ad nomine albarutenia
У імя Беларусі…
— Тут таксама пліта ў падлозе! – крыкнуў Сымон. — Якраз дзе жабка сядзела.
Пліта, на якой сядзела жабка, была не зусім плітой – расколатым напалам валуном. Здавалася, гэтую глыбу немагчыма вывернуць… Аднак уражаньне аказалася падманлівым – скол каменю быў дастаткова тонкі, каб маглі падняць два дужыя мужчыны…
…Пад плітой — насьцеленыя гнілыя дошкі. А пад дошкамі – скрыні. З адмысловага дрэва. Прасмоленага, абабітага металічнымі палосамі – дзеля доўгага захоўваньня. І страшэнна цяжкія. Сымон і Валянцін ледзь выцягнулі адну… Ададраць накрыўку таксама аказалася няпроста. Нарэшце ў вузкай шчыліне збліснула спакуса.
Вось яно, золата паўстаньня. Дзесяць скрыняў.
Дзіна кінулася на шыю Валянціну са шчасьлівым крыкам.
— Цяпер зажывем! Будзеш скульптуры ліць з бронзы! Усю Вільню скуплю!
— Чакайце! – запярэчыла Паліна.—Гэта трэба, мусіць, аддаць дзяржаве. А нам – чацьвёртая частка…
Дзіна зазлавала.
— Ну ты дурная! Начыталася “Дванаццаці крэслаў”, маўляў, знайшоў вартаўнік дыяменты, а на іх палац культуры пабудавалі. Ачомайся. Дзе жывеш? Раскрадуць і дзякуй ня скажуць, а табе сто баксаў за клопаты. Давайце зносіць у машыну. І не хвалюйцеся – у мяне надзейныя сувязі, з намі расплоцяцца, як належыць, падзелімся па справядлівасьці.
Сымон пагардліва сплюнуў.
— Пачынаецца… Я цябе папярэджваў, Поля – будзе паскудства. Мяне можаце ня ўлічваць. Дармовага багацьця не бяру.
Скрыні адна за другой зьяўляліся на паверхні зямлі,
— Пачакайце… – Паліна адчувала, што сьвет яе рушыцца. – Гэта ж грошы ня нашыя! Гэта грошы паўстанцаў, змагароў за волю народа. І ў нас ёсьць іх запавет. Скарыстаць у імя Беларусі! Мы – нашчадкі, нам і выконваць!
— Ага. Зараз закуплю зброі і пайду вызваляць вашую Беларусь… Толькі падкажы, ад каго, – разьюшылася Дзіна. — Вы ж ад уласнай дурасьці вызваліцца ня можаце. Колькі разоў спрабавала наладзіць сумесную фірму – аблом. На хабар чыноўнікам трэба столькі, што можна яшчэ адну фірму заснаваць. І ня варта сьпіхваць на “сістэму”. Усе баяцца новага, усім лянота думаць пра заўтра – толькі б ухапіць кавалак сёньня і ўначы пад коўдрай зжэрці. Каб не дзяліцца і ніхто не пазайздросьціў. Ты хоць раз бачыла тут у пад’ездах кветкі? Не? І ня ўбачыш. Мая сяброўка пагасьцявала ў мяне на Жыгімонтаса, вярнулася – і ў сваім пад’езьдзе паслала дыванок, паставіла гаршэчкі з расадай… Як ты думаеш, што яна назаўтра знайшла? Правільна, толькі трошкі бруду ад нечыіх чаравікаў. Зладзіць добрае прыватнае прадпрыемства — хіба ня будзе на карысьць краіне?
— Дзіна, мы самі ведаем недахопы свайго народу, – спыніў “уладальніцу” Валянцін. – У нас усялякага хапае… І ляноты, і жлобства… Але мы яшчэ здольныя і на ідэалізм. Іначай і гэтае золата не засталося б нескарыстаным. І калі я маю права на долю… Няхай маё дастанецца Паліне. Вы ж паклапоціцеся пра помнік Рашчынскаму, праўда, Паліна?
— Ніякага права на долю ты ня маеш! – “уладальніца” злосна звузіла сьветлыя вочы. — Ты забыўся – у цябе няма і ня можа быць нічога без мяне! Усё – нашае. Ты слова даваў.
— Я трымаю слова. Не хвалюйся.—Валянцін рушыў за апошняй скрыняй… І Паліне стала так балюча, што наступнае прамовілася само, і дурны гонар быў недарэчы гэтак жа, як доўгая сукенка ў лясных зарасьцях.
— Паслухайце, Дзіна… Вы казалі, што ў Валянціна доўг – пятнаццаць тысячаў…
— Заплаціць за яго хочаш? – пагардліва спытала Дзіна. – Позна, даражэнькая. Тое, чым я дзеля яго ахвяравала, даражэй каштуе.
— Ну, у такім выпадку, забірайце ўсё! На ягоны рахунак… Валянцін! Чуеце? І… бывайце. Я паеду на аўтобусе.
Паліна, стрымліваючы сьлёзы, дастала з кустоў сумку.
— Вось гэта па-нашаму! – узрадваўся штурман Сымон. – А на сваіх дзяцей мы заробім!
— Паліна, пачакайце! – Валянцін, кусаючы вусны, павярнуўся да “уладальніцы”.
— Здаецца, раб мае права хоць раз на год падаць голас? Нават сьвята такое адмысловае было ў Старажытным Рыме – Луперкаліі. Ты атрымала столькі, як я ніколі табе не зараблю. Навошта я табе цяпер? Можа, прадала б мяне?
— Што ты пляцеш! “Раб”, “прадала”… Нібы ў клубе садамазахістаў. Ты – мой каханы! – Дзіна ўчапілася за свайго скульптара, як тапелец за выратавальную дошку.—Я – твая гэтак жа, як і ты – мой. Толькі я магу даць табе каханьне, клопат, пяшчоту! Валянцін! Успомні ўсё, што нас зьвязвае! Я кахаю цябе, Валянцін!
— Мілая, добрая, ну зразумей жа – нельга прымусіць чалавека быць шчасьлівым, – скульптар пакутваў горш за “уладальніцу”. – Я не кахаю цябе. Давай разьлічымся з маімі крэдыторамі, скінем з сябе цяжар пагрозы і перастанем мучыць адзін аднаго.
— Сволач!
Звонкая поўха была ня горшай за тую, якой узнагароджвалі сваіх няверных каханкаў усе тэмпераментныя дамы ўсіх эпохаў. Валянцін, нібы не заўважыўшы ўдару, паглядзеў на Паліну…
І яе нібыта пацягнула да яго неадольная сіла…
Такім атрымаўся іх першы пацалунак – з прысмакам жнівеньскай сьпёкі, з горыччу ўласнай віны.
Побач хіснулася нечая постаць – Сымон адвярнуўся ў бок вёскі…
Дзіна не зьбіралася здавацца.
— Ты забыўся, што цябе адпусьцілі з той умовай, каб працаваў у маёй фірме? Калі я дваццаць пятага чысла не заплачу чарговую тысячу даляраў і не пацьверджу, што гэта зарабіў ты, і жывеш пад маім наглядам,– мяне заб’юць. І, ведаеш, мне нешта расхацелася плаціць…
Валянцін адарваўся ад вуснаў Паліны – і нейкі час адчувалася, што ён не ўспрымае рэчаіснасьць, ап’янелы ад раптоўнага шчасьця. Але паступова сэнс пагрозы ўсьвядоміўся.
— Дзіна, гэта проста дурноцьце. Цяпер тысяча даляраў для цябе – не праблема.
— Калі ты так лёгка адкінуў мяне дзеля нейкай чокнутай разьвядзёнкі, дык чаму цябе непакоіць, што станецца са мной?
Цвыркуны адчайна стракаталі-галасілі, нібы на цвыркуновым пахаваньні.
Валянцін пакруціў галавою, быццам спрабаваў скінуць ачмурэньне.
— Чаго ты дамагаешся, Дзіна?
— Сядай у машыну. Паедзем.
Упэўненага тону ўладальніцы ня вытрымаў нават штурман.
— Не кабета – стыхія, – і зьвярнуўся з парадай да Валянціна: — Яны часта любяць палохаць, маўляў, разьлюбіш – атручуся, з балкона скінуся… Чым болей ім паддаешся – тым цяжэй вызваліцца.
— Ну дык што, будзеш правяраць, ці я наважуся не плаціць? Думаеш, усё так проста – узяў і сышоў? Твае крэдыторы могуць на першы раз цябе, між іншым, проста загрузіць у багажнік і прывезьці да мяне, калі даведаюцца, што ўцёк. Ці адразу мяне прыкончаць – я ж абяцала, што нікуды цябе не адпушчу. Ну! Думай хутчэй! Клянуся – ня сядзеш зараз у машыну, плаціць ня буду! Без цябе не хачу жыць! Магу зараз жа аддаць ёй яе долю! Выкідвай дзьве скрынкі з машыны! На, забірай! І трэцюю магу аддаць! І чацьвёртую!
Дзіна выглядала, як скандынаўская Валькірыя – “апошняя з Норнаў, што прыносіць сьмерць”. Яна асьцервянела тузала скрыню са зьліткамі, спрабуючы выкінуць з машыны. Паліне нават стала страшна – вось што значыць выраз: чалавек, здатны на ўсё. Валянцін пагладзіў Паліну па валасах дрыжачай рукой, пацалаваў у лоб… Адыйшоўся, ня зводзячы з дзяўчыны вачэй.
— Любая, гэта – часова… Ёй проста цяпер крыўдна. Яна супакоіцца. Пачакаем да дваццаць пятага. Ты разумееш, я не змагу жыць, ведаючы, што з-за мяне нехта загіне… Я не магу так абысьціся з чалавекам, які выратаваў мяне самай дарагой цаной. І без цябе я таксама не змагу жыць. Я вярнуся, любая.
Паліна моўчкі ківала галавой, пагаджаючыся. І глытала сьлёзы. Валянцін, больш нічога не гаворачы, пайшоў і сеў у машыну. Штурман лёгенька крануў Паліну за плячо.
— Не пераймайся, усё да лепшага. Ануча ён. У каханьні няма кампрамісаў. Яна ніколі яго не адпусьціць, ён ніколі ня сыдзе… А ты будзеш мучыцца. Навошта?
“Уладальніца” між тым чамусьці не сьпяшалася ад’язджаць – можа, сапраўды хацела супакоіцца. Узялася праціраць лабавое вакно…
Справа, нібы чакала дзесьці побач, на шалёнай хуткасьці пад’ехала машына. Таксама “джып”. Толькі большы, з зацемненымі вокнамі, амаль як ваенны…
І выскачылі з яго сапраўды ваенныя… “Сьпецназаўцы” ў плямістых камбінезонах, высокіх зашнураваных чаравіках, з аўтаматамі…