Першая бойка… Пакуль яшчэ няма горычы стратаў, няма сапраўднай нянавісьці. Сьцяг, вышываны любымі дзявочымі рукамі, зьзяе барвай, золатам і бельлю.
І першы забіты Вінцэсем чалавек ляжыць на чужой яму, чорнай зямлі.
Вінцэся прывёў да прытомнасьці стогн побач – Марка Рагманаў! Гэта ж яго ледзь не застрэліў чалавек у сіняй фуражцы. Вінцэсь дапамог Марку прыўзьняцца… Дзякуй Богу, жывы – куля толькі драпнула па галаве. А каб забіла... Як тады глядзець у вочы Вальжыне? Да Вінцэся падбягалі інсургенты – вясёлыя, нібы пасьля ўдалага паляваньня. Атрад жаўнераў быў невялікі, і, відаць, чужынцы не чакалі ўзброенага супраціву.
— Разьбегліся, як кураняты… — Стась Людвісар расплываўся ва ўсьмешцы, аддана гледзячы на камандзіра. І гэты можа загінуць…
Вінцэсю раптам стала страшна. Як тады, калі ехаў праз Маскалёў лес і чакаў атручанай стралы ў грудзі. Яго вусны шапталі:
— Гэта яшчэ не перамога… Не перамога… Першы крок на сьцяжыне сьмерці.
Але належала прагнаць ганебную слабасьць, пакуль ніхто не заўважыў.
У маёнтку Рагманавых зладзілі лазарэт для параненых. З аднаго боку – лес, з другога — поле. Прыслугі – тры чалавекі: ахмістрыня Казіміра ды конюх з жонкай-пакаёўкай. Усе — амаль што сямейнікі. Месца спакойнае, Пан Рагманаў быў дзесьці пад Гародняй, там, дзе і Юзаф — а Юзафу, як ваеннаму інжынеру, даручылі камандаваць штабам паўстанцаў. Вінцэсь ведаў, што сябра згаджаўся на гэта ня без ваганьняў – але так палка любіў сваю Айчыну!
Стась Людвісар падбег да Вінцэся.
— Хрысьціна паведаміла, што будзе чакаць мяне на паштовай станцыі. Прывязе грошы. Заўтра на досьвітку мушу ехаць.
Вінцэсь спахмурнеў.
— Ня варта было б ублытваць паненку. Як пан Людвісар?
Станіслаў упарта закусіў губу.
— Вядома, угневаны. Хоча, каб я вярнуўся дадому. Ніколі!
Вінцэсь уздыхнуў. Спадзевы на тое, што дзякуючы сынаваму энтузіязму, магнат Людвісар адкрыта стане на бок паўстаньня, не спраўджваліся. Венецыянскія каналы пад беларускімі соснамі страцілі б дасканаласьць бяз песьняў прыгонных мужычкоў. А мужык, узброены штуцэрам, наўрад ці стане ламаць язык “Санта-Лючыяй”, а засьпявае роднае “У нядзельку параненьку”, ды й пераблытае свайго ды чужога пана. Але Людвісар не жадаў і станавіцца на бок імперыі, што пазбавіла яго продкаў і яго самога былой улады. Людвісараўскія грошы сілкавалі змаганьне. Вінцэсь не любіў выслоўе пра тое, што грошы – цягліцы вайны, але ведаў, што бяз іх паўстаньне захлынецца. Косамі супраць штуцэраў нядоўга паваюеш.
У гасьцёўні віравалі людзі. Грукатала зброя, якую належала падрыхтаваць да наступнай бойкі. З апачывальні чуўся стогн параненага ў нагу каваля. Вінцэсь адшукаў вачыма знаёмую постаць у чорнай сукенцы. Вальжына, якая сядзела ў фатэлі ля вакна і нешта хутка шыла, прыўзьняла галаву з акуратна ўкладзенымі каронай чорнымі косамі і ўсьміхнулася госьцю. За гэтую ўсьмешку Вінцэсь гатовы быў памерці... А забіць?..
Уваччу ізноў паўстаў жаўнер, які валіцца на зямлю… Зусім малады… Не старэйшы за Вінцэся…
Вальжына асьцярожна зьняла з каленяў працу – гэта быў паўстанцкі мундзір, шэры, з чорнымі галунамі, устала, падыйшла, клапатліва зазірнула ў твар.
— Што з вамі? Вы падумалі зараз пра нешта страшнае…
Вінцэсь удзячна ўсьміхнуўся.
— Гэта ўсяго толькі мае мроі… Прабачце.
Вальжына глядзела вельмі сур’ёзна, з увагай. І Вінцэсь быў такі шчасьлівы, што яна гэткім чынам да яго ставіцца, што мімаволі паддаўся спакусе прадоўжыць гаворку і, можа быць, скінуць з душы хоць частку цяжару.
Яны сядзелі на верандзе, адзіным месцы ў доме, дзе можна было адасобіцца. Вінцэсь накінуў на плечы дзяўчыне, каб ня зьмерзла, ваўчынае футра. Неба шарэла, нібыта набрынялая вадой воўна, і першыя вечаровыя цені ўжо запляталі шчыльнай павутой куты.
— У Санкт-Пецярбурзе я шмат разважаў і думаў пра сьмерць. Разумееце, у кожнага філосафа свая канцэпцыя гэтае зьявы. Я хрысьціянін, і, вядома, успрымаю сьмерць пераходам з аднаго стану ў другі, вызваленьнем душы ад цялеснае абалонкі і гэтак далей. Але наколькі ўладны чалавек над жыцьцём і сьмерцю сябе самога і іншых? Калі вайскаводца пасылае на гібель тысячы жаўнераў, і ўсё дзеля таго, каб падарыць сваёй краіне кавалачак чужой неўрадлівай зямлі – хіба вайскаводца не забойца? А між тым яго ўслаўляюць, як героя. Арыстоцель казаў, што калі нехта ўчыніць несправядліва, не ўсьведамляючы гэтага, ён не парушальнік справядлівасьці, а няшчасны. Вальжына, мне зараз здаецца, што мы ўсе – такія няшчасныя. Якое права маем я ці нехта іншы пераразаць нітку чужога лёсу? Хіба мы ведаем, што зьнікае разам з кожнай заўчаснай сьмерцю? Якія мэты Творцы ня будуць дасягнутыя з-за таго, што нехта не пражыў столькі, колькі яму належала?
— Вам не здаецца, што вашыя разважаньні блюзнерскія? – мякка запярэчыла Вальжына. – Хіба ня ўсё ў руцэ Божай? Без Ягонае волі волас не ўпадзе з галавы.
— Чалавек парушае волю свайго Стваральніка. Ён забівае.
Вальжына ласкава паклала далонь на руку Вінцэся. Гэта было так нечакана і цудоўна, што ён увесь задрыжэў… А для яе… для яе гэта быў проста жэст спачуваньня.
— Вінцэсь, што здарылася? Што змусіла вас да вашых сумных разважаньняў?
Ад яе ціхага голасу хацелася плакаць.
— Я... забіў чалавека.
Вальжына памаўчала.
— Я магу здагадвацца, як гэта цяжка. Але…
— Але так не павінна быць для мяне! – раптам горача загаварыў Вінцэсь, адкінуўшы асьцярожлівасьць. — Я лічыў сябе падрыхтаваным. Бацька не хацеў — але я ўпотайкі вучыўся страляць. І езьдзіў на паляваньне з нашым лесьніком, і забіваў мядзьведзяў і ваўкоў. Я перажыў страх уласнай блізкай сьмерці. Перажыў сьмерць бацькі. І… тое, што горш за сьмерць. Але пра гэта згадваць ня варта. І вось – мяне трасе, і я гатовы быць забітым – абы больш не забіваць. Скажыце, што я баязьлівец, Вальжына! Я – нікчэмнасьць. І будзе праўда, калі вы гэта скажаце!
Дзяўчына ўстала і прайшлася па вераньдзе. Белыя фіранкі зрабіліся сінімі ў прыцемку. Але Вінцэсю здавалася, што ён высьлізнуў з часу, быццам кубак з няспрытных дзіцячых рук, і зараз давядзецца падбіраць аскалёпкі.
Вальжына зноў прысела каля яго, і хлопец не пабачыў насьмешкі ў вялікіх цёмных вачах.
— Вы проста чалавек з чуйнай душой, добры і сумленны. Ня трэба думаць, што забіваць – лёгка, і што вялікія ваяры нават у самай першай бойцы асуджалі на сьмерць сабе падобных, нібы сьвечкі ламалі. Мужчыны любяць выхваляцца сваёй жорсткасьцю. Насамрэч вы – такія ж датклівыя істоты, як і кабеты. Гэта нармальна — тое, што вы цяпер адчуваеце. І я ўпэўненая, што калі будзе неабходна – вы зробіце ўсё, як належыць вою і мужчыне. Адзін мой знаёмы… вялікі вой… расказваў, што свайго… першага… перажываў гэтак жа, як вы.
Вінцэся перапаўняла ўдзячнасьць і шкадоба. І ён схапіў вузенькую далоньку дзяўчыны і прыпаў да яе вуснамі, гарачымі, як апошняя надзея... Пацалаваў вышэй, запясьце… І адчуў, што Вальжына адхіснулася. Яна глядзела са зьдзіўленьнем і дакорам.
— Вінцэсь! Вы заўсёды былі вельмі далікатным, выхаваным хлопчыкам. Ня варта цяпер…
Ён перабіў.
— Я не ранейшы хлопчык, Вальжына! Я даўно вырас. Прайшло шмат гадоў ад тых часоў, калі мы гулялі ў яшчара і скакалі ў адрыне ў сена. І цяпер, калі сьмерць узяла нас у свой карагод, я хачу вам сказаць…
Вальжына ўзьнялася, нібыта спалоханая птушка.— Мне час ісьці. Марку, магчыма, пагоршала…
Але Вінцэсю было ўжо ўсё роўна – наколькі ён далёка пяройдзе за мяжу згаданай выхаванасьці. Ён затрымаў Вальжыну за руку.
— Выслухайце мяне… Хто ведае, можа, гэта апошняя магчымасьць? Тая шкляная жабка… Вы, напэўна, здагадаліся – яе прынёс я. Я прынёс бы вам і сэрца цмока, калі б вы таго зажадалі. І дастаў бы ўласнае сэрца, калі б гэта дало вам задавальненьне. Паслухайце... Я скажу вам сваю ганьбу. Я прыходзіў з той няшчаснай жабкай уночы на Васіліска, у салаўіны чацьвер. Я быў у садзе, калі… калі вы былі не адна. Прабачце мяне – гэта атрымалася выпадкова.
Дзяўчына рэзка адхіснулася ад Вінцэся і закрыла твар рукамі. У шкло веранды ўдарылі цяжкія кроплі адліжнага дажджу.