Выбрать главу

Паліна нібыта пачула голас, які гэта гаворыць, усхваляваны і сумны. Твар воя, вочы паэта… Уражаньне, быццам гэты чалавек мог бы ёй усё патлумачыць, падказаць, што рабіць з сабой, са сваім жыцьцём… І як шкада, што сустрэча гэтая немагчымая… Як ён пражыў свой апошні год на радзіме? Паліна ўспомніла іранічна-сумныя радкі пра старога паўстанца, які дажывае век ва ўтульнасьці маёнтку:

Стары крышталь, ад часу цьмяны, Блакітным сяйвам шафу поўніць. Віжамі дзьверы не ўзламаны, І зоры ўцягваюцца ў комін. Засохлым лісьцем пахнуць кнігі. Чытаньне пры агні – як воля. І ў навакольлі ціха-ціха. Таемна ціха – як ніколі. Драмота дыхае за крэслам Ці сьмерць? Прыпынак ці дарога? А сэрца стукае, як цесьля, Зьбівае лесьвіцу да Бога. На разуменьне спадзявацца У гэтым сьвеце – проста слабасьць. І мы выходзілі на пляцы, Вучыліся дзьвярыма ляпаць. І вось – па склепах, па маёнтках Параспаўзлося пакаленьне. А варта высунуцца вонкі – Гразёй запэцкаеш каленьні. Напалеоны і Касьцюшкі Сядзяць у вальтэр’янскіх крэслах. Хай сьцены і прыдбаюць вушы – Душу маўчаньне зробіць сьмелай. Занадта ўтульна ў гэтым крэсьле, Каб сьцюжу выклікаць праз слова. Няхай крышталь у шафе сьвеціць – Звычайны посуд засьцянковы.

Не, з абліччам на партрэце гэтыя словы не стасуюцца. Філосаф стаміў­ся, але ня згас.

Маці, вядома, паўшчувала, што дачка зноў пачала жыць між кніжных старонак, як шашаль. І да гэтага… штурмана… ня варта было адной хадзіць – у чалавека прусакі ў галаве, некалькі разоў засьпелі яго на дыванку ў становішчы дагары нагамі. Не, ня ёга – ён неяк іначай называў, складана. Хаця і добры. Вось перадаў два слоікі з шыпшынавым варэньнем – сьпецыяльна для Паліны. Ды яшчэ пра Артура, нябожчыка беднага, распытваў. Навошта – не сказаў, аджартаваўся.

Паліна, як магла, супакоіла маці. Добра яшчэ, што тая ня ведае пра ліст ад Стася.

І можна, зачыніўшыся ў сваім пакоі, яшчэ раз гэты ліст перачытаць і паплакаць. А ўявіўшы, як скульптар сядзіць дзесьці побач са сваёй “уладальніцай” і ня можа без дазволу той нават патэлефанаваць, зьвязаны ўдзячнасьцю, як сьмерцю – заплакала яшчэ мацней.

Урэшце, і фрэйліна імператарскага двара Аляксандра Сьмірнова-Расэт лічыла вартым сваёй годнасьці праліць сьлязу над атрыманым лістом.

А тут яшчэ патэлефанавала ўлюбёная Палініна вучаніца, наконт якой не аднойчы марылася – вырасьце добрая беларуская паэтка. Усё-ткі ўжо ёсьць некалькі першых – і ўдалых – публікацыяў. Патэлефанавала, каб пачытаць новыя вершы… Аказалася, на рускай мове. Чаму? А душа так запатрабавала. Паэт – птушка вольная, на якой мове хоча, на такой шчабеча. І Паліна дарэмна раіла ня збочваць з аднойчы абранае сьцежкі, гаварыла, што мова – жывое, мае сваю душу. Што паэт мусіць быць у сугуччы з аўрай роднай зямлі, іначай застанецца вечным маргіналам, нецікавым і ва ўніверсуме… Пані, што за кансерватызм у постмадэрновай прасторы! Творца ўвогуле мусіць з мовай змагацца, трушчыць яе і выходзіць за ейныя межы.

Паліна паклала трубку, ледзь утрымаўшыся, каб не абрынуць на здольнае сямнаццацігадовае дзіцё сусьветны гнеў. Няўжо яшчэ адзін пуста­цьвет на тваёй ніве, бедная Беларусь?

“…Разумных больш, чым добрых, тут, ты не дакажаш ім нічога… Твая гравюра “Страшны суд” ад мастака, а не ад Бога…”

12

Захад палымнеў, нібыта зямля адмаўлялася больш усмоктваць пралітую кроў і аддавала яе небу.

Цела было адным вялікім сэрцам, якое білася болем. Нешта халоднае, чужое сьлізганула пад кашулю… Дотык быў такі гідкі, што крывавы туман распаўся на асобныя хмаркі, і вар’яцкая пульсацыя суцішылася. Вінцэсь варухнуў непаслухмянай рукой. Жывы! І, яшчэ да канца не апрытомнеўшы, схапіўся за тое, што варушылася на грудзях… Нечая рука… Скрозь чырвань Вінцэсь убачыў перакрыўлены спалохам твар. Потым мільганула нешта бліскучае… Натрэніраванае цела воя спрацавала амаль механічна, і вось незнаёмец ужо сам ляжыць, прыціснуты сьмерцю да ральлі, і сталь цалуе яго сэрца.

Як лёгка ён стаў забіваць…

Вінцэсь бясьсіла апусьціўся побач, памацаў сваю галаву, што ўсё яшчэ пульсавала болем – нічога страшнага, рана неглыбокая, проста быў аглушаны. Але што хацеў ад яго няўдалы забойца? Не падобны да жаўнера. Вінцэсь нахіліўся над забітым і скалануўся ад агіды: на нямытай шыі ў таго вісела ўжо са дваццаць нацельных крыжоў, залатых, срэбных, з каштоўнымі камянямі і са старажытнай эмальлю, з часьцінкамі сьвятых сакрамэнтаў… Марадзёр!

Вінцэсь пакратаў свой крыж: на месцы, мярзотнік не пасьпеў яго зьняць. Затое забраў залаты гадзіньнік-брэгет, падарунак бацькі. Хлопец, пера­адольваючы грэблівасьць, вывернуў кішэні грабежніка. Потым старанна абцёр знойдзены гадзіньнік крысом чамаркі, паўстанцкай шэрай сьвіткі, нібыта спадзяваўся адцерці нячысты дотык… І толькі цяпер, калі туман канчаткова расьсеяўся, змог агледзецца вакол. У траве — белыя мундзіры ворагаў, заплямленыя чырвоным… Гэтым жа чырвоным пазначаныя шэрыя сьвіткі і мундзіры паўстанцаў.

Чым гэтыя людзі адрозьніваюцца цяпер? Толькі вопраткай…

Як іх многа… Нібыта спраўдзіўся колішні страшны відзеж.

Вінцэсь хутчэй адчуў, чым пачуў, тупат капытоў. Усё яшчэ нязграбна рухаючыся, спрабуючы атрэсьці з сябе рэшткі туману, адшукаў шаблю, рэвальвер…

— Пан Вінцэ-эсь!

Струменьчыкі крыві сьцякалі па ілбе, перашкаджаючы глядзець. Здаецца, голас Марка?

Вершнік ужо саскочыў з каня і абдымаў Вінцэся.

— Як я рады, што Вы жывыя! А ў нас усе пэўныя, што вас забілі. Хадземце, там Вальжына і дзяўчаты. Вас перавяжуць…

На полі бойкі рухаліся постаці. Людзі з Вінцэсевага атраду ніколі ня кідалі сваіх параненых і забітых. Вярнуліся і цяпер. На гэты раз удалося пагнаць ворага – але далейшая пагоня была б згубай.

— Колькі мы страцілі?

Марка памаўчаў, потым выціснуў:

—Пятнаццаць… І столькі ж паранена.

Гэта значыць, кожны трэці…Так, далёка тыя часы, калі яны ірваліся ў бітву з усьмешкай на вуснах. Сёньня, хутчэй, са сьцятымі сківіцамі. Бойка пад Мілавідамі нібыта завяршылася ўдала… Але ваенная перамога — кабета капрызьлівая, і скарыстацца з яе прыхільнасьці могуць нямногія, багатыя лёсам. І цяпер пераможцы хаваюцца па лясах, як зацкаваныя ваўкі, і іх усё меней і меней.

— Пан Вінцэсь! Трэба сыходзіць — можа зьявіцца новы атрад карнікаў.

— Чакай… Ты ведаеш гэтага? – Вінцэсь ткнуў нагой цела марадзёра. Марка прыгледзеўся.

— Новы ў нас чалавек. Нібыта бачыў яго з Мартынавымі воямі.

Вінцэсь дасадліва ўздыхнуў. Прыкра… Мартын вельмі бярэ да сэрца такія выпадкі. А апошнім часам давялося далучаць да парадзелых атрадаў самых сумнеўных асобаў.

— Давядзецца сказаць Ваўкалаку… Гэты чалавек рабаваў забітых.

— Не атрымаецца сказаць, — Марка хаваў вочы. — Схапілі Ваўкалака. І пана Рагманава таксама. Янук Вараўня забіты…

— Як жа вы дапусьцілі? – схаладнеў Вінцэсь.

— Ня тут… На дарозе ў Гарнушкі. Атрад самааховы. Мартын не хацеў страляць.

Гэта сапраўды была жахлівая вестка. Новы губернатар, прызначаны замест Назімава, стары бульдог Мураўёў, не абцяжарваў сябе развагамі пра высакароднасьць сродкаў. Што такое катаваньні і шыбеніцы, калі імперыя можа страціць сілкаваньне для аднаго са сваіх бясконца вырастаючых прагных шчупальцаў?

Але найбольшая подласьць была — стварэньне атрадаў самааховы. Сялянам раздавалі зброю, каб яны “бараніліся” – змагаліся супраць паўстанцаў. Ім казалі, што гэта гонар, гэта давер цара, які робіць іх роўнымі з панамі, нават вышэй за бязбожных паноў. Давалі тры дзесяціны зямлі на сям’ю, за схопленага паўстанца — узнагарода. Прыгонныя інсургента вызваляліся ад паншчыны, панская маёмасьць магла стаць іхняй…