Выбрать главу

Калісьці Вінцэсь ледзь не з паблажлівым жалем думаў пра Ваўкалака, што абраў сабе на шмат гадоў жыцьцё зацкаванага зьвера. Што можа зрабіць дзясятак адрынутых? Падпаліць на Каляды маёнтак злога пана? Хлопец нават прыдумляў мноства варыянтаў, як бы ён сам распарадзіў­ся сваім гневам і сваёй сілай у падобным выпадку. Бачыліся карціны яркія і ве­лічныя, уся Еўропа паўставала на дапамогу заняволеным ліцьвінам, луналі сьцягі, блішчэлі разагрэтыя целы гарматаў, і Гарнушкі сустракалі вызваліцеля-паніча ўхвальным харалам. І з белымі кветкамі ў руках стаяла самая прыўкрасная ў сьвеце дзяўчына, і ў яе вялізных цёмных вачах люстравалася слава юнага вайскаводцы…

Цяпер Вінцэсь мог толькі горка сьмяяцца, успамінаючы тыя напаўдзі­цячыя мроі. Сёньня ён сам – зацкаваны зьвер, і ня больш за дзясятак такіх жа зацятых – побач. Еўропа на хвілю зацікаўлена скіравала ларнет на спробу невядомых тузануцца з кайданоў, але зараз жа перавяла позірк на больш пільныя заклапочаньні. Кожны сам плоціць за сваю волю.

Ах, як дорага даводзіцца плаціць ім… Секвестраваныя маёнткі, куды немагчыма зьявіцца – паўсюль атрады самааховы, паўсюль знойдуцца прыгонныя, якім – справа мужыцкага гонару схапіць пана-бунтаўшчыка. Дзяцей частуюць цукеркамі, каб расказалі, хто прыходзіў да бацькоў. Абшукваюць кляштары, мнішак прымушаюць распранацца дагала. Жанчын за нашэньне чорнага адзеньня ўбіраюць у арыштанцкія рызманы і пасылаюць месьці рынак… Як самадаек. Дастаецца ўсім – і праваслаўным, “сапсаваным” заходнім уплывам, і каталікам, і уніятам, і габрэям… Былая памяркоўнасьць – калі па адзін бок пляцу стаяла царква, па другі бок – касьцёл, і побач – сінагога, і прыхільнікі ўсіх канфесіяў сустракаліся тут жа на рынку, гандлявалі, куплялі, жартавалі, разам слухалі сьляпых лірнікаў і глядзелі батлейку – рабілася міфам. А англійскі карэспандэнт, аблашчаны Мураўёвым, піша пра “навядзеньне парадку”.

Цяпер Вінцэсь зразумеў, пра што казаў калісь бацька, што даводзіў Мартын. Паўстаньне не пераможанае, пакуль ёсьць хаця б адзін нязлоўлены, няскораны паўстанец. Тады няма спакою ў душах акупантаў, і пад стрэхамі хатаў нараджаюцца новыя легенды, і той, хто жыве ў непралазных нетрах родных пушчаў, набывае моц гэтых нетраў. У народа мусяць быць таемныя ахоўнікі. Дзеля гэтага варта жыць і цярпець.

Але гэтай ноччу ім пашанцавала. Яны адпачнуць пад дахам, на сухой падлозе. Наракаць на адсутнасьць шаўковай бялізны, напэўна ж, нікому не заманецца. Паляўнічы домік пана Вакулы Рагманава будаваўся ледзь не на скрыжаваньні зьвярыных сьцежак. Самае кепскае – амаль скончыліся кулі і порах... І ўжо няма грошай, каб ня тое што набыць зброю, а прымусіць зацікаўленых захоўваць таямніцу. Тыя, хто падтрымаў бы паўстаньне да апошняга – схопленыя. Ну а іншым – навошта сілкаваць уласнымі сродкамі прайграную справу?

Можа, хоць Марку Рагманаву ўдасца сёньня здабыць тое-сёе? Чалавек, да якога ён скіраваўся, ня можа стацца здраднікам – хрышчоны бацька Маркі, Пятро Арэхна, былы аднапалчанін пана Вакулы Рагманава. І каб ня страціў у вайне з туркамі нагу – сёньня змагаўся б побач.

Толькі б хутчэй Марка вяртаўся… Вінцэсь пачаў заўважаць за сабой гэткае: калі хтосьці з сяброў сыходзіў нават недалёка, здавалася, ён зьнік назаўсёды. Адчуваньне, як у дзяцінстве.

Бессаромна сіняе неба паніжэла, як вечка труны. Ну дзе ж Марка?..

Нехта зайшоў у пакой, у якім на хвілю здабыў самоту хлопец, і Вінцэсю ня трэба было й азірацца, каб зразумець, хто: пра гэта яму паведаміла сэрца, што затрымцела, як кінуты аб падлогу заручальны пярсьцёнак.

— Прабач, Вінцэсь, што турбую… Але я хвалююся.

Вальжына нячаста дазваляла сабе праявы “жаноцкай слабасьці”. Вінцэсь усхапіўся, як мог упэўнена зірнуў на зблажэлы, бледны тварык з вялікімі чорнымі вачыма (толькі не паказваць шкадобы – Яна гэтага ня любіць).

— Ну што вы, Вальжына… Як маленькая… Памятаеце, як вы суцяшалі мяне, калі бацька доўга не прыязджаў па мяне ў ваш дом? “Упадзе цень на пляцень, яблык на траву, камарык на печку, на патэльню яечка – і татка твой прыдзе. А вунь ужо й ідзе”. А мне было гадоў пяць, і мне здавалася, што бацька ня прыйдзе ніколі.

— Так, і вы былі тоўсьценькім, бялявенькім вісусам, і зламалі маю ўлюбёную ляльку Анжаліку, якая ўмела гаварыць “ма-ма” і мела пругкія чорныя косы…

— Як у вас… І вы казалі, што маеце цёмныя колеры ночы таму, што вы – дачка лясной феі Мятлушкі. І калі я ня буду слухацца, нашлеце на мяне кажаноў, каб тыя выпілі маю кроў. Але я зусім не паверыў – бо вы ўвесь час, нават застрашваючы, усьміхаліся.

Вальжына і Вінцэсь засьмяяліся, на імгненьне адасобіўшыся ад звыклай трывогі. Потым Вальжына неяк дзіўна ўздыхнула, нібыта разьвіт­ваючыся з некім.

— Вы заслугоўваеце добрай дзяўчыны, Вінцэсь.

Хлопец упарта прыўзьняў галаву.

— Я прасіў вас пра гэта больш ня згадваць. Мае асабістыя пачуцьці тычацца толькі мяне. Я нікога не зьбіраюся імі абцяжарваць.

Вальжына раптам захінула твар рукамі, і – неверагодна! – нібыта заплакала… Сапраўды плача! Вінцэсь разгубіўся.

— Ну што вы… Мілая… Усё добра…

Яна нарэшце прыглушана прагаварыла.

— Мне дваццаць шэсьць, Вінцэсь. Мая маці ў такім узросьце мела дваіх дзяцей. А ўсё, што чакае мяне – шлях у Сібір і, калі пашанцуе, вяртаньне на Радзіму пасівелай, старой, без зубоў. І вечныя шкадаваньні аб тым, што сапсавала жыцьцё двум вартым людзям. – Дзяўчына выпрасталася, выцерла сьлёзы па-дзіцячы, рукой. – Прабачце. Відаць, нервы… Ад бацькі даўно не было весткі. І… і ад Мартына… А тут і Марка прыпазьніўся. Распусьцілася.

Вінцэсь моўчкі глядзеў… Ня быў бы ён гэтакім сьлінцяем, схапіў бы ў абдоймы, пацалаваў… Хіба сапраўды закаханы можа разважаць, ці будзе гэты ўчынак годным? Але як жа тады глядзець у вочы Мартыну…

Вальжына даверліва даткнулася да яго пляча, і Вінцэсь, напэўна, напляваў бы на гонар…

Але за вакном пачулася ваўчынае выцьцё. Лясны зьвер аніяк ня мог падысьці так блізка ў гэтую пару.

Чалавек з Брацтва Ваўка высьлізнуў з-за ствала сасны, нібыта ўзьнік з паветра. Вінцэсь, хаця і ведаў такую здольнасьць за людзямі з Брацтва, не пераставаў кожны раз зьдзіўляцца. Відаць, сапраўды ў беларусах цячэ кроў старажытных лясных плямёнаў, накшталт легендарных піктаў, і ў момант небясьпекі абвастраюцца назапашаныя продкамі веды – якая зёлка выратуе, якой сьцежкай уцякаць, пра што – крык невядомай птушкі…

Жорсткі пагляд вачэй, шляхецкія вусы… Марцэл Алейшчык з ранейшай ненавіснай усьмешкай глядзеў на Рашчынскага.

— Вось і зноў убачыліся… Мяне паслалі сказаць – Рагманаў паніч у жаўнераў.

Вінцэсь схаладнеў.

— Ня можа быць…

— Адзін чалавек хоча з табой пагаварыць пра гэта. Як сонца паніжэе да лесу, прыходзь да ліпы, што на скрыжаваньні. І ня бойся – Брацтва атрымала слова, што будзе бясьпечна.

Пасланец ужо зьбіраўся зьнікнуць у паветры, напоеным халодным сонцам і пахам вогнішча…

— Пачакай! – Вінцэсь прымусіў сябе супакоіцца. –Хто цябе пры­слаў? Ваўкалак? Чые словы перадаеш?

Марцэл бліснуў зубамі – цяжка было назваць гэта ўсьмешкай.

— Птушкі нашчабяталі… Воўк правыў… Вужака насычэла… Сказана табе – як сонца сядзе на лес, ідзі да ліпы. І можаш нікога з сабой ня браць. Слова ваўка.

Ліпа расла на скрыжаваньні трох дарог. Адна, выбітая, выезжаная, вяла ў места. Другая, крывая, нібы сьлед апойка, зварочвала да карчмы, а трэцяя, нават не заслугоўваючы на званьне дарогі, гублялася ў гушчарах. Сам лёс прадвызначыў дрэву стацца месцам спатканьняў. Пад магутным ствалом чарнела кастрышча, а на галінках па-жабрацку трапяталіся абрыўкі тканінаў, што зусім страцілі першапачатковы колер. Вінцэсь ня ведаў, чаму на ліпу навязвалі стужкі – ці падарожныя мусілі прыносіць ахвяру дзеля шчасьлівага завяршэньня шляху, ці гэта было сьведчаньне памяці пра нейкую сумную легенду.

Пад ліпай стаяла карэта. Гладкія, пародзістыя коні, адмысловая вупраж… Вінцэсь нейкі час назіраў, схаваўшыся за шурпаты ствол сасны. Здаецца, засады няма… Адзін немалады мужчына – відаць, кучар – прахаджваецца па невялікім пляцы, гледзячы па баках. Фіранкі на вакне карэты на імгненьне адхінуліся. Нехта нецярпліва ўзіраўся ў лес… Чырвоны край сонца зраўняўся з дзідамі вершалінаў, і яны, замест таго, каб запалаць, пачарнелі, абвугліліся… Час! Рашчынскі, трымаючыся за пісталет, ступіў крок наперад. Дзьверы карэты павольна расчыніліся, запрашаючы госьця. Служка, відаць, выконваючы загад, адыйшоўся ўбок, усім выглядам паказваючы, што ён будзе ў бліжэйшы час нямы, глухі і сьляпы…