Выбрать главу

Што заставалася рабіць? Аксана ня ў тым стане, каб з ёю спрачацца. Урэшце, і папка належыць ёй. Паліна апранулася так хутка, як магла – нярвовасьць сяброўкі перадалася. Узялася за папку… І задумалася. Копіі не здымай! Што за глупства? Але не – ва ўсім Аксанчыным маналогу тут чуўся адзіны пробліск логікі. Сяброўка ня хоча, каб Паліна працягвала дасьледваньне Артура. Чаму? Аксана ніколі ня лезла ў навуковыя справы. Павыкладаўшы гісторыю ў школе, “наеўшыся” настаўніцкага жыцьця, скончыла курсы візажыстаў і цяпер някепска пачуваецца ў прыватным салоне прыгажосьці. Што ёй Гекуба, дакладней, Вінцэсь Рашчынскі?

Урэшце, хто ведае дакладна, што ляжала ў папцы? Прачытанае засталося ў памяці, пасьля занатуе, а вось малюнак надмагільля…Паліна, павагаўшыся, выцягнула з сіняй папкі аркушык і схавала ў шуфляду пісьмовага стала. Нічога, прызнаецца ў злачынстве, як толькі Аксана прыйдзе да розуму.

Ліў веснавы дождж, па-восеньскаму няўтульны і халодны. Паліна вярталася дадому з прыкрым адчуваньнем пераможанай. А ў калідоры ляжыць непрыбітая вешалка… І маці, напэўна, ужо дома…

Паліна зірнула на сваё вакно – так, сьвеціцца. Стаяць бы вось так пад дажджом і ветрам і глядзець на асьветленае вакно… І ўяўляць, што табе няма куды ісьці… Прыемная гульня, калі ведаеш, што цябе чакаюць у вітальні пухнатыя чырвоныя пантофлі.

— Слухай, тут да цябе нейкі тып прыходзіў, — голас маці гучаў не-адабральна, што азначала — госьць выглядаў зусім несамавіта і на ролю мужчыны ў доме ніяк ня мог прэтэндаваць.

— Які тып? — няўважна перапытала Паліна, страсаючы дождж з капелюша.

— Ну што ты робіш? Зусім зьдзічэла,— уздыхнула Марыя Апанасаўна. — Чаму без парасону пайшла? Зараз гарбаты пастаўлю… А тып быў таксама без парасону. Мокры, як пацук, барадаты, патлы доўгія, сам даўжэзны — бітнік нейкі, відаць. Казаў, пазьней яшчэ заявіцца.

— Мама, бітнікаў даўно няма, — стомлена заўважыла Паліна, пераабуваючыся ў чырвоныя пантофлі. — Рокеры ёсьць. Панкі... Рэперы… Гэтыя… скінхэды. Толькі скінхэды не валасатыя, а лысыя.

— А як бы яны ні называліся, лысыя ці валасатыя – сутнасьць адна. Зьбіцца ў зграю, адваяваць жыцьцёвую прастору, пазначыць месца вакол сябе – шалупіньнем ад семачак, проста пляўкамі, лаянкай, гучнай музыкай, крамзолямі на сьценах… Што хлапцы, што маладыя малпы, што пеўнікі… Адны курлыкаюць, другія ў грудзі сябе б’юць валасатымі кулакамі, трэція гітары аб калена ломяць…

Маці працягвала гаварыць ужо на кухні. У дзьверы пазванілі. І Паліна – дзьверы наросхрыст…

У прыцемку лесьвічнай пляцоўкі – зноў лямпачку нехта выкруціў! — стаяў высокі прыгорблены мужчына і прыціскаў да грудзей нейкі скрутак… З доўгіх валасоў сьцякала вада…

На імгненьне Паліна паверыла — Артур з каменнай жабкай... Ня можа быць… Блёкат…Што яму трэба?

— Я, мусіць, ня ў час? — вінаваты голас не належаў прывіду. Паліна змусіла сябе зірнуць на госьця… Віленскі скульптар! Ну так, яна ж пакідала яму візітоўку…

Ад дурнога спалоху Паліна раптам пачала ўсхліпваць. І зноў — на вачах гэтага няўклюды! Што ён мусіць пра яе падумаць? Істэрычка!

— Прабачце… Не зьвяртайце ўвагі…

Госьць пачаў нешта суцяшальнае мармытаць, і працягваў ёй свой скрутак, як калісьці Артур. І Паліна ведала, што ў скрутку, пад чорнай цыратай, і зноў не ўтрымала дрыжачымі рукамі цяжкі камень…

6

У дарозе ўсе робяцца філосафамі.

Што, несумненна, трохі крыўдна для філософаў сапраўдных, якія маюць у кішэні сурдута пасьведчаньне аб выдатнай датэрміновай здачы іспытаў на званьне кандыдата па кафедры філасофіі Санкт-Пецярбуржскага універсітэту.

Вінцэсь паблажліва зірнуў на пана Вакулу Рагманава, які, адкінуўшыся на абабітае скурай сядзеньне экіпажу, працягваў натхнёна разважаць пра жывёльны магнетызм на прыкладах з местачковага жыцьця і варушыў чорнымі задзірыстымі вусамі, не раўнуючы, як хрушч...

Такі, як гэты, што з мяккім зумканьнем даверліва сеў на Вінцэсеў рукаў, нібыта ведаў – гэты чалавек ужо ня будзе, як калісьці, лавіць, навязваць на нітку, каб потым пускаць лётаць пакутлівым кругам. Вінцэсь – даўно не дзіця і не падлетак.

Шкада, што бацька не прыехаў на станцыю сам. Пан Вакула кажа – трохі прыхварэў… Вінцэсю цяжка было ўявіць бацьку хворым, нямоглым. Але за пяць гадоў – невядома што магло тут зьмяніцца…

Пяць гадоў ня быць на радзіме! Бацька слаў грошы, лісты, пасылкі. Вінцэсь увесь час адчуваў ягоную апеку – і тады, калі жыў у Вільні, у дзядзькі Андрэя Каліноўскага, дырэктара Шляхецкага інстытута. І ў Санкт-Пецярбурзе, пасьля паступленьня ва ўніверсітэт, дзе прытулак даў бацькаў сябра Пятро Шчамлінскі, выкладчык Інжынернай акадэміі.

Але дадому пан Антось сына ня клікаў. Хлопец здагадваўся, чаму бацька пад рознымі падставамі адцягваў ягонае вяртаньне. Аберагаў… Баяўся, каб Вінцэсь не пацярпеў ад сваіх небясьпечных знаёмстваў. Каб сам не ўвязаўся ў якую авантуру. Горкая крыўда варухнулася ў душы. Якое права мае бацька трымаць яго дасюль у дзіцячым пакоі!

Ну нічога. Вінцэсь вяртаецца дадому мужчынам, самастойным, дарослым чалавекам.

Колькі разоў за гэтыя гады юнак уяўляў спатканьне з бацькам! І падваўся, як трэба. Чорны капялюш з шырокімі брыламі, дастаткова абвіслымі, плед у чырвона-чорныя шашачкі, таксама, як належыць, абцерханы.

А ў кішэні нават — набытая перад ад’ездам люлька: чорная, бліскучая. Вінцэсю так і хацелася заціснуць яе ў зубах… Але неяк было ўсё-ткі няёмка. І, па-праўдзе, страшнавата, што заперхаецца, выявіць, што яшчэ не навучыўся курыць як сьлед.

Такія капелюшы і пледы, як у Вінцэся, насілі бяднейшыя студэнты. Вінцэсь мог дазволіць сабе і форменны мундзір. Але форму, якая нібыта лічылася абавязковай, апраналі на заняткі толькі “белападшэўнікі”, сынкі з багатых сем’яў, заклапочаныя будучай кар’ерай і цяперашнім станам сваіх пазногцяў. Вінцэсь ад усяе душы такімі пагарджаў. І нават сьпецыяльнасьць абраў сабе такую, што выклікала падазрэньні — філасофію. У маскоўскім універсітэце дык увогуле кафедру філасофіі адкрыць так і не наважыліся, хаця захады рабіліся. І ў Санкт-Пецярбурзе найбольш была ў пашане ў афіцыйнікаў славянафільская “філасофія” Хамяковых, Аксакавых ды іншых. Няхай адукаваная большасьць над імі сьмяялася, а гарадавыя цягнулі ў кутузку “за демонстративное ношение русской одежды”. Галоўнае – “тры кіты” , на якіх стаіць імперыя. Праваслаўе, сама­дзяржаўе, народнасьць. Прыгонныя – дзеці, паны – бацькі іхнія. А ў Пісаньні ж сказана, хто пашкадуе розгаў для дзіцяці свайго, той ня любіць дзіця сваё.

Вось і не шкадавалі.

А для тых, хто хацеў вальнадумстваваць, цытавалі пасланьне Паўла аб тым, што філасофія спакушае.

Са спакушэньнямі змагаліся.

Прафесар пецярбуржскага універсітэту Аляксандр Галіч, разумнік, эстэт, які Пушкіна ў ліцэі вучыў, яшчэ да паступленьня Вінцэся адхілены ад выкладаньня “за пренебрежение к властям и безбожие». А цяпер на ягоным месцы Гіляроў-Платонаў даводзіў, што філасофія Гегеля супярэчыць здароваму сэнсу.

А студэнты перадавалі адзін аднаму Герцэна “Лісты аб вывучэньні прыроды”, “Фенаменалогію духа” Гегеля і “Тэорыю сусьветнага адзінства” Шарля Фур’е. Той, хто хацеў чамусьці навучыцца – мог гэта зрабіць. У іх, ліцьвінаў, было моцнае зямляцтва – і песьня, якую яны сьпявалі на сваіх сходках, старая, блюзнерская песьня вандроўных шкаляроў, была на мове іх зямлі.

Пойдзем па сьвеце, брат мой бяскрыдлы. Хай беражэ нас Дзева Марыя. Хай нам даруе, што не малітвы Нас падтрымалі ў час нешчасьлівы. І за плячыма ў торбе няважкай Біблія, томік Вальтэра і пляшка. На Беларусі трактаў багата. А каля трактаў – карчомкі і хаты. Ёсьць у карчомцы пітво і дзічына, Ёсьцека ў хаце красуня дзяўчына. Пойдзем па сьвеце, брат мой вясёлы. Поўня па небе коціцца колам. Сонца між хмар, як дзяўчына ў кляштары, Тварык хавае, бледны ад мараў. Вецер – наш брат, а падпіхвае ў сьпіну. Бог, ты зьляпіў нас – чорт плюнуў у гліну. Вось мы, дурныя і маладыя. Хай беражэ нас Дзева Марыя.