Хлопец панура сядзеў у куце гасьцёўні, прыхінуўшыся да сьцяны. Вакол спалі на разасланых проста на падлозе пярынах і коўдрах інсургенты – ложкаў і пакояў у маёнтку было няшмат. Полымя каміну адкідвала чырвонае дрыготкае сьвятло на сьпячых. На хвілю Вінцэсю зрабілася страшна – падалося, што ён бачыць поле пасьля бойкі з мёртвымі целамі. Іх прышласьць?..
І хутчэй прагнаў здрадлівую мрою.
Бадай што, можна даверыцца Міхасю Валевічу. Сын гарнушкаўскага дзяка, вучыўся ў Вільні на грошы пана Антося. Цяпер – настаўнік у гарнушкаўскай школе. Ён, вядома, ня будзе ўхваляць, але зробіць, што Вінцэсь папросіць. І нічога, што ён не дваранін – Вінцэсь адпачатку сказаў сваім, што ў іх няма дваранаў і мужыкоў, ёсьць паўстанцы і грамадзяне будучай вольнай Беларусі. А вось хто другі? Марка Рагманаў, вядома, не. Зьміцер Шчамлінскі з упраўленьня чыгункай? Разам вучыліся ў Пецярбуржскім універсітэце, сын бацькавага сябра, шчыры, адважны… Таксама не, усхвалюецца, разгарачыцца, абудзіць у іншых падазрэньні… Выходзіла, што акрым Стася Людвісара, няма да каго зьвярнуцца. Стасю, вядома, таксама ня вераць. Яго ўдзел будзе выглядаць для тых падазрона… Але Вінцэсь пакажа, што чужыя падазрэньні не прымусяць яго адвярнуцца ад чалавека. Няхай будзе Стась… Той пойдзе за Вінцэсем, напэўна, нават у пекла. І дакараць не падумае, калі пачнуць пяты гарэць. Трэба пасьпець перагаварыць з ім, пакуль не паехаў на сустрэчу з Хрысьцінай.
Агонь дарыў пакою сваё дрыготкае сьвятло – усё, што мог аддаць, набліжаючы сваю халодную сьмерць. Як ціха… Толькі дыханьне тых, што сьпяць. Вінцэсь падняў далонь і паглядзеў скрозь пальцы на полымя — у зьменлівым прыцемку падалося, быццам скрозь скуру прасьвечваюць косьці, і паверылася, што гэта – рука мерцьвяка, з якой спаўзае чорная плоць…Так гэта будзе калісьці і насамрэч. А ў таго, забітага ім, жаўнера рукі, напэўна, сашчэпленыя на грудзях, халодныя, васковыя рукі, і невідочнае войска тла ўжо трушчыць часьцінкі плоці адна за другой, пакуль не ператворыцца цялесны футарал у нешта непазнавальнае. І лягуць косьці забітага і забойцы, ахвяры і ката ў адну зямлю, і адна трава вырасьце на іх. А душы? Ці сустрэнецца яго, Вінцэся, бесьцялесная сутнасьць з гэткай жа субстанцыяй забітага ім хлопца? Ці будзе між імі нянавісьць, як і на зямлі? Але тады, з нязжытым злом, – д з е яны сустрэнуцца?
Не, у Вінцэся і зараз не было нянавісьці. Толькі сьмяротная туга. А заўтра ён мусіць зноў адабраць жыцьцё — або кінуць пад ногі гонару сваё. Вінцэсь кінуў погляд у той кут, дзе віселі абразы – у цемры відаць быў толькі маленькі агеньчык лампадкі, чырвоная кропка сьвятла, што паказвала шлях, адзіны магчымы для выратаваньня, але цяпер гэтак далёкі і стромы для яго, што Вінцэсь ледзь не заплакаў ад самоты і ўласнай недасканаласьці.
…Вусаты Марцэл падае на зямлю, і жыцьцё вокамгненна пакідае яго, нібы цяпло — дом, чые вокны адным сваім ільдзяным подыхам расчыніла бура…
Невыносна!
Юзаф зараз працытаваў бы нешта з Блажэннага Аўгустына. …Людзі адчуваюць пакуты настолькі, наколькі паддаюцца ім. …Сьмерць – зло толькі ў залежнасьці ад таго, што будзе пасьля яе. …Чалавек пачынае паміраць з моманту нараджэньня… дакладней, ён жыве і памірае адначасова.
Чаму словы мудрасьці бясьсілыя менавіта тады, калі перастаеш спадзявацца на ўласны недасканалы розум?
Нечая постаць бязгучна прасьлізнула ў пакой, на хвілю замерла, узіраюў цемру, і скіравалася да Вінцэся, што сядзеў, асьветлены агнём каміну.
— Вальжына! Вы – тут?!!
— Я ўмею пагарджаць звычаямі, калі камусьці з вартых дрэнна, — прашаптала яна і прысела побач, таксама прыхінуўшыся да сьцяны. Вінцэсю здавалася, што яго сэрца б’ецца так гучна, што зараз пабудзіць усіх.
— Я не хачу, каб вы пакутавалі, — прашаптала дзяўчына. — Вы выратавалі майго брата. Майго бацьку. А я нічым не магу за гэта аддзячыць.
Дзіўна – але яе твар у прывідным сьвятле здаваўся не злавесным, як усё іншае, а прыўкрасным.
— Вы? Аддзячыць мне? – Вінцэсь пастараўся стрымаць хваляваньне. — Вы нічога мне ня вінны. Гэта я бясконца ўдзячны вам… За тое, што вы ёсьць. Ну вось, зноў прагучэла пафасна. Давайце так: мы – сябры, і ніякія рахункі між намі нядзейсныя. Я рады, калі вы шчасьлівая — і ўсё.
Вальжына маўчала, але Вінцэсь чуў яе ўсхваляванае дыханьне – нібыта бегла пад гару. Нарэшце яна лёгка і хутка – ён нават не пасьпеў асэнсаваць – дакранулася цёплымі вуснамі да яго ілба.
— Вы добры…
І зьнікла — гэтак жа раптоўна, як і зьявілася.
І толькі пасьля прыйшла здрадлівая думка – пацалавала ў лоб, як нябожчыка.
Што за пошасьць у галаву лезе – ну чаму чалавек ня ўладны над сваімі думкамі!
І Вінцэсь прымусіў сябе заснуць, дакладней, упасьці ў кароткае забыцьцё, як у палонку.
А дзень быў зьдзекліва сонечны. Але ад чыстае сонечнай усьмешкі сьнег ператвараўся ў брудную, непаглядную калатушу, і цёмны твар зямлі вызіраў праз дзіркі ў белым саване зусім ня ветла, і не хацелася быць пакладзеным у гэтае чорнае, вільготнае рэчыва.
Месца для двубою прызначылі загадзя. Тут сапраўды было сушэй, магутныя ліпы паўсталі вакол паляны на варце. Побач – маленькая напаўразбураная капліца, магіла Вінцэсевага прадзеда-чарнакніжніка. Добрае месца, каб памерці.
Стась перарывістым ад хваляваньня голасам згодна звычаю прапанаваў ворагам памірыцца. Вінцэсь, стараючыся, каб гэта не прагучала слабасьцю, прамовіў:
— Я згодны забыць учарашнюю недарэчнасьць. Або – пачакаць да канца ваенных дзеяньняў. Нашае жыцьцё належыць Айчыне.
Марцэл злосна ўсьміхнуўся ў вусы:
— Я не магу пакідаць здрадніка жывым. Я дзесяць гадоў гуляю са сьмерцю, і жывы толькі таму, што ведаю, каму верыць, а каго адразу зьнішчаць.
Міхась Валевіч, другі Вінцэсеў секундант, невысокі, хударлявы, з непрыгожым інтэлігентным тварам, абвёў усіх разумнымі цёмнымі вачыма, звужанымі, як ліст вярбы, нібыта ад пагарды да гэтага відовішча.
— Ну што, у такім разе, пачынайце, панове, сваю “высакародную” справу.
Марцэл адсалютаваў шабляй – так, ён сапраўды выдатна валодаў халоднай зброяй. Лязо мільгала маланкай. Вінцэсь скрыжаваў сваю шаблю са зброяй праціўніка. І сустрэў пагляд чорных, як сама нянавісьць, вачэй.
— Ты яшчэ за свайго дзеда Лявонція адкажаш, гадзёнак. Твой дзед бедную шляхту ў мужыкоў запісваў.
Лёзы кідаліся адно на аднаго, як зьмеі. На белых кашулях ворагаў усё больш распаўзалася чырвоных плямаў. А брудная каша пад нагамі хлюпала зусім не рамантычна, Вінцэсь ужо некалькі разоў ледзь ня ўпаў, пасьлізнуўшыся. Сьмешна атрымаць сьмяротны ўдар, прычынай якому – бруд пад нагамі.
— Спыніцеся! Неадкладна! Гэта загад! – нехта бег да месца двубою, падаючы, падымаючыся, і крык быў такі адчайны, нібыта той чалавек раставаўся з жыцьцём. Марцэл расчаравана застагнаў і з падвойнай ятрасьцю кінуўся на Вінцэся.
— Спыніцеся! Загад ваеннага паўстанцкага камітэту! Вы арыштаваныя за парушэньне дысцыпліны!
Некалькі чалавек выбегла на паляну. Наперадзе – дзяўчына, з растрапанымі залатымі валасамі, у пясцовым футрачку і калісьці сьветлым раброне, ушчэнт заляпаным унізе гразёю – відаць, уладальніца ня раз падала на калені ў гэтае разводдзе. Хрысьціна?
За дзяўчынай рухаліся змрочны багатыр у вывернутым кажуху і каржакаваты невысокі малады чалавек з нярвовым разумным тварам, які зараз гарэў ад гневу і стомы.
— Кастусь! Адкуль ты тут? – вырвалася ў Рашчынскага.
— Заехаўся праверыць, як вы гатовыя да бойкі, — скрозь зубы прагаварыў Кастусь. – І бачу, што на ўсе застаўкі ідзе падрыхтоўка.
Марцэл з сілай уторкнуў шаблю ў зямлю і закрычаў на Вінцэся.
— Ганьба! Ты ж слова даваў, панічок, што нікому ня скажаш! Але што чакаць ад здрайцы…
— Гэта я вінаватая! – задыхана прамовіла Хрысьціна, спалохана кідаючы позірк на чырвоныя плямы Вінцэсевай кашулі. — Стась сёньня раніцай прызнаўся мне, што вы тут задумалі.
— Я даваў слова, што не скажу нікому з атраду! А мая сястра – не з атраду! – нечакана цьвёрда патлумачыў Стась. — І я не прасіў яе ўмешвацца!