар раёна, а твой фотаздымак упрыгожыць стэнд школьнага музея. А ў нашым доме жывуць два кандыдаты навук, не лічачы мяне, доктар эканомікі, былая балерына, нават стары паэт-песеннік. І суседзі звяртаюць на нас увагі куды менш, чым на ўладальніка «форда» з другога паверха, які завёў серабрыстага колі і зрабіў у кватэры еўрарамонт. Так што пра ягоную круглую ванну з падводным масажам ведаюць усе чатыры пад'езды, а маю кнігу пра магістральныя міфалагічныя матывы ў беларускім мастацтве ХVІ стагоддзя не ведае ў доме ніхто.
Прыступы маніі вялікасці мне хаця і ўласцівыя, як і пераважнай большасці маіх калег, але звычайна не зацягваюцца. Я пачала знаёміцца са змесцівам вынесеных са скляпення папак. У адной былі стосы нудных справаздач — і тады існавала бюракратыя! Колькасць пудоў збожжа і коп сена, сабраных па губерні. Судовыя паперы, падабраныя зусім выпадкова, ніякай храналогіі ці сэнсавай сувязі, нібыта іх выцягнулі навобмацак са смеццевай кучы, хаця, хутчэй за ўсё, так і было. Некалькі «свецкіх альбомаў» павятовых паненак з бясконцымі ўклеенымі «голэмбямі,» анёлкамі і віньеткамі: «Анэля, мілая Анэля, цвіці, як ружа ў майскі дзень». На жаль, у кола знаёмстваў гэтых паненак відавочна не ўваходзілі ні паэты, ні мастакі нават сярэдняга ўзроўню. Нарэшце я ўзяла ў рукі невялікі стос жоўтых папер, перацягнуты выцвілай стужкай, які даў мне Вінцук. Калі на гэтых лістах замільгала прозвішча князёў Палецкіх, я зразумела, што натрапіла на цікавае. Гэта былі копіі афіцыйных папер і два асабістыя лісты, што тычыліся працэдуры разводу княгіні Палецкай, да шлюбу — Даратэі Вяржбіцкай, шляхцянкі, з князем Адольфам Палецкім. З запісу судовага паседжання, якое адбылося ў студзені 1910 года, вынікала, што княгіня Палецкая сама пачала справу аб разводзе. Муж здраджваў ёй з нейкай дзявіцай Ваўчок, зацята гуляў у карты, прамантэчыў усе сямейныя грошы. Так што і ў княгіні, і яе адзінаццацігадовага сына жыццё было не мёд. Да таго ж князь Палецкі ўладкаваў хлопчыка ў нейкую дабрачынную гімназію ў Вільні, і княгіня, у супярэчнасць мужу, лічыла, што дзіцяці там кепска і яго трэба неадкладна адтуль забіраць. Ну і яшчэ адзін довад — шлюб паненкі Вяржбіцкай і князя Палецкага адбыўся без згоды нявесты, але «пад нялітасцівым прымусам шляхціца Вяржбіцкага», бацькі нявесты, і самога жаніха. Паколькі няверны муж папракаў жонку-бунтаўшчыцу тым, што ўзяў яе за сябе «голую і босую», што азначала — без багатага пасагу, княгіня мусіла быць незвычайна прывабнай — іначай чаго б такі лавелас яе дамагаўся? Праўда, князь і сам даўно не меў таго багацця, якім валодаў некалі род Палецкіх, — мусіў жыць у Наўі, куды ранейшыя Палецкія выязджалі толькі на паляванне.