За дзьвярыма пакойчыка між тым сціхлі галасы, затое пачуўся “трубны глас” – па мегафоне артыстаў запрашалі на рэпетыцыю. Гэта азначала, што ўсе работнікі тэатра “Капялюшык” мелі зараз свой клопат.
Калі госьці былі ўжо ў дзьвярах, Сымон Пятровіч ветліва прамовіў:
— Прабачце, Валянцін, вы не маглі б затрымацца? Мне трэба вам тое-сёе сказаць.
Паліна і Марыя Апанасаўна разгублена глядзелі на зачыненыя перад імі дзьверы, у якіх паварочваўся ключ.
— Ну і Бог з імі, пайшлі… Няхай паразмаўляюць, — зазначыла Палініна маці. Аднак не пасьпелі яны адысьціся ў канец калідора, як у пакойчыку штурмана пачуўся страшэнны грукат, нешта падала, разьбівалася…
— Ды што яны, звар’яцелі, ці што?!!
Марыя Апанасаўна стукала ў дзьверы, за якімі не сьціхала баталія.
— Сымон, ты здурнеў? Што ты там робіш?
З усіх дзьвярэй паказваліся цікаўныя твары. Нарэшце шум у пакойчыку сьціх, яго дзьверы расчыніліся, упусьціўшы пераляканых кабет.
Дэкарацыя з антычнымі развалінамі, пашкуматаная, быццам пабывала ў зубах цмока, ляжала на падлозе, а пад ёй, накрыты размаляваным палотнішчам, нехта адчайна варушыўся, як хрушч пад насоўкай. Паколькі Сымон Пятровіч у ваяўнічай паставе стаяў ля сьценкі з бутафорскай зброяй, варушыўся няйнакш небарака скульптар.
— Я тры гады чакаў, каб гэта зрабіць, — штурман цадзіў словы скрозь сьціснутыя зубы, і Паліне чамусьці захацелася апынуцца як падалей адсюль.
З дзіркі ў дэкарацыі паказалася рука, потым прасунулася галава. Вока Валянціна патроху набракала сінечай.
— Паслухайце… Гэта памылка. У мяне з вашай жонкай нічога не было.
— Гэта ў цябе з ёй нічога не было, — прагаварыў Сымон Пятровіч. —А ў яе з табой – было ўсё. Вядома, ты ноч прабыў – і забыўся. Табе што, самадаек не хапала?
Паліна схаладнела… Ня можа быць! Няўжо ён, няўклюда і летуценьнік, такі?..
— Ды кажу вам: ня ведаю ніякай Сьвятланы… І ў рэстаране “Папараць –кветка” адзіны раз у жыцьці быў – калі адзначалі абарону дыпломаў.
Новы майстэрскі ўдар у сківіцу змусіў Валянціна, які толькі што няўпэўнена ўстаў на ногі, зноў паляцець на падлогу.
— Сымон, супакойся! — Марыя Апанасаўна гатовая была таксама даць волі рукам. – За што ты так яго?
— А вы ў гэтага генія могілкавага спытайце… Ты хоць ведаеш, што яна кожны дзень цябе чакала? — зноў зьвярнуўся штурман да скульптара.— Запальнічку тваю, у выглядзе пісталету, да сэрца туліла… Таксама мне каўбой! Ды я сам быў гатовы цябе расшукаць і за ручку да яе прывесьці! І я ніколі ня бачыў яе такой шчасьлівай, як у тыя моманты, калі яна верыла, што ты вось-вось прыедзеш. Асабліва ў псіхушцы, у апошнія дні.
— У мяне ніколі не было запальнічак. Я не куру! – гнеўна прагаварыў Валянцін, больш-менш цьвёрда ўстаўшы на ногі. — Хаця… У сябрука майго, з якім мы фірму зладзілі, мелася такая запальнічка, памятаю.
Сымон Пятровіч крыху разгубіўся.
— У Сьвятланы візітка была – Валянцін з фірмы “Асфадэль”. Выходзіць – ты. Я цябе шукаў, але фірма вашая ўжо зьнікла, і дзе ты, ніхто ня ведаў.
Валянцін сумна ўсьміхнуўся.
— Ну, зразумела… Сябрука майго таксама Валянцінам звалі. Можаце праверыць. Ён – Валянцін Сьцяпко, я – Валянцін Чарапавіцкі. Здаралася, ён называўся маім прозьвішчам — у непрыемных сітуацыях.
Сымон Пятровіч недаверліва глядзеў на ворага. Валянцін выцер кроў Палінінай насоўкай і прамовіў ціха і сур’ёзна.
— Слова гонару, я ня ведаў вашай жонкі.
Сымон Пятровіч нейкі час памаўчаў, потым панурыўся і прамовіў:
— Веру… Прабач. Твой сябра зноў цябе падставіў. Ён які, дарэчы, з выгляду?
— Ну… Ніжэйшы за мяне. Кароткая стрыжка. Цёмны…
— Вось-вось… І Сьвятлана гаварыла пра чарнявага. Падобны, маўляў, да Андрыяна Чэлентана. А ты, гляджу – бялявы… Думаў, пафарбаваўся, гад.
— Зьбіў чалавека ні за што! – абуралася Марыя Апанасаўна.
Штурман стамлёна сеў на канапу, загаварыў нібыта сам сабе:
— Яна ня мела фліртаў… У яе заўсёды ўсё было вельмі сур’ёзна. Яе мужчына мусіць быць героем. Я яе расчараваў – замест таго, каб стаць якім адміралам, апынуўся беспрацоўным, ды яшчэ ўпарта адхіляў прапановы з другіх краінаў. Ну не хачу я зьязджаць адсюль! Нават дзеля залатых палацаў. А тут гэты… геній з рэстарану… Ах, Мікелянджэла, ах, Эрнст Неізьвестны… Ад бяссоньня ўсё жыцьцё пакутавала. Такая прыгожая… мройлівая… Сабе не магла дараваць, што яе першая і апошняя здрада была… так, пошлым фліртам. І я ёй усё расказваў казкі – што ейны Валянцін зьехаў з выставай у Амерыку, што яго выклікалі ў Індыю… Яна ўжо не магла праверыць, – голас Сымона Пятровіча задрыжэў. — І я аднаму радаваўся – што над ейнай магілай не стаіць помнік вашай фірмы.
Сымон Пятровіч кінуў погляд на зьбіты твар скульптара і пачырванеў.
— Што ж, я цяпер твой даўжнік. Калі хочаш, можаш даць здачы… Не? Ну, тады хіба дапамагу ў вашых вар’яцкіх росшуках. Ня ведаю, што вы там зьбіраецеся знайсьці — золата, дыяменты або матэрыял для дысертацыі – я ў вашай волі. Толькі загадзя дамовімся – у дзялёжцы ня ўдзельнічаю. Не хачу, калі што, увязвацца ў быдлячую справу шкамутаньня тлустага кавалка.
На сцэне ішло сваё жыцьцё. Нехта адбіваў нястомнымі нагамі рытм пад вясёлую мелодыю – тэатр “Капялюшык” сьпецыялізаваўся на аперэтках ды мюзіклах, любімых жанрах міжчасься. Прывіды будынку затаіліся па кутах, адпускаючы жывое – на волю. Валянцін і Паліна, якія ад прыкрага інцыдэнту не перамовіліся ні словам, выйшлі за цяжкія дзьверы — нібыта з-за цемры кулісаў патрапілі на ярка асьветленую сцэну. Амаль летняе сонца ўдарыла ў вочы нібыта сафіты.
— Што яна з табой зрабіла? — дзікі крык зьлева змусіў і без таго зьнерваваную Паліну літаральна падскочыць. Да скульптара падбягала Дзіна, на гэты раз – у беленькім джынсавым касьцюмчыку. Ненавісны пагляд, кінуты ёю на Паліну, быў вастрэйшы ад касінерскага ляза. Гэтага Паліна ўжо не магла вытрываць, і шпаркім крокам рушыла прэч, пакінуўшы за сьпіной апраўданьні Валянціна пра тое, што ня варта перажываць, што ён проста ўпаў на дэкарацыі…
10
Жаўнер зрабіў крок, спатыкнуўся і ўпаў, нязграбна падкурчыўшы пад сябе руку – быццам нехта нацягнуў перад ім нябачны дрот.
Сіняя фуражка з прабітай цэшкай упала побач, на чорную адліжную зямлю, нібыта таксама жывая істота, пазбаўленая чужой злой воляй жыцьця.
Вінцэсь агаломшана глядзеў паўзьверх стрэльбы, страціўшы на нейкі час здольнасьць успрымаць гукі, дотыкі, вобразы…
Калі Варшава пачала паўстаньне — гэта было, як зімовыя грымоты. Польскі камітэт апраўдваўся – не выпадала чакаць, выйшаў загад рускага цара забіраць у рэкруты студэнтаў, гэта значыць – лепшую моладзь. Хіба пакінуць маладых гінуць па лясах у безнадзейным змаганьні?
Але неабходнасьць ня робіць цудаў. Вінцэсь ведаў, што яны на Беларусі яшчэ не падрыхтаваныя, як сьлед, каб ісьці супраць магутнай імперыі. Але немагчыма пачынаць бойку бяз веры ў перамогу — і ён верыў… Былі ж у гісторыі прыклады, калі невялікая купка апантаных мяняла лёсы краінаў. Гарыбальдзі вёў за сабою тысячу чырвонакашульнікаў – і сёньня Італія паўстае з друзу, стаптанага ботамі аўстрыякаў.
Атрад Вінцэся – сотня чалавек. Шляхцічы, мяшчане, сяляне… У дваццаць два гады ўзяць на сябе адказнасьць за жыцьцё сотні чалавек…
Што ж, ён малады. Але са сьмерцю бацькі стаў старэйшым і адзіным у родзе. І да апошняга часу па-ранейшаму кожную раніцу плаваў у палонцы – як калісьці прывучыў пан Антось. Вінцэсь ведаў, што здолее зрабіць з сабой усё — што будзе вымагаць гонар. Цела і душа ня здрадзяць, як ня здраджвае добра падрыхтаваная, прыстраляная зброя.
Можа быць, таму Вінцэсю верылі. У ягоным атрадзе – чатыры дзясяткі гарнушкаўцаў. Сярод іх – тыя, хто вучыўся ў гарнушкаўскай школе, каго пасылалі ў вучэльні і інстытуты на грошы Рашчынскіх. Фельчар, вясковы настаўнік, лясьнічы, каваль…
Як заўсёды, наперад усіх сустрэць сьмяротную небясьпеку выходзяць самыя лепшыя, разумныя, сумленныя… І гінуць.
Калі з пакаленьня ў пакаленьне адбываецца такі пачварны адбор – хіба дзіва, што беларусы ўсё больш заслугоўваюць славу пакорлівага, цярплівага, зацятага, як балота, народу?