Твар гаспадара карэты ня быў жорсткім – хутчэй трохі млявым. Высакародная сівізна, бакенбарды, тонкі пародзісты нос і – несупадзеньне – пульхныя вусны, куточкі якіх грэбліва прыапушчаныя…Сьветлыя, аж празрыстыя вочы, зморшчынкі вакол… Твар чалавека, які шмат бачыў, шмат ведае, і можа сказаць толькі адно: “ Што ёсьць ісьціна?” Мусіць, такое аблічча было ў Понція Пілата. Вінцэсь бачыў гэтага чалавека раней толькі на партрэтах… Але ад таго віна была яшчэ больш нясьцерпнай.
— Вы ведаеце, хто я? – голас, звыкла ўладны.
Вінцэсь апусьціў галаву.
— Так… Маю гонар размаўляць з князем Сігізмундам Людвісарам…
— Я бацька Хрысьціны і Станіслава, – пан Людвісар гаварыў роўным голасам, як на сьвецкім прыёме.—Не падумайце, што я стану дакараць вас за страшны лёс майго сына. Я сам хацеў, каб ён быў выхаваны чалавекам сьмелым, адданым сваёй радзіме, і не забываў пра славу продкаў. На жаль, Станіслаў вырас яшчэ і неспрактыкаваным рамантыкам… І занадта лёгка падпадаў пад чужы ўплыў.
Вінцэсь адчуў укол у сэрца. Так, уплыў быў… Ягоны…
— Вы ведаеце, што Станіслава чакае сьмяротны прысуд? – пан Людвісар і гэта прагаварыў нібыта спакойна, але Вінцэсь зірнуў у ягоныя сьветлыя вочы і здрыгануўся – зьнешнія млявасьць і спакой уводзілі ў вялікі зман.
— Вам дзіўна, што я, з маімі сувязямі, з маімі грашыма не магу выратаваць жыцьцё адзінаму сыну? Так, я мог бы купіць свайму сыну армію, мог бы засыпаць золатам ілжывыя раты ўсім суддзям і падсудкам гэтай гнюснай імперыі… Але не ўсё можна купіць за грошы, хлопча, – у голасе пана Людвісара раптам загучала страшэнная стома. – Як філасофская выснова – гэта для мяне не навіна. А тут – прыкры выпадак… У вежы кляштара Стась забіў сына вельмі важнага чалавека… Родзіча царскай сям’і. Бацька – пры двары, пры чынах, а сын – як і мой Стась, рамантык. Напрасіўся ў подзьвігі – уціхамірваць праклятых бунтаўшчыкоў. Вось і атрымаў кулю… І ягоны бацька ніколі – нізавошта – не даруе. Ён прагне крыві – і расьцярэ кожнага, хто перашкодзіць ягонай помсьце.
— А калі… уцёкі? Ці – напад? – прапанаваў Вінцэсь. Князь Сігізмунд пахітаў галавою.
— Вы думаеце, я не спрабаваў? Я сапраўды мог бы купіць армію… Але Станіслаў – у Шлісельбургу.
— Як? Ня можа быць… Калі яго перавезьлі? – с цяжкасьцю асэнсаваў навіну Вінцэсь.
— Вось бачыце – нават я пра гэта ня ведаў. Тут задзейнічаны сілы, якім я не магу супрацьстаяць.У мяне ёсьць заступнікі пры двары. Але ёсьць і ворагі… – пан Сігізмунд памаўчаў, нібыта чакаў, пакуль прыкрыя словы зусім растануць у вечаровым прахалодным паветры. І загаварыў па-іншаму, важка і пранікнёна.
— Цяжка быць пераможаным, хлопча?
Вінцэсь упарта ўскінуў галаву.
— Паўстаньне не пераможанае, пакуль жывы хаця б адзін паўстанец!
— Прыгожыя словы… — пан Людвісар паблажліва ўсьміхнуўся. – Пераможца – той, хто мае сілу… Той, хто можа ня толькі ўзьняць на вежы свой сьцяг, але і збудаваць вакол вежы школы, у якіх вучні будуць вучыць узьнёслыя вершы пра гэты сьцяг. Колькі вам яшчэ ісьці крывавымі ляснымі сьцежкамі да гэтага?
Вінцэсь хацеў нешта запярэчыць, але пан Людвісар жэстам рукі спыніў яго.
— Я не хачу спрачацца з вамі пра мэты змаганьня. Я пра іншае. Вось я сказаў вам, што ведаю, грошы могуць купіць ня ўсё. Але, паверце, хлопча, яны могуць купіць вельмі многа! Вось як, напрыклад, я знайшоў вас? Чаму па вас пасланы чалавек з Брацтва Ваўка? Таму што часам я купляю іх паслугі, так-так, гэтых страшных, бязьлітасных разбойнікаў, і яны, бывае, нават не здагадваюцца, хто імі кіруе. Ніводная вялікая, сапраўдная перамога не адбылася без залатой зброі. Не пярэчце, бо гэта так – ня ўсё запісана ў летапісах, ня ўсё выкладзена ў падручніках па вайсковай справе. Моцныя гэтага сьвету – я маю на ўвазе не ўладальнікаў каронаў ды тытулаў, – выбіраюць сярод многіх адчайна сьмелага, славалюбнага чалавека, які здольны выклікаць любоў у натоўпу. Яму даюць грошы. Падбіраюць разумных дарадцаў. Яму купляюць адна за адной арміі – як скрыначкі жаўнерыкаў з волава… А пасьля ўсе дзівяцца, чаму гэта перакройваецца ў чарговы раз карта сьвету? Гэх, юнача. Я мог бы расказаць вам пра сапраўдныя падбіўкі кампаніяў, што мелі самыя высакародныя лозунгі – але навошта адбіраць у вас веру? Проста ўявіце, што вы маглі б сёньня зрабіць, каб у вас быў… мільён рублёў золатам.
У Рашчынскага перахапіла дыханьне. Мільён рублёў золатам! Сума неверагодная. Так, сапраўды, паўстаньне тады магло б ажыць… І ня толькі ажыць – але ўспыхнуць з вар’яцкай моцай!
Пан Людвісар з паблажлівай усьмешкай назіраў за суразмоўцам.
— Уявілі? Што ж, тады вернемся да лёсу майго сына. Я пралічыў усе варыянты. Прысуд мог бы быць іншым толькі ў адным выпадку: калі б было даказана – заўважце, вельмі праўдзіва даказана – што таго чалавека забіў ня мой сын.
Вінцэсю падалося, што ён стаіць на краі стромы.
— Але гэта значыць назваць іншага забойцу…
— Так, юнача, вы нездарма скончылі філасофскі факультэт. Хаця б элементарныя рэчы кеміце. Сапраўды. Для суда патрэбны іншы забойца. Але – хто? Вось у чым прычына. Вось у роздумах над якім пытаньнем я зусім сьсівеў за апошнія тры месяцы.
Вочы пана Людвісара загарэліся ліхаманкавым бляскам, як у загоншчыка, які пачуў набліжэньне звера.
— Вядома, я б мог знайсьці няшчаснага, які б згадзіўся, скажам, дзеля забесьпячэньня сям’і ўзяць віну на сябе. Але – як быць з доказамі? Па меншае меры некалькі дзясяткаў сьведкаў бачылі тых, хто забег у кляштар. Потым дзясяткі два жаўнераў і афіцэраў маглі на працягу добрай чвэрці гадзіны назіраць, хто заставаўся на верхняй пляцоўцы, каб прыкрываць адыход іншых. Вас усіх было добра відаць, калі вы прыўзьнімаліся для выстралу. Усе паказаньні сабраныя і захоўваюцца ў сьледчай камісіі. Акрамя Станіслава, там былі вы, потым – адзін з вызваленых вамі асуджаных, пан Рагманаў, і яшчэ нейкі малады чалавек… Сьледства не ўстанавіла, хто ён, але я даведаўся – сын Вакулы Рагманава Марк. Вядома, сьведкі адразу яго апазналі б.
Нейкае штучнае раўнадушша пачулася ў апошняй фразе. Вінцэсь адчуў халодны жах. Нібыта гэты чалавек перад ім быў самім князем цемры… Словы яго падалі, як кроплі вогненнага дажджу.
— Я разумею, што жыцьцё ня мае цаны. Тым больш – прадаць яго добраахвотна? Але я даведзены да тае мяжы адчаю, калі няма іншых межаў. Цану я назваў. Мільён рублёў золатам – за тое, каб нехта з вас трох – вы, пан Вакула Рагманаў або яго сын Марка Рагманаў – пацьвердзілі на судзе, што куля, якая забіла сына князя Далгарукава, вылецела з іншае стрэльбы. Толькі такому сьведчаньню – павераць.
Вінцэсь выцер рукой раптам успацелы лоб. Вар’яцтва! Пан Людвісар сьціснуў кулакі.
— Ня думайце, што я вар’ят, калі прашу кагосьці пайсьці на вісельню. Я ўсё ўзважыў… Вы – людзі ідэі. Ваша справа вам даражэй за жыцьцё… Гэта адно. Па-другое – ці так вы далёка ад той вісельні? Калі, скажам, я не вярнуся сёньня ў прызначаны час дадому, на паляўнічы дамок Рагманавых будзе абрынуты цэлы полк… Я не палохаю – проста паказваю вам, як лёгка вас зьнішчыць. Пан Рагманаў – немалады чалавек, ён мог бы лёгка ахвяраваць сабой… Асабліва калі б, скажам, я паабяцаў бы яму, што вызвалю ягонага сына. Так, мы перайшлі да майго апошняга аргументу – ваш юны сябра ў турме. І ня выключана, што ён усё роўна апынецца ў пятлі, калі даведаюцца пра ягоны ўдзел у вызваленьні бацькі. А так – ён яшчэ мог бы і выратаваць свайго сябра, і, магчыма, увесь край.
Вінцэсь патрос галавой, адганяючы морак.
— А як сам Станіслаў, адмаўляе сваю віну?
Твар князя Сігізмунда на хвілю стаў жорсткім, як бізун.
— Мой сын можа даваць якія заўгодна паказаньні. Усе ведаюць, што ён занадта эмацыйны, неўраўнаважаны чалавек… і нават нядзеяздольны. Яго трэба лячыць. І я давяду гэта суддзям… Калі, вядома, галоўнае абвінавачваньне з яго будзе зьнятае.