Паліна не знайшла нічога лепшага, як па-дурному рагатнуць і зараз жа зьбянтэжыцца. Штурман скрыжаваў рукі на грудзях і адкінуўся на сьпінку крэсла, як прафесар, што скончыў прымаць іспыты.
— Мне трыццаць сем. Дзевяць гадоў розьніцы між намі – я лічу, самы раз. Абяцаю, што жыць са мной вам будзе цікава. Я зразумеў вашыя густы і прыхільнасьці… Калі вас непакоіць матэрыяльны бок – у мяне трохпакаёўка-“сталінка”. Спатрэбіцца – і грошы зарабіць магу. Проста кіруюся ў побыце прынцыпам мінімалізму.
— І я адпавядаю гэтым вашым мінімальным запатрабаваньням? – да агаломшанай Паліны нарэшце вярнулася пачуцьцё гумару.
— Вы – вяршыня майго жыцьця,— сур’ёзна прамовіў Сымон Пятровіч.
Адзін прызнаецца, што ў Амерыцы няма ёй замены, другі ўважае за вяршыню… І ўсё ў той самы дзень. Пасьля трох гадоў адзіноты. Адмысловы іспыт з усходняй прыпавесьці. Толькі і не хапае трэцяга прэтэндэнта на сэрца прынцэсы!
— Прабачце, Сымон Пятровіч, але…
— Мне было б прыемна, калі б вы называлі мяне проста Сымонам.
— Добра... Сымон… Вы ж разумееце, што пасьля адной-двух сустрэчаў лёс не вырашаецца.
— Чаму ж не? – нявесела ўсьміхнуўся штурман. — І адна-адзіная сустрэча можа цалкам перамяніць жыцьцё. Я ведаю. Для сябе я ўсё вырашыў адразу, як вас убачыў. Рашэньне маё нязьменнае. Колькі трэба будзе чакаць, каб наважыліся вы – ня мае значэньня. Я ўмею чакаць. Вырас у паляшуцкім мястэчку, дзе сланечнікі – як дрэвы, і нават рэчкі няма, а марыў — пра мора. Патанаў у сьвеце аповедаў Грына… Ён – Грынеўскі, сын сасланага з Беларусі паўстанца… І я – Грынеўскі.
— Сваякі?
— Магчыма, далёкія. Туга па Зурбагане і белых ветразях перадаецца генетычна. Чатыры разы паступаў у мурманскую мараходку. Нада мной сьмяяліся. Казалі, што я малы і слабы… Я трэніраваў цела, як непаслухмянага сабаку, я загартаваўся да неверагоднага... І мора атрымаў.
— Цяпер хочаце атрымаць мяне? – Паліна ўсё старалася перавесьці размову на жарт.
Штурман правёў рукой па кароткіх валасах.
— Мора мелася стаць маёй магілай – а гэта найлепшая магіла, яе ніхто не зганьбіць. Але я, дзівак, хацеў жыць – і выжыў. Мы з ім рассталіся назаўжды, як былыя дуэлянты, загойваючы раны… А потым мяне амаль сьмяротна параніла зямля… Вы – іншая. Фрэзі Грант, дзяўчынка, якая ідзе па хвалях праз цемру, проста таму, што ня верыць у прорву пад нагамі. Я буду чакаць. І пакуль вы не прыйшлі да мяне, на гэтую тэму больш размаўляць ня станем. Дык вось, што тычыцца Гарнушак… Пастарайцеся знайсьці старую карту тае мясцовасьці. Добра было б, каб скульптар далучыўся, і зьезьдзім, параспытваем на месцы.
Трэба ж! Спакойны і дзелавы, нібыта і не рабіў вар’яцкай прапановы. Паліне нават зрабілася трохі прыкра, што ў гэтага легіянера не назіраецца прыкметаў сардэчнай пакуты. Затое не засталося і няёмкасьці. Дагарэла і трэсачка з зёлкамі…
Сымон Пятровіч, ад сёньняшняга дня – Сымон, праводзіў Паліну да выхаду з тэатру. Не хапаецца за локцік падтрымаць, не зазірае ў вочы…
На сцэне чуваць быў разьмераны грукат – зноў канкан! У п’есе Чэхава?
Хаця колькі можна дзівіцца падобнаму… Паліна горка ўсьміхнулася. Яшчэ б спытала, чаму артысты, адыграўшы сцэну на беларускай мове, тут жа за кулісамі пераходзяць на расейскую. Відаць, ня ведаюць гісторыі з стролямі тэатра Станіслаўскага за мяжой. Прыехалі наватары ў Варшаву, па іх разуменьні – у расейскую правінцыю. А ім і кажуць: “Прабачце, тэатр ваш геніяльны, мы вас паважаем, але на сьпектаклі ня прыйдзем. Чаму? А таму, што калі публіка пойдзе на расейскамоўныя сьпектаклі, то польскія зараз жа выпхнуць са сцэны”.
Сваё мусіць заўсёды быць даражэй за чужое, нават калі яно, чужое, лепшае – звычайная праграма захаваньня і жывёльнага віду, і чалавечае нацыі. Хіба беларусы страцілі свой прыродны ахоўны код? Не, паступаюць жа ў іхнюю гімназію кожны год гарадскія дзеткі, ня чуўшы ў бацькоўскай хаце роднай мовы. І пачынаюць гаварыць па-беларуску, і так натуральна, нібыта ня вывучылі, а ўспомнілі!
А дома Паліна адразу набрала дасланы нумар тэлефону...
Валянцін зьявіўся назаўтра ўвечары. Як і папярэджваў, не адзін. У кавярні на плошчы Перамогі пад новенькай шыльдай “Бістро”, што нагадвала пра ламаную мову напалеонаўскіх жаўнераў, за зялёным столікам узвышаўся скульптар, яшчэ больш засяроджаны, чым заўсёды, а побач з ім – сьветлакосая “ўладальніца” ў стракатым сарафане. “Уладальніца”, на імгненьне адарваўшыся ад вазачкі з узьбітымі вяршкамі, холадна кіўнула Паліне. Затое Валянцін адразу нярвова ўскінуўся, адсунуў для госьці крэсла, запрапанаваў кавы… Паліна са зьдзіўленьнем заўважыла ў ягоным позірку, які ён адразу ж адвёў, пакуту і нібыта нейкую просьбу… Баіцца, што Паліна выявіць перад Дзінай, што ведае пра ягонае далікатнае становішча? Доўгія сьветлыя валасы, перахопленыя матузком, і белая ільняная кашуля, а асабліва задуменны твар сапраўды надавалі Валянціну падабенства з захопленым у палон воем. Не хапала Паліне яшчэ ўмешвацца ў чужыя сямейныя стасункі… Няёмкую паўзу перарвала Дзіна.
— Валік расказаў мне пра вашыя гістарычныя фантазіі.
Валянцін выціснуў няёмкае:
— Прабачце, Паліна, але… Але ў мяне ня можа быць сакрэтаў ад Дзіны.
І аж зьбялеў – нібы ад застарэлага болю. Дзіна, аднак, толькі задаволена ўсьміхнулася, не ўчуўшы нічога для сябе непрыемнага.
— Дык вось, я вашых справаў навуковых не разумею, але Валік надта цягнецца да радзімы продкаў. Апошнім часам яму давялося выконваць шмат заказаў. Замарыўся, бедны… — гандлярка пяшчотна пагладзіла мужчыну па плячы. – Так што, пакуль у нас вольны час – паезьдзім па мясьцінах ягонага дзяцінства…Тым больш мы на “джыпе”. Ну і пагуляеце там у сьледапытаў, калі ёсьць ахвота.
Валянцін яшчэ раз кінуў на Паліну вінаваты позірк і пацалаваў руку сваёй “уладальніцы”, як з прыкрасьцю адзначыла Паліна, са шчырай удзячнасьцю.
І чым скончыцца гэтая авантура, было гэтак жа невядома, як і тое, куды падзеліся зьніклыя падчас узьвядзеньня фрагменты абеліску Перамогі, што ўзвышаўся перад вокнамі “Бістро”.
Падчас росшукаў у архіве ўдалося знайсьці ня толькі карту наўеўскага павету ажно 1846 году, але і тагачасныя “Рэвізскія сказкі”, перапіс насельніцтва. У Гарнушках налічвалася сто пяцьдзесят чатыры “дымы” – гэта значыць, сялянскія хаты. А таксама касьцёл з плябаніяй і школкай, цукраварня і кузьня. Вёскай валодаў Антоні Рашчынскі, бацька Вінцэся. Не магнаты, але й не лапцюжная шляхта. Сярэдняй рукі паны. Паліну ўразіла адна дэталь: прозьвішча Чарапавіцкі сярод жыхароў. Значыць, Валянцін – прамы нашчадак гарнушкаўцаў, якія ведалі Вінцэся Рашчынскага? Цікава…
Вінцэсь Рашчынскі, паўстанцкі філосаф… Яны, навукоўцы, лёгка ўжывалі гэтае азначэньне, не задумваючыся, што – за ім. Так, Вінцэсь скончыў Пецярбуржскі універсітэт як кандыдат філасофіі. Але што ён думаў пра гэты Сусьвет? Якім ён быў мысьляром?
Давялося пераадольваць нелюбоў да кампутараў. Паліна сумленна праседзела тры дні ў бібліятэцы, асвойваючы паганскую моц сусьветнага сеціва. І выцягнула нарэшце з акіяну інфармацыі здабычу – невялікі артыкул Вінцэся Рашчынскага, надрукаваны ва “Універсітэцкім весьніку” ў 1860 годзе. “Некалькі развагаў наконт панлагічнай сістэмы і суб’ектыўнага духу”.
Паліна сумленна прызнавала сваю недасьведчанасьць. Усё, што яна зразумела — Рашчынскі спрачаецца з Гегелем, сімпатызуе Сёрэну К’еркегару і ў некаторых здагадках, як падалося, сугучны з дасьледваньнямі Льва Гумілёва. “Чым ёсьць жыватворны дух народу?— пісаў Рашчынс-кі. — Ці гэта ўсяго толькі міф, створаны, каб апраўдаць існаваньне дзяржавы і пашырэньне яе межаў за кошт суседзяў? Ці гэта ёсьць прыродная энергія, якая змушае кожны жывы арганізм нараджацца, разьвівацца за кошт акаляючага асяроддзя, і згасаць, вычарпаўшы дадзены Богам і прыродай запас жыцьцёвай сілы? Безумоўна, вялікую ролю ў фармаваньні гэтага духу адыгрывае геаграфічнае месца. Урадлівая ці неўрадлівая глеба, блізкасьць да мора або горная мясцовасьць, ваяўнічыя суседзі – усё адбіваецца на характары народу, як на немаўляці – жыцьцё сям’і. Але ёсьць яшчэ адно – Найвышэйшая воля, згодна якой усё жывое мае індывідуальнасьць. Як ад кожнага чалавека цнота патрабуе абсалютна і безумоўна быць сабой, таго ж патрабуецца і ад народу. Як існаваньне чалавека – самакаштоўнасьць, так і існаваньне кожнага народу. І гэтую адметнасьць, гэтую самасьць спасылае народу Гасподзь. І таму адмаўляцца ад яе – найвялікшы грэх, як грэх наракаць чалавеку на тое, што ён нарадзіўся тым, кім ёсьць. І грэх – патрабаваць універсалізацыі, уніфікацыі”.