— Вам падабаецца? – Валянцін расьцьвіў усьмешкай, і яго няправільныя рысы раптам нібыта асьвяціліся знутры. Паліна нават трохі спалохалася, што зараз ён скажа ці зробіць нешта такое, пасьля чаго ўжо ня будзе ранейшай нязмушанасьці ў адносінах. А яна ж, Паліна, насамрэч нічога сур’ёзнага да яго ня мае! Так, хіба пацешыць самалюбства чужой закаханасьцю. Але Валянцін згасіў усьмешку і апусьціў вочы.
— Што ж, я рады, што вам спадабалася. Няхай гэты варыянт застанецца ў вас. І я быў бы яшчэ больш рады, каб гэта была апошняя кропка ў вашых росшуках.
— Не дачакаецеся! – пераможна ўсьміхнулася Паліна. — У пятніцу я еду ў Гарнушкі, шукаць чацьвёртую жабку, нават стэлефанавалася з дырэктарам мясцовай школы. Ён прысланы нядаўна, нічога ня ведае пра гарнушкаўскія забабоны, але цікавіцца краязнаўствам і паабяцаў, што ўладкуе мяне на кватэру.
— Вы ня можаце ехаць адна! – захваляваўся Валянцін. – У жыцьці не сустракаў такой зацятай дзяўчыны. Няўжо вам так важна знайсьці гэтую няшчасную жабку?
— Важней за ўсё на сьвеце! – з выклікам прамовіла Паліна. — Ды вы сядайце… — схамянулася. Наконт таго, каб быць добрай гаспадыняй, ужо ня цешыла сябе мроямі. Але ж трэба сумленьне мець – госьць пасьля доўгай дарогі, прамоклы, з-за яе ж, дурніцы, трывожыцца… Валянцін асьцярожна апусьціўся на крэсла, нібыта яно было антыкварнай каштоўнасьцю, а ня вырабам фабрыкі “Гомельдрэў”. Але замест пачастунку, як праўдзівая эмансіпэ, Паліна пляснула на стол тэчку з паперамі.
— Вось, глядзіце. Рашчынскі зьехаў за мяжу пасьля таго, як пакаралі сьмерцю Кастуся Каліноўскага — гэта, фактычна, азначала, што паўстаньне задушанае. Маёмасьць яго секвестравана – пад арыштам, ён нічога асабліва каштоўнага ня мог з сабой узяць. Жыве ў Парыжы ў нейкім катуху, як жабрак. А падчас франка-прускай вайны на ўласныя грошы ўзбройвае роту жаўнераў найноўшай мадэльлю ружжаў сістэмы Шаспо. Урад нацыянальнай абароны нават выказаў яму падзяку. А потым, калі пачалася рэвалюцыя, Рашчынскі купляе зброю атраду паўстанцаў. Яму пашанцавала, што падчас абароны Парыжу ад немцаў быў цяжка паранены – бо няйначай узяў бы ўдзел у Камуне і, хутчэй за ўсё, загінуў. І ўвогуле, яго ў колах парыжскага паўсьвету – ён любіў знацца з мастакамі і пісьменьнікамі, з багемай, карацей, — звалі яго не інакш, як літоўскі Монтэ-Крыста, лічылі дзіваком і аскетам. Хоць жыў да канца жыцьця вельмі сьціпла, толькі на невялікі заробак ад прыватных урокаў ды публічных лекцыяў, ня надта папулярных. І пасьля, у 1893, калі Рашчынскаму дазволілі вярнуцца – маёнтак разрабаваны, заняпалы, яго выкарыстоўвалі для разьмяшчэньня вайсковага гарнізону, – адкуль грошы на шыкоўнае надмагільле? На новую двухпавярховую бальніцу для сялянаў? А пасьля раптоўнай сьмерці ў 1894 — аніякіх размоваў пра багатую спадчыну. Маёнтак канчаткова разбураецца, бальніцу ніхто не дабудоўвае, а надмагільле пачынаюць разьбіваць. І паколькі ў ім было зашыфраванае нейкае пасланьне – можна здагадацца, што нехта не хацеў, каб яно дайшло да нашчадкаў.
— Можа быць, і цяпер нехта гэтага ня хоча? – ціха прагаварыў Валянцін.
— Хто, несьмяротныя захавальнікі скарбу? – пасьміхнулася Паліна. – І далей. Я даведалася пра Станіслава Людвісара, у лісьце якога быў малюнак надмагільля. Сын магната, удзельнічаў у паўстаньні. Нават быў пад судом – але апраўданы за нядоказнасьцю віны і як недзеяздольны. Пасьля вызваленьня зусім звар’яцеў, жыў у бацькавым палацы. Нашчадкаў не пакінуў. А з Вінцэсем Рашчынскім перапісваўся! Шкада, адзіны ацалелы ліст кудысьці зьнік з архіву. Затое ў другім лісьце, да сваёй сястры ў Жэневу, Людвісар паведамляе пра сьмерць Вінцэся Рашчынскага і піша: “Няхай цяпер сумленьне ягонае супакоіцца, і сьмерць ягоная распарадзіцца тым, чым не ўдалося распарадзіцца жыцьцю. Хаця – не асуджай мяне моцна, – мне шкада ня толькі нябожчыка, але і таго сена, пры якім ён стаўся сабакам”. Не, усё вырашана. Я еду ў Гарнушкі. Да таго ж, хачу заехаць у суседнюю вёску, Весьніцы. Ведаеце такую?
Засмучоны Валянцін моўчкі кіўнуў галавою.
— А такое прозьвішча – Рагманавы – чулі? – дрыжачым голасам запыталася Паліна.
— Рагманавы? – задумаўся Валянцін. – Не, ня чуў. А што?
— Ды так, нічога…
Валянцін сіратліва сядзеў на крэсьле, схаваўшы рукі ў задоўгіх рукавах швэдара, нібыта яму было вельмі холадна, мокрыя валасы зьвісалі жаласнымі пасмачкамі… А трэба было б прапанаваць госьцю гарачай гарбаты! Паліна ўзьнялася, ня тое, каб надта ахвотна… Але ейныя добрыя намеры парушыў званок у дзьверы. Адзін, другі, трэці запар… Хто гэта так настойліва просіцца ў госьці?
Дзіна была ў кароткім белым плашчы з перламутравым бляскам – быццам перліна ў ракавінцы. І лёгкія летнія боцікі на высачэзных абцасах – белыя і бліскуча чысьценькія, відаць, гаспадыня прыехала на машыне. А вочы – зьненавідныя.
— Валянцін у цябе?
— Так… – Паліна разгубілася, быццам яе засьпелі на нейкім ганебным учынку, нават у чырвань кінула. Дзіна хуткім крокам, ледзь не зачапіўшы гаспадыню, прайшла ў залу, дзе з крэсла падымаўся ёй насустрач таксама зьбянтэжаны Валянцін.
— Паехалі дадому.
Гэтак спакойна сказала, упэўнена, бяз цені сумніву.
Паліна не любіла, калі ў кагосьці няма ні ценю сумніву. Відаць, Валянцін таксама. Ён выпрастаўся ва ўвесь свой немаленькі рост і азваўся:
— Ну навошта было турбавацца? Прабач, што не дачакаўся, каб папярэдзіць асабіста – але ж я пакінуў ліст.
— Так, дзякуй хоць за гэта…— спакой патроху здраджваў “уладальніцы”. – Але было б сумленьней, каб ты найперш думаў не пра староньніх кабетаў, а пра тую, што дзеля цябе рызыкуе жыцьцём… Пра нас з табой дваіх, урэшце! – Дзіна гнеўна павярнулася да Паліны. – У нас з Валянцінам сапраўды асаблівыя адносіны, каб вы ведалі.
— Дзіна, ня трэба! – Валянцін зноў зьбялеў, як ад болю. – Я заўсёды памятаю пра тое, што ты для мяне зрабіла, і ніколі цябе не пакіну. Але ад таго, што я ад’ехаўся на некалькі гадзінаў – ты і твая фірма нічога ня страцілі.
— “Ніколі цябе не пакіну!” – Дзіна патроху раз’юшвалася.—Хіба толькі таго мне трэба, каб ты сядзеў цэлымі днямі ў майстэрні, ляпіў, маўчаў, і самае большае — паглядаў з пачуцьцём глыбокай удзячнасьці, як Граждан на партыю?
Валянцін упарта сьціснуў сківіцы.
— Я сумленна выконваю нашую дамову.
— І бегаеш за іншымі спадніцамі?
Валянцін кінуў хуткі позірк на Паліну, што зусім забілася ад няёмкасьці ў кут, і без таго загрувашчаны стосамі кніг, ня ведаючы, ці ня выйсьці з пакою падчас сямейнай сцэны. Але Дзіна не зьбіралася адкладаць высьвятленьне адносінаў на потым, і скульптар ціха прагаварыў.
— Нашая дамова ня тычылася… інтымных справаў. Дзіна, ты цудоўная дзяўчына, я ведаю, што ня варты цябе. Ты будзеш шчасьлівай з іншым. Я выканаю ўсё, што ты скажаш, жыцьцё аддам, калі папросіш – яно і так тваё. Але зразумей — ніхто ня ўладны над сваімі пачуцьцямі. Я абразіў бы цябе, калі б пачаў прыкідвацца закаханым… Я разумею, што страшэнна вінаваты… Мы тры гады былі разам…
— Ты проста дурань! – пагардліва кінула Дзіна. –У кожным сямейным жыцьці ёсьць перыяды, калі двое стамляюцца адзін ад аднаго. А ты ўжо ўявіў сабе нешта.
— Мы нежанатыя,— вінавата нагадаў Валянцін.
— Але ж зьбіраліся пабрацца! – амаль крыкнула Дзіна. Яе твар так страшна перакрывіўся, нібыта адбіралася апошняя надзея. – Ты што, перадумаў?
Валянцін моўчкі стаяў, апусьціўшы галаву. Пасьля з цяжкасьцю прагаварыў.
— Прабач…
Віленская гандлярка сьціснула кулакі і кіўнула ў бок Паліны.
— Гэта з-за яе? Можаш не адказваць, ведаю. Чыстыя пачуцьці, рамантычнае каханьне. А гэтая дамачка раскашэліцца дзеля цябе на пятнаццаць тысячаў баксаў?
Валянцін разгублена перапытаў.
— Чаму пятнаццаць? Мы ж столькі ўжо выплацілі…
— А “лічыльнік” “накруціў”! – зьедліва патлумачыла Дзіна. – Будзеце яго выкупляць? – гэта – на адрас Паліны. Тая дрыжачым ці ад хваляваньня, ці ад абурэньня голасам прагаварыла, адчуваючы сябе здрадніцай:
— Я на вашага сябра не прэтэндую.
— Ну вось! – пераможна падрахункавала Дзіна. – Нікому ты, Валік, акрамя мяне не патрэбны. Паехалі дадому. На мяжы якраз чаргі няма, і мытнік знаёмы. У восем будзем на Жыгімонтаса. Купім пляшку шампанскага, а хочаш – піва…