Выбрать главу

Вінцэсь стаяў, апусціўшы галаву. Ён разумеў, што ўсё для яго скончана, і адчуваў дзіўную пустэчу ўнутры – і нават палёгку ад гэтай пус­тэчы.

— Так, дараваньня прасіць бескарысна. Проста ведайце – я ня менш чым вы пагарджаю сваім учынкам, няхай і ненаўмысным. Але я ніколі не адмоўлюся ад… ад таго, што вы падарылі мне.

Дзяўчына недаўменна зірнула на Вінцэся. Той цьвёрда сустрэў яе погляд.

— Вы падарылі мне, ня ведаючы самі, і, вядома, не жадаючы, найвя­лікшае шчасьце, якое можа быць дадзена на зямлі... — і раптам невясёла ўсьміхнуўся. — Ну трэба ж… У самыя важныя моманты жыцьця чалавеку ўласьціва выказвацца патэтычнымі мёртвымі словамі. Ці гэта я адзін такі недарэка?

Відаць, яму не ўдалося схаваць сваю пакуту. Вальжына ўважліва па­глядзела на яго, раптам куточкі яе вуснаў уздрыгнулі, і яна прытулілася ілбом да пляча Вінцэся.

— Бедны...

Хлопец, баючыся варухнуцца і спудзіць раптоўную ласку, нават дыханьне стаіў, асьцярожна, лёгка-лёгка крануў рукой чорныя валасы… Якая яна маленькая… Яму да падбароддзя. А ён жа так доўга быў ніжэй, і гля­дзеў на яе зьнізу ўверх – як на каралеўну!

Дзесьці чуліся ўстрывожаныя галасы, стук капытоў аб скаваную начным марозам зямлю. Грукала брама, брахалі сабакі… Вінцэсь не заўважаў нічога.

Потым цені кінуліся некуды ўверх, у расчыненыя дзьверы веранды ўварвалася з пакою сьвятло. У праёме вырасла дзіўная застрашлівая постаць — ростам пад бэльку, вывернуты кажух, чорныя калматыя валасы і барада, і – глыбокі шнар праз увесь твар.

Вальжына павярнула галаву…

Вінцэсь ледзь не паваліўся – так моцна яна яго адштурхнула, каб з крыкам упасьці ў абдоймы госьця.

Вінцэсь нязграбна прыціскаў да сябе ваўчынае футра, скінутае з плеч Вальжыны. Хлопец зноў чуў тое, што не прызначалася для чужых вушэй. Але цяпер гэта не магло прайсьці для яго беспакаранна. Вочы Ваўкалака глядзелі паўзьверх галавы дзяўчыны, што плакала на яго грудзях, халодным гневам. А з-за пляча Ваўкалака выглядаў чалавек у магерцы, і ўсьмешка ягоная была грэблівай і ненавіснай.

Зоры не маглі вызірнуць з-за чорных, цяжкіх, як зямля, хмараў, таму не відно было нават, дзе канчаецца лес і пачынаецца неба.

Мужчыны стаялі ля весьніцаў, і іх маўчаньне было гэткім жа цяжкім, як адліжныя хмары.

— Мартын, клянуся, калі б я ведаў, што ты жывы – зрабіў бы ўсё, каб вызваліць. Нават калі б для гэтага спатрэбілася напасьці на пастарунак.

— Гэта зрабілі за цябе іншыя,— голас Ваўкалака гучаў спакойна, але ў ім было столькі ж цеплыні, як у начным паветры.

— Але Вальжына паказвала кулю…

— Прайшла навылёт, праз шыю. Я жывучы.

Вінцэсь ледзь ня плакаў ад гэтай несправядлівай халоднасьці. А Мартын тым часам кінуў пытаньне, як пальчатку.

— Ты кахаеш яе?

Вінцэсь горда ўскінуў галаву.

— Кахаю.

— Вось як… — Ваўкалак варочаў словы, нібыта камяні. — Я заўсёды казаў, што яна мусіць сустрэць сваё шчасьце. Ня думаў толькі, што — вось такі хлапчыска… Калі ты падманеш яе, будзеш мець справу са мною.

— Ёй патрэбны ня я, — голас Вінцэся быў цьвёрды. – Яна ніколі не кахала мяне. Я для яе толькі, як ты кажаш, хлапчыска. І калі ты думаеш, што я з гэтае нагоды здольны ўтварыць гнюснасьць, прыбраць шчасьлівага суперніка – дык нам застаецца толькі схапіцца за шаблі. Будзе вельмі разумна. Калі ўлічыць, што зьбіраемся ісьці ў сьмяротную бойку.

Мартын памаўчаў, потым загаварыў па-іншаму, амаль як раней, падчас іхняга нядоўгага сяброўства.

— Я адчуваю сябе нягоднікам – што я магу ёй даць. Можа быць, найлепш для мяне было б сапраўды памерці.

— Можаш ня верыць, але я рады, што ты жывы. І рады, што яна шчась­лівая…

Мокры сьнег ударыў Вінцэся ў твар, нібыта гнаў прэч, у бясьпечнае месца. Ваўкалак шчыльней захутаўся ў калматы кажух.

– Я веру табе. Ты — сын Антона Рашчынскага. Але ведай, што ня ўсе да цябе добрыя. Прозьвішча вашае — гэта як кляйно, хлопец. Антось з-за гэтага напакутваўся. І табе давядзецца. Бо без мужыкоў мы гэтую вайну ня выйграем. Паны з Нацыянальнага камітэту, нават калі гэта і разумеюць, абяруць лепш паразу, чым мужыцкі бунт. Да таго ж ім мрояцца тут крэсы Польшчы, а ня вольная Беларусь. Па тры маргі зямлі за падтрымку інсургентаў – лепш, чым нічога. Але ці чуў ты, што ўлады зьбіраюцца заахвочваць сялянаў за дзеяньні супраць паўстаньня? І павер, гэта будзе страшна – бо ўзнагарода возьмецца з маёмасьці схопленага бунтаўшчыка. І больш, чым па тыя няшчасныя тры маргі!

Вінцэсь пахаладзеў. Так, гэта было б страшным ударам. Ягоныя сяляне вольныя, але ён усё яшчэ пан.

— Мартын! – з дому да іх бегла Вальжына. Ваўкалак памкнуўся насустрач, і Вінцэсь палічыў за лепшае застацца насамоце.

Але гэта не ўдалося. Проста з цемры выплыў цёмны сілуэт. Лясныя браты ўмелі ператварацца ў прывідаў.

— Думаеш, выкруціўся? — чалавек у магерцы ўсьміхаўся сабе ў вусы – нібы зьвер паказваў іклы. — І тады, хлапчанём, хацеў Ваўкалака забіць. І цяпер — толькі прыкідваешся бязьвінным. Але Брацтва Ваўка не падманеш!

Вецер зусім ашалеў і сыпаў халодныя кроплі, нібы сейбіт зерне. Вінцэсь сьціснуў зубы.— Такімі словамі ня кідаюцца.

— А я ня кідаюся словамі! – вочы суразмоўцы здаваліся ў цемры дзьвюма чорнымі мёртвымі прагаламі. — Думаеш, калі я – у кажусе, дык ніхто? Я – шляхціц! Я — Марцэл Алейшчык з Бароўні! Няхай падчас апошняга перапісу нас абылгалі, перавялі ў аднадворцы – Алейшчыкі радавод вядуць ад Алелькавічаў. Я гэта разумнікам з камісіі зброяй давёў. Каб не запазычыліся – мы б у маёнтку жылі, а ня ў хаце на тры вакны!

— Спачуваю, але я вас шляхецтва не пазбаўляў.

— Ты – здраднік! З-за чорных вочак на душагубства пайшоў.

Кроў кінулася ў галаву хлопцу.

— Я не зьбіраюся выслухоўваць вашыя паклёпы. Калі б мне ня трэба было ў хуткім часе весьці сваіх людзей у бойку, я змусіў бы вас адказаць за гэтыя словы. Але цяпер каштоўны кожны чалавек.

Марцэл зьдзекліва зарагатаў.

— Каштоўны! Ты, вядома, каштоўны. Усіх загубіш. Узяць хаця б — што ў тваім атрадзе робіць малы Людвісар са сваймі блішчастымі пазурамі? Думаеш, мы паверым, што яблычак гэтак далёка адкаціўся ад яблынькі, што і галінку сваю не пазнае?

І чаму Стась хаця б на час не пакінуў апекавацца над пазногцямі. Ну каму дакажаш, што гэта проста бяскрыўднае дзівацт­ва, а не магнацкая фанабэрыя?

Вінцэсь прыгледзеўся – з цемры зьяўляліся іншыя постаці. Яшчэ двое… З атраду Ваўкалака, ці не? Брацтва Ваўка – гэта не адзін атрад, гэта магутная старажытная сіла, да якой зьвярталіся па справядлівасьць, як да апошняга суда, якая паліла маёнткі, змушала вяртаць пазыкі і адмяняць акрутныя загады.

Людзі Брацтва проста стаялі і моўчкі глядзелі, але Вінцэсь адчуваў, як ад іх сыходзіць нянавісьць, нібыта жар ад распаленага каменю.

І раптам яго шчаку апёк удар.

З пабітай фізіяноміяй атрадам не камандуюць.

Вінцэсь ведаў, што гэта – найвялікшае, і, магчыма, апошняе глупства ў ягоным жыцьці. Але двубой прызначылі на заўтра, як дастаткова разь­віднее. Яны пойдуць у лес, нібыта на вывед, і калі адзін з іх ня вернецца, можна будзе сказаць пра сустрэчу з разьездам казакаў. Вусаты Марцэл з усяе моцы намагаўся захоўваць рытуал — ну як жа, ён быў высакароднай асобай. Права выбіраць зброю – у таго, хто абражаны. Вінцэсь скарыстаўся з гэтага, каб прапанаваць шаблі: усё-ткі куля – гэта выпадковасьць. Але, убачыўшы пераможную ўсьмешку Марцэла, падумаў – ці не памыліўся.

— І глядзі, паніч, каб ніхто з твайго атраду ня ўведаў пра нашыя справы. А скажаш Мартыну – ганьба табе. Ён бацьку твайго любіў, і ты ў давер яму ўлез. Але мы табе ня верым.

Мокрая цемрадзь паглынула постаці – яны не пайшлі ў маёнтак, да агменю, нібыта холад, цемра і макрыня былі іх сапраўдным домам.

Божа літасьцівы, якое дурноцьце! Ён, камандзір атраду, камандзір лю­дзей, якія даверыліся яму, рызыкуе сваім жыцьцём з прычыны асабістай абразы! Хто заменіць яго ў атрадзе, у горшым – для Вінцэся – выраку? Напэўна, лясьнік, Янук Вараўня – ён ня шляхціч, але разважлівы і мужны, і можа прымусіць слухаць сябе. А яшчэ ж трэба два секунданты… Да каго можна зьвярнуцца? Тут мала, каб чалавек быў адданы паўстаньню – патрабуецца асабістая прыхільнасьць да яго, Вінцэся.