Выбрать главу

— Прывітаньне, Станіслаў! Вельмі рады быў атрымаць твой ліст...

Астатнія словы засталіся непрамоўленымі. Вінцэсь прыблізна ўсьведамляў, якое відовішча яго чакае… Але паміж “прыблізна” і “насамрэч” адлегласьць куды большая, чым ад Масквы да Варшавы. Ніякае крывое люстэрка не змагло б ператварыць колішняга танклявага, даверлівага Стася з вялікімі блакітнымі вачыма, з вечнай вінаватай усьмешкай у гэтага самазадаволенага таўстуна, падобнага да карыкатуры на імператара Луі Філіпа, папулярнай ў Францыі. Чырвань твару рабілася яшчэ заўважней на фоне сьветлых кудзераў – лысіну на макаўцы кампенсавалі пышныя бакенбарды. Вочы, праўда, не зусім заплылі тлушчам – але якімі яны сталі пустымі! Як мутны вясновы лёд…

— О, Вінцэсь! Зусім не зьмяніўся! Прабач, не ўстаю – хварэю ўсё… А ты, відаць, гэтак жа ў палонцы штодзень плёхаешся? Волат, герой! Сядай во сюды… Пабліжэй… Сы-ыдар! – грамавы вокліч змусіў Вінцэся ўздрыгнуць. – Сы-дар!

Таямнічы “Сыдар”, надзіва танклявы, як бізун, з чорнымі, як прыклеенымі, вусікамі забег у гасьцёўню і схіліўся ў паклоне.

– Чаму шампанскае на стол не паставілі? Сківіцу зьвярну набок, цалавацца развучышся! Нясі!

Перад вялізным выгодным фатэлем, у якім разваліўся Стась, захінуты ў заліты на грудзях віном персідскі халат, грувасьціўся стол, што ледзь не прысядаў на тонкіх нагах пад цяжарам страў. Лёкай спрытна наліў Вінцэсю віна…

— Ну, за сустрэчу, стары сябра!

Вінцэсь адчуў, што просьба замяніць віно якім ліманадам скончыцца вадаспадам непатрэбных угавораў і папрокаў, таму прыгубіў чырвонага напою (сапраўды добрага) і зачапіў відэльцам нешта экзатычнае… Падобна да амара, але прыгатаванага вельмі асабліва.

Размова атрымлівалася нейкая дзіўная… Як рэчка ў афрыканскай саване, якая то перасыхае, то зноў выблісквае на паверхню. Стась неяк пазьбягаў успамінаць мінулае. Вінцэсь думаў – гэта ад таго, што няёмка за свой цяперашні стан. Скардзіўся на сястру: такая жорсткая, такая сквапніца! Але адчувалася, што галоўнае, дзеля чаго і запрошаны госьць, не прамоўлена. Нарэшце, праз шматлікія намёкі, расплывістыя скаргі зра­білася зразумела: Стась спрабуе зьвярнуць гаворку на грошы паўстанцаў, якімі стары Людвісар выкупіў жыцьцё сына. Паступова, з кожнай новай бутэлькай віна, выказваньні гаспадара рабіліся больш акрэсьленымі. Чаму золата так і ляжыць бяз справы? Хіба нельга знайсьці яму карыснае прымяненьне? Вядома, Вінцэсь толькі вярнуўся, блага ведае, што сёньня адбываецца на Беларусі. А вось Людвісар мае на прыкмеце людзей, якіх толькі падтрымай грашыма – і такую рэвалюцыю ўчыняць, што маскалі адсюль шугануць, як восеньскае лісьце з ветрам!

Вінцэсь слухаў і маўчаў. “Рэвалюцыя!” Цікава, які сэнс укладае сёньняшні Стась у гэтае слова? Бачыць сябе новым Напалеонам? Адабраць у “чужых” паноў і перадаць “сваім”? І тыя, і тыя гавораць з беларускім народам на розных мовах. Хто і як скарыстае ахвяраваныя грошы? Людвісар, дакладна – на рэдкія віны і мармуровае ўвекавечаньне ўласнага аблічча. А можа, марыць аднавіць венецыянскія каналы?

Бедны Стась… Вінцэсь не адчуваў да яго пагарды – толькі ўласную віну. Марка загінуў з-за праклятага золата… Але – Вінцэсь цяпер бачыў гэта ясна – загінуў і Стась.

Толькі падчас разьвітаньня былы рамантычны юнак праглянуў праз азызлую чырвоную маску. Рыданьне раптам перакрывіла твар Людвісара, ён, нязграбна чапляючыся рукамі за парэнчы фатэлю, устаў, падняў непад’ёмнае, нібыта чужое, цела, абняў Вінцэся, павіс на ім – той ледзь не паваліўся… І плакаў, плакаў, прыгаворваючы нешта няўцямнае: “Вось, бачыш, мілы… Няма мяне… Няма… Як ты казаў – экзістэнцыйная адсутнасьць? Хадзіць не магу… У люстэркі не гляджуся. А мы ж верылі! Мы ж змагаліся! Каб рэспубліка, і прыгожыя дамы, і шчасьлівыя людзі, і песьні пяюць у садах пад вокнамі! А ў мяне пад вокнамі ўчора пейзане нашыя ўлюбёныя жанчыну камянямі пабілі. За тое, што малако ў кароў адбірае. Ды я нават у Шлісельбургу шчасьлівейшы быў! У мяне аж у грудзях шчыміла ад гонару – што паміраю за радзіму. Як жа так сталася? Што з намі сталася, Вінцэсю?”

На чорную зямлю падаў сьнег, яшчэ вільготны, слабы. Ён ня мог справіцца з пануючай чарнатой, нават коштам уласнае сьмерці. Наадварот – каб захаваць бель, ён мусіў быць моцным і жорсткім. Але для гэтага павінен быў прыйсьці час.

Пакуль яшчэ не настаў час сьнегу і чысьціні.

Ночы рабіліся ўсё даўжэйшымі, сустрэчы з былымі знаёмымі – усё пакутлівейшымі. Адна радасьць – глядзець на сына, на ўнукаў… Гэтага Вальжына не забараняла. Але прымусіла паклясьціся – яны ніколі не даведаюцца пра скарб. Залаты праклён не пяройдзе наступным пакаленьням.

Вінцэсь часам адчуваў сябе зусім бездапаможным. Ён памрэ. Памрэ Вальжына, Мартын… І грошы, здабытыя такой дарагой цаной, прападуць! Ён аніяк ня мог пагадзіцца з тым, што вырашылі сябры. Так, ён ня бачыў пакуль сілы, якой можна перадаць золата. Але, урэшце, яшчэ Русо даў параду народам: ня можаце перашкодзіць таму, каб вас праглынулі – пастарайцеся хаця б, каб вас не маглі пераварыць. На захаваньне самасьці, адраджэньне нацыянальнай культуры таксама патрабаваліся сродкі! Але Вінцэсь ня мог распарадзіцца сам.

І ён пайшоў да адзінага чалавека, які б мог даць яму параду… І які ўжо ня мог яе даць. На магілу бацькі.

Надмагільле пана Антона Рашчынскага было вельмі простым, як ён і хацеў. Чорны мармур, крыж, перавернутая паходня...

У іх колах у Парыжы вальнадумства сталася ледзь не законам. Рашчынскі не падзяляў скептыцызм сваіх сяброў наконт рэлігіі, але не зьбіраўся адпрэчваць і прагрэс і наракаць, што кожнае вынаходніцтва – ад Сатаны. Быў перакананы: навука, якая цяпер нібыта знаходзіць пацьверджаньні атэістычнай тэорыі, калісьці проста дасягне такога ўзроўню, што пачне атрымліваць доказы існаваньня Вышэйшай Сілы. Цяпер жа чалавецтва цешыцца са сваім прагрэсам, як з новай, самай лепшай у сьвеце, цацкай, і драўляны конік падае голас і звонка б’е капытамі. Бескарысна даводзіць дзіцяці, што драўлянаму коніку не патрэбнае сена, а абарыгену Берага Слановай Косткі – што кінуты ў хвалі драўляны ідал ня спыніць буры. Ды ці варта шукаць недзе доказаў — калі чалавек прыслухаецца да самога сябе, ён адчуе прысутнасьць Бога ва ўласным сэрцы.

…Як спалучыць сябе з жыцьцём, разьбіць вакол шкляныя сьцены? Ня намі збудаваны дом, які яднае нашыя цені… Спадар! Што – розуму сіло Таму, Хто – усяму прычына? Кляйна няма – “дабро” ці “зло”, узважваць лёсы немагчыма. Усё – ва ўсім, і мяжы няма. Ты – гэта я, і ўсё – брыдота. Усе адрозьненьні – падман, сусьвет – трызьненьне ідыёта для лялькі, што парвала ніць, якой яе вадзілі зьверху. Так, лялька вольная… Ляжыць, ня вартая ні сьлёз, ні сьмеху. Няма адгадкі. Ёсьць – адказ, даўно вядомы – і забыты. І нехта прыўзьнімае нас убачыць рая краявіды. А нас цікавіць той агонь, што ў спратах плавіць хвілі-кулі… Мы – безнадзейныя, і скронь не сівізна, а кроў кранула…

Вінцэсь ня цешыў сябе надзеяй, што нават па самай шчырай ягонай малітве да яго спусьцяцца ў відочным вобразе анёлы ці зьявіцца з таго сьвету бацька. Проста ў гэтым месцы можна было засяродзіцца, усьвядоміць свае патаемныя сумнівы і спадзяваньні і, можа быць, адчуць, на якіх – блаславеньне, на якіх — праклён.

Вінцэсь моўчкі ўкленчыў перад надмагільлем. Побач, у асобнай капліцы ўнутры касьцёлу – магільныя пліты іншых Рашчынскіх. Толькі пра­дзеда Ганорыя няма – але ён нават сваёй адрынутасьцю дапамагае нашчадку знайсьці правільнае рашэньне… Бо застаюцца адны магілы. Застаюцца заўсёды… І да магілаў продкаў заўсёды будуць прыходзіць нашчадкі. Да ягонай, Вінцэся, магілы таксама нехта прыдзе. Можа быць, у тыя часы, калі пракляцьце, што нібыта ляжыць на схаваным золаце, страціць моц?

Цяпер Вінцэсь ведаў, што яму рабіць. Ягоным запаветам стане ўласнае надмагільле. Ён падкажа далёкім нашчадкам шлях да золата. Трэба прыдумаць шлях, які можа прайсьці толькі чалавек, надзелены розумам і абазнаны ў гісторыі сваёй краіны. Толькі той, хто любіць Беларусь гэтак жа, як любілі яны.

…Лебедзь прапяе вам сваю апошнюю песьню.

Сьмерць пакажа пачатак шляху.

Воўк і леў – скажуць пра золата, якое нараджаецца ў сьмерці. Воўк стане Ваўкалакам – так мяняліся іх лёсы дзеля Радзімы, і ў зьвярынай абалонцы хавалася высакароднае сэрца.