Выбрать главу

Сонца ўжо амаль схавалася за лесам. Трэба было сьпяшацца. І Вінцэсеў конь знудзіўся, пакінуты на палянцы.

А ў галаве круціліся апошнія словы князя Людвісара, кінутыя з вакна карэты.

— І пра сябе падумайце, пан Рашчынскі. Уявіце, ці так даражылі б жыцьцём, калі б адна дарагая вам асоба была прыгавораная да катаргі? Паненкам сьмяротныя прысуды не выносяць, але катарга можа быць надта суровай… Тыдзень маеце на роздум!

З восені патроху асыпалася пазалота, і паказваўся яе сапраўдны твар – кашчавы, са сьлядамі тленьня… Яно было і лепей – ня так шкада пакідаць сьвет.

Агонь паходні кідаў на твары дрыжачы няпэўны водбліск, і ўсё здавалася страшным сном. Вінцэсь, нібыта ўпершыню, разглядаў абліччы сваіх сяброў. Засяроджаны твар Мартына асьветлены напалову, так што пачварнага шнару не відно – а Ваўкалак сапраўды гожы мужчына, і адна з кабетаў бачыла гэта ўвесь час. Вось і яна… Цёмныя вочы апушчаныя, рэзкія цені робяць твар прыўкрасным не па-зямному – быццам скульптура ў гатычным саборы… Асабліва высокі чысты лоб у атачэньні цёмных валасоў, расчасаных на прабор – зусім як любілі ляпіць старыя майстры... І пан Вакула Рагманаў нагадваў суровага рыцара – глыбокі пагляд, рэзкія рысы твару… Сам Вінцэсь лічыў, што ў пакутлівых роздумах няма патрэбы – ён адразу пасьля размовы з Людвісарам вырашыў, што толькі сам мусіць ахвяравацца. Умова – золата і воля (ці хаця б мяккі прысуд) для Марка. Трэба толькі як сьлед падрыхтавацца… Магнат утварыў непатрэбныя складанасьці, паведаміўшы пра сваю прапанову Маркаваму бацьку… І, вядома, Вінцэсь ніколі ня стаў бы пасьвячаць у гэтую сумную справу Вальжыну. Ваўкалак парушыў трывожнае маўчаньне.

— Я даведаўся – Марку не пагражае сьмерць… Яго толькі падазраюць, што зьвязаны з паўстаньнем – бо знайшлі пры ім кулі і порах. Ён не пасьпеў нават узяцца за зброю падчас арышту. І пан Арэхна яго выгарадзіў, як мог. Маўляў, хросьнік жыў у яго ўсё лета, палявалі разам на качак… І дворня пацьвердзіла. Ніхто гэтаму не паверыў, зразумела. Засудзяць усё роўна, але – не на сьмерць.

Вінцэсь з цяжкасьцю прагаварыў.

— Князь Сігізмунд ведае, што Марка быў з намі ў вежы. Мне падалося, ён пагражаў гэтым… Князь даведзены да адчаю – і…

— Гэта ганьба для шляхціца – данос! – выгукнуў пан Вакула.

Ваўкалака толькі суха засьмяяўся.

— Чым вышэй шляхціц, тым больш нешляхецкіх учынкаў яму дазваляецца, дружа. Я ня пэўны, што ў арышце Марка няма рукі яго сьветласьці.

Вінцэсь ня стаў працягваць непрыемную размову.

— Гэта ўсё не мае цяпер значэньня… Вы павінны думаць пра іншае – як распарадзіцца грашыма… Дзе перахаваць, каму даверыцца… Не забывайце, золата – вялікая спакуса. Свае паўнамоцтвы перадаю вам, пан Вакула… Выведзіце маіх людзей з гэтых лясоў. З грашыма — вам адкрыецца мяжа. Я лічу, што зьбіраць новыя сілы трэба там, на захадзе.

— Глупства гаворыш, хлопча, — крыкнуў Рагманаў. – “Паўнамоцтвы”… “Распараджэньні”… Гэта наша сямейная справа – мая і майго сына. Ніхто ня мае права ўмешвацца… Досыць, што ты ўжо адзін раз дастаў мяне з пятлі. Хай толькі гэты… людажэр дасьць слова гонару… хаця ці можна такому верыць? – што дапаможа Марку. А золата раю браць у зьлітках.

— Стась і Марка – жаўнеры майго атраду, — цьвёрда прагаварыў Вінцэсь. – Я – іх камандзір, і гэта ўсё роўна, што я – іх бацька. Яны абодва мне верылі, ішлі за мной… І я адказваю за тое, што з імі здарылася. Ніхто не перашкодзіць мне выратаваць маіх жаўнераў – у нашым атрадзе не кі­даюць нават мёртвых. Я ўсё прадумаў… Неабходна трапіць у палон жывым і прытомным. Проста пайсьці і здацца? Падазрона. Я паеду ў Гарнушкі… Нібыта па ежу. Сяляне ведаюць, што, здаўшы мяне, атрымаюць вялікую ўзнагароду. За жывога – удвая больш, чым за мёртвага. Яны ня будуць мяне забіваць… А я, такім чынам, дапамагу яшчэ нейкай бядноце… І выкуплю яшчэ трохі грахоў свайго роду.

— Гэтак заўтра ж раніцой зраблю я! – ускінуўся пан Вакула.

— Спыніцеся! – Вальжына крычала, абхапіўшы галаву далонямі. – Я не магу гэтага больш слухаць. Вар’яцтва! Спрачаецеся, хто за золата прадасьць душу д’яблу!

— Не душу, а толькі жыцьцё! – усьміхнуўся аднымі вуснамі Вінцэсь. – І давайце на гэтым скончым. А то я адпраўлюся ў Гарнушкі проста зараз і пастукаюся ў хату Сьцяпка Лухверчыка, якога маскалі прызначылі старастам.

Дзяўчына схапіла Вінцэся за плячо, гнеўна страсянула.

— Я забараняю вам рабіць тое глупства, пра якое вы толькі што казалі!

— Вы хочаце страціць бацьку? Брата? Вальжына, падумайце самі. У мяне не засталося блізкіх сваякоў… Калі зьнікну я – гэта будзе самая меншая страта.

— Няпраўда! – дзяўчына раптам кінулася да Рашчынскага, абхапіла далоньмі яго галаву. – Каб вы ведалі, якая гэта няпраўда! — Вінцэсь, адчуваючы, што зямля сыходзіць з-пад ног, пагладзіў дзяўчыну па валасах, зазірнуў у яе заліты слязьмі твар… Вось такім атрымаўся іх першы (і, магчыма, апошні) пацалунак – у сьвятле паходні, з прысмакам сьмерці, уласнай віны і чужога болю… Недзе побач хіснулася высокая постаць…

— Ну вось і ўсё вырашана, — спакойны голас пана Вакулы вярнуў Вінцэся на зямлю. Ваўкалак стаяў, павярнуўшыся бокам, і ягоная постаць здавалася прыгорбленай, як ад цяжкой стомы. Але Вінцэсь чамусьці не адчуваў сораму – як не адчувае чалавек, якога агаляюць перад катаваньнем. Хлопец цьвёрда адхінуў дзяўчыну – застаецца спадзявацца, што не пашкадуе яна – і зрабіў крок наперад.

— Я не адступлюся ад права прадаць сваё жыцьцё так, як лічу патрэбным.

— Дурное хлапчо! Не змушай мяне да нешляхетных сродкаў, — Вінцэсь яшчэ ніколі ня бачыў дзядзьку такім угневаным. Як можна спыніць яго – хіба лёгка параніць? У нагу, напрыклад. Сапраўды вар’яцтва…

Ваўкалак глыбока ўздыхнуў, праганяючы млосьць, і стаў між імі двума.

— Што ж, я з радасьцю вырашыў бы вашую спрэчку на сваю карысьць, каб не сышоў у неадпаведны час з вежы. Ад таго, што вы пазабіваеце тут адзін аднаго, нікому ня стане лягчэй. Выйсьце адно – жэрабя. І пакляні­цеся, што прымеце вырак. Мы ўсе – жаўнеры. Усе – асуджаныя. Ці варта ўсчыняць такі гвалт з-за таго, каму раней станьчыць на вяроўцы?

— Мартын, як ты можаш! — адчайна ўсклінула Вальжына. Але Ваўкалак не зважаў. Ён дастаў з кішэні нешта невялікае, працягнуў на далоні. У цьмяным сьвятле збліснуў метал: дзьве кулі… Адна – звычайная, свінцовая, другая – срэбная. Пазначаная крыжам. Сьмерць…

Вінцэсь зірнуў на дзяўчыну, што, як заварожаная, не магла адарваць погляду ад куляў.

— Напэўна, Вальжыне лепш сысьці...

— Я застануся, — цьвёрда прагаварыла дзяўчына. – Калі самыя дарагія мне людзі вырашылі гуляць са сьмерцю, я таксама бяру ўдзел, – і рашуча працягнула Ваўкалаку раскрытыя далоні. – Памятаеце гульню ў залатога жука? Вельмі проста. Зусім для малых. Мартын, пакладзі кулі на мае далоні, калі я заплюшчу вочы. Тата, Вінцэсь, адвярніцеся…

У голасе Вальжыны зьвінела такая адчайная нота, што мужчыны моўчкі паслухаліся. Потым яна працягнула ім сьціснутыя да болю кулачкі.

— Ну вось, у адной маёй руцэ – срэбная сьмерць… Я ня ведаю, у якой… Аказваецца, сьмерць зусім невялікая і халодная, як лёд. Каму я яе сёньня аддам – бацьку? Ці чалавеку, які… які мне таксама дарагі? Ну! Выбірайце!

Вінцэсь бачыў, што чаканьне для дзяўчыны было невыносным, і, сьпяшаючыся, дакрануўся да правага кулачка… Змрочны пан Вакула стаў зьлева… Вальжына расьціскала пальцы, нібыта гэта прыносіла ёй страшэнны боль...

На правай далані ляжала срэбная куля. Самаробная, пазначаная крыжам.

У апошнюю ноч Вінцэсь ня спаў. Ці ўсё прадугледжана? Ці не памыляюцца яны, даверыўшыся слову гонару магната? Сярод яго продкаў былі такія падступнікі, што нашчадкі наймалі старых людзей, каб тыя ў сваіх мемуарах хоць трохі абялялі памяць пра ўладных пачвараў. Нібыта гэта магчыма. А як лёгка паміраць, калі сьмерць пазбаўляе невыноснага адчуваньня віны! Адзінае, што будзе не адмолена – той пацалунак. Вальжына ўпарта пазьбягала размоваў, і Рашчынскі адчуваў сябе рабаўніком.

У шыбу нешта стукнула – нібыта птушка дзюбкай. Вінцэсь ускочыў – за вакном непраглядная цямрэча. Яшчэ стук… У іх цяперашнім жыцьці нічога не бывае без прычыны. Рашчынскі схапіў пісталет, накінуў на плечы кажух, стараючыся не пабудзіць іншых. Пакуль няма падстаў для трывогі. Сёньня на варце пан Вакула – бывалага паляўнічага не падманеш.