— Кахаю.
І сама зьдзівілася – што за фантазія?
А потым, калі Стась пайшоў, і адзінота варухнулася ва ўсіх кутах, папаўзла ценямі да гаспадыні – хаця навошта ўладарыць над ценямі? — і было невыносна сумна слухаць шум дажджу, і глядзець на амаль некранутыя стравы і недапітыя напоі ў шклянках, рука сама набрала нумар тэлефону. Хаця зноў жа – навошта? І далёкі голас трывожна пытаўся: “Я слухаю… Хто гэта? Паліна? Гэта вы? Што здарылася? Не маўчыце! Паліна!“
Але адказваць таксама не было сэнсу.
Маці, як і абяцала, вярнулася толькі раніцой. І адразу ж усё зразумела. Паліна ведала, яна ў душы радуецца – вядома, шчасьце дачкі вышэй за ўсё, але застацца адной? І тым ня менш пасыпаліся папрокі. Ну як можна адмаўляцца ад свайго шчасьця? Іншыя шалёныя грошы плоцяць шлюбным агенцтвам, каб выскачыць хоць за якога нягеглага янкі.
Паліна не адказвала, і маці зусім зазлавала.
— Дурніца ўпроўная, ідэалістка, уся ў…
Марыя Апанасаўна абарвала сябе, і Паліна зразумела, чаму.
— А дарэчы, ты ніколі не расказваеш мне пра майго бацьку. Прабач, я разумею, што, відаць, з гэтым у цябе зьвязаныя ня самыя лепшыя ўспаміны жыцьця, але я маю права ведаць! Хто б ён ні быў – гэта ж мой бацька!
Паліна не ўпершыню завязвала такую размову, атрымліваючы заўсёды ў адказ нешта гнеўнае, нібыта ў самой яе зацікаўленасьці мелася крыўда для маці.
— Паслухай, ну вось зьеду я са Стасем у Амерыку, і, можа, ніколі больш ня ўдасца пра гэта пагаварыць. Твае ўнукі спытаюць мяне пра дзеда, а я ім: не было ў вас дзеда, бэбі!
Пагроза падзейнічала. Маці, усё яшчэ раздражнёна прыбіраючы тыя рэчы, што, на яе погляд, засталіся не на сваіх месцах пасьля ўчарашняга гасьцяваньня, нарэшце вымавіла.
— Ты нічога пра яго, пра свайго бацьку, ня ведаеш, а ён нічога – пра цябе. Так што ўсё ў раўнавазе.
Паліна не зьбіралася адступацца.
— Мама, хто ён? Хто мой бацька?
— Татарын.
— Што?!!
— А ты думала – чаму ты такая чарнявая? Не палохайся – і ён, і продкі ягоныя лічацца беларусамі, праваслаўныя, з нашае шляхты. Вёска яго неяк прыгожа называлася – Вясьнянка, ці Весьніцы… Дзесьці пад Наўем. Ну, што табе тлумачыць – сама гісторык. Ведаеш, калі радавітыя татары на Беларусі пасяліліся – яшчэ падчас Грунвальду. І з твару ён – беласкуры, як ты… Толькі вочы і валасы чорныя, як вугаль, ды прозьвішча – Рагманаў. А Татарынам мы яго празвалі ў інстытуце – за шалёны характар.
— Дык вы разам вучыліся? – зьдзівілася Паліна.
— Вучыліся… – уздыхнула маці. – Ён – на рэжысуры. Я – на акцёрскім. Але ж кажу – “Татарын”… Час які быў, а ён для курсавой працы вынайшаў п’есу нейкага заходнебеларускага пісьменьніка, ворага народу. І часопіс самаробны яны ў пакоі рабілі ўчатырох… Зразумела, што з чатырох хаця б адзін стукач быў. Ну і пагналі яго з “воўчым білетам”… Ды каб толькі гэта! Ён яшчэ і поўху замдэкана адвесіў. А той – з органаў, усе ведалі… Карацей, столькі артыкулаў на Татарына навешалі… Добра, ня ў лагеры – але на прымусовае пасяленьне ледзь ня ў тундру.
— А ты?
— А што я? – маці раздражнёна глядзела ў вакно, нібыта дождж, які сыпаўся за шыбай, быў у нечым вінаваты. – Я была сакратаром камсамольскай арганізацыі інстытуту. Марыла пра вялікую сцэну… Ты думаеш, я зьбіралася працаваць касьцюмеркай? Гэта ж блізкае знаёмства з тваім татачкам перакрэсьліла мой шлях. Таксама ледзь з інстытуту не адлічылі… Ну а потым зьявілася ты, і, вядома, добразычліўцы паведамілі, куды трэба, ад каго ў мяне дзіця. Але мне было ўсё роўна — ты маё адзінае шчасьце.
— І бацька ніколі не аб’яўляўся?
— Ну чаму ж… Пісаў, прасіўся… Але я адразу яго адпрэчыла. Прапашчы чалавек. Давялося яшчэ і на камсамольскіх сходах каяцца, выкрываць антысаветчыка. Ну што ты так на мяне глядзіш? Кажу – час быў такі!
Паліна абхапіла галаву рукамі, паўтараючы, каб прывыкнуць да гучаньня:
— Рагманаў… Генадзь Рагманаў…Спадзяюся, імя па бацьку я праўдзівае маю?
Маці рэзка спынілася перад дзьвярыма на кухню.
— Ты – Ведрыч! Паліна Ведрыч! І ня ўздумай нешта ці некага расшукваць! Усё, што было, быльлём парасло. Пачнеш шукаць яго – ты мне не дачка!
Паліна сядзела над картай… Вось ён, Наўеўскі раён, ёсьць у ім вёска пад назвай “Вясеньняя”, відаць, перайменаваньне. Яшчэ добра, што не чарговая Сірэневая або Акцябрская. Ёсьць Весялова, а вось – Весьніцы… На рацэ з вясёлай назвай Лялёўка. Трэба ж, зусім побач ад Гарнушак. Выходзіць, яе, Паліны, продкі былі землякамі Рашчынскіх? Цікава… Паліна ўзялася за свае папкі. Жылі Рагманавы ў Весьніцах… Вось нейкі Марк Рагманаў, васемнаццаці гадоў, дваранін – у сьпісе павешаных у 1863 годзе.
Як многа значыць у жыцьці выпадак! Паліна кінула позірк на паперку — ксеракопію прашэньня Кастуся Каліноўскага Віленскаму генерал-губернатару Назімаву:
“Окончив курс наук в императорском С.-Петербургском университете со степенью Кандидата и желая поступить на службу, имею честь покорнейше просить Ваше высокопревосходительство доставить мне возможность служить под просвещенным начальством Вашего высокопревосходительства».
Цалкам добрапрыстойная, сьціплая просьба… Але яна не была задаволеная. Юнакоў мясцовага паходжаньня, якім удалося атрымаць адукацыю, на пасады дапускалі неахвотна – перавага аддавалася прыезджым з Расіі. На гэта мелася адпаведнае распараджэньне. А калі б здольнага, але немаёмаснага маладога чалавека ўзялі на працу, далі добрую пасаду? Паліна задумалася. Наўрад гэта адпрэчыла б яго ад паўстаньня. Нават Гейштар, правадыр “белых”, што ня дужа любіў Каліноўскага, піша пра яго: “Гэта была натура гарачлівая, але сумленная, без малейшай крывадушнасьці”.
Вінцэсь Рашчынскі ня быў надта блізкім сябрам Кастуся Каліноўскага, хаця, вядома, ня мог з ім не сустракацца. І яе, Паліны, продкі маглі з імі абоімі бачыцца.
Паліна пачувалася вінаватай – нібыта парушыла нейкія абавязкі перад даўно памерлым філосафам сваёй сустрэчай са Стасем. Новасьпечаны амерыканец так і не паверыў, што страціў уладу над сьціплай чарнавокай дзяўчынай. Значыць, адчуў, што ўлада яшчэ ёсьць.
Паліна нават ціхенька ўсплакнула… І зачэрпнула поўную лыжку шыпшынавага варэньня са слоіка, перададзенага Сымонам. Салодкае супакойвае кабету лепш за валер’янку. Выйсьці замуж за бравага штурмана, хадзіць з ім у вандроўкі…
У дзьверы пазванілі, так што Паліна ледзь не ўтапіла лыжку ў слоіку. Маці павінна быць яшчэ ў тэатры…
На лесьвічнай пляцоўцы стаяў Валянцін, зноў без парасону, і зноў мокры, як пацук. І да таго ж – страшэнна ўстрывожаны.
— Што здарылася? Гэта ж вы мне тэлефанавалі, праўда? Усё з-за нашага дурнога расьсьледваньня…
— Нічога ня здарылася, супакойцеся. Дождж пайшоў, лета канчаецца, вось і ўсё. Ну, але ж праходзьце.
Валянцін зняў мокрую наскрозь куртку і застаўся ў чорным швэдары. Нібыта яшчэ больш схуднеў – вунь як швэдар на ім вісіць, як на вешалцы. Дрэнна кормяць, ці што?
Паліна змрочна глядзела на чалавека, у каханьні да якога зусім нядаўна прызналася былому мужу. І што цяпер рабіць? Сэрца ўсхадзілася, ледзь не выскоквае. Вядома, толькі ад таго, што няёмка перад самой сабой. Не хапала яшчэ, каб гэты няўклюда нешта западозрыў. І ўвогуле – як ён пакінуў сваю сьветлакосую гераіню? Валянцін таропка патлумачыў.
— Я, на жаль, без дазволу… Таму ненадоўга. Але… проста ня мог не прыехаць. Ведаеце, мне ўсё трывожней робіцца. Дарэмна мы турбуем мінулае. Яно мае ўласьцівасьць ажываць і ўмешвацца ў нашае жыцьцё.
Паліна адвярнулася да вакна. Зноў зьбіраецца адгаворваць… Валянцін, відаць, зразумеў, што на яго пачалі гневацца, і пачаў нешта цяжкое даставаць з сумкі, зашаргатаў цыратай, у якую тое “нешта” было загорнутае… Паліна зацікаўлена азірнулася.
Госьць паставіў на стол бюст з гліны. Разумны спакутваны твар, горкія складкі ля вуснаў… Вінцэсь Рашчынскі!
— Гэта толькі эскіз, — вінавата патлумачыў Валянцін. — Я думаю – у Гарнушках варта зрабіць добры помнік.
Паліна захоплена кранула рукой скульптуру.
— І вы хацелі сысьці з мастацтва! Ведаеце, самаедства ўвогуле ўласьціва беларусам. Але не да такой жа ступені!