Вінцэсь ведаў гэтыя словы напамяць, але кожны раз, як перачытваў, камяк падыходзіў да горла. Жыве Беларусь! Толькі жыве сваім жыцьцём, ад якога ён даўно адстаў.
Рашчынскі прытуліўся да напаленай грубкі. Хутка пачне цямнець… Вінцэсь углядаўся ў далёкія сілуэты гарнушкаўскіх хацінак без адзінага агеньчыка, і яму мімаволі здавалася, што гэта войска пачварных шэрых карлаў, што падрыхтаваліся да нападу. І вось-вось яны адштурхнуцца ад мерзлай зямлі і кінуцца на маёнтак, папаўзуць на яго, рыхтуючыся сьцерці з зямлі…
Што за глупства! Гэта – яго зямля, і ня трэба забывацца, што з-пад дахаў тых шэрых хацінак зьявіўся і Міхась Валевіч, і Янук Вараўня, і іншыя, з якімі ён дзяліў гора і славу змаганьня за волю. Дзесьці там жывуць унукі яго добрай нянькі Агаты, і тая бялявенькая ўсьмешлівая дзяўчынка, што з іншымі вясковымі дзеткамі прыходзіла ў іх маёнтак на Каляды, каб патаньчыць ля панскай ёлкі і атрымаць дзівосныя падарункі. Як жа яе звалі? Марыська?
Неба навісла гэтак нізка, што здавалася – зараз яго праб’юць дзіды голага кустоўя. Да сядзібы павольна набліжалася нечая постаць. Сьвятар! У гэтым не было нічога дзіўнага – мясцовая “эліта” патроху наведвала Вінцэся, спрабуючы зразумець, чаго чакаць ад новага суседа. Мала хто памятаў яго, і не ўсе, хто памятаў, хацелі аднавіць знаёмства.
Сьвятар, відаць, быў зусім стары ці хворы, бо моцна абапіраўся на кульбачку. Ідзе, сагнуўшыся ледзь не ўдвая, чорная шапка з накідкай – значыць, мніх. Вінцэсь пасьпяшаўся адчыніць дзьверы. Стары пераступіў парог і прыўзняў галаву…
Глыбокія зморшчыны, вядома, зьмянілі твар, вочы сталі празрыста-сьветлымі, нібы талы лёд, але шнар… Страшны шнар ад шаблі, праз усю правую шчаку час разгладзіць ня змог.
— Мартын!
Яны абняліся.
— Не магу паверыць, што гэта – ты… — Вінцэсь быў страшэнна ўзрушаны. – Як цябе цяпер называць?
— Я прыняў пострыг яшчэ дваццаць пяць гадоў таму, імя маё ў Хрысьце – Андрэй. — Ваўкалак гаварыў ціха, але голас яго ня страціў цьвёрдасьці.—А рукапалажылі ў сьвятары толькі праз пятнаццаць гадоў. Я быў вялікім грэшнікам.
Вінцэсь глядзеў – і не пазнаваў… Рахманасьць старога сьвятара не была гульнёй. Ён сапраўды прымірыўся са сьветам і з самім сабою. Вінцэсь адчуў раптам страшэнную зайздрасьць. Унутраны спакой! Няма каштоўнасьці большай – гэта разумееш толькі пад канец жыцьця.
Але як толькі зайшла гаворка пра золата, Вінцэсь пазнаў ранейшага непахіснага ваяра.
— Праклятае золата трэба пахаваць назаўсёды! – вочы айца Андрэя збліснулі зацятым агнём. – Праз не заробленае сумленнай працай багацьце намі кіруе Сатанііл! Нам здаецца, што мы ачысьцім грошы, уклаўшы іх у добрую, боскую справу. Але гэта – спакуса. Мы ня ведаем, колькі душаў загіне з-за нашай неасьцярожнасьці і прагавітасьці! Я пераканаўся ў гэтым… — Ваўкалак скрушліва ўдарыў сябе ў грудзі кулаком. – Я даў грошы на пабудову кляштара. А пасьля даведаўся, што на тое ж золата пабудавалі і манапольку, дзе цяпер спойваюць мужыкоў. Грошы раскрадаліся, адзін сьвятар з-за іх стаў расстрыгам, зьбег. Пачаліся інтрыгі з-за таго, хто будзе настаяцелем новай абіцелі… У мястэчку прыбавілася самадаек і кішэнных злодзеяў… А я сышоў адтуль назаўсёды.
Вінцэсь дарэмна спрабаваў спрачацца, нешта даводзіць. Ці варта вінаваціць сябе ў грахах усяго сьвету? У чым Мартын не зьмяніўся – дык гэта ў зацятасьці наконт таго, што лічыў справядлівым. Праклятае золата, здабытае цаной крыві, чапаць нельга. Няхай яно назаўсёды застанецца там, дзе было.
— Урэшце, гэта мусім вырашаць ня толькі мы ўдваіх, — сьцьвердзіў Вінцэсь. – Юзаф сваё слова сказаў – ён хоча, каб золата адыйшло ордэну кармелітаў. Ты лічыш, на яго трэба забыць. Я ўсё яшчэ спадзяюся скарыстаць яго дзеля стварэньня незалежнай беларускай дзяржавы. Але голас мае і Вальжына, і Марцэл, і, урэшце, усе нашыя паплечнікі, хто застаўся жывы. Пакуль ёсьць надзея спытаць іх – мы ня можам вырашаць самі.
Айцец Андрэй прыклаў руку да крыжа, што вісеў на яго грудзях, нібы прыводзячы ў сьведкі сваёй праўдзівасьці Госпада.
— Марцэл падзяляе маю думку. І… Вальжына таксама.
Кроў застукала ўвушшу Вінцэся. Як калісьці, калі ён ляжаў, аглушаны ўдарам варожай шаблі, на полі бойкі.
— Ты ведаеш, дзе яны? Дзе… Вальжына?
Сьвятар паблажліва-сумна ўсьміхнуўся.
— Марцэл – разам са мной. Прыслужвае ў царкве. Ён застаўся без рукі, калі мы біліся пад Маркаўцамі. А Вальжына – у Весьніцах.
Зусім побач! Вінцэсь спрабаваў схаваць хваляваньне.
— І… як яна?
Мартын глядзеў, як бацька на несьвядомае дзіця.
— У Вальжыны ўсё добра. Яна не адна.
— Я рады, што яна выйшла замуж. — Вінцэсь гаварыў шчыра – у яго ня ўзьнікла й ценю дурной рэўнасьці. Галоўнае – каб была шчасьлівай. Каб хоць яе жыцьцё ня сталася пустацьветам.
— Я не сказаў, што яна выйшла замуж. Я сказаў, што яна не адна. У Вальжыны ёсьць сын. А цяпер і ўнукі.
— Сын? – Вінцэсь разгубіўся.
— Так, сын. Яго імя – Марка. Марка Рагманаў.
Ваўкалак сказаў гэта так асабліва, што Вінцэсю стала горача ад раптоўнай здагадкі.
— І колькі яму… гадоў?
— Дваццатага ліпеня будзе трыццаць. Я – яго хросны бацька.
Калі Вінцэсь і Вальжына бачыліся апошні раз, яна ўжо ведала, што чакае дзіця. І нічога не сказала!
На разьвітаньне Вінцэсь ціха спытаўся ў старога сябра:
— Ты дараваў мне?
Айцец Андрэй адказаў гэтак жа ціха.
— Гэта быў яе выбар. І воля Гасподняя. Нам усім трэба выпіваць да донца чару, якую нам даюць на зямным застольлі. Віно там, ці воцат, ці адзіная жывая кропля, якая не спатоліць смагу, а толькі змусіць прагнуць усё жыцьцё. Бывай, Вінцэсь. Бласлаўляю цябе на душэўны спакой і разумныя рашэньні.
Дом у Весьніцах стаў зусім непаглядны – на сьценах пісягі, аканіцы пафарбаваныя ў белае, і ад таго здаюцца бруднымі, а ля ганку з драўлянымі калонамі, таксама пафарбаванымі ў бель – звычайныя сялянскія калёсы з навесам з радна, як у цыганоў.
А можа, усё ўспрымалася так сумна ад таго, што дождж прышываў шэрае неба да чорнай зямлі дробнымі шыўкамі, і дрэвы роспачна працягвалі ўверх голыя галіны, выпрошваючы пухнатага зімовага адзеньня…
Але вось дзіця засьмяялася там, у доме з белымі аканіцамі – і адразу нібыта стала сьвятлей. Божа мой, гэта ж тое самае вакно, перад якім аднойчы былі перажытыя , як здавалася, самыя страшныя ў жыцьці хвіліны! Пасьля ён пераканаўся, што могуць быць яшчэ горшыя.
Вінцэсь наважыўся ўзысьці на такі знаёмы ганак. Сівая кабета ў простай чорнай сукенцы, у белым старасьвецкім каптуры адчыніла дзьверы.
І Вінцэсь усьвядоміў розьніцу – калі глядзіш звычайна, і калі пазіраеш закаханымі вачыма. Падчас сустрэчы з Хрысьцінай ён бачыў перад сабой яе ранейшае аблічча, мог супастаўляць з цяперашнім, сьвядомасьць адзначыла ўсе зморшчынкі, няхай і далікатна замаскаваныя касьметыкай, большую самавітасьць паставы…
Вядома, Вальжына таксама пастарэла. І пастарэла куды заўважней – бо па яе спрацаваных руках, сівых валасах і маршчынах разумелася: была і чорная праца, і душэўныя пакуты. Беднасьць глядзела з усіх кутоў, не прыўкрашаная нават звычайнымі шляхецкімі аздобамі – прадзедаўскім кілімам ці фатэлем, у якім, паводле сямейнага паданьня, сядзеў калісь які князь ці кароль.