Выбрать главу

— Усё, гамон… Маем трупец.

— Ты ж мне абяцаў, што будзе ціха! – з Дзінай утварылася сапраўдная істэрыка. Яна разьятрана кідалася на забойцу і трэсла, як дарагое футра, якое, як выявілася, за зіму пабіла моль. – Што цяпер рабіць! У мяне бізнэс! Мне ліцэнзію трэба пераафармляць! Ідыёт! – і раптам амаль спакойна, па-дзелавому. – Усё, я нічога ня ведала пра твае намеры, ты падступна напаў на нас, каб адабраць скарб, які мы везьлі здаваць дзяржаве. Разьбірайся з трупам сам. Валянцін, паехалі. І ты, разумніца… Робім ногі.

Напарнік злосна раздзьмуў ноздры.

— Вось як? Нічога ня ведала! Сама ўсё прыдумала, а цяпер – на мяне зваліць? Ну, раз так, дык так. Сумленьніца! Гераіня! – і зьвярнуўся да Валянціна. – Хочаш ведаць, хто твой сапраўдны крэдытор? Каму належалі грошы па тых накладных? Ды вось ёй, Дзіне!

— Ня слухай яго! – віскнула Дзіна, але напарнік толькі злосна зарагатаў.

— Ну і павесяліў ты мяне, дружа! Гэта ж трэба быць такім дурнем! Ну хіба табе ў чэрапаўку не прыйшло – якая справа рэкецірам, хто ім грошы заплоціць? Нашто дамова, каб ты стаў прыгонным гэтай сьцярвозы? Мы ж з ёй разам справы праварочвалі. Прыдумана тонка! Яна бачыла, які ты сумленны, сабой мог рызыкнуць – але не чужым жыцьцём. Ты ж нават ня ведаеш, які попыт на твае скульптуры! За пару месяцаў вунь на такі джып зарабляеш. Праўда, Дзіначка? А на піва яна табе хоць выдзяляла час ад часу?

— Што ты плявузгаеш? – раўнула Дзіна. – Ён меў усё, што хацеў!

— Відаць, ня ўсё.

Валянцін адштурхнуў Дзіну, якая прыліпла да яго з апраўданьнямі, і, з цяжкасьцю вымаўляючы словы, зьвярнуўся да былога напарніка.

— Слухай, я ўсе гэтыя гады хацеў папытацца… Чаму ты так са мной абыйшоўся? Я ж нічым цябе не пакрыўдзіў…

Твар напарніка нібы абсунуўся, застарэлая нянавісьць бліснула ў масьляністых вачах.

— Ты сам з сабою “абыйшоўся”! Раней ты быў – усё, а я нішто. Цяпер – абмяняліся. А якія амбіцыі ты меў! Выкладчыкі карагодам хадзілі: “Надзея, надзея…” А чаго ты насамрэч варты? Нават Богам дадзены талент, за дзясятую долю якога іншы б жыцьця не пашкадаваў — спляжыў! “Ах, ня ўсім быць Мікелянджэла”. Як я пагарджаў табою, калі ты згадзіўся на маю прапанову рабіць помнікі! І я назіраў, як ты апускаешся, з радасьцю… Так, але і з болем. Табе гэтага не зразумець. Ты – проста няўдачнік. Ніхто. Наложнік багатай дамы, што жыве з ейнай літасьці. Ніжэй апусьціць цябе было цяжка.

Напарнік амаль крычаў, яго трэсла, як ад болю, і яго зласьлівая радасьць сапраўды была з прымешкам пакуты.

— Я не вінаваты, што ты не застаўся ў мастацтве…— ціха прагаварыў Валянцін.

— Шэф, ад новапрастаўленага пазбавіцца б… Можа, у той склеп яго й засунуць? – умяшаўся ў гаворку ілжэкапітан. – І гэтым раты б паза­крываць…

Валянцін ускінуў галаву і жорстка зірнуў на напарніка.

— Я не дазволю табе так абысьціся з целам чалавека, чыйго пазногця ты ня варты! Можаш забіць мяне таксама – маўчання ад мяне не дачакаешся.

Сонца хілілася пад цяжарам сваёй сьпёкі да далёкай вёскі. Напарнік пачаў нярвова перагаворвацца са сваёй камандай, Дзіна час ад часу нешта дадавала ад уласнай істэрыі…

Паліна гэтага ня чула – яна стаяла на каленях каля Сымона, трымаючы яго цяжкую халодную руку ў сваёй, і сутаргава ўсхліпвала… Няўжо сапраўды – памёр? Раптам штурман захрыпеў…

— Ён яшчэ жывы! – ускочыла Паліна. – Ён жывы!

Напарнік падбег да параненага, нахіліўся…

— Сапраўды, жывы! Мацак! Ну, вось што… Грузіце яго ў машыну! Хутка! Завязу ў адну бальніцу… Там у мяне ўсё куплена, урачы — акадэмікі. З таго сьвету выцягнуць, і пытаньняў задаваць ня стануць. Месца ціхае, адасобленае. Пад аховай… Ды ня бойцеся – я жулік, а не забойца. Вядома, языкі будзеце трымаць на прывязі, і праз колькі часу атрымаеце назад свайго сябра зацыраваным.

Сымона асьцярожна паклалі ў ваенны джып. Дзіна закрычала:

— Пачакай! Я перадумала! Аддавай маю долю цяпер жа!

Напарнік раздражнёна крыкнуў:

— Ды скіньце вы ёй пару скрынак! Няхай задушыцца.

— Ня пару, а пяць!

Першая скрынка, прыадчыненая, з грукатам ударылася аб зямлю. Накрыўка адкінулася, і на сухую траву ўпаў залаты зьлітак… Пераламаны напалам.

Першым заўважыў гэта ілжэ-капітан і аслупянеў.

— Што за халера…

Напарнік выскачыў з машыны, падняў два асколкі… Унутры была нейкая цёмная маса.

— Чыгунная балванка!

Усчаўся гвалт. Зьліткі даставаліся, іх стукалі адзін аб адзін… І паўсюль з-пад бліскучай абалонкі выглядала чорнае плябейства.

— Паслухайце, там жа чалавек памірае! – адчайна крыкнула Паліна. Напарнік спыніў лаянку.

— Усё. Паехалі. А то і праўда наш супермэн памрэ… Што тады рабіць? Бывай, Чарапавіцкі! Ты халерна таленавіты, паскуда.

Джыпы разьехаліся ў розныя бакі, і пыл паімчаў па сухой траве, нібы ведзьміна вясельле. Паліна і Валянцін засталіся стаяць на ўскрайку лесу, пасярод раскіданых брускоў падманнага золата і крывавых плямаў. У крыві была і ўся адзежа… А Валянцін яшчэ і выглядаў, як пасля допыту “с пристрастием”.

І што ім заставалася рабіць?

Толькі абняцца… Ухапіцца адзін за аднаго – каб больш не згубіцца ў гэтым сьвеце ілжы і падману, высакародства і болю.

Такім было іх каханьне – з прысмакам горычы і болю, з цудоўным, бясконцым жыцьцём наперадзе…

Бо ў такія хвілі, вядома, жыцьцё здаецца бясконцым.

І толькі паэт ведае, што пясок бясьсіла ссыплецца з рукі таго, хто на сустрэчу спадзяецца, ды сьпіць зьмяя там, дзе палала сэрца.

18

— Вельмішаноўны пан Вікенці Рашчынскі з маёнтка Гарнушкі! – слуга ў зялёным аксамітным сурдуце з залатымі гузікамі (два, на круглым жываце, расшпіленыя, і відаць ня надта белая кашуля) крычаў так, што напружваліся жылы на тоўстай шыі, і твар чырванеў, як рэвалюцыйны сьцяг.

Вінцэсь азіраўся з прыкрым пачуцьцём чалавека, які трапіў у сьвет крывога люстэрка. Нібыта ўсё пазнавальнае, але пачварна скажонае, расплывістае. Палац усё гэтак жа ганарыста ўзвышаўся над навакольлем, але гэта быў гонар банкрута. Калоны страцілі колішнюю белізну, як і нямытая кашуля лёкая. У былых венецыянскіх каналах гайдалася на восеньскім вятры сухое бадыльлё, і таемная расьліна луньнік дражнілася-трапятала бліс­кучымі круглымі манетамі, за якія ня купіш анічога, акрамя подыху гэтага восеньскага ветру. Усё было спавіта санлівасьцю, на ўсім меўся адбітак руйнаваньня. Затое ля ўваходнай лесьвіцы зьяві­ліся дзьве новыя скульптуры – мармуровыя рымскія героі ў лаўравых вянках і латах. Вінцэсь прыгледзеўся і з жахам усьвядоміў, што фанабэрыстыя фізіяноміі патрыцыяў нагадваюць твар Стася! Аднекуль з бакавога флігелю даносіўся бадзёры стук. Паколькі побач пуставалі яшчэ два пастаменты, можна было здагадацца, што й там апынуцца ўрачыстыя каменныя балваны з абліччам гаспадара. Гэтая дурная раскоша яшчэ больш падкрэсьлівала агульны заняпад, які цараваў ня толькі вакол палацу, але і ў пакоях. Растаўсьцелыя лёкаі, нявымытая чарка на століку, апошняя восеньская муха, якая цяжка кружляла над ёй; карціны, састаўленыя ля сьценаў і накрытыя пыльным радном – відаць, у чаканьні рэстаўрацыі, якая невядома калі высьветліць іх фарбы…

— Няхай літасьцівы пан пройдзе як найхутчэй – высакародны пан Станіслаў Людвісар з нецярплівасьцю чакае найпрыемнейшага візіту літась­цівага пана, і ўсе вашыя пакорлівыя слугі рыхтаваліся да найпрыемнейшага візіту найясьнейшага пана, і наш найясьнейшы пан найшчырэйша просіць выбачэньня за свае хворыя ногі, хворасьць якіх перашкодзіла яму ўласнай персонай з прыемнасьцю сустрэць вельмішаноўнага госьця… — лёкай старанна зьвіваў велягурыстыя фразы ў клубок з фальшывага золата, блытаючыся ў слоўных зьвівах. Вінцэсь нецярпліва адсунуў гаваруна ўбок і хуткім крокам увайшоў у гасьцёўню.