Нібыта кінула ў твар халодную жабу.
І Вінцэсю было яшчэ горш ад таго, што ён ведаў – цяпер яна ня зможа вярнуцца і да Мартына. І заставалася толькі адно – зрабіць сапраўды так, каб Маркава жыцьцё аказалася прададзеным недарэмна.
15
Далоў доўгую спадніцу і абцасы, сімвалы заняволенасьці жанчын, апаэтызаваныя патрыярхатнымі паэтамі!
Паліна злосна глядзелася ў люстэрка. Пачвара! Да чаго давяла сябе за апошнія гады!
Адзінае, што суцяшае – джынсы, якія схавала ў шафу тры гады таму, нават завялікія… Не растаўсьцела! А што з валасамі рабіць? Можа, проста распусьціць па плячах? І зьлева заплесьці некалькі таненькіх косак – будзе арыгінальна… Чорную кофтачку са срэбным павуком таксама гады тры не надзявала… А пазногці?!! Яна ж нават лак перастала купляць!
Званок у дзьверы спыніў усе хваляваньні.
Што ж, прынамсі, Стась ня ўлез бы ў старыя джынсы – на амерыканскіх прысмаках прыбавіў кілаграмчыкаў дзесяць. Гэта першая дурная думка, якая прыйшла ў галаву Паліны. А за ёй і другая, не разумнейшая: яна, Паліна, усё яшчэ яго кахае. Гэтага распаўнелага, упэўненага ў сабе “мача” ў белым пінжаку…
А далей яна ўвогуле перастала думаць. Таму што Стась заўсёды ведаў, як з ёй абыходзіцца: ён проста моцна пацалаваў яе, і… І адразу ж пачаў распараджацца. Гэта тэкіла. Гарэлка з кактусаў, гадасьць, вядома, але прывёз дзеля экзотыкі. Схавай у лядоўню. We’ll drink best… Будзем піць вось гэта –кампары. Вяндліна нарэзаная, раскладзі толькі. А вось авакада трэба нарэзаць… Ты тут каштавала авакада, маленькая? Не? Я так і думаў… У ЗАГС можна заўтра падысьці да дзесяці раніцы. За сто баксаў расьпішуць адразу. Don’t worry, be happy. Ды ня тыя чаркі дастала. Трэба для кактэйлю…
Паліна, як загіпнатызаваная, бегала між кухняй і гасьцёўняй, адчуваючы сябе пухнатым цацачным зайчыкам, у якім пасьля доўгага перапынку замянілі батарэйку.
— А гэта што за жаба?
Стоп! Паліна рашуча паклала чарговы пакунак на канапу. Ачмурэньне нейкае! Нібыта не было гэтых трох гадоў, нявыплаканых сьлёз, незабытай крыўды…
— Паслухай… Нам варта пагаварыць.
Пагаварыць Стась не адмаўляўся. Столькі за гэты час адбылося! Амерыка – добрая школа выжываньня. Але хто працуе, не лайдак, ды з мазгамі – будзе жыць, як тут і ня сьнілася. Галоўнае – стабільнасьць. Страхоўкі, полісы, прафсаюзы… Паліна слухала, углядалася ў спакойныя разумныя вочы, і – ні адценьня там віны, ні сумневу ў тым, што ён робіць правільна. Заўсёды правільна.
— А ты ўсё гэтак жа займаешся сваёй беларушчынай? Не адказвай, сам бачу. Вунь панацягала бярвеньняў, шашалем паедзеных. Няўжо не разумееш – гэта бесьперсьпектыўна! Сьвет імкнецца да уніфікацыі, а ты — супроць плыні, ды яшчэ за сто баксаў у месяц. Не падвысілі ж моцна зарплату, так? І з дысертацыяй я таксама быў упэўнены – не абароніш, занадта далікатная натура. Да цябе менеджэра прымацаваць трэба.
— Гэта не бярвеньні,— абурылася Паліна, – а беларуская скульптура пачатку васемнаццатага стагоддзя!
— І адкуль яна ў цябе? Са сьметніка?
— Можна сказаць, так. Паехалі з сяброўкай глядзець касьцёл у Касацінава. Побач з храмам – закінуты дом, ганак з драўлянымі калонамі, можа, калісь ксёндз жыў. Вось на ганку гэтага дома і знайшла… Касьцёл рэстаўравалі, як цацачку. З-за мяжы прыслалі і начыньне для інтэр’еру – гіпсавыя дзевы Марыі і расьпяцьці, пафарбаваныя алейнай фарбай. А гэтыя “вырабы народнага генія”, як казаў Караткевіч, – прэч! Старыя, нехлямяжыя… Уяўляеш – яны пад дровамі ляжалі!
— І ты іх прыўлашчыла?
— Вядома! Транспарту свайго не было, а я – з гэтымі скульптурамі, як з немаўлятамі – і рукі ўжо не трымаюць, і кінуць не магу. Людзі ў аўтобусе лаюцца, штурханіна… Затое вось – сьвятая Барбара… Сьвяты Майсей…
Дзяўчына падыйшла да скульптур і ласкава, як жывых, пагладзіла па шурпатай паверхні. Госьць іранічна паківаў галавой.
— Ты не зьмянілася. Памятаю, як у Шэпетава пацягнула мяне ў старую царкву, паглядзець на труну дойліда. Аказалася, тую труну – дыхтоўную, з чорнага дрэва, так? – яшчэ падчас вайны забралі немцы, каб пахаваць свайго кончанага партызанамі генерала. А мумію дойліда пакінулі ў скляпеньні… Як яго звалі, таго дойліда?
— Адам … — ціха прамовіла Паліна, нібы баючыся легкадумным тонам пакрыўдзіць і без таго пакрыўджаны цень. — Такое імя на труне, кажуць, было напісана. А прозьвішча згубілася.
Стась белазуба ўсьміхнуўся і працягваў успаміны.
— І вось гэтага Адама, забальзамаванага, як фараон, некалькі пакаленьняў мясцовых хлопцаў цягалі па вёсцы, каб палохаць дзяўчатаў. Во ўмелі бальзамаваць продкі! Не рассыпаўся, хоць чаго толькі жартаўнікі не выраблялі! І ты, як ненармальная, насілася па вёсцы, шукаючы бедную мумію, і вучыла вяскоўцаў маральнасьці і павазе да гістарычнай спадчыны, а я ледзь абараніў цябе ад нейкага мясцовага Кінг-Конга.
Паліна горка ўсьміхнулася, нібы наяве ўбачыўшы былую прыгоду, страшны чорны твар муміі, рогат бяспамятных дурняў…
Стась засьмяяўся непрыемным бязгучным сьмехам і адкінуўся на сьпінку крэсла. Паліна з жахам заўважыла, што ў яе “мача” відочна абазначыўся другі падбародак. І рукі зьмяніліся… Нейкія не такія пальцы, пазногці. І... блішчаць?
Стась перахапіў яе пагляд, пакруціў у паветры дагледжаную даланю.
— Манікюр, дзетка. Не дзівіся – там гэта норма жыцьця. Адразу сам ня мог прывыкнуць. Але ў нас у бюро ўсе так робяць. І ўсе ходзяць па пятніцах і аўторках з шасьці да сямі ў трэнажорную залу, а кожны трэці “ўік-энд” – пікнік, у сьпецыяльна выкупленым фірмай кэмпінгу, усе са сваімі кошыкамі, жонкамі і безалкагольным півам… Сама пабачыш. Хочаш прыжыцца – будзь, як усе. Ды не хвалюйся – там ня толькі гэткі “мяшчанскі дабрабыт”. Я пачаў разумець тваю страсьць да муміяў, можа, толькі там, калі мяне прывялі ў дом аднаго мільянера, супер-праграміста. І гаспадары як найвялікшую каштоўнасьць паказвалі гасьцям кавалак цаглянай сьцяны ад стогадовай забудовы, і счарнелую пашчапаную бэльку, прымацаваную пад стольлю шыкоўнай залы. Бэлька засталася ад салуна, што калісь належаў дзеду гаспадара і згарэў, спалены ці то індзейцамі, ці то каўбоямі. І мільянер цяпер за шалёныя грошы скупляе парэшткі ад таго салуна – нейкія памятыя жалезныя кубкі, мядзяныя місы для ўмываньня, якімі карысталіся, напэўна, танныя самадайкі… Сямейны гонар!
Стась адпіў кампары, акуратна прамакнуў вусны сурвэткай, пацягнуўся да Паліны і зноў моцна пацалаваў, нібыта сьцьвердзіў свае правы. Вось так, не спадзявайся, што ўсё скончыцца размовамі.
— Дарэчы, не падумай, вядома, што я раўную, буду ў прэтэнзіі… Але многа ў цябе было мужчынаў за гэтыя гады, бэбі?
Стась паблажліва паглядаў на былую жонку, нібыта ведаў адказ. Ах ты бедненькая, пакінутая… Паліна на хвілю адчула невымоўны боль. Яна сапраўды хоча правесьці рэштку жыцьця з гэтым прыгожым, дужым, самаўпэўненым эгаістам? Паліна памаўчала, потым рашуча ўзьнялася, узяла з паліцы заколку, падыйшла да люстра і закруціла валасы ў звыклы вузел. Вось так… Цяпер можна пазнаць, вярнуць самую сябе. І ратавацца… Пакуль душа не зламалася дарэшты. Паліна павярнулася да госьця.
— Я выходжу замуж за другога. Прабач, трэба было сказаць адразу.
— Вось як… – Стась паставіў на стол шклянку з кампары, яшчэ ня ведаючы – абразіцца ці пасьмяяцца. – І хто ён, калі не сакрэт?
Цяпер іншага выйсьця не было – Паліна ня верыла ў свае сілы выстаяць перад спакусаю без дапамогі звонку, няхай віртуальнай. Стась, напэўна, заўважыў яе ваганьні, бо ўпэўненая ўсьмешка зноў вярнулася на яго дакладна акрэсьленыя вусны. Пагуляй, пагуляй, дурнічка, у незачэпу.
Лагічней за ўсё было б назваць у якасьці жаніха Сымона. Паліна ведала, што баявіты штурман абараніў бы яе ад уплыву і дзесяці Стасяў. Але сказалася чамусьці іншае:
— Ён скульптар… Родам з Беларусі, але жыве ў Вільні. Гэтую жабку зьляпіў.
—А імя ў яго ёсьць?
— Валянцін. Валянцін Чарапавіцкі.
— Такі ж “закручаны” на “беларускім пытаньні”, як і ты?
— Такі ж.
— І… ты яго кахаеш?
Паліна адвярнулася да вакна, за якім сыпаўся дробны летні дождж, памаўчала і ціха прамовіла – ня Стасю, а дажджу і сабе.