Валянцін упарта глядзеў на сваю “ўладальніцу”.
— Я буду працаваць на цябе дзень і ноч. І калі выплаціцца доўг – таксама. Але не магу падманваць цябе ў асабістым. Няхай нашыя стасункі застануцца сяброўскімі.
Дзіна памаўчала, узважваючы наступныя словы.
— Паслухай, тваёй даме патрэбная чацьвёртая жабка?
Паліна ўсхапілася.
— Вы ведаеце, дзе яе знайсьці?
Але Дзіна размаўляла толькі з Валянцінам.
— Ты – чалавек слова. Я магу здабыць жабку ў абмен на тваё слова гонару – паабяцай, што, пасьля таго, як скончым росшукі скарбу, ніколі больш не сустрэнешся з гэтай паненкай, ня станеш ёй ні пісаць, ні тэлефанаваць. Я нават не прашу, каб ты на мне ажаніўся – бо і так ведаю: выкінеш блазноту з галавы, нашы пачуцьці вернуцца. – І павярнулася да Паліны.
— Хочаш атрымаць чацьвёртую жабку?
Паліна няўпэўнена зірнула на скульптара. Гэтак ламаць чалавека… Ці мае яна права? Але разгадка таямніцы!.. Ніколі ня бачыцца… Сэрца раптам сьціснуў боль. Запярэчыць? Падаць няўклюдзе надзею? Але ж Дзіна дзеля свайго скульптара жыцьцём рызыкуе! Ён усё роўна зьвязаны, прыкуты да сваёй “уладальніцы”!
Ваганьні вырашыў Валянцін, цьвёрда прамовіўшы:
— Паліна хоча мець чацьвёртую скульптуру. Я ведаю, што для яе гэта вельмі важна.
Твар Дзіны прасьвятлеў, яна зноў набыла ранейшую ўпэўненасьць, як пасьля ўдалага гешэфту.
— Значыць, дамовіліся. У суботу прывязу жабку, і ўсе разам, як тады, рушым у Гарнушкі. Знойдзем тое, што шукаем, падзелім па справядлівасьці і – бывайце.
Валянцін нават не зірнуў на разьвітаньне на Паліну. Так і пайшоў з каменным тварам, як палонны вой. А Дзіна яшчэ весела кіўнула няўдалай суперніцы:
— Віншую, выгадная зьдзелка!
Паліна зачыніла дзьверы за нечаканымі гасьцямі. На душы было пагана. Прадала чалавека дзеля сваіх інтарэсаў. Прамаўчала… Вядома, так ці іначай – нічога добрага ня выйшла б. Пятнаццаць тысячаў… Цікава, Дзіна відавочна ня бедная. Тое, што гандлявала на Казюкасе – дык для тамтэйшых, гэта ўсё роўна як для нас на Купальле праз вогнішча скакаць. Далучэньне да старадаўняга сьвята. Джып, фірма, кватэра… Чаму б не прадаць, абы пазбавіцца раз і назаўсёды небясьпекі? Паліна папракнула сябе за нядобрыя думкі.
Дзяўчына разгублена абвяла вачыма сваё жытло. Колькі можна было б за яго выручыць? Ніколі пра гэта ня думалася. Ды анічога – кватэра непрыватызаваная. Што Паліна магла б прадаць? Чым валодае? Некалькі срэбных пярсьцёнкаў, гара кніг ды відэаплэер “Соні”, у якім час ад часу “заядае” кнопка. Ага, яшчэ карціны… Вось тая, з паляўнічым нацюрмортам, падабраная ледзь не на сьметніку, даляраў за сто пайшла б цяпер, далібог.
Паліна заўсёды пагарджала грашыма. Навошта іх шмат? Чым асабліва адрозьніваюцца туфлі ад Гуччы ад туфляў вытворчасьці фабрыкі “Прамень”? Ты ў “фірмовых” перастанеш спатыкацца і хадзіць не туды, куды трэба?
А цяпер Паліна адчувала сябе прыніжанай і бездапаможнай. Нават калі збыць усё да апошняга швэдара – ці назьбіраецца хоць тысяча “зялёных”? Не, яна не змагла б падарыць волю Валянціну. А з дапамогай жабкі – раптам знойдзецца сапраўдны скарб? Залаты леў? Тады і Валянцін вызваліцца! Праўда, не ад слова гонару – з горыччу нагадала сабе дзяўчына. Расстаньне назаўсёды… Ды яшчэ – з якімі ўражаньнямі? Прадала няспраўджанае каханьне…
На стале апынуліся побач літровы слоік з шыпшынавым варэньнем ад Сымона і бюст Рашчынскага, зьлеплены Валянцінам. Цікавая інсталяцыя! Паліна прынесла з лядоўні Стасеву тэкілу – шыкоўная выгінастая бутэлька з залатымі налепкамі, і таксама паставіла на стол. Тры падарункі для прынцэсы… Чый лепшы? З кім быць прынцэсе?
І раптам адчайна заплакала, не зьбіраючыся сама сабе тлумачыць – чаму.
16
— Вінсэнт! Не забудзься – заўтра а пятай адкрыцьцё Салону! Прыходзь абавязкова. Накруцім бакенбарды акадэмікам!
— Вінсэнт! Паабяцай, што калі маю карціну купяць за сто франкаў – вып’еш бутэльку шато-марго!
— Не спадзявайся, Анры, наш бравы Паляўнічы ня вып’е нават на ўласных хаўтурах.
— Твая праўда, Шарль – на ўласных хаўтурах нават ты выпіць ня зможаш.
— Мой Бог, і сапраўды. Я не перажыву гэтай несправядлівасьці!
Чарнявы, як грак, Шарль з вусамі, закручанымі ў тугія чорныя колцы, бесклапотна зарагатаў – нібыта ў яго не было пятнаццаці франкаў доўгу за кватэру, і не прэтэндавалі на яшчэ два не заробленыя франкі зеляншчык і прачка, а ў дом на віа Тарэ-дзі-Нона, у Залаты дом з чароўнай Зізі, яго проста больш у доўг ня пусьцяць. Гэтак жа бесклапотна засьмяяўся і Анры, рудаваты мажны барадач у саламяным капелюшы-канацье. Няхай у кішэні – ані санціма, Бог любіць сьпеўных птушак і заўсёды спашле ім нешта на кавалак хлеба… і бакал абсэнту.
Ля парыжскай кавярні Гербуа квітнелі яблыні, і ружова-белыя пялёсткі асыпаліся на брукаванку, на столікі, вынесеныя пад травеньскае сонца, на агромністыя капелюшы дам у ружовых і бэзавых сукенках, на чорныя цыліндры-“васьмібліскі” наведнікаў. Апошняя рэвалюцыя забылася, як страшны сон – некаторыя з маладых мастакоў, што аблюбавалі кавярню, увогуле нарадзіліся пасьля крывавых падзеяў. Таму дзівакаваты Вінсэнт, сьветлавалосы немалады замежнік, успрымаўся як жывая легенда. Расказвалі, што ён быў сярод камунараў на могілках Пер-Лашэз, што сама Чырвоная Цнатліўка Луіза Мішэль, школьная настаўніца, што натхняла рэвалюцыю, пацалавала яго, бласлаўляючы на бойку. Што пасьля паразы Камуны ён, каб ня трапіць у страшную Каледонію, куды высылалі паўстанцаў, падарожнічаў па Сахары і Тыбеце, паляваў на тыграў, ільвоў ды іншых драпежнікаў – вось і празвалі Паляўнічым. А дзесьці ў сваёй дзікай паўночнай краіне ён учыніў калісьці страшнае злачынства, або перажыў страшную трагедыю, і мае патаемныя скарбы, і ўвогуле ён пазашлюбны прынц... Ды чаго толькі не нагавораць языкі парыжанаў! Галоўнае – месье Вінсэнт (прозьвішча было настолькі цяжкое, што яго ніхто ня мог вымавіць) вельмі разумны і цікавы сумоўца, заўжды спакойны, і за гэтым спакоем хаваецца незразумелая, але вялікая моц. Кожную раніцу пераплываць Сену – гэта трэба мець сілу! Асабліва калі вада пачынае замярзаць. Сьведкі расказвалі, што Паляўнічы нават узімку дае нырца ў палонку – адразу відаць кроў паўночнага дзікуна. Але ж месье Вінсэнт – філосаф, час ад часу чытае публічныя лекцыі. Праўда, не сказаць, каб ягоныя тэорыі былі надта модныя. Сусьветная міфалогія, паходжаньне нацыяў… Цяпер у модзе іншае: мы ўсе – дзеці малпы, спадарства, віват Дарвіну. Затое ў мастацтве слова Паляўнічага – золата! Калі скажа – добра, значыць, заказвай вячэру з шампанскім, ты сапраўды нешта вартае стварыў. Але паспрабуй дачакацца ад нашага Паляўнічага ўхвалы! А галоўнае – ніякіх дзяўчынак. Ніякіх Зізі, Мімі, Марыуччы… Усе нешматлікія любоўныя гісторыі, што расказваліся пра Паляўнічага, былі вельмі заблытаныя і недазваляльна сур’ёзныя.
Светлавалосы Вінсэнт (густая грыва з незаўважнай сівізною, яркія сінія вочы са зморшчынкамі ў куточках, суровы рот) ветла памахаў сябрам рукой на разьвітаньне.
Што ж, яно так заўсёды – час гарматаў і час паэтаў зьмяняюць адзін аднаго ў вечнай каруселі. Ён сышоў з гэтае забаўкі яшчэ трыццаць год таму.
“Паляўнічы”… Гучыць прыемней, чым зацкаваны зьвер.
Паляўнічы любіў Парыж. Апошнія гады горад пераўтвараўся на вачах, і многія абураліся. Забіваецца “дух Лютэцыі”(так калісьці называлася гэтае места). Прасторныя будынкі супермаркетаў, усе са шкла і металу, дзе маладзенькія прадаўшчыцы працуюць па пятнаццаць гадзінаў у дзень, ня маючы права прысесьці й на хвілю; сусьветныя выставы з іх пампезнасьцю, з афрыканскімі і кітайскімі вёскамі, збудаванымі на пару тыдняў… А Цэнтральны рынак — “парасон ад дожджыка”, па выразе Напалеона ІІІ? Хіба ён заменіць вясёлы гандаль на маленькіх пляцах? Ну а супраць Эйфелевай вежы нават праводзяцца мітынгі! Гі дэ Мапасан аб’явіў гэтай жалезнай пачварыне вайну. Нарэшце, Гранд-Опера, збудаваная непадалёк ад ціхай ру Віньён, дзе атабарыўся Вінсэнт, агромністая, як скамянелая хмара… Безгустоўшчына, панове!
Але Паляўнічаму хутчэй падабаліся гэтыя перамены. Вызваляюцца архітэктурныя формы, вызваляюцца фарбы мастакоў, вызваляюцца народы… Толькі ягоны народ цярпліва чакае, пакуль шчасьце неадчувальна апусьціцца з неба, як гэтыя яблыневыя пялёсткі.