А галоўнае ён даверыць распавесьці нявартым, бедным істотам. Можа быць, у вобразе адной з тых істотаў калісьці ён сам, паводле нямецкай прымхі, стане выконваць тое, што паабяцаў – і ня выканаў пры жыцьці?
Час у яго яшчэ ёсьць. І засталіся залатыя манеты. Няхай думаюць – звар’яцеў, дзівак… І варта запрасіць скульптара з Людвісарава. Працуе, кажуць, хутка…
А людзі сапраўды лічылі, што пан звар’яцеў. Маёнтак занядбаны, разрабаваны, а гаспадар траціць шалёныя грошы на ўласнае надмагільле, хоць яшчэ жывы і не такі ўжо стары, каб лічыць апошнія гадзіны. Скульптар працаваў сапраўды хутка, тым больш заказчык дакладна ведаў, што ён хоча. Нават асобныя дэталі пажадаў выканаць сам, калі папраўдзе – дык толькі псаваў фігуры дзікунскімі арнаментамі. Мармур, граніт, нават малахіт не давялося везьці здалёк – у Людвісаравым хапала нявыкарыстанага дзеля аздобы палацу. Адлютавала зіма, адплакала адлігамі вясна, адсьпявала птушкамі лета. У цьмяны лістападаўскі дзень Вінцэсь са складаным пачуцьцём глядзеў на месца свайго будучага супакаеньня і пагладжваў сьпіну каменнай жабкі, што сядзела на краі пастаменту.
— І што ж ты задумаў, панок?
Гэты голас немагчыма было забыць. І нянавісьць, якая ў ім гучала, таксама. Марцэл Алейшчык зрабіўся зусім сівы, толькі вусы захавалі крыху колішняга чорнага колеру. Замест магеркі – чорная шапачка дзякана. Паўзьверх простай расы накінутая шэрая бравэрка… Адзін рукаў – пусты, засунуты ў кішэню. А вочы – гэткія ж пранізьлівыя.
Не, нянавісьці, напэўна, больш не было – хутчэй, падазронасьць. Але любові ня чулася таксама.
Першае памкненьне Вінцэся было – прывітацца, выказаць радасьць ад сустрэчы – мала што непаразумеліся трыццаць год таму. Але Марцэл пагрозна ўсьміхнуўся, як і тады.
— Не зьмяніўся ты, панок. Зноў нешта хітруеш. Навошта грувасьціш гэтыя стоды? На той сьвет сьпяшаешся? Ці з магілы спадзяешся парадвацца, як багата пахаваны? Кляўся, што ані шэлега – на сябе. Значыць, нештачкі задумаў.
— Гэта мая справа, Марцэл.
— Не, гэта нашая справа! Усіх, хто захоўвае таямніцу. Прашу ад імя тых, хто загінуў і хто яшчэ жывы – ня руш мінулае! Ня ведаю, навошта ты ўсё задумаў, што за гэтым хаваецца, — Марцэл абвёў рукой надмагільле, — але табе ж будзе лепей, калі ты сам гэта зруйнуеш.
Вінцэсь упарта глядзеў на Марцэла.
— Хіба чалавек ня вольны хаця б падрыхтаваць сабе магілу па сваім гусьце?
— Мая справа – папярэдзіць, — Марцэл нядобра ўсьміхнуўся. – Ты ведаеш, што ў Гарнушках неспакойна, людзі расказваюць немаведама што пра твае патаемныя скарбы – іначай на якія сродкі шыкоўнае надмагільле? Дарэмна, ой, дарэмна паказаў ты ім хвост залатога цяльца. І на фундатарства лякарні айцец Андрэй не бласлаўляе.
— Ну а гэта яшчэ чаму? – абурыўся Вінцэсь. – Гэта ж для сялянаў! Для беднаты!
— На падмурку зла нельга збудаваць дабро. Адумайся, панок.
А потым былі доўгія лістападаўскія ночы. Такія самотныя, што агонь у каміне здаваўся лепшым сябрам на сьвеце. Філасофія перамагае мінулае і будучыню, але цяперашняе перамагае філасофію. Ад адзіноты не было ратунку. Вінцэсь так і не займеў сталую прыслугу. Базыль адразу зьехаў у Гародню. Прыходзіла гатаваць есьці кухарка, ды яшчэ адна кабета прыбірала ў пакоях. Гэта цяжка было назваць кампаніяй. Вядома, Вінцэсь стараўся бавіць як мага больш часу ў Весьніцах. Але Вальжына проста “падкасіла” яго, параіўшы ажаніцца з маладой суседкай.
— Ты ж мужчына самавіты, дужы, прыгожы, у цябе закахацца ня цяжка. Завядзі нарэшце сям’ю…
І дарэмна ён даводзіў, што яго сям’я – тут, у Весьніцах, і іншай яму ня трэба.
Занадта шмат дарог прайшлі яны паасобку. Фактычна – усё жыцьцё.
А праз вёску хадзіць было проста страшна, хоць Вінцэсь у гэтым сабе не прызнаваўся. Людзі пры ягоным зьяўленьні разьбягаліся, як ад “струпляватага”, пракажонага. А аднойчы за ягоным вакном павесілі на дрэве дохлую варону. Пагроза была зразумелай. Праўда, Вінцэсь ведаў, што вароны ў сусьветнай міфалогіі маюць ня толькі значэньне “птушкі вісельнікаў”. Ён бачыў старажытную нямецкую ікону, на якой вароны баранілі труп сьвятога Вінсэнта ад драпежных зьвяроў. І пагібель, і выратаваньне можа прыйсьці ад аднаго і таго ж. Дык ці варта самому вырашаць на благое?
Але ў тую ноч, калі сьнег выпаў, каб застацца, адзіноту гарнушкаўскага пана парушылі. Іх было сямёра маладых дужых мужыкоў, у дваіх — стрэльбы. Вінцэсь не спалохаўся – пастараўся ўсьміхнуцца як мага больш спакойна. Калісьці гэтак жа ў ягоную афрыканскую халупу ўварваліся зулусы. Тады Вінцэсь змог сваёй усьмешкай, спакоем, упэўненасьцю пазьбегнуць сутычкі. Зулусы нават пачалі вельмі шанаваць белага пана.
Але гэтых усьмешка толькі злавала.
— Паслухай, пане, мы ня зробім табе нічога благога. Аддай золата.
У Вінцэся пахаладзела ў грудзях. У чырвоным сьвятле каміну госьці здаваліся падобнымі да лясных духаў.
— У мяне няма золата, сябры. Усё, што меў – аддаў на пабудову лякарні і на касьцёл.
Прыхадні нават не ўсьміхнуліся, і Вінцэсь зразумеў – ня вераць… І не павераць. Гаворка нагадвала страшныя сны.
— Табе цмок золата носіць. Ты ў магіле прадзеда Чорную Кнігу адкапаў. Цмок вылупляецца з яйка пеўня… Вынасіў яго пад пахай… Ён табе яшчэ прынясе… Дабром просім – аддай золата! А то абыдземся – як з ведзьмаком і чарнакніжнікам належыць!…
Вінцэсь усё больш адчуваў безнадзейнасьць. Госьці, відавочна, умелі абыходзіцца са зброяй, і мала падобныя да тых прыгонных мужыкоў, што маглі разьбегчыся ад аднаго бляску шляхецкай шаблі. Прыхадні былі дужымі і ўпэўненымі ў сваёй праваце. І, відаць, хтосьці з іх паспытаў вайсковае справы, бо спрытна паваліў старога пана на падлогу, калі той варухнуўся ў бок сакрэтніка, у якім захоўваўся пісталет, і ўмела выкруціў чараўніку руку.
— Ну што ты сквапнічаеш! Жыцьцё даражэй!
Госьці выварочвалі шуфляды, адчынялі шафы… Але без асаблівага імпэту. Яны ведалі, што скарб схаваны адмыслова – іначай які ж гэта чарнакніжнік?
— Скажы, дзе схаванае золата! Вось, крыж даю – жывым пакінем.
Вінцэсь перастаў пераконваць і адмаўляцца. Ён проста маўчаў, з тугою гледзячы ў цёмнае вакно, за якім не было выратаваньня гэтак жа, як і зорак.
— Ня хочаш па-добраму – прымусім разгаварыцца! Мы хлопцы вясёлыя, размовы любім. Можаш і пасьпяваць. На ўсё горла сьпявай – ніхто не пачуе!
Вінцэсь зразумеў, што належыць рыхтавацца да найгоршага. Вось дзе дагнаў яго лёс! Выйсьці цэлым са столькіх сутычак, абысьці вязьніцу і шыбеніцу… І загінуць гэтак страшна і недарэчна ва ўласным доме, ад рукі сваіх жа людзей…
З упартага пана садралі адзежу, павалілі на падлогу. Рукі прывязалі да каміннай рашоткі, ногі проста скруцілі, каб ня надта брыкаўся…
Вінцэсь ляжаў, раскінуўшы рукі, як быццам адпачываў на цёплай ад летняга сонца траве. З фамільных партрэтаў паглядалі продкі. Іх пагляды здаваліся зьняволенаму нашчадку не спачувальнымі, а нават трохі грэблівымі… Даў схапіць сябе мужыкам! Продкі… Гордыя Рашчынскія… Бацька часта паўтараў выслоўе Вальтэра: хто добра служыць радзіме, ня мае патрэбы ў продках. Столькі стагоддзяў іх прыгонныя благалі і курчыліся падчас пакараньняў. Столькі сродкаў прыдумвалі людзі гэтай зямлі, каб зьдзеквацца адзін над адным! Хіба не ад іх, сваіх паноў, перанялі мужыкі майстэрства катаваньня, выпрабаваўшы ўсё на ўласнай плебейскае скуры? І можа быць, сёньня яму, Вінцэсю, удасца сплаціць грахі свайго роду, увесь боль, які спарадзіў яго род? Але горкая насьмешка перакрывіла вусны Рашчынскага: не блюзьнер, чалавеча. Не прымай на сябе месіянства. Нікога ня выратуюць твае пакуты, нічога ня выкупіць твая сьмерць. Хіба толькі твае ўласныя памылкі. Адзіная просьба да Госпада – каб на ім гэты ланцуг болю перарваўся. Праклятае золата! Праклятае золата!
Гадзіньнік у куце захрыпеў, пачуўся першы ўдар… Поўнач. У вакенцы гадзіньніка паказалася фігура сьмерці, як тамбурмажор на бале, урачыста падала знак касой… І пусьціліся на маленькай пляцовачцы ў вычварны карагод фігуркі – блазан, кароль, дама, мніх, рыцар, жабрак… Тузаліся, трымаючыся за рукі, аднолькава бездапаможныя і сьмешныя.
Нікому ня дадзена адмовіцца ад гэтых скокаў.