— Я лічу гэта справядлівым.
— Але ці заўважыў ты, што прызнаньне павінна сыходзіць ня толькі з боку пана? Раб мусіць прызнаць пана роўным сабе! І калі ты думаеш, што нас успрымаюць толькі як вышэйшых істотаў, ты моцна памыляешся, сыне…
Пан Антось паднёс да перасохлых вуснаў крышталёвую чарку з вадою, адпіў. Вінцэсь зноў заўважыў на бацькавым ілбе дробныя кропелькі. Ён сапраўды моцна хворы… Неадкладна трэба наладзіць лячэньне, якім бацька, відаць, пагарджае. Але пан Антось працягваў далей – нібыта хацеў пасьпець выказацца.
— Я ня ведаю, што выйдзе з маёй задумы. Магчыма, будзе яшчэ больш гора.
— Як гэта можа стацца? — шчыра зьдзівіўся Вінцэсь.
— Самыя добрыя намеры выяўляюцца жахам або… анекдотам. Ці чуў ты — у 1767 годзе далёкі сваяк тваёй маці Павел Ксаверы Бжастоўскі абвесьціў у сваім маёнтку Мерач, што на Ашмяншчыне, рэспубліку.
— Ніколі ня чуў…
— Вось бачыш. А шляхта як была перапужалася! Паўлаўская сялянская рэспубліка, на чале з панам-прэзідэнтам, са сваёй канстытуцыяй, з роўнасьцю ўсіх грамадзянаў. Двухпалатны сойм абралі – уяўляеш, у вёсцы! Міністэрствы былі. Рэферэндумы праводзіліся па важных пытаньнях. — Несур’ёзна неяк гучыць. Нагадвае “марскія баталіі” радзівілаўскага “флоту” на выкапаных у Нясьвіжы каналах, – ня вытрымаў Вінцэсь.
— Усё на сьвеце – гульня. А ў Паўлаўскай рэспубліцы зладзілі школу для сялянскіх дзяцей, бальніцу. Нават банк. Вядома, нельга паважаючай сябе дзяржаве і бяз сімвалаў – сьцяг меўся, герб, нават манеты чаканіліся. І войска межы ахоўвала. Бацька тваёй маці расказваў – вояў апраналі ў белыя жупаны са свойскага сукна і чорныя аўчынныя папахі з чырвоным верхам.
— І што цяпер засталося ад гэтай… казкі?
— А нічога. Усё расьцягнулі спадчыньнікі, і нават магіла прэзідэнта Паўлаўскай рэспублікі занядбаная. На ўдзячнасьць разьлічваць нам нельга, сыне. Што б ні прыйшло ад нас, нават калі аддаць апошняе, само жыцьцё — усё нашае для мужыкоў падман, абкраданьне, гвалт… Цару – вераць. Ён — далёка. Ён – з казкі. А той указ, што рыхтуецца ў Пецярбурзе, які так нашыя сяляне чакаюць… Залатымі літарамі на срэбнай паперы… Гэта ж ганьба. Імперыя... Трэці Рым… Земляў нахапалі пад сваю руку. А краінай правіць вузкае кола “кальяншчыкаў” – палацавых лізунцоў, што дамагліся вялікай прывілеі – прысутнічаць пры тым, як гасудар спраўляе вялікую патрэбу. У яго з гэтым, разумееш, здаўна праблемы, а дапамагае курэньне кальяну. І пакуль памазанік курыць свой кальян і патроху с…, за шырмачкай дзяжураць асабліва давераныя і забаўляюць уладара, як могуць. І, вядома, уводзяць у вушы тое, што ім трэба. Вось у якіх эфірах нараджаецца воля для народу, сыне. І можна ўявіць, якой яна будзе. Воля – без зямлі, з паншчынай, з вар’яцкімі выкупамі… А гэты сервіз… Я хачу, каб ты заўсёды захоўваў яго. І калі табе раптам падасца, што ты зрабіў для свайго народу ўсё, што мог, — пастаў яго на свой стол.
Потым, у кабінеце, бацька адкінуўся ў мяккім фатэлі, заплюшчыўшы вочы і ніяк не рэагуючы на роспыты Вінцэся і ўгаворы паклікаць хаця б доктара Краўцова, старога іх знаёмца.
Нарэшце пан Антось загаварыў, ціха і стамлёна.
— Думаў прамаўчаць. Але я і так зашмат аберагаў цябе ад праўды. Веру, што цяпер ты здольны прыняць усё. Усю праўду… і ўсякую. І табе давядзецца гэта зрабіць, сыне…
Пан Антось павольна адхінуў крысо шлафроку, падняў кашулю – і Вінцэсь жахнуўся: на левы бок была накладзеная павязка, на якой праступала чырвоная пляма, іржавая па краях.
— Ты... паранены?!!
— Гэта здарылася ўжо год таму, — пан Антось захінуў шлафрок, нясьпешна завязаў шырокі пас з залатымі кутасамі.
Вінцэся трэсла ад трывогі і шкадобы.
— Чаму ты не паведаміў мне? Хто гэта зрабіў? Як?
— Супакойся,— у голасе бацькі гучала сталь. — Думкі пра ролю мсьціўцы Радрыга пакінь адразу. Гэта зрабіў… адзін з нашых сялянаў. Гарнушкавец.
— Як гэта атрымалася?
— Я ехаў конна праз Маскалёў лес, вяртаўся ад Рагманавых. Праязджаў паўз капліцу, дзе магіла дзеда Ганорыя… Раптам з-за яе муроў – страла. Драўляная, з самастрэлу.
— Чаму ты думаеш, што страляў селянін?
— Я бачыў, як ён уцякаў, — пан Антось гаварыў зноў зусім ціха. – Ён някепскі хлопец, добры гаспадар.
— Яго злавілі?
Пан Антось памаўчаў, апусьціўшы вочы.
— Разумееш, сынок… Пачаць дазнаньне, ловы, падняць шум… Пасьля гэтага чаго будуць вартыя мае новаўвядзеньні? Хлопец, што ў мяне страляў, выконваў волю тых гарнушкаўцаў, што лічаць, быццам я хачу сваім указам падмяніць царскі. І замест “сапраўднай волі” даць сваю “несапраўдную”. І… я дваццаць гадоў таму глядзеў, як ля праклятае хвоі каралі ягонага бацьку.
Вінцэсь кіпеў ад роспачы.
— Але ж так нельга пакідаць!
— А чаго ты хочаш? Замах на пана – справа дзяржаўная. Гарнушкаўцы не на востраве жывуць. Сябруюць з другімі вёскамі, разам на сходкі збіраюцца. Я магу дараваць сваім, колькі мне заўгодна. Але калі даведаюцца ў навакольлі – колькі халопаў ляжа пад бізуны на дазнаньні, колькі за змову патрапіць на катаргу! Так ня будзе.
— Але доктар…
Пан Антось сумна паківаў галавою.
— Я раіўся з надзейным доктарам. Разумееш, сынок… За год звычайная рана зацягнулася б.
Вінцэсь пахаладзеў ад страшнай здагадкі.
— Атрута…
Бацька моўчкі нахіліў галаву. Маўчаньне было такім невыносным, што Вінцэсь ледзь не закрычаў.
— Ёсьць іншыя дактары! У Вільні, у Гародні! Урэшце, дазволь, я адвязу цябе ў Пецярбург. Лепшыя прафесары…
— Ад нянавісьці няма лекаў,— мякка прамовіў пан Рашчынскі. – Ты мусіш зьмірыцца, сынок. Паабяцай толькі адно – ты ня станеш помсьціць за мяне. Урэшце, адно жыцьцё каштуе другога. І ў тым віры, які я прадчуваю – а я сапраўды ведаю больш, чым ты думаеш,— загіне столькі высакародных і добрых, што маё жыцьцё нават на макавінку не скране перапоўненыя вагі сьмерці…
А потым, нібыта яму яшчэ мала было гора, Вінцэсь паехаў у Весьніцы, да Рагманавых. Можа быць, яму хацелася хоць трохі заглушыць свой боль новым узрушэньнем.
І Яна аказалася ўсё такой жа прыўкраснай, і зьзялі чорныя вочы, і ўзляталі гарэзна і трохі зьдзіўлёна бровы… І толькі незнаёмая тонкая зморшчынка, яшчэ ледзь заўважная, працягнулася між броваў, ды сьмех стаў усьмешкай. І ад гэтага здавалася Вальжына яшчэ больш мілай. І крыўдна было, што ён, Вінцэсь, для яе – ранейшы забаўны хлапчыска. Так, яна шчыра яму ўзрадвалася, і ўважліва слухала. Але… Вінцэсь усьведамляў, што ў яе не абрываецца ў грудзях, як у яго – ад нязначнага выпадковага дотыку. Ад сустрэчы позіркаў. Ну і што з таго, што ён распавядае пра самыя найсучасныя і ўражлівыя філасофскія тэорыі, што гэтак рамантычна закідвае на плячо плед у краткі…
А госьць яшчэ і выявіўся дурнем – на самым пачатку спытаў, чаго паненка ў жалобе. І атрымаў паблажлівае:
— Усе жанчыны гэтага краю, якія неабыякавыя да лёсу радзімы, носяць жалобу па расстраляных у Кракаве дэманстрантах.
Ну чуў жа ён пра гэта ў Пецярбурзе ад Зыгмунта… І вось – забыўся. І каб ня дзядзька Вакула ды Марка – малодшы брат Вальжыны, які за у гожага чарнавокага юнака, абое жартаўнікі і гаваруны, – хоць ідзі зараз жа і тапіся ў Баламутавым віры.
І толькі на разьвітаньне Вальжына зьвярнулася да госьця сур’ёзна.
— Ведаеце, Вінцэсь, які цуд… Якраз, як вы паехалі, пяць гадоў таму, я знайшла ў садзе разьбітую вазачку. Мне здаецца, я бачыла неяк такую ж у вашым доме – яна вельмі адметная, наўрад я магла памыліцца. Пачакайце, зараз прынясу…
Сэрца Вінцэся ледзь не выскоквала з грудзей, калі Вальжына працягнула яму на далоні разьбітую шкляную жабку.
— Ваша?
Вінцэсь годна вытрымаў дапытлівы позірк. Павольна ўзяў аскепкі, пакруціў, разглядаючы.
— Наўрад ці гэта з нашага дому. Але я праверу. Выявіцца, што ня на-шая – я склею і аддам вам.
Калі Вінцэсь ехаў дадому праз Маскалёў лес, мімаволі падалося – прыцемак сочыць сотнямі нядобрых вачэй, і атрутная страла прымерваецца да сэрца… Ганебныя дрыжыкі прабегліся па целе. Але хлопец прымусіў сябе не прысьпешваць крок каня. І нават – хоць гэта было зусім хлапецтва – расхінуў на грудзях цёмны сурдут, каб была відна белая кашуля. Няхай бачаць – ён не баіцца быць мішэньню.