Але толькі пабачыўшы на адхоне сілуэт крыжа і ўдалечыні — агеньчыкі маёнтка, змог вольна ўздыхнуць.
Які ж ён баязьлівец!
У Вінцэсевым пакоі ўсё гэтак жа на сьцяне вісела копія Леанардаўскай “Мадоны з гарнастаем”—калісьці Вінцэсь верыў у глыбіні душы, што гэта аблічча маці. А ў куце па-ранейшаму стаяла чароўнае цукерачнае дрэва – выразанае з залацістай драўніны ліпы, з мноствам маленькіх галінак, на якіх калісьці зьяўляліся – вядома, самі па сабе – цукеркі, пернікі, або раптам – маленькая шабля, зусім як сапраўдная, ці вершнік з пагрозным намаляваным тварам. І Вінцэсь адчуў нарэшце – ён дома. Вярнуўся…
Хлопец падыйшоў да расчыненага акна… На каштане гайдаюцца белыя анёлкі-гронкі. А як буяе бэз! Цэлае мора – і дзесьці ў пене духмяных ружова-блакітных хваляў высноўвае свае срэбныя карункі салавей…
А на падваконьніку… Што гэта? З мяшэчка на далонь выпала срэбная куля, нязграбная, самаробная, пазначаная крыжам. І маленькі аркушык з трыма словамі: “пятніца апоўначы крыж”.
7
Госьць, які прыходзіць у дождж, сустракае больш ветласьці.
Нават калі яго ніхто ня клікаў, і ўвогуле выглядае ён, як апошні паляўнічы на кентаўраў.
Жабка ад падзеньня ў вітальні амаль не пацярпела – толькі адкалоўся кавалачак лапкі, і цяпер сядзела побач з сястрой-блізнючкай на часопісным століку і радасна ўзіралася ў свой новы дом пукатымі вачыма.
Паліна прыдзірліва аглядала жывёлінак – і гіпсавая, прывезеная віленскім госьцем, і каменная былі зусім аднолькавыя. Прыемна і тое, што гіпсавая зроблена куды больш старанна, падрабязна, чым ейная копія, разьбітая ў віленскай паліцыі. Падарунак рыхтаваўся адмыслова!
Скульптар – Паліна прыгадала, што завуць яго Валянцін – сядзеў на зэдліку, прынесеным Палінінай маці з кухні для прамоклага госьця (няма чаго фатэлі псаваць). Прыгорбіўся, быццам бусел, паглядае цікаўна вакол. Вядома, ёсьць на што паглядзець – Паліна загрувасьціла хату карцінамі невядомых мастакоў, не ўяўляючымі мастацкай каштоўнасьці і таму не запатрабаванымі музеямі; “выкапнёвай” керамікай ды, вядома, кнігамі – шафа адмаўлялася зьмяшчаць іх у сваё перапоўненае чэрава, і кнігі складваліся, да абурэньня маці, у стосы ля сьценаў – нібыта часова, а насамрэч, як яно і бывае ў такіх выпадках, на гады.
А госьць сапраўды выглядае несамавіта. Сьветлыя пасмы валасоў перахопленыя плеценым скураным матузком, як у хіпі. Сьветлыя вусы і кароткая бародка таксама стасуюцца з хіпоўскім іміджам. Швэдар самавязаны, з тоўстых бэжавых нітак – відаць, гандлярка ў скандынаўскай шапачцы зьвязала, няйначай жонка.
Паліна нахілілася над жабкамі…
— А вось тут вы памыліліся. Узор на сьпінцы не такі, як у арыгіналу.
Валянцін патрос галавой.
— Гэтага ня можа быць. Вядома, бабуліна жабка была пашкоджаная, але ўзор на сьпінцы захаваўся. У мяне з дзяцінства – абсалютная зрокавая памяць.
— Гэта як абсалютны музычны слых?— няўважна перапытала Паліна, пераварочваючы жабак дагары.
На зваротным баку, вядома, не было адтуліны для мацаваньня, але надпіс меўся – прыгожымі гатычнымі літарамі, па коле: “Вільня, 2003, ВНЧ”.
— ВНЧ — ваш подпіс? — здагадалася Паліна. — Як расшыфроўваецца?
— Ну… — сумеўся скульптар, — напрыклад, “вам незнаёмы чалавек”.
Паліна перасмыкнула плячыма – ня хочаш называцца – ня трэба, вось дурное какецтва.
— Вядома, на арыгінале быў іншы надпіс, — засьпяшаўся патлумачыць Валянцін. — Тры лацінскія літары.
— Вы памятаеце іх? – загарэлася Паліна.
— Памятаю... Я ж іх бачыў. “ALB”.
— Дык гэта ж… выдатна! Тут ужо можна рабіць нейкія высновы. Гэта ня подпіс аўтара. Магчыма, частка слова альбус – белы, або яшчэ нейкага… На маёй напісана “TE”. Калі перакласьці з латыні – “цябе”, “табой”… Чакайце! А жабак было чатыры! Можа быць, і на астатніх нешта напісана? І, мусіць, складуцца ў нейкую фразу або слова? І малюнкі на сьпінах… Ня можа быць, каб яны нічога не значылі. Тут павінна хавацца таямніца!
Пры апошніх словах Паліны Валянцін зьмяніўся з твару. І раптам — узьняўся з зэдліка, схапіў са стала сваю жабку, быццам гарачае вугольле, і пасунуўся да дзьвярэй.
— Ведаеце, я вам лепш нейкую другую скульптуру прынясу. Нашмат лепшую. Магу і з дрэва. Ці з натуральнага каменю. Хочаце вужыную каралеву? Ці ільва?
Паліна апамятался і невымоўна абурылася.
— А ну пастаўце на месца! Урэшце, я яе купіла! Вы забыліся? Ай, не! Гэта я забылася! – раптоўная здагадка змусіла дзяўчыну пачырванець. Можна падумаць, госьць мок пад дажджом толькі для таго, каб мець шчасьце падарыць ёй жабку і пасьля выслухоўваць жаночыя фантазіі! Што ён падумае – столькі важдаўся з ёю ў Вільні, а яна аддаваць доўг і вітальню, дастала з кішэні плашча кашалёк. Мала… Дый трэба не рублямі – Валянцін жа ёй білет да Менску не за рублі купляў! “Зялёная заначка” захоўвалася ў надзейным месцы – у скрыні са шкарпэткамі. Урэшце Паліна вінавата працягнула скульптару належную, па яе падліках, суму.
— Прабачце, калі ласка. Я вам вельмі ўдзячная за дапамогу.
Госьць сярдзіта пазіраў на гаспадыню, трымаючы жабку ў руках, як перахоплены ў вырашальны момант гульні мяч.
— Схавайце свае грошы. Вы мне нічога не павінны.
Вось такіх паваротаў Паліна не цярпела. Яна ня мае патрэбы ў міластыні выпадковых знаёмых!
Валянцін трохі разгубіўся ад ейнага абурэньня, але падумаў і пакорліва ўзяў грошы.
— Добра. Не хвалюйцеся. Я ня ведаў, што гэта вас абразіць. Але скульптуру я хачу забраць не таму, што пашкадаваў. Проста я зразумеў, што вы пачынаеце займацца гістарычным фэнтэзі на гістарычнай дрыгве, прабачце за таўталогію. Ня трэба тлуміць галаву. Гэта ўсяго толькі скульптуры з надмагільля, каменьні з пячаткай сьмерці. Зноў мяне падвяла мая абсалютная зрокавая памяць. Зрабіў бы стылізавана… І Дзіна ўсё настойвала – рабі жабак на продаж, рабі…
У словах скульптара гучала шчырае шкадаваньне. Паліна ня вытрымала.
— Ды што вас, урэшце, засмучае?
Скульптар панурыўся, чамусьці спыніўшы позірк на Палініных чырвоных пантофліках, і памаўчаў добрую хвіліну.
— Аднойчы я сустракаўся з чалавекам, які таксама цікавіўся магілай Рашчынскага.
— Дзе? Калі?
— Даўно, яшчэ ў бабулінай вёсцы. Пасяліўся нейкі дачнік. Распытваў усіх пра ўзарваны касьцёл, пра надмагільле Рашчынскага. Кожны дзень блукаў па доме культуры, што на месцы касцёла збудавалі. Нешта вымяраў, запісваў. Яго лічылі вар’ятам, а дзеці, вядома, за ім бегалі. Сьмешны такі дзядзька, у белым капелюшы, у акулярах. Мне гадоў дзесяць было – але я на ўсё жыцьцё запомніў, як ён паўтараў: “Тут павінна хавацца таямніца! Тут павінна хавацца таямніца!”.
— І што, знайшоў той дзядзька нешта цікавае?
— Не ён, а яго знайшлі. Аднойчы раніцай, каля дома культуры, з прабітай галавой.
Паліна разгубілася.
— А чаму вы вырашылі, што гэтая сьмерць звязаная з роспытамі пра надмагільле?
Скульптар паціснуў плячыма.
— Я проста чуў, што гаварылі дарослыя. Усе асуджалі цікаўніка. Вядома, вінаватых не знайшлося.
Паліне нават стала сьмешна. Баіцца! Вось дзівак!
— Запэўніваю, што мне ніхто галаву не праломіць. І пастаўце жабку на столік. Калі баяцца нават уласных дзіцячых фантазіяў… Глупства якое!
У гэты момант з кухні паказалася маці з кубкамі гарбаты на антыкварным медным падносе. Марыя Апанасаўна незадаволена паглядала на госьця.
— Што ў вас тут за спрэчкі?
Валянцін сумеўся, і Паліна скарысталася гэтым, каб забраць у яго жабку. Скульптура была пераможна ўсталяваная на столік, і госьцю давялося зноў усесьціся на зэдлік. Тым больш і Марыя Апанасаўна апусьцілася на канапу з кубачкам у руках – госьць не адносіўся да тых, хто мог прэтэндаваць на тэт-а-тэт з ейнай дачкой.
Маці ўсё-ткі падабрэла, даведаўшыся, што няўклюда — менавіта той рыцар, што дапамог Паліне ў Вільні, і ў выніку гэтага “пацяпленьня” на стале зьявіліся нават печыва і нарэзаны лімон.