Пытаньне, вартае блазенскага тэатру.
...Шыбеніцы ўсталявалі на Саборнай плошчы. У гэты час не разважалі пра тое, ці добра караць сьмерцю перад храмамі. Галоўнае – застрашыць найбольш народу. Загадана было ўсім хадзіць глядзець. Самае горкае – пра гэта неаднойчы з прыкрасьцю казаў Юзаф, які асабліва пераймаўся пытаньнямі маралі, — народ зьбіраўся б і без загаду. Проста таму, што на падобныя відовішчы людзі прыходзяць заўсёды. Чалавека цягне глядзець на чужую сьмерць, на чужыя пакуты – нават калі ён спачувае ахвярам. Цяжка пераадолець спакусу адчуць сябе ў бясьпецы на тле нечай пагібелі.
Мяшчукі і жаўнеры, кабеты і дзеці – плошча віравала. Нават купка сьляпых лірнікаў у шэрых сьвітках, з абліччамі, на якіх, як на дне высахлага калодзежа, не адбівалася нічога, стаяла ля эшафоту. Небаракі, відаць, патрапілі сюды выпадкова, зацягнутыя людскім вірам.
Сыпануў барабанны пошчак, і натоўп уздыхнуў нібыта на адны грудзі. На гулкія дошкі першым выйшаў высокі шыракаплечы мужчына з доўгімі чорнымі валасамі, густа перавітымі сівізной. Нейкая кабета віскнула, пабачыўшы страшнае аблічча асуджанага – глыбокі шнар цягнуўся праз увесь твар. Другі асуджаны выглядаў старэйшым і больш змучаным. Яго вусы, калісьці, відаць, бадзёра скіраваныя ў бакі, бясьсіла абвісьлі, толькі чорныя вочы з-пад сівых брывоў пазіралі цьвёрда і ясна. Прысуд быў вядомы – дзяржаўныя злачынцы… Дваранін Мартын Саколка і дваранін Вакула Рагманаў… Канфіскацыя маёмасьці… Пакараньне цераз павешаньне…
Асуджаныя ня слухалі словы прысуду. Яны, толькі зьявілася магчымасьць, абняліся. Потым высокі, схіліўшы галаву, нібыта папрасіў у старэйшага за нешта прабачэньня. Цікаўнікі, што стаялі бліз эшафоту, прагна ловячы словы і пагляды сьмяротнікаў, улавілі, што гаворка ішла пра нейкую дзяўчыну.
Што адказаў другі, было незразумела, бо да асуджаных падыйшлі жаўнеры і пацягнулі туды, дзе гайдаліся тры вяровачныя пятлі. Людзі на плошчы гадалі, каму дастанецца трэцяя? Няўжо на гэты раз шыбеніцы ня хопіць здабычы?
Калі на памост вывелі трэцяга, пачуўся ці то абураны, ці то расчараваны гуд. Зразумела, чаму прыпазьніліся – гэты трэці, сьветлавалосы доўгі хлопец, быў такі хворы, што сам ня мог ісьці. Яго цягнулі пад рукі двое жаўнераў, і ногі злачынцы, абутыя ў скураныя лапці, нязграбна валакліся па дошках, час ад часу намагаючыся зрабіць крок. А расправа над зацкаваным зьверам нецікавая.
Прысуд быў таксама кароткі. Селяніна Гаўрылу Чарапавіцкага з вёскі Гарнушкі за ўдзел у бунце пакараць сьмерцю праз павешаньне.
Зноў загулі барабаны. Залатыя крыжы на царкве і на касьцёле люстравалі сонечныя промні. А кат узяўся за пятлю…
Сьведкі пасьля па-рознаму апісвалі падзеі. Адны казалі, што ўсё пачалося, калі нехта выстраліў у ката, і той сагнуўся, схапіўшыся за параненую руку. Другія казалі, што бойку распачалі сьляпыя лірнікі, якія раптоўна зрабіліся відушчымі і ўскочылі на памост, спрытна арудуючы сваймі кіямі ў якасьці зброі. Нехта з іх, уцякаючы, на разьвітаньне правыў па ваўчынаму – і пайшлі чуткі, што гэта былі людзі з Брацтва Ваўка, у існаваньне якога мала хто верыў, але ўсе баяліся.
Каму падалося, што наляцела цэлая тысяча інсургентаў, хтосьці казаў пра дзесяць адчайных…
Бунтаўшчыкі разам з вызваленымі паплечнікамі, адстрэльваючыся, адступалі да былога кляштара бернардзінцаў. Некалькі служачых архіву, які месьціўся цяпер у гэтых сьценах, ледзь пасьпелі выскачыць-выпаўзьці на вуліцу, і масіўныя дзьверы, абабітыя бляхай, зробленыя дзьвесьце гадоў таму ў разьліку на аблогу, зачыніліся з глухім грукатам, як вечка труны.
На верхняй пляцоўцы вежы можна было спыніцца. Марка Рагманаў нарэшце абняў бацьку. Вінцэсь зьнясілена апусьціў на падлогу Гаўрылу Чарапавіцкага. Той стаіў стогн, але ўпарта не глядзеў у вочы свайму выратаваўцу. І Вінцэсь ведаў, чаму. Яшчэ падчас уцёкаў, пазнаўшы пана, сьветлавалосы Гаўрыла інстынктыўна ірвануўся ўбок, прэч… Але быў занадта слабы.
— Вінцэсь, яны цягнуць гармату! – пракрычаў ад вакна Стась Людвісар. Вінцэсь не хацеў, каб хлопец ішоў на гэтую сьмяротную авантуру – а Стась упёрся… І так яго занадта берагуць! Пойдзе хоць самавольна…
Відаць, у магнацкага сына, гэтак жа, як у Вінцэся, была непераадольная патрэба ўвесь час даказваць сваю вартасьць сабе самому і іншым. Апошні месяц ён нават абстрыг дагледжаныя пазногці!
Ваўкалак пацёр самлелыя ад вяровак запясьці:
— Дайце штуцэр!
Вінцэсь аднак загадаў:
— Не. Страляць ёсьць каму. Ты з нас самы дужы, нават пасьля вязьніцы. Дапамагай вызваляць выхад…
На ніжэйшай пляцоўцы чуўся грукат. Калісьці з гэтай вежы можна было перайсьці на іншую лесьвіцу, унізе якой пачынаўся падземны ход, што зьядноўваў мужчынскі і жаночы кляштары бернардзінцаў. Каб не сур’ёзнасьць становішча, можна было б удосталь паразважаць у духу “Дэкамерону”… Але цяпер жыцьцё дзясятка чалавек залежала ад таго, як хутка яны змогуць разабраць мур, якім яшчэ гадоў сто таму быў закладзены ўваход на лесьвіцу. Другі канец ходу, у развалінах былой гаспадарчай пабудовы кляштару, вызвалілі загадзя. А з боку будынку – давялося пакінуць, каб не выклікаць падазрэньняў.
Заставалася спадзявацца, што карнікі ня ведаюць пра таямніцу бернардзінцаў і вераць, што загналі дзёрзкіх нападнікаў у пастку.
Вінцэсь прыцэліўся ў жаўнера, які схіліўся над пагрозным целам гарматы… Стрэл… Трапны. Няўжо ён, Вінцэсь, набыў ужо гэтую паскудную абыякавасьць да чужога жыцьця і сьмерці, якая кідае войска на войска?
Рашчынскі быў добры стралок, пан Вакула Рагманаў – таксама ня з горшых, і жаўнеры да ўваходных дзьвярэй падыходзіць баяліся. Але ўсё роўна ў кляштар вось-вось маглі ўварвацца.
Між камянёў кладкі, на вузкім выступе пад вакном, расла кволенькая бярозка. Але ад яе тонкіх карэньняў, што ніколі не знаходзілі сабе добрага сілкаваньня, у магутным муры распаўзаліся трэшчыны. Марка прагаварыў, перазараджаючы штуцэр:
— Ці ўяўлялі дойліды, што тут стануць служыць падобныя абедні?
— Знайшоў чаму дзівіцца… — горка ўсміхнуўся Вінцэсь. – У гэтым кляштары французы коней ставілі. А як манахаў выганялі яшчэ пры Мікалаі – дык скульптуры проста ў будынку палілі. Кажуць, адна манашка кінулася ў агонь, абняла драўляную выяву Багародзіцы і разам з ёй згарэла. І ўжо расказваюць легенду, нібыта прывід манашкі цяпер тут блукае.
— Цікава, ці будуць расказваць легенды пра нас? – азваўся Стась Людвісар ад суседняга вакна.
— Вядома! Мы ж будзем героямі ў новай вольнай краіне! – аптымістычна заявіў Марка.
— Хлопчыкі!.. — сумна зазначыў пан Вакула. – Рыхтуйцеся да таго, што праз сто гадоў ніхто ня ўспомніць вашага сёньняшняга геройства ў гэтай вежы. Магчыма, і вежы самой ня будзе.
— Ну, вы яшчэ скажыце, што нашыя нашчадкі ў гэтым будынку ўчыняць тэатр ды будуць паказваць аперэткі, — запярэчыў Вінцэсь. —Ня можа ж такога быць, каб тыя, хто будзе жыць пасьля нас, перасталі цаніць сваю волю! Колькі народу за яе загінула, колькі рознага кшталту суворавы бязьвінных тут панішчылі! Не, я не магу паверыць, што гэта забудзецца.
Глухі грукат скалануў вежу. Гарматны стрэл прабіў вароты. Цяпер заставалася адно – уцякаць.
На шчасьце, мур удалося разабраць настолькі, каб мог пралезьці чалавек.
Адзін за адным паўстанцы зьнікалі ў чорным правале, але тупат пагоні падымаўся па вінтавой лесьвіцы. Вінцэсь, Стась, Марка і пан Вакула абрынулі ўніз град з куляў, змусіўшы карнікаў адступіць.
Цяпер павінна ўтварыцца зацішша. Ворагі пэўныя, што ўцекачы нікуды не падзенуцца. Навошта ж рызыкаваць ды лезьці пад кулі?
Рашчынскі заўсёды адступаў апошнім.
На гэты раз атрымалася ня так.
Гаўрыла Чарапавіцкі ўжо зусім зьнясілеў, і Вінцэсь зноў кінуўся дапамагаць яго несьці. Чаму? Ці хацеў, ратуючы забойцу бацькі, пераадолець у сабе нянавісьць, выканаўшы бацькаў запавет? Ці спадзяваўся, што ў гэтым зацятым мужыку прачнецца павага і ўдзячнасьць да ягоных паноў, што ён усьвядоміць, якую чорную справу ўчыніў?
Апошняе, што Вінцэсь бачыў, калі азірнуўся назад – Стася Людвісара, які перагнуўся ўніз, страляючы ў некага… І ўпаў сам, пакаціўся па лесьвіцы, па якой ужо ўзьбягалі ворагі.
А потым, у лесе, пасьля шалёнага намёту коней, пасьля віншаваньняў і горычы ад усьведамленьня стратаў, была Яна… І гарачы шэпат: