Выбрать главу

Крыж! Ці ня той, які на першай жабцы пазначаў пачатак таямніцы? Паліна раптам успомніла і фразу-пытаньне з Арцікавых запісаў: “Чаму ў руках сьмерці – крыж?” Напэўна, вось разгадка!

На Крыжовую гару выправіліся ўсе. Сымон у нязьменнай чорнай майцы і джынсах, даўгалыгі Валянцін у ільняной кашулі, побач з ім, уча­піўшыся за ягоную руку, джынсавая Дзіна, зграбная, нібыта шахматная фігурка… Апошняй ускарасквалася на гару Паліна, адпрэчыўшы штурманавы памкненьні дапамагчы слабой кабеце. Так і бачыла сябе збоку — у недарэчнай доўгай спадніцы, са скручанымі ў вузел валасамі… І з упэўненасьцю, што выглядае – дурніца дурніцаю, і паводзіцца адпаведна.

На вяршыні мелася ўтульная яміна, парослая белай дзяцелінай. Стары пень, хаця счарнелы, струхлелы, заслаўшы цыратай, можна было прыстасаваць пад столік. Што і зрабіла Дзіна, ды пачала гаспадарліва раскладаць прывезеныя прысмакі.

— У мяне чамусьці ўражаньне, што прынёс фарбаваныя яйкі на магілу продка, — змрочна прагаварыў Валянцін. – Нешта не падабаецца мне гэтая мясьціна. Мы і малымі сюды ніколі не хадзілі.

— Чаму? – няўважна папыталася Паліна, азіраючыся па баках таксама з нейкім нядобрым пачуцьцём.

— Дарослыя страшылі – правалішся ў яміну.

Дзіна няўхвальна зірнула з-за сьпіны:

— Лепей шашлыкі рабіце.

Паліна глядзела праз карункавае вецьце сасны на аблокі, і здавалася, што і сасна, і Крыжовая гара плывуць некуды ўдалеч, у бездань часу, і вось-вось зьявіцца з іншага берагу, аддзеленага плыньню часу, нечая постаць, і чалавек у чорным сурдуце, з сумным суровым тварам схіліцца ў шляхетным паклоне:

— Вітаю паненку…

І вочы ў яго будуць сінія-сінія, як гэтае неба…

— Каго любіш?

— Люблю Беларусь…

— Ну дык узаемна!

Палініны мроі перарваў спакойны голас Сымона.

— Ня думаю, што скарб закапалі тут. Гэта ўсё роўна што красьці каравай з вясельнага стала, калі ўжо госьці ўселіся. Але як кропка адліку – цалкам магчыма.

— Праўда? – зацікавілася Дзіна.

— Па ўсім відаць, што аўтар сваё пасланьне разьлічваў на далёкі час, каб ня зьнікла. Каменнае надмагільле – гэта ня аркушык… І як арыенцір чалавек мусіў выбраць нешта такое, што праіснуе сотні гадоў і ня страціць свайго значэньня, застанецца адметнасьцю. Накрэсьлены на жабцы крыж мусіў у мясцовага чалавека адразу выклікаць пэўныя здагадкі.

— Як здорава! – сьветлакосая гандлярка нават забылася на прыгатаваньні да пікніка. — Значыць, мы хутка знойдзем запаветнае месца?

Сымон, скрыжаваўшы рукі на грудзях, глядзеў некуды ў палі.

— Пакуль што мы дайшлі ў разгадцы вунь да таго плоту, што каля лесу.

— А далей? – не цярпелася Дзіне. Праўду кажуць, што азарт – заразная штука.

— Далей – магла б распавесьці чацьвёртая жабка… Калі яна існуе. Далей – гэта ў радыусе двухсот метраў… Можа, вунь пад тым дубам… Ці ў тым калодзежы… Або пад тым хутарам… А мо ажно вунь там, дзе нейкі слуп?

— Няўжо нельга вызначыць, абсьледаваць? – расчаравалася і Паліна.

— У вас ёсьць пад рукой узвод-другі салдат з металашукальнікамі, паненкі? Не? Ну тады…

Камень прыляцеў аднекуль справа, з густога кустоўя. На шчасьце, Сымон пасьпеў прыгнуцца і Паліну за сабой тузануў.

Шэры кавалак нянавісьці быў шпурнуты з такой моцай, што ўмяў траву ў глебу, быццам абцас жаўнерскага боту.

Дзіна віскнула.

— Прэч адсюль! – Сымон бегма пусьціўся з гары, цягнучы за сабой Паліну. – Маці маіх будучых дзяцей павінна застацца жывой і здаровай!

— Што?!! Я не збіраюся…— задыхана паспрабавала запярэчыць Паліна, але Сымон ня даў ёй выказаць абурэньне.

— Спакойна, дзяўчынка… Я ж сказаў – буду чакаць, колькі трэба…

Унізе гары, на дарозе, якая праглядалася скрозь, яны аддыхаліся. Зьверху спускаліся Валянцін, нагружаны пакункамі, і Дзіна, страшэнна абураная, калі меркаваць па жэстах. Паліна нарэшце асэнсавала, што адбылося... І зьдзівілася. Сымон раней не здаваўся ёй баязьліўцам.

— Паслухайце, а чаго мы, уласна кажучы, зьбеглі? Ну, шпурнуў камень нейкі блазьнюк… Нас жа многа! Чаго баяцца?

— Усё, нашыя росшукі скончаныя, — Сымон напружана паглядаў па баках, нібыта вычэкваў новага нападу. – Неадкладна дадому, а жабак – на сьметніцу!

Паліна на гэты раз вырашыла выказаць усё, што думае, пра дэспатычны мужчынскі характар… Але штурман аніяк ня ўразіўся.

— Спакойна. Вы проста ня ведаеце. Ваш Артур, які таксама жабкамі займаўся, не сваёй сьмерцю памёр. Мне адзін палкоўнік сказаў. Нехта пачаставаў клафелінчыкам. А ў вашага знаёмага – сэрца хворае.

Паліна схаладнела, але паверыла адразу. Няўжо дзесьці ў падсьвядомасьці здагадвалася? Але змірыцца з пацьверджаньнем было цяжка.

— Ня можа быць…

— Міліцыя проста важдацца не захацела. Падумаеш, алкаш…

— Але чаму? Хто?..

— Можа быць, на гэта мог бы адказаць той, хто кінуў у нас камень?

Над шэрымі дахамі Гарнушкаўскіх хатаў ужо садзілася цяжкое і чырвонае, як певень, жнівеньскае сонца, так што, здавалася, нязграбныя дахі прагнуцца, раструшчацца пад ягоным сьпякотным цяжарам. Валянцін, устрывожаны, як і Сымон, умольна глядзеў на Паліну.

— Пакіньце гэтыя росшукі! Я ж расказваў вам пра дзядзьку ў белым капелюшы, які надмагільлем Рашчынскага цікавіўся, пакуль яму галаву не прабілі. Паехалі дадому…

Паліна незалежна абвяла вачыма няўдалых мужчынаў.

— Што ж, вялікі дзякуй за дапамогу. Чацьвёртую жабку я знайду сама. Урэшце, можа, і бяз гэтага абыдзецца — мы ж яшчэ гэтак мала распыталі, перагледзелі архіваў.

— Правільна! Справу трэба даводзіць да канца! – нечакана падтрымала Дзіна. — Давайце сюды праз тыдзень зноў выберамся – у мяне якраз справы на Беларусі.

Валянцін нешта горача зашаптаў сваёй уладальніцы. Відаць, адгаворваў – але тая толькі пагладзіла яго па плячы, як дурное несьвядомае дзіця.

І ўжо калі яны зьбіраліся ад’язджаць, нагружаныя шчодрымі вясковымі дарункамі і няяснай трывогай, да джыпа наблізіўся няголены мужык, у запэцканай марынарцы, і правыў-працадзіў:

— А другога дзядзькі, значыцца, пляменьнік ведаць ня хоча… Круты ў мяне плямяш. На машынах езьдзіць. Зямлю грызьці гатовы за чужую капейчыну. Дык у зямлю і ляжаш, боўдзіла дурное.

Джып ужо ад’ехаў ад дзядзькавай хаты на адлегласьць сабачага брэху, а Паліне ўсё чуліся няўцямныя змрочныя пагрозы. Відаць, чуліся і Валянціну — сядзеў такі сумны, нібыта зазірнуў ва ўласную магілу.

І Паліне чамусьці падумалася, што і для Вінцэся Рашчынскага Гарнушкі былі варожымі і няўтульнымі. Але чаму, чаму? Гэтае бяспамяцтва, ганьба надмагільля, пракляты ўзгорак, ваўкалакі з двума пашчамі, камяні, што вылятаюць з гушчару… Дзяўчына падумала, што давядзецца туды вяртацца, і яе мімаволі затрэсла ад раптоўнай тугі і спалоху.

14

Восень прыйшла без дазволу, як цыганка, і адразу ж раскінула свае стракатыя спадніцы на зжоўклай траве, расьселася гаспадыняй, пазвоньваючы залатымі маністамі – паспрабуй, прагані… Варажыць у яе не выпадала – і так было вядома, што напрарокуе: усё згіне, усё зьвяне і ападзе на цьвёрдую ад маразоў зямлю, і сьмяротная беля пакрые сьвет…

Вінцэсь ненавідзеў гэтую нахабную, крыкліва-яркую, сонечную восень. Якое права мела хоць нешта ў сьвеце быць сьвяточным і прыгожым на тле крывавай, подлай калатэчы, у якую ператварыўся край. Паўстанцаў хапалі сем’ямі. Увесь род – да немаўлятаў і нямоглых старых падлягаў у лепшым выпадку высылцы. А высылка ў Расійскай імперыі – гэта не ў Інфлянты зьезьдзіць. Галодныя казахскія стэпы і сібірскія сьнягі маглі ператравіць, вымарыць, пераўвасобіць у безыменную, бязмоўную масу насельніцтва некалькіх такіх краінаў, як Беларусь.

Чаму адных забівае першая ж дурная куля, а іншы праходзіць ацалелым праз пекла сотняў сутычак? Вінцэсь аказаўся шчасьліўчыкам. Яму не заходзіла ў галаву гэтаму радавацца. Часам віна за сваё шанцаваньне рабілася нясьцерпнай, быццам тыя, хто гінуў, былі яго асабістым выкупам ад сьмерці. Зьяўлялася нават падступная думка, што сьмерць, годная, вартая шляхціца сьмерць, са скрываўленай шабляй у руцэ, наперарэз вора­гу – лепей, чым ганебнае перахоўваньне па лагчынах, зацягнутых вільготным, як сьпіна баязьліўцы, туманам.