— Дык што, трэба было чакаць, каб загінуў цудоўны чалавек з-за дурнога вашага гонару? — Хрысьціна рэзала голасам паветра, як лязом шаблі. — Я не шкадую, што так зрабіла!
І нават ножкай тупнула ў пацьверджаньне, падняўшы брудныя пырскі. Кастусь сурова глядзеў на Вінцэся.
— Я думаў, ты сур’ёзны чалавек. Табе атрад даверылі… Як вярхоўны камісар, загадваю — аддай мне шаблю.
Вінцэсь паслухмяна працягнуў сваю зброю. Кастусь перавёў позірк на Марцэла — той, аднак, толькі пругка адскочыў, як сапраўдны лясны зьвер ад пасткі, і ашчэрыў зубы.
— А я табе шаблю не аддам, камісар. Брацтва Ваўка не пад тваёй рукой. Мы паноў і паночкаў рэзалі і рэзаць будзем. Вы, чысьценькія, у лес прыйшлі, ахвяраваліся… А мы ў ім жывем!
Ваўкалак цяжка паклаў руку на плячо Кастуся, які ўжо гатовы быў выбухнуць гневам.
— Я сам разбяруся. Гэта мая справа.
Лясныя браты пад суровым позіркам атамана панурыліся, але Вінцэсь разумеў – яны скарацца, але ня зьменяцца. А вось што было непрадказальным – дык гэта Хрысьціна. Дзяўчына незалежна выпрасталася пад цікаўнымі позіркамі. Вінцэсь падыйшоў:
— Навошта вы гэта зрабілі?
Яна толькі зірнула, і ў яго сьціснулася сэрца: хіба заслугоўвае ён, каб на яго так глядзелі? Нібыта выпадкова злавіў у рукі кволае птушанё: і гадаваць няма як... А Хрысьціна, чырванеючы, парывалася перавязваць яго раны (Ну што за глупства? Звычайныя драпіны…), нешта тлумачыла наконт падзей апошняга часу. Але ж як яна, далікатная паненка, не збаялася, здолела пераканаць суровых мужчынаў, прывесьці іх да месца двубою?
Вінцэсь з удзячнасьцю ўзяў яе за руку.
— Хрысьціна, вы – цуд.
— Я ня цуд, я аматарка цудаў. Напрыклад, у слоіках са сьпірытусам.
І засьмяялася – як промні з неба пасыпаліся. Каб у Вінцэся было хоць трохі клёку, ён закахаўся б у гэтую сьветлавалосую фею… Але ён змог толькі яшчэ раз у думках назваць сябе апошнім дурнем.
І тут яна з крыкам штурханула яго ўбок…
Драўляная страла, кароткая, нібы апошні ўздых, уторкнулася ў чорную зямлю.
— Якой халеры?.. — зароў Ваўкалак. Адзін з яго людзей, секундант Марцэла, пануры сьветлавалосы хлопец, высокі і няўклюдны, хаваў лук-самастрэл, што на хвілю паказаўся з-пад крыса. Марцэл падляцеў да стралка і адвесіў яму поўху.
— Ты! Гаўрык няшчасны! Гэта не па правілах! Дурны лапаць! Тут не вясковая тузаніна – двубой, шляхецкая справа!
А Вінцэсь, як скамянелы, глядзеў на таго, хто страляў – той упарта адводзіў сьветлыя, нібы выцьвілыя, вочы без аніякага выразу… І ня трэба было пытацца, удакладняць – падсьвядома ведаў: ад стралы з гэтага самага луку загінуў бацька.
Вінцэсь прысягаў ня помсьціць… Але таго, што адбывалася, было ўжо занадта — у галаве круцілася неразумнае: “За што? За што?” Нібыта хоць калі-небудзь для нянавісьці і забойства абавязкова мусілі быць падставы.
І хлопец з лукам раптоўна кінуўся бегчы ў гушчар, расплёхваючы ботамі мокры сьнег і мокрую зямлю.
Прынамсі, сёньня ўсе засталіся жывымі. Каб ісьці далей па дарозе любові, нянавісьці, і — сьмерці.
11
З чорна-белай рэпрадукцыі ня вельмі добрай якасьці на Паліну паглядала вялізнымі цёмнымі вачыма Аляксандра Сьмірнова-Расэт, былая імператарская фрэйліна. Адпаведна густам часу, твар быў вытанчана-мілы, па-анёльску рахманы. Доўгая шыя, белыя плечы – як парцалянавая ваза. Маленькія, бы ў дзіцяняткі, рукі, складзеныя адна паўзьверх другой стамлёнымі крыламі.
А ва ўспамінах пра гэтую музу расійскай літаратуры кажуць, нібыта была страшэнна нярвовай, ледзь не істэрычкай. І пад старасьць ссохла і зжаўцела.
Паліна прыдзірліва паглядзела на сябе ў люстэрка. Што Валянцін знайшоў падобнага? Ну, вочы цёмныя… Але ж Паліна не смуглявая – наадварот. Скура белая, як у праўдзівай шляхцянкі, ніякі загар не бярэцца. Ці скульптар меў на ўвазе нярвовасьць? Паліна нават пачырванела, згадаўшы, колькі разоў выявіла ў прысутнасьці віленскага знаёмца гэтую якасьць. Што ж, цяпер невядома, калі яшчэ надарыцца такая магчымасьць. Сьветлакосая “уладальніца” зьвезла сваю “маёмасьць” да Вострай Брамы, а скульптар, вядома, самавольна ніколі нікуды не адлучыцца. Божа, скрушліва ў каторы раз падумала Паліна, яна ж нават нумар тэлефону яго ня ведае!
Хіба і без таго мала, пра што сумаваць? Дзяўчына закрыла важкую пыльную кнігу мемуараў Сьмірновай-Расэт, выкупленую выпадкам у букіністычнай краме. Аксана пасьля таго здарэньня з Артуравай папкай нібыта вырашыла паставіць крыж на знаёмстве з Палінай. Патэлефануеш — адзіны адказ: “Прабач, няма часу…” Чым Паліна гэтак яе пакрыўдзіла? Атрымалася – засталася без сардэчных сябровак. Як зьехаў Стась – і пачалося… Адна перастала запрашаць на сямейныя імпрэзы, неяк нават патлумачыла: “Прабач, у нас усе – парамі, а ты адна. Няёмка…”. Другая, наадварот, выявіла да Паліны палкі інтарэс. Таксама з неўладкаваным лёсам, але нашмат старэйшая, гэткая рафінаваная пані-навукоўка. Пачала апекавацца беднай разьвядзёнкай. Вось ёй Паліна выгаворвала сябе, як на споведзі! Што ж, нашае шчасьце – у нашых уласных руках! Паводле перакананьня “апякункі”, Паліне не хапала наступнага: заставацца сьціплай дзяўчынкай, але пры гэтым – навучыцца “падаваць сябе”: ну нельга ж гэтак не цаніць уласную прыгажосьць! Як ты апранаешся, як ходзіш, як глядзіш на мужчынаў! Ніякой сэксапільнасьці.
Якім чынам гэтыя патрабаваньні спалучыць – Паліна ня ведала. І не спрабавала. А пачула аднойчы выпадкова, як “апякунка” абмяркоўвае ейныя праблемы са знаёмымі, і ня надта каб добрымі: “Бедная Поля, столькі часу бяз сэксу. Я хвалююся – яна, відаць, фрыгідная”. “Падапечнай” зрабілася так брыдка, што сяброўства растала, як цукар у кіпні.
Так што патэлефанаваць і паплакацца не было каму. А тут яшчэ ў чарговы раз пайшлі чуткі, што гімназію зачыняюць. Ці там рэфармуюць, рэарганізуюць – што ў прынцыпе адно і тое ж. Вальнадумства ў навучальных установах на гэтай тэрыторыі не віталася пачынаючы ад скасаваньня Вялікага Княства Літоўскага, у якім яшчэ зрэдзь даравалася адраджэнцкае віраваньне думак...
Праўда, Паліна асабліва не давала веры прыкрым чуткам – ня першы раз, абыдзецца. Што галаву тлуміць сабе на вакацыях?
Вось тое, што пра жабак больш нічога не даведалася – кепска. Нешта надта зацямніў Вінцэсь Рашчынскі. Мо проста быў такі па характары – асьцярожлівы, падазроны?
Паліна дастала партрэт Рашчынскага, угледзелася ў рашучыя рысы твару… Бровы сыходзяцца на пераносьсі, пагляд вачэй прамы, мужная складка вуснаў… Такі чалавек хутчэй пойдзе на сьмяротны двубой, чым стане вычэкваць бясьпечнай помсты. Чамусьці Паліна ўзяла кнігу Сьмірновай-Расэт і таксама разгарнула на партрэце… Вось цікава, як бы ён пастаПаліна правяла кончыкамі пальцаў па партрэце Рашчынскага. Якая мужная прыгажосьць… Як бы яна, Паліна, сама з ім сустрэлася? Дзяўчына пачала разважаць, нібыта сапраўды зьбіралася на прызначанае праз якую гадзіну спатканьне. Можна было б надзець доўгую сукенку з цёмна-зялёнага лёну, з белым вязаным каўняром… Напэўна, чалавеку дзевятнаццатага стагоддзя яна падалася б цалкам прыстойнай? Валасы сабраць у вузел… Вось так… Не, трэба напачатку заплесьці ў косы. І чорныя туфлі на шнуроўцы. І пальчаткі... Не, не дапаможа. Адразу пазнаюць “плябейку”. “Літоўская гаспадыня”, кніга, якой карысталіся ўсе дамавітыя шляхцянкі 19 стагоддзя, сьцьвярджае: каб рукі былі далікатныя і белыя, пальчаткі трэба насіць з маленства, увесьчасна, нават спаць у іх. А дзяўчынкам пальчаткі апранаць цеснаватыя, каб не даваць рукам надта расьці. І абутак мусіць быць цесны, трохі задоўгі ў насах – каб ножка расла вузенькая. А яшчэ гарсэты ўспомніць, на шнуроўцы, з кітовым вусам… Пакутніцкае жыцьцё было ў прабабуляў! Затое ні ў кога няма сёньня такіх далікатных ручак…