— Усім стаяць! Рукі за галаву!
Адзін з нападнікаў, з шырокім абветраным тварам і класічна перабітым носам, махнуў чырвонай кніжачкай.
— Капітан Фёдараў! Група “Альфа”! Што ў машыне?
Другі ваяка пасьпеў паглядзець.
— Скрыні, падобна што з залатымі зьліткамі, таварыш капітан!
— Так-так, прысвойваньне скарбу… Захацелі дзяржаву падмануць? Перагружайце ў нашую машыну, хлопцы. А вы, усе – стаяць!
Трое хлопцаў-малойцаў пачалі подбегам, згінаючыся ледзь не да зямлі, пераносіць скрыні, быццам жукі –скарабеі камячкі гною. Чацьвёрты, у цёмнай шапцы-шлеме з проразямі для вачэй, высунуўся са сьпецназаўскага джыпу, каб прасачыць за пагрузкай. Усё было ціха, па-дзелавому. Нават Дзіна не верашчала абурана, як можна было чакаць.
Паліне падалося, што трапіла ў адзін з тых кепскіх крымінальных серыялаў, якія любіла глядзець маці. Адна надзея – зараз пойдзе рэклама, і замест амбалаў у камуфляжы пакажацца прылізаны нахабны клоун з парашком “Тайд”, адмываючым нават застарэлыя плямы ад крыві, і ўсе змогуць апрануцца ў белае. Асабліва нябожчыкі.
— Таварыш Фёдараў! – вельмі спакойна зьвярнуўся да камандзіра Сымон. – Я – капітан другога рангу Грынеўскі. Ці магу яшчэ раз зірнуць на вашае пасьведчаньне?
Мардасты капітан паблажліва дастаў сваю кніжачку, паказаў здаля, схаваў…
— Ну што, упэўніўся, капітан?
— Упэўніўся, — гэтак жа спакойна сказаў Сымон. – Памылачка выйшла, калега. На такое пасьведчаньне трэба здымацца ў форме.
І, як адпушчаная пружына, з сілай ударыў камандзіра абедзьвума нагамі ў жывот, перакаціўся па траве…
— Бяжы ў лес, Паліна! Гэта баньдзюгі, ім сьведкі без патрэбы! Ня бойся, у іх не аўтаматы – муляжы.
Далейшыя падзеі Паліна памятала, як праз сон. Вядома, яна нікуды не пабегла, толькі, штурханутая адным з камуфляжных, апынулася на зямлі. Сымона малацілі ўтрох… Ці Сымон малаціў траіх, круцячыся, як факстэр’ер сярод мядзьведзяў? Валянцін рынуўся на дапамогу, вырваўшыся ад Дзіны, якая злосна гарлала:
— Ня лезь! Няхай гэты прыдурак атрымае сваё! Ня ўвязвайся, і ўсё абыдзецца!
Паліна нарэшце ўсьвядоміла жах, які тварыўся каля яе.
— Перастаньце! Няхай забіраюць гэтае клятае золата!
Але мужчыны размаўлялі на сваёй мужчынскай мове, лупячы адзін аднаго гэтак жа, як лупілі адзін аднаго мільёны гадоў падобныя да іх гома сапіенсы. Памылка прыроды! У кожнага жывёльнага віду ёсьць мяжа, закладзена – не забіваць свайго насьмерць! Калі зьвяры мераюцца сілай між сабой, то рогі, іклы, кіпцюры не ўжываюць так, як з ворагам або здабычай. Адзін чалавек ня мае ані рог, ані іклаў, ані кіпцюроў, а на штучную зброю прырода абароны не паставіла…
— А гэты аўтамат – сапраўдны! – мужык у чорнай шапцы-шлеме выйшаў з джыпу, скіраваўшы страшную цацку на скарбашукальнікаў. Не гаворыць – сіпіць, як застуджаны… Адзіночны стрэл суха шчоўкнуў, нібыта зламалася галінка. Узьвілася зьмейка пяску.
— Рукі за галаву! Легчы на зямлю, падлы!
Сымон неахвотна падняў рукі і ўпаў, падкошаны ўдарам аднаго з раззлаваных “мядзьведзяў”. А Валянцін і так ужо ляжаў, зьбіты на горкі яблык. Над ім галасіла Дзіна, прыкладаючы насоўку да скрываўленага носу сваёй “маёмасьці”.
— Нясіце астатнія скрыні, і паехалі! – прасіпеў чалавек у шапцы, які, падобна, і быў тут галоўным.
Валянцін рашуча адхінуў рукой Дзіну, прыўзьняўся і зьвярнуўся зусім спакойна да таямнічага камандзіра.
— Прывітаньне, Валянцін. Табе варта было б яшчэ надзець і пальчаткі. Татуіровачка твая піжонская здалёк відна.
Кісьць левай рукі галоўнага абвівала каляровая вытанчаная зьмейка. Камандзір сьцягнуў шапку, з асалодай абцёр спацелы твар, скептычна паглядзеў на сваю руку і прамовіў нармальным, нават прыемным барытонам.
— Трэба ж… Пагарэзьнічалі ў маладосьці, а цяпер на ўсё жыцьцё – праблема. Ну, прывітаньне, напарнік.
Сымон тузануўся, але бясьсіла замёр пад скіраваным на яго дулам аўтамата.
Паліна на ўсе вочы глядзела на злавеснага двайніка віленскага скульптара. Калі папраўдзе – дык нічога злавеснага ў ім не было. Каржакаваты, кароткія цёмныя валасы, вочы, як чорны алей, грыбастыя вусны… Сапраўды, трохі падобны да Андрыяна Чэлентана… Пабітага беларускай бульбай у калгасным клубе. Хоць глядзеў такім ужо пераможцам – як смык над скрыпачкай.
— Дык вось адкуль у Дзіны аказалася чацьвёртая жабка… — змрочна зазначыў Чарапавіцкі. – Ты перадаў?
— Здагадлівы! – усьміхнуўся напарнік. – Дзе – дурань-дурнем, а дзе здагадлівы. Аднаго ня ведаеш – я тады ў Гарнушках не адзін быў, а з прыпыленым навукоўцам Артурам. Студэнт былы ягоны ў мяне падпрацоўваў, вось і парэкамендаваў. Ваш Артур сядзеў якраз бяз працы, і жонка сышла. Гатовы быў хоць вартаўніком, хоць грузчыкам. Я яму сказаў – трэба на рэстаўрацыю магільныя пліты забраць. Пашкадаваў “біча”, былога інтэлігентнага чалавека… А ён запіў, падла, як толькі да сельмагу дайшоў. Павезьлі назад, паклаўшы паўзьверх тых плітаў. Відовішча… Затое па п’яні тое-сёе расказаў. Ён увогуле, як пачне гаварыць пра гісторыю – хоць выключальнік да яго прымацоўвай. Але тут я прасёк – справа цікавая. Шыфры, скарбы… Жабку я сам знайшоў, вымяняў у адной бабулькі за батон.
— Гэта вы забілі Артура? – выгукнула Паліна. Напарнік толькі незадаволена скрывіўся.
— Ды каму трэба было яго забіваць! Проста пасьля вяртаньня з Гарнушак ён стаў хавацца і асьцярожнічаць. Ад усяго адмаўляўся. Але пасьпеў распавесьці мне пра ліст… Як яго… Людвісара.
— Той ліст, які вы скралі з архіву? – удакладніла Паліна.
— А як жа было яго пакідаць? Я адно дзіўлюся вам, навукоўцам. Гэта ж колькі дабра ў вас пад носам прападае – шукайце толькі, супастаўляйце, аналізуйце… Той ліст акрамя п’яніцы Артура за ўвесь час існаваньня архіву нікому не спатрэбіўся. А Людвісар у ім наракае, што мільён рублёў золатам недзе марнуецца, а золата належала калісьці Людвісарам, і што Рашчынскі сквапнік і недарэка, і мог бы падзяліцца, раз сам ня здольны скарыстаць… Ну і іншае. Мы хацелі толькі разгаварыць вашага Артура, паглядзець ягоныя паперкі – паўсюль жа з сабою цягаў… А тут на табе – аблом. Выпіў – і адключыўся. І пачарнеў, як баклажан. І паперак няма — пасьля ў жонкі выкупілі, і то прыстрашыўшы. І жабка ягоная зьнікла. Так што дзякуй табе, — напарнік насьмешна пакланіўся Валянціну. – Думаеш, Дзіна дарэмна падказала жабак ляпіць на продаж? Жабак сваіх ляпіў, на жабку дзяўчыну злавіў. На дзяўчыну сам запаў… Вось і ўсё знайшлося.
— А навошта вы ў нас каменьні шпурлялі, калі мы былі на Крыжовай гары? – пацікавілася Паліна. Напарнік толькі плячмі паціснуў.
— Гэта не да мяне прэтэнзіі. Нічога ня ведаю.
— Дык вы ад пачатку з Дзінай хаўрусаваліся… — задумліва прагаварыў Валянцін.—А я думаю – чаго гэта яна на ўсе авантуры так ахвотна пагаджаецца…Адпускае мяне ў Менск… І вось золата адбіраеце, дзяліцца ні з кім ня трэба, і Дзіна зноў бедная, і мне трэба далей укалваць на ейных кліентаў. Ведаеш, колькі я анёлкаў за гэтыя тры гады наваяў для прыкрасы маёнткаў? Мармуровае неба засяліць можна!
Дзіна нешта гаварыла, абяцала, нагадвала, але Валянцін ня слухаў, упарта адварочваючыся. Напарнік насьмешна зірнуў на былога сябра.
— Каханьне, мой дружа! Дзеля каханьня жанчына гатовая на ўсё.
Сымон ірвануўся наперад, як чырвоная пантэра. Двое амбалаў ледзь стрымлівалі яго.
— Каханьне!.. А помніш Сьвятлану з “Папараць-кветкі”? Перакладчыцу, якой мазгі пудрыў пра сваю геніяльнасьць? Калі ты мужык – выходзь біцца сам-насам! Я — ейны муж!
— Толькі мне й спраў, што памятаць усялякіх дурніц! – пагардліва кінуў напарнік. – Яшчэ біцца з-за нейкай патаскухі… Не перажывай, мужык – я доўга ні з воднай ня быў.
Пасьля гэтага ніякія сілы не маглі стрымаць штурмана. Ён раскідаў камуфляжнікаў і…
Напарнік выстраліў проста з перапуду. Гэта было відаць па тым, як ён сам спалохаўся выніку. Дрыжачыя вусны паўтаралі:
— Блі-ін… Чаго ён палез… Халера…
Паліна кінулася да Сымона, які ўпаў тварам у сьпякотнае неба – на вуснах зьявіліся чырвоныя пухіры. Кроў… І плямы на грудзях…Чырвонае на чырвонай кашулі… Гарыбальдзійцы сьпецыяльна апраналі кашулі такога колеру, каб ніхто не заўважаў ранаў. Відаць, лёгкія прабітыя. Паліна паспрабавала прыўзьняць галаву параненага, з другога боку намагаўся неяк даць рады Валянцін… Дыханьне вырывалася з грудзей штурмана сутаргава, са страшным хрыпам… Ілжэ-капітан Фёдараў таксама схіліўся над параненым, выпрастаўся, з прыкрасьцю зазначыў.