— Сьвятыя рэчы… Як было пакідаць на зьдзек? – чамусьці вінавата патлумачыў ад уваходу дзядзька. — Можа, калі яшчэ прыдадуцца… Аднаўляюцца ж храмы. Так што пашукайце, як маеце інтэрас. Там камяні нейкія цікавыя – сыны мае папрыносілі, як былі малыя, замест цацак. Як касьцёл узарвалі – дык усялякага ў друзе было.
— А вось і спавядальня з бабулінай каморы! – узрушана прамовіў Валянцін, прабіраючыся паўз Паліну ў глыб памяшканьня. Спатыкнуўся і ледзь не паваліўся на дзяўчыну, пасьпеўшы абаперціся рукамі аб сьцяну. На імгненьне Паліна апынулася ў ягоных абдоймах.
…Імгненьне, як храм са сьветлымі купаламі, з якога не хацелася вяртацца ў неабаронены трывожны сьвет…
Што за глупства! Хіба гэты няшчасны няўклюда, прададзены, як на нявольніцкім рынку, уладнай прыгажуні, здольны кагосьці абараніць?
Валянцін мармытнуў “Прабачце…” і адыйшоўся, як паранены – цікава, Паліне толькі падалося, ці і насамрэч ён зачырванеўся?
Урэшце, навошта падманваць сябе – нібыта яна не адчувае асаблівых адносінаў да сябе Валянціна…
І калі ім, адносінам, ня дадзена перарасьці ў нешта адчувальнае (а гэта менавіта так), дык ці варта мэнчыцца?
— Вось яна, бабуліна жабка!
Валянцін трымаў у руках шэрую цяжкую пачварынку. Сапраўды, у скульптара была фатаграфічная памяць: тая жабка, што ён падарыў Паліне, была дакладнай копіяй гэтай. Нават яшчэ лепшай. Бо арыгінал выявіўся пашкоджаным так, нібыта бедную жабку шкуматалі паўтары стагоддзі каменныя буслы. Паліна перавярнула фігурку: літары “tе”. Сымон таксама зірнуў:
— Ну вось, дзе былі, там і застаемся. Шукайце, шаноўная паненка, новую тэму для дысертацыі… І ўвогуле – нашто вам тая дысертацыя? Дзетак лепей за ўсё нараджаць да трыццаці…
Скульптар няёмка кашлянуў і адыйшоўся. Паліна злосна зірнула на антыфеміністычна настроенага штурмана, шукаючы годнага адказу, але не пасьпела яго прамовіць.
— Зірніце, гэта, падобна, таксама з надмагільля Рашчынскага! Той самы стыль, – скульптар працягваў спадарожнікам абломак.
— Ваўчыная лапа! – узрадавалася Паліна. –Вядома, адтуль. Але нейкая дзіўная… Слухайце, на ёй чалавечыя пальцы! Што гэта, пераварацень быў? Ваўкалак?.. А вось гэта што?
У руках дзяўчыны апынуўся круглы аскалёпак з лупатым вокам… Яшчэ адна жабка!
Праз гадзіну настойлівых пошукаў знайшліся яшчэ чатыры фрагменты ад жабкі, кавалак ваўчынай морды, яшчэ адну лапу...
Вядома, аднавіць фігурку жабкі было немагчыма, але галоўнае, што на сподзе разглядалася літара “у”, відаць, “аry”, ад “Alb-аrу-te-nia”.
Калі ў сярэднявечнай Германіі паміраў гаспадар дома, бліжэйшы сваяк хадзіў па доме і зьлёгку штурхаў кожную рэч, кожны мех з жытам – каб і яны ведалі, што гаспадара больш няма.
Рэчы памятаюць сваіх былых гаспадароў і захоўваюць іх дотыкі.
Паліна гладзіла шурпаты камень, і ёй здавалася, нібы яна дакранаецца да нечае рукі. Рукі вельмі засмучонага чалавека, якую хочацца затрымаць у сваёй, выказаць спачуваньне…
Чым валодае чалавек? Мінулага – ужо няма… Будучыня – не настала. А той эфемерны адрэзак цяперашняга, над якім ён уладны, дзе ён можа рабіць свой выбар між злом і дабром – які ён? Імгненьне? Доля імгненьня? Ці яго… зусім няма, а мы заціснутыя, як паддосьледныя мікраарганізмы, між двума шкельцамі — мінулага і будучыні, і наперадзе – вясёлкавы туман, а ззаду – бясконцая персьпектыва карцінаў, што чым далей, тым больш цьмяныя, скажоныя, непазнавальныя… І нават тое, што вось-вось было, здаецца, можаш дакрануцца – ужо аддзеленае непрабівальнай паверхняй… Ніхто ў Гарнушках ня памятаў Рашчынскіх.
І Паліне яшчэ больш захацелася вярнуць памяць пра сумнага філосафа з сінімі вачыма.
У дзядзькавай хаце зумкала самотная муха, упарта пазьбягаючы бліскучай ліпкай стужкі, падвешанай дзеля яе, мушынай, пагібелі на лямпе. Людзі, патэнцыйныя забойцы мухі, сядзелі пад лямпай укруг стала, накрытага абрусам нахабна жоўтага колеру.
— А як памерлі твае бацькі, Валянцін? – штурман Сымон адарваўся ад чарадзейства над картай, раскладзенай на жоўтым абрусе, — здавалася, быццам усё, на стол пакладзенае, плавіцца на патэльні з яешняй. Штурман, як і абяцаў, спрабаваў накрэсьліць таемны маршрут, узяўшы за пачатковую кропку, па агульным рашэньні скарбашукальнікаў, надмагільле Рашчынскага. Пакуль што ўсе разьлікі завяршаліся пасярод поля, дзе расла бульба.
Валянцін, які прыткнуўся на канапе побач з Дзінай, зноў уладарна-пяшчотнай, коратка ўздыхнуў.
— Як бацькі загінулі? Недарэчнасьць… Бацька рабіў паліцы для кніг – ён быў выкладчыкам літаратуры, і загнаў сабе трэску некуды ў бок. Лета, горача, ён без кашулі… Драпіна і драпіна… Нічога небясьпечнага. Але пачалося заражэньне крыві… Мне гады два было. Ня памятаю нічога. Ну а маці яшчэ пяць гадоў пажыла. Адразу пасьля сьмерці бацькі зьехала са мною з вёскі ў горад, да сваякоў. Працавала на трох працах – нянечкай у садку, куды мяне ўладкавала, вечарам – там жа вартаўніком… Ды яшчэ лесьвіцы мыла ў пад’езьдзе… Усё спадзявалася мяне гараджанінам зрабіць. Дамаглася пакойчыка ў інтэрнаце… І ня вытрывала. Інсульт. Ну а тады мяне забрала бабуля. А потым – мастацкая школа…
— Ну што ты, Валік, зноў кінуўся ва ўспаміны, — незадаволена падала голас Дзіна. – Кожны мусіць сам будаваць свой лёс і ня лезьці ў яміны мінулага, з якіх удалося выкараскацца. Давайце лепш, раз на прыроду выбраліся, дзе-небудзь пасядзім, шашлычкі пасмажым. Дарма, ці што, з сабою мангал цягнула і вядро з мясам?
Сымон варожа зірнуў на прыгажуню:
— На прыродзе трэба сузіраць прыроду, а ня жэрці.
Дзіну, аднак, засмуціць было ня так лёгка.
— Ой, толькі не кажыце мне пра вегетарыянства. Зьвераняты, птушаняты… Усё роўна вымрам, як жывёльны від – таму трэба браць ад жыцьця натуральныя прыемнасьці. Валянцін, ідзі папрасі ў дзядзькі дроваў. Паедзем на той пагорачак з сасной, што за вёскай. Цудоўная мясьцінка! А потым, з новымі сіламі, зноў пашукаем ваш скарб.
Валянцін кінуў вінаваты позірк на Паліну і, як належыць прыгоннаму, паслухмяна, хаця і панура, пайшоў выконваць загад.
Дзядзька Міхал чамусьці ўсхваляваўся, даведаўшыся, дзе менавіта зьбіраюцца ладзіць пікнік. Чаму заманулася маладзёнам на тую Крыжовую гару? Ёсьць іншыя месцы. Вунь пад дубам за вёскай. Ці на ўваходзе ў Маскалёў лес, за шашой, нават альтанкі і сталы пабудавалі. І да рэчкі зручна спускацца…
Паліну нездарма лічылі добрым дасьледчыкам. Яна ўмела распазнаць, дзе хаваецца нешта цікавае. І дзядзьку Міхалу не ўдалося адчапіцца ад настырнай дзеўкі (а з выгляду такая выкшталцоная!), пакуль не распавёў усё, што ведаў.
У пагорка была кепская слава. Калі па-праўдзе, дык лічыўся ён праклятым. І дрэва, што на ім, лічылася праклятым. Хочаш зьвесьці каго са сьвету – вазьмі кавалак кашулі непрыяцеля і навяжы на сасну. На Дзяды сядзь пад сасною на Крыжовай гары – убачыш, як той, хто мусіць хутка памерці, пройдзе шарай гадзінай вакол цябе, і будзе кружыць, кружыць, пакуль не растане… І, вядома, менавіта там зьбіраюцца ваўкалакі з усяго Маскалёва лесу.
Ваўкалакі, як зразумела Паліна з дзядзькавых аповедаў, у навакольлі Гарнушак былі адметныя – больш падобныя да людзей, чым да ваўкоў, высозныя, з калматымі галовамі, і пашчы ў іх дзьве – адна там, дзе ў чалавека рот, а другая – праз увесь твар, ад правага вока да падбароддзя. І калі ваўкалак чалавека ўкусіць другой пашчай – той ператворыцца ў ваўкалака і будзе разам з іншымі пачварынамі давеку золата вартаваць. Якое? А тое, што ў Крыжовай гары закапанае.
Як толькі прагучала слова “золата”, віленская гандлярка падскочыла да суразмоўцаў. Але дзядзька толькі пасьмяяўся. Якое там золата? Каб было, даўно выкапалі б. Жадаючых хапала…. Бачылі, колькі ямінаў? З боку рэчкі нават экскаватар падганялі, пясок браць. Палову гары былі зьнеслі, і нічога… Адны карэньні ў зямлі.
Аднак у легендзе пра ваўкалакаў нешта мелася… Паліна яшчэ раз паглядзела на каменную ваўчыную лапу з чалавечымі пальцамі. Цікава, што ці хто паслужыў прататыпам легендзе? Чаму ваўкалак – на надмагільлі? І чаму – Крыжовая гара?
— А бабуля казала, крыж калісьці на ёй стаяў. Стары-стары. Камсамольцы ў трыццатых газай аблілі ды спалілі, — патлумачыў дзядзька.