На ганку Вінцэся чакалі.
— Я ведала, што вы не сьпіцё…
Зоры былі такімі буйнымі, што ледзь ня падалі на зямлю, усланую лісьцем, крылцамі мятлушак і дарэмнымі спадзяваньнямі. Вальжына ўзяла Вінцэся за руку, як маленькага – якія ў яе гарачыя пальцы! – і павяла некуды ў лес… Вінцэсь ні аб чым не пытаўся. Толькі кроў стукалася ў скроні.
— Гэта недзе тут …
Хлопец ужо ведаў, што яна шукае – ля сьцежкі стаяў невялікі будан з гонту, пакрыты лапкамі ялінаў. Ад холаду ён схаваць ня мог, але як падабенства таемнага прытулку – чаму не? Хлопец і дзяўчына апусьціліся на сена, наваленае ў будане – яно яшчэ не дарэшты страціла водар лета. Двое маўчалі. Нарэшце Вінцэсь парушыў цішу.
— Вальжына, вы не павінны…
Але яго словы перапынілі яе вусны… Гарачыя, як прысак чужога вогнішча. Вінцэсь яшчэ знайшоў у сабе сілы адхінуцца і спытаць:
— А як жа Мартын?
Яна перарывіста ўздыхнула.
— Чаму ты ўвесь час думаеш толькі пра іншых? Мне патрэбны ты…
Яму прыйшла ў галаву ганебная думка – гэтак рымскія кабеты прыходзілі да гладыятараў… Moritore te salutant. Але дзяўчына зараз жа зашаптала.
— Узважваць пачуцьці няма часу, Вінцэсь. Мы ведаем адзін аднаго дастаткова, каб не памыліцца. Я не магу страціць цябе. Я ня ведаю, што дасьць мне сілы гэта перажыць. І… зразумей, такой ночы ў мяне не было… І больш ня будзе.
— Я яшчэ магу выжыць… — прамармытаў Вінцэсь. — Мяне могуць памілаваць… Я магу ўцячы… І застацца ў тваім жыцьці разам з гэтай ноччу ня толькі ўспамінам. Ты пашкадуеш аб сваім учынку.
— Дурань! – дзіўна, але гэтае слова ў падобных выпадках часта замяняе самыя доўгія і выкшталцоныя прызнаньні. А Вінцэсь быў толькі слабым, грэшным чалавекам. І яшчэ ён кахаў.
Ноч палала на вуснах, быццам ноч Рыма, падпаленага шалёным цэзарам. І Вінцэсь зноў і зноў патанаў у невымоўнай пяшчоце і амаль невыноснай жарсьці, і зоры сыпаліся на іх праз галінкі ялінаў, з якіх склалі будан… Такое было іх каханьне – цудоўнае, п’янкое, з прысмакам сьмерці…
Віна мужчыны ў тым, што ён у каханьні заўсёды – пераможца. Вінцэсь не хацеў гэтага… Але ён ня мог парушыць адвечныя законы. І гэта было лепей за ўсё, што ён зьведаў дасюль.
І што магло прымусіць іх шкадаваць аб гэтым шчасьці? Цьмяны вобраз пасівелага Мартына, які столькі гадоў, быццам уладальнік чароўнага вострава, аберагаў, ашчаджаў цудоўную кветку, што дасталася юнаму сябру-суперніку? Заўтрашні дзень вызваляў ад віны, бо касаваў прышласьць. У іх адносінаў не было будучыні, і таму так лёгка і безаглядна кахалася.
Гарнушкаўцы нават ня сталі яго моцна зьбіваць. Усё-ткі ён быў пан, якога належала перадаць іншым панам, і хто ведае – ці спадабаецца тым іхняе мужыцкае абыходжаньне з “белай косткай”? Гарнушкаўцы ведалі, што панам давяраць нельга. Таму дзесяць узброеных з атраду самааховы, пад кіраўніцтвам старасты Сьцяпка Лухверчыка, вырашылі самі павезьці бунтаўшчыка ў горад, здаць, як належыць, запісаць па справядлівасьці, каму – узнагарода… Вінцэсь пазнаваў усіх: вось брат Міхася Валевіча… Адмольвае сямейныя грахі перад уладамі? Сын конюха Тодара, зусім маладзенькі і разгублены… Паперадзе ўсіх — стараста, Лухверчык, у новай сьвітцы з крамніны, з новенькай стрэльбай цераз плячо. Стараецца. камандуе… А гэта? Сьветлавалосы няўклюдны хлопец абыякава дапамагаў зьвязваць бунтоўнага пана. Маскарад трывожнага часу… Учора – ахвяра, сёньня – кат… Гаўрылу Чарапавіцкаму трэба было моцна пакаяцца, каб атрымаць дараваньне. Як кажуць кітайцы, ня дай табе Бог жыць у часы пераменаў.
Вінцэсь безуважна ляжаў на калёсах, зьвязаны гэтак старанна, што й не паварушыцца, і ўспамінаў мінулую ноч… Усьмешка, што блукала на ягоных вуснах, гэтак злавала мужыкоў, што адзін з іх, ня вытрымаўшы, пачаў даволі такі адчувальна тыцкаць Вінцэсю пад рэбры прыкладам стрэльбы (а чаго лыбіцца, зладзюга?).
У горадзе вуліцы аказаліся на дзіва пустэльнымі. Затое бліжэй да цэнтральнага пляцу траплялася ўсё больш і больш народу, асабліва жаўнераў. Раптам сыпануў дробны пошчак барабанаў… Вінцэсь здагадаўся, што гэта азначае. На шчасьце, яго ахоўнікі таксама выявілі цікавасьць і пад’ехалі бліжэй, на ўзгорак, з якога добра бачыўся пляц. Знаёмае драўлянае ўзвышэньне, над ім гайдаецца пятля… Сьцяпок Лухверчык нават прыўзьняў Вінцэся, каб таму лепш было відно:
— Глядзі, як цябе самога вешаць будуць!
Вінцэсь напружана ўглядаўся: каго караюць? Вось вывелі на памост… Ідзе сам, горда … Белая кашуля, чорнавалосы… Далёка. Не пазнаць. Затое той, хто чытаў прысуд, меў такі грамавы голас, што нават там, дзе знаходзіўся Вінцэсь, вылучалася кожнае слова. За злачынствы супраць дзяржавы… За забойства паручніка лейб-гусарскага палка Аляксандра Пятровіча Далгарукава… прысудзіць двараніна Н-скай губерні Рагманава Марка Вакулавіча да сьмерці цераз павешаньне…
Зноў cыпануў барабанны пошчак. Вінцэсь з усяе сілы ірвануўся… Не! Гэта падступна! Гэтага нельга дапусьціць!
— Што, паночак, страшна? – зьдзеклівы голас побач.
Вінцэсь глядзеў – бо адвесьці вочы было таксама здрадай. Але відовішча расплывалася ад пякучых сьлёз. Вось падыходзіць кат… Надзявае пятлю на шыю асуджанага… Б’юць барабаны, усё хутчэй, хутчэй… І страшны, недарэчны танец у паветры паміраючага цела…
—Не-е-е!!!
Перастрахаваўся, падлюга Людвісар! Вось будзе неразьбярыха, калі і ён, Вінцэсь, пачне настойваць на тым, што забіў таго радавітага лейб-гусара!
— Во пераймаецца наш пан! – побач ужо нават спачувалі. – Ня хочацца паміраць, як таму, ясная справа…
Але сьмерць па-ранейшаму не хацела прымаць яго ў палацы вечнага спакою. Ці з любасьці, ці з пагарды? Хто ведае. Калёсы трэсьліся на брукаванцы, натоўп, што разыходзіўся, наталіўшыся жахлівым відовішчам, неміласэрна штурхаўся побач… Адзін з ахоўнікаў нахіліўся над палонным. Вінцэсь адчуў, што вяроўкі на ім раптам саслабелі. Нехта ўклаў у яго зьнямелую руку пісталет.
— Страляй у старасту…
Ахоўнікі пападалі на зямлю, атуляючы галовы чорнымі рукамі, звыклымі да касы і рала. Хіба толькі двое ўспомнілі пра зброю. Там, у Гарнушках, Вінцэсь зусім не бараніўся, і яны яго не баяліся. Цяпер ім давялося зразумець сваю памылку, але — запозна.
— Бяжым! – Гаўрыла Чарапавіцкі цягнуў Рашчынскага за сабой, і натоўп паглынуў іх, як рачныя хвалі – заходняе сонца.
Ты выжыў – гэтае ўсьведамленьне напаўняе цела жывёльнай радасьцю. Ты выжыў там, дзе немагчыма было выжыць. І так і хочацца зьвярнуцца да Госпада з блюзьнерскай просьбай – адымі розум… Каб ня збэсьцілася простае, зразумелае сьвята невыноснымі пакутамі душы.
Вінцэсь не вінаваціў сяброў. Ён усё разумеў – з ім ужо разьвіталіся, кожны сказаў у думках добрыя і ўзьнёслыя словы, падрахункаваў ягонае жыцьцё… А ён не загінуў. Вярнуўся, жывы і здаровы. Яго месца ў палацы вечнага спакою заняў іншы. І гэта было, як быццам кашулю вярнулі нямытай, і давядзецца яе апранаць і даношваць. Нібыта свая, але хацелася чыстай і адпрасаванай.
Ваўкалак хаваў вочы.
— Людвісар прыслаў скрыні… Дзьве невялікія – там манеты. Астатнія са зьліткамі. Думаю, пакуль пачнем карыстацца манетамі, а зьліткі – перахаваць, куды дамаўляліся.
І была яна. Халодная, як восеньскае неба.
— Спадзяюся, жыцьцё майго брата прададзенае не дарэмна, і ваш мільён зробіць гэтую зямлю вольнай і шчасьлівай... Хаця б трошкі.
Вальжына таксама разумела, што несправядліва дакараць чалавека за тое, што яму не ўдалося загінуць. Яна і спрабавала ўсьміхнуцца, суцешыць – бачыла ж, як ён пераймаецца ад таго, што адбылося. Але між імі паўстала сьцяна... Ці, можа, прывід? І Вінцэсю разрывала сэрца ўсьведамленьне таго, што ноч у будане была толькі разьвітальным падарункам герою. Няўжо – так?
— Мне цяжка вас бачыць, – спакойны тон раніў больш, чым крык. – Ня думаю, што змагу быць з вамі. Можа быць, з часам, калі забудзецца многае… Калі мне перастане здавацца, што Марк вось-вось зьявіцца, пастукае ў дзьверы, засьмяецца…А пакуль што – ідзіце, хавайце свае скрыні.