— Ну, ня толькі скаўтаў… — патлумачыў былы падводнік. — Экстрэмалаў розных таксама.
— Напэўна, на байдарках? Ці на плытах? – здагадалася Паліна.
Але ў штурмана толькі неяк дзіўна зьмяніўся смуглявы твар.
— Не, спадарыня. Водны турызм мяне не вабіць.
Марыя Апанасаўна зноў завалодала выявай Рашчынскага.
— А ён прыгожы быў, калі б яшчэ нармальна намалявалі… Напэўна, карыстаўся посьпехам у жанчын.
Паліна задумалася.
— Ды нешта ня памятаю пра яго рамантычных гісторыяў… Ён і жанаты ня быў.
— Значыць, рамантычная гісторыя мелася, — нечакана змрочна сказаў Сымон Пятровіч. — Пераможаны мужчына – якая жанчына падзеліць з такім лёс? Ды яшчэ маёнтак забралі… Вядома, нейкая красуня дадала горычы ў жыцьцё вашага… Рашчынскага. Прабачце, вядома, шаноўныя спадарыні, за нягжэчнасьць, але жанчыны ня любяць тых, каго яны лічаць няўдачнікамі.
— Чаму вы такога меркаваньня пра жанчын? — не змаўчала Паліна. — Многія шляхцянкі ішлі за сваймі мужамі на катаргу, многія выходзілі замуж за зьняволеных.
— За героем на катаргу – гэта рамантычна… — не здаваўся штурман. — А вось з няўдачнікам — нецікава. — прагучала так сумна, што Паліна здагадалася — асабістае, няйначай. Сымон Пятровіч пацьвердзіў.
— Не прымайце мяне за старога зьвягу. Лічыць сябе няўдачнікам – дыягназ. Для гэтага не абавязкова сапраўды пацярпець вялікія страты. Я на такую хваробу, між іншым, не хварэю. А вось калі мяне звольнілі з флоту, а на Беларусі, зразумела, такіх сьпецыялістаў, як я, непатрэбна, жонка ад мяне адразу адвярнулася. Я яе не вінавачу – сапраўды, які з мяне муж. Яна натура тонкая, перакладчыца. А я вечна ў рэйдах, ды яшчэ і трантаў дамоў не прывозіў, як звычайныя маракі загранкі – у нас жа сакрэтныя заданьні, ваенная таямніца. А на марскім дне супермаркетаў не будуюць.
— Калі жанчыне не хапае рэчаў – гэта толькі наступства, — павучальна прагаварыла Марыя Апанасаўна. – Гэта значыць, што насамрэч жанчыне не хапае каханьня!
— Ну так, каханьня… — Сымон Пятровіч засьмяяўся дзіўным хрыплым сьмехам. — Каханьне яна атрымала. Ад таленавітага і грашавітага. Праўда, калі я сыйшоў з поўнай торбай непрамоўленых крыўдаў і пажаданьнем шчасьця – той… таленавіты …зьнік.
Сымон Пятровіч расказваў нават з іроніяй. Але тут усхваляваўся Валянцін.
— І няўдачніку можа пашанцаваць на каханьне! Я таксама... З уласнага вопыту... — Валянцін трохі павагаўся, але ў кожнага настае час выгаварыцца. — Я ж тут вучыўся, скончыў тэатральна-мастацкі інстытут. Зладзілі мы першую выставу нашай суполкі – сабраліся маладыя скульптары, мастакі… Ды яшчэ дзе зладзілі – аж у “чарнільніцы”, на другім паверсе Палацу мастацтваў. Гонар! Гасьцей назвалі на прэзентацыю. Прыйшоў я з гэтай выставы, пахадзіўшы дзень сярод выпадковых наведнікаў, наслухаўшыся іхніх каментароў… І як даў кулаком па глінянай балванцы, якую паўгода спрабаваў ператварыць у сусьветны шэдэўр… І што вы думаеце – разьбіў! Хоць ужо амаль зацьвярдзела. Вось што значыць сапраўдная злосьць!
— Ну і навошта? – іранічна прамовіў штурман. — Чым гліна правінавацілася?
— Гэта я ня гліну. Гэта я свае спадзяваньні – кулаком… — жорстка прагаварыў скульптар. — Ня ўсім быць Радэнамі ці Азгурамі… Я забараніў сабе думаць пра вялікае мастацтва. А тут якраз пачаўся прыватны бізнэс. І мы з адным знаёмым зладзілі фірму... Ведаеце, якую? – Валянцін з горкай насьмешкай абвёў прысутных вачыма .— Па вырабе надмагільных помнікаў. На любы густ. Гэта быў найвялікшы зьдзек, які я мог тады над сабой учыніць за бяздарнасьць. Бачылі, можа, анёлкаў, што плачуць, захінаючы твар крыламі? “Память о тебе вечна, как наша любовь”. І назву для фірмы прыдумалі адпаведна “кічавую” – “Асфадэль”.
Сымон Пятровіч чамусьці ўсхваляваўся.
— Як, як твая фірма называлася?
— “Асфадэль”... — з прыкрасьцю паўтарыў Валянцін. — Гэта лілеі такія. Лічацца кветкамі мёртвых. Я і сам тады быў… як мёртвы.
— Ну і нармальны бізнес, — прабурчэла Марыя Апанасаўна. — Напэўна, зараблялі някепска.
Валянцін няёмка паціснуў плячыма.
— Так… Заказаў давалі шмат. Добра хоць, за працай не ставала часу надта задумвацца над сэнсам жыцьця. Кватэру набыў, пасьля яшчэ адну – пад майстэрню. Усё жыцьцё па інтэрнатах – дык тут “адцягнуўся”. Ну і скончылася вядома чым. Фірма прагарэла, як сухая лапушына. Які з мяне бізнесмэн – я мог толькі ляпіць ды высякаць. А напарнік, аказваецца, пачаў пашыраць бізнес – перапрадаваў кватэры, яшчэ нешта там… Карацей, паставілі нас на “лічыльнік”. Ды ня “нас”, а мяне – “сябрук” мой уцёк, а ўсе дакументы аказаліся на маё імя. Прадаў кватэру адну... Тады другую… Збыў машыну, урэшце, усё, што меў… І ўсё адно доўгу заставалася – дваццаць пяць “кавалкаў”. Мяне везьлі забіваць. І тут зьявілася яна… Дзяўчына, на якую я асаблівай увагі не зьвяртаў. Нават пакрыўдзіў, адпрэчыўшы ейную ўвагу да маёй каштоўнай персоны. І вось яна выкупіла мяне, няўдачніка, аддаўшы ў заклад сваю маёмасьць і самую сябе… І мяне ёй прадалі ў пажыцьцёвае карыстаньне.
— Як гэта? – зьдзівілася Паліна.
— А так… — з весялосьцю адчаю патлумачыў Валянцін. — У прамым сэнсе. Дзіна паступова выплочвае мой доўг з працэнтамі. Я дапамагаю зарабіць грошы, працую ў ейнай фірме. Умова такая: калі я сыйду – Дзіна адкажа сваім жыцьцём.
Нейкі час усе прыгаломшана маўчалі. Сымон Пятровіч, аднак, ня выявіў асаблівага ўзрушэньня.
— Чаму ты лічыш сябе няўдачнікам, не разумею? У цябе ёсьць жанчына, якая цябе кахае, і якую ты, прынамсі, паважаеш. Кім ты працуеш у ейнай фірме? Вартаўніком? Прыбіральшчыкам?Валянцін зацята ўскінуў галаву – пытаньне прагучала жорстка.
— Я ўмею ляпіць.
— …І займаешся любімай працай, — падрахункаваў падводнік. — Ты – шчасьлівы чалавек.
Паліна падазрона разглядала суразмоўцаў. Высокі, няўклюдны скульптар са сьветлымі валасамі, перацягнутымі матузком, і смуглявы, жылаваты штурман, з абліччам як у каскадзёра ці воя – вунь колькі старых шнараў на твары, на руках – такія розныя! І пры тым абодва — тыповыя няшчасныя беларускія мужчыны. Відаць, Марыя Апанасаўна падумала тое самае, паколькі скептычна паглядзела на аднаго, на другога і моўчкі пахітала галавой у адказ нейкім сваім думкам.
Паліна здагадалася – канчаткова збракавала ў якасьці магчымых зяцёў. Не, у маці гэта ўжо нейкая манія... Хутка пачне прыглядацца да грузчыкаў у хлебнай краме, да ахоўнікаў суседняй з іхнім домам базы агародніны.
Трэба было вяртаць размову да гістарычнай тэмы.
— І ўсё ж такі – пра што хацеў пакінуць зьвесткі Вінцэсь Рашчынскі?
— Можа быць, нейкае патаемнае сховішча паўстанцаў? — спытаў Сымон Пятровіч.
— Ды не, — запярэчыла Паліна. — Надмагільле будавалася ў дзевяностых гадах, калі Рашчынскі вярнуўся на радзіму. Ды якая розьніца! Ня ведаю, што схаваў Рашчынскі — каштоўнасьці, дакументы, або там, у апошняй кропцы, забытая магіла нейкага героя – мне ўсё роўна. Мы проста абавязаны гэта знайсьці! Гэта наша гісторыя! Ліст да нашчадкаў, які з-за нашай няўвагі можа не дайсьці больш ніколі ні да кога! Вы як хочаце, а я гэтую справу не пакіну.
— І дысертацыя атрымаецца сенсацыйная! — задаволена падтрымала на свой капыл Марыя Апанасаўна.— І ў газетах напішуць!
Паліна ўперылася строгім паглядам у Валянціна:
— І не ўздумайце мяне адгаворваць – я ўсё роўна прайду гэты шлях да канца!
Валянцін з дакорам зірнуў на Паліну.
— Вас адгаворыш… Добра, магу зьезьдзіць у Гарнушкі… У хаце бабулінай чужыя людзі цяперака. Але да дзядзькі майго можна завітаць. Ён і так зазлаваў на мяне, мусіць, што даўно не прыязджаю. Толькі ня ведаю, як Дзіна да гэтага паставіцца.
Сапраўды, “уладальніца”… Паліне зрабілася чамусьці вельмі прыкра. І страшэнна шкада гэтага няўклюду – ён не выглядаў шчасьлівым у статусе маёмасьці. Успомніла, як сіратліва сядзеў ён у арцы віленскай вулкі, пакуль закаханая жанчына прадавала ягоныя творы… Але ж хіба ня вартая зьдзіўленьня і тая Дзіна! А ці змагла б яна, Паліна, так вось ахвяраваць усім дзеля чалавека, які нічым з табой не зьвязаны? Паставіць сваё жыцьцё ў залежнасьць ад яго? Гэта ж як трэба кахаць…
Але Паліна аніяк не ўдавалася выклікаць у сабе добрыя пачуцьці да гандляркі са сьветлымі косамі.