Выбрать главу

А ён моўчкі стаяў і захоўваў у магутных, як спіна зубра, сценах дыханьне часоў і прададзеную памяць.

Так, гэты храм быў сапраўдным беларусам.

А людцы ўсё спрачаліся, каму ён мусіць належаць – каталікам, права­слаўным, уніятам? Тым больш цяжка гэта вызначалася, што ад колішняга будынка засталіся толькі тры паверхі, пакрытыя пляскатым дахам, і што калісьці гэта быў велічны храм, мала хто з мінакоў і здагадваўся.

Добра, што ў спрэчку ня ўмешваліся псіхіятры – у надзейных сьценах знаходзіла прытулак і адпаведная лячэбніца.

А між тым псіхіятр тут ня лішні — з прыкрасьцю падумала Паліна, прабіраючыся па вузкіх калідорах за сцэнай, дзе месьціліся грымёркі. За дзяўчынай рушыў жабкавы скульптар Валянцін, увесьчасна чапляючыся сваім швэдарам за старыя дэкарацыі, і Паліна ня ведала, як ён ставіцца да дзікіх выкрыкаў і мітусяніны побач:

— Дзяўчаты, далібог, скрозь мяне прайшла! Шэрая, як дым! І холад па целе, холад!

— А ты, Люсенька, паслала б яе туды, куды мяне пасылала сёньня на рэпетыцыі. І твая манашка разьвеялася б, як маё да цябе каханьне.— Дурань!..

Паліна ўздыхнула: тэатр “Капялюшык” засяліўся ў гэтыя муры ня так даўно, відаць таму аблічча прывіда яшчэ не набыло пэўнасьці: адны казалі пра белую манашку, другія – пра чорнага мніха… А вось сёньня – нейкі гібрыд: манашка, але шэрая... Паліна ўсё-ткі палічыла патрэбным нешта патлумачыць, кінула спадарожніку цераз плячо:

— Не зьвяртайце ўвагі… Гэта артысты.

І самой стала няёмка: так паблажліва прагучала.

— Сюды хадзіце! Не наступіце на ружовы куст… — Марыя Апанасаўна махала рукой там, дзе адгаліноўваўся невялікі калідорчык, і ў сваёй белай хустцы, накінутай паўзьверх чорнай доўгай сукенкі таксама магла цалкам сысьці за прывід – хіба калі б ня ўзьбітыя ў самавітую піраміду выбеленыя валасы. Паліна і Валянцін асьцярожна абышлі бутафорскі куст з пап’е-машэ, з намаляванымі ружамі, падобнымі да сіняй капусты, і ўрэшце апынуліся ў доўгім, як пенал, пакоі бяз вокнаў.

У пакоі панаваў дзіўны пах зёлак. Ля адной сьцяны стаяла шырма, груба размаляваная пад антычныя разваліны, на другой — разьвешаная бутафорская зброя, відаць, сабраная з розных сьпектакляў. Алюмініевыя кінжалы, шпага з тоўстага дроту, кардонны меч… Прытулак Арлекіна. Пад паліцай з кніжкамі стаяла выцьвілая канапа, а з канапы пры набліжэньні гасьцей узьняўся сам “Арлекін”… Як Паліна зразумела, той самы Сымон Пятровіч, былы штурман падлодкі.

Штурман быў мала падобны да сівагаловага, паважнага “марскога ваўка”. Па-першае, ён аказаўся зусім не стары, гадоў хіба трыццаць шэсьць. Па-другое, невысокі. Папраўдзе, дык не нашмат вышэйшы за Паліну, а віленскаму скульптару – дык увогуле па плячо. Але ня шчуплы – проста падцягнуты, жылаваты, а пад чорнай майкай перакотваюцца цягліцы. І твар смуглявы, таксама падцягнуты, як у легіянера…

Але ж правільна – толькі цяпер дадумалася расчараваная Паліна, ён жа не на караблі служыў, а на падлодцы, туды вось такіх і адбіраюць – невысокіх і трывушчых.

— Гэта часткі нейкага маршруту, — упэўнена сказаў Сымон Пятровіч, уважліва разгледзеўшы Палініны аркушыкі з перамаляванымі са сьпінаў жабак малюнкамі. — Усё пазначана – і азімут, і накірункі. І адлегласьці – як я разумею, у сажэнях. Калі перавесьці ў нашы меры – на кожным малюнку шлях дзесьці метраў у сто.

— І вы маглі б вызначыць, дзе гэта знаходзіцца?—усхвалявалася Паліна.

Картазнаўца паблажліва ўсьміхнуўся.

— Ніхто вам гэтага ня вызначыць бяз веданьня мясцовасьці. Схемы трэба прывязаць да карты. Хаця б адну кропку знайсьці. Што абазначае, напрыклад, гэты крыжык: камень? Дрэва? Будынак?

Валянцін падаў голас.

— Ну, можа быць, мы б змаглі вылічыць мясцовасьць... Што тады?

Штурман паціснуў плячыма .

— Гэтыя два малюнкі — усё, што вы маеце?

Паліна ўздыхнула.

— Мы думаем, што такіх жабак было чатыры.

Сымон Пятровіч разьвёў рукамі.

— Ну, спадарове, справа безнадзейная. Калі гэта павінна скласьціся ў адзін шлях, нават калі б вы знайшлі ўсе чатыры яго кавалкі — трэба ведаць чарговасьць. Разумееце? Апошняя кропка кожнага адрэзка – пачатак іншага.

— А хіба нельга будзе вызначыць, перастаўляючы, прымерваючыся?

Штурман незалежна скрыжаваў на грудзях рукі і адкінуўся на сьпінку сваёй старой зялёнай канапы.

— Нешта вы ўсе горача дыхаеце над гэтымі аркушыкамі. Можа быць, патлумачыце?

Паліна нерашуча зірнула на маці і Валянціна. Марыя Апанасаўна дапамагла дачцы наважыцца.

— Ну чаго гуляць у таямніцы? Распавядзі чалавеку, як ёсьць. Можа, што і падкажа – а ты яго потым на абарону дысертацыі запросіш.

Маці відавочна зьвязвала Палініны вышукі з ейнай кар’ерай.

І Паліна распавяла пра ўсё… Акрамя, вядома, таго, як Аксана забрала ў яе папку, і пасьля не хацела нават згадваць пра гэта. Не расказала, і як пайшла ў архіў, паглядзець фонд Станіслава Ксаверыя Людвісара, дзе Артур знайшоў малюнак намагільля Рашчынскага, а ліста з малюнкам, дакумента №131, у тэчках не аказалася. І калі Паліна стала распытваць, архівісткі ўсчалі гвалт і абвінавацілі ў прапажы памерлага Арціка, які, вядома, ужо ніяк ня меў магчымасьці апраўдацца. Але Паліна дакладна ведала – Артур, які заўсёды так горача адстойваў прынцып навуковай этыкі, ня мог гэтага зрабіць.

Над бутафорскімі антычнымі развалінамі луналі купідончыкі, ружовыя, з круглымі азадкамі і гэткімі ж круглымі шчочкамі. Прысутныя перадавалі з рук у рукі партрэт Вінцэся Рашчынскага, адзіны, які змагла знайсьці Паліна. Партрэт быў намаляваны ў Парыжы мастаком невядомым, але прагрэсіўных імпрэсіяністычных паглядаў, які б ніколі ня даў згоду расьпісваць шырмы ружовымі купідончыкамі. Аблічча вымалёўвалася з каляровых пісягоў. Але імпрэсіяністу ўдалося перадаць асаблівы выраз твару: быццам чалавек нешта пакутліва ўспамінае, і боль успамінаў для яго – адзіная рэальнасьць. І было нешта трагічнае ў несупадзеньні яркіх колеравых спалучэньняў і сумотнага аблічча чалавека.

— Гэта Вінцэсь Рашчынскі пасля паразы паўстаньня, — патлумачыла Паліна. — Мала каму ўдалося тады ўцячы — яму пашанцавала. Вядома, вясёлага мала – сябры забітыя, павешаныя, сасланыя… Маёнтак патрапіў пад апеку казны. Толькі праз трыццаць год Рашчынскі атрымае дараваньне ад уладаў і зможа вярнуцца дадому.

— Паўстаньне Каліноўскага… — задумліва прамовіў Сымон Пятровіч, круцячы ў руках рэпрадукцыю. — Калісьці я зачытваўся раманам “Каласы пад сярпом тваім” Уладзіміра Караткевіча, у рэйды з сабой браў. І вельмі засмучаўся, што няма працягу – усё перарываецца на падыходзе да паўстаньня.

— А я чуў, што працяг нібыта быў, — сумна прагаварыў Валянцін. — Нібыта скралі працяг...

А Паліна на ўсе вочы глядзела на былога падводніка, які раптам выявіўся прыхільнікам Караткевіча і “гатовым беларускім мужчынам”. Гэта ж трэба! Нават маці сваю Паліна не магла пераканаць, каб гаварыла па-беларуску. “Позна мне перавучвацца”, — казала тая, ды і ўсё. Сустрэць у іхнім горадзе чалавека, які валодае роднай мовай – усё роўна што земляка на чужыне.

— Наконт скрадзенага працягу, можа, і праўда... Але мне па-інакшаму ўяўляецца, — працягваў Сымон Пятровіч. — Мінулым летам я сваіх скаўпаход вадзіў, па Віленшчыне, якраз наведалі па дарозе музей у Кушлянах… Дык там расказваў нам адзін дзядзька, што падчас паўстаньня на Беларусі было рэпрэсавана сто тысячаў шляхецкіх сем’яў. Гэта ж – цэлая праслойка грамадства! Лепшая, адукаваная... Яшчэ колькі гадоў – і зьявілася б пакаленьне, якое магло збудаваць нацыянальную дзяржаву. І ніхто б яе ўжо ня зьнішчыў. А так — нават памяці няма. Можа, і мае продкі мелі дачыненьне да таго паўстаньня? Ня ведаю. Быў жа прадзед лапцюжным, але шляхцюком. І Караткевіч сам прызнаецца, як цяжка яму пісаць працяг, бо яго героі ня могуць перамагчы.

— Ты скаўтаў у паход водзіш? – зьдзівілася Марыя Апанасаўна, вычуўшы тое, што самой было цікава. – Вось ня ведала…