Адзінае, што падуладна чалавеку – ня страціць годнасьці ад жаху перад імі.
Калісьці, у вёсцы масаяў, Вінцэсю даводзілася назіраць, як юнакоў пасьвячаюць у дарослыя. Хлапцы мусяць давесьці, што сталі сапраўднымі воямі, і акрым паляўнічых посьпехаў, выявіць вытрымку да болю. Іспыт адбываецца пры дапамозе… мурашоў. Не такіх, як нашы, а вялізных, са сківіцамі больш за цела – кусаюць да крыві. Юны масай мусіць цярпець укусы і пры гэтым весела размаўляць, ветліва адказваць на пытаньні старэйшых… Вінцэся тады зацікавіла – наколькі балючы ўкус? Беламу пану адразу ж дапамаглі здаволіць цікавасьць. Як яму ўдалося захаваць спакойны выраз твару і ўсьмешку – сам ня ведае, хіба толькі самалюбства дапамагло. Ці мог ён выявіцца слабейшым за паўголых хлапчысак з валасамі, абмазанымі чырвонай глінай?
А потым ён распытваў – як яны вучацца цярпець боль? Адзін масай, сівы, як прысыпаны попелам – толькі такім дазвалялася жаніцца – патлумачыў, што боль трэба ўяўляць як асобны ад цела шарык, і вучыцца зьмяшчаць яго, сьціскаць да кропкі… Гэта была цэлая навука, і Вінцэсь трохі пераняў яе.
Прынамсі, ня будзе ганебных крыкаў.
Над тварам пранеслася гарачая хваля. Перад вачыма загайдаўся распалены ў каміне да чырвані пожах.
— Дзе схаванае золата?
— Дзе схаванае золата?
— Дзе схаванае золата?
Зьнявечанае цела Вінцэся Рашчынскага знайшлі назаўтра, раніцой. З увагі надзвычайнай жорсткасьці злачынства была прызначаная сьпецыяльная камісія па расьсьледваньні. Паколькі забіты ня быў багаты, сьледчы прыйшоў да высновы – зьвядзеньне старых рахункаў. Трыццаць гадоў таму забіты быў важнай асобай у бунце, відаць, камусьці добра даўся ў знакі. Падобна, што цэлую ноч небараку катавалі. Звычайныя злодзеі такое не ўчыняюць.
Але ж пан як ведаў, што хутка памрэ – такое надмагільле сабе адбудаваў! І навошта? Лепей бы – добрую памяць па сабе пакінуў! А то нават магілу ў спакоі не пакідаюць невядомыя ворагі. Тэорыю сьледчага наконт старой помсты пацьверджвала, што ўжо на другі дзень пасьля пахаваньня надмагільле пачалі руйнаваць. Разьбілі шкілет, які красаваўся наверсе… Горла лебедзю перабілі…І для чаго тут столькі зьвяр’я? Леў, воўк, лебедзь, жабы… Дзівак быў нябожчык! Адно слова – філосаф. У гербе Рашчынскіх – мядзьведзь, дык мядзьведзя якраз і няма сярод скульптур.
І герб гэты, з мядзьведзем, належала разьбіць на магіле памерлага. Ён быў апошнім з Рашчынскіх. Шкада, калі зьнікае старажытны род, нават калі ў ім два апошнія пакаленьні – бунтаўшчыкі.
І герб быў разьбіты. І не засталося нікога з роду.
А маёмасьць сваю нябожчык адпісаў суседзям – здаецца, далёкім сваякам, з маёнтка Весьніцы. Тыя, жабракі, павінны радавацца нават такой небагатай спадчыне.
Справа пра акрутнае забойства двараніна Вінцэнта Рашчынскага так і засталася нераскрытай.
19
— Я пакахаў цябе яшчэ тады, у Вільні… Сядзеў у сырой цёмнай падваротні, і раптам – ты… Загаварыла на маёй мове, выцягнула на сьвятло... А потым я глядзеў, як ты плачаш, якая ты насамрэч безабаронная і даверлівая. Ня злуйся – гэта ня самыя горшыя якасьці ў жыцьці… Да якога ты мяне вярнула.
— Я вярнула цябе да жыцьця! – ціха засьмяялася Паліна. – Дурненькі! Гэта ты выцягнуў мяне са шкарлупіны, змусіў паверыць, што яшчэ ня ўсё ў жыцьці скончана, і вакол не адны “карыстальнікі”. Чакай, не тузайся – у цябе на грудзях яшчэ адна драпіна. Зараз змажу… А тут сіняк… Здаравучы, на скабах. Слухай, а пералому няма? Ану ўздыхні моцна… Баліць?
Валянцін, без кашулі, увесь перамазаны ёдам, паслухмяна набраў у грудзі паветра, выдыхнуў…
— Нічога, я трывушчы.
Самадзейная медсястра прыдзірліва агледзела свайго падапечнага. Н-да, ёй дастаўся мужчына са шматлікімі доказамі сваёй мужнасьці, якімі, як вядома, зьяўляюцца разнастайныя шнары і сінякі рознай даўніны. У адной казцы афрыканская прынцэса абвесьціла, што ў яе будучага мужа не павінна быць на целе ніводнага шнару. І калі нарэшце такі знайшоўся, то аказаўся пераваратнем-ільвом.
Не, няхай лепей будзе нармальны пабіты беларускі мужчына. Валянцін усьміхаўся так шчасьліва, што здавалася, нават у сьне захавае гэтую ўсьмешку.
— Ведаеш, што мне хочацца цяпер зрабіць?
— Давай паспрабую адгадаць…
Валянцін імкліва прыцягнуў дзяўчыну да сябе і прагна пацалаваў…
— Асьцярожна, шалёны!
Паліна ледзь пасьпела навобмацак паставіць на стол бутэлечку з ёдам. Рыпнулі дзверы. У праёме на імгненьне паказаўся твар цёткі Ніны, жонкі Валянцінавага дзядзькі. Выраз твару быў неадабральны.
Дзядзька Міхась таксама пачуваўся трохі ніякавата. Толькі што каля пляменьніка ласьцілася адна дзеўка, нібыта як жонка, а ўвечары вяртаецца з іншай у абдымку. Ды яшчэ ўвесь скрываўлены.
Пра фальшывае золата дзядзька выслухаў з увагай (лепей было распавесьці самім – бо плёткі ператварылі б падзеі ў немаведама што).
— Значыць, недарэмна людзі языкамі малолі, — задумліва прагаварыў Валянцінаў сваяк. – Цяпер супакояцца – а то ўсё ямы капалі. Але мне няўцям – навошта было гэтыя балванкі хаваць? Жарт такі, ці што?
Паліна задумліва разьмешвала ў кубку з кіпнем малінавае варэньне. На кубку красаваўся ўжо абрыдлы лагатып “2000”. І зорачкі ад яго ўбакі разьлятаюцца… Нібыта пачнецца новы сьвет пасля чарговай даты еўрапейскага часу... Ці ўвогуле сьвет скончыцца.
— Я ўпэўнена, Рашчынскі ня ведаў, што хавае фальшывае золата. Ня стаў бы ён адсылаць нашчадкам такую складаную задачу, столькі сілаў траціць на яе ўвекавечаньне. Падобна, што падманулі яго самога. І я нават здагадваюся хто.
Валянцін кіўнуў галавой.
— Напарнік казаў пра ліст багацея Людвісара, быццам золата належала ягонаму бацьку. Няйначай, без Людвісараў не абыйшлося. Цікава, якая гісторыя хаваецца за ўсім гэтым?
— Напэўна, мы ніколі ўжо не даведаемся, – сумна зазначыла Паліна. – Але гісторыя, адчуваю, трагічная – Рашчынскі быў жорстка забіты адразу пасьля таго, як пабудаваў надмагільле.
— Эх, а каб тое золата – ды сапраўднае! – дзядзька Міхась пачаў разважаць пра свае тэрміновыя гаспадарчыя патрэбы, ды купіць бы пару трактароў, грузавічок, ды прыбудаваць бы яшчэ пару цагляных дамкоў – для дзяцей, а то павырасталі, разьехаліся, гаруюць па інтэрнатах… Цётка Ніна спыніла мужавы мары выразным: “Каб ня плеш, дык і лысы ня быў бы. Сьціхні, балаболка. Казаць е што, а слухаць няма чаго”.
…І зоры павыходзілі вадзіць свае бліскучыя карагоды над Гарнушкамі, нібыта ў вечным ладзе. Але час ад часу адну з іх выштурхоўвалі з кола, і яна бегла схаваць сваю ганьбу за краем неба, разгараючыся апошнім зыркім сьвятлом і губляючы яго назаўсёды.
Няўжо і зоры гэткія ж бязьлітасныя, як і людзі? Піфагор вучыў, што небасхіл складаецца з празрыстых бліскучых сфераў, якія павольна рухаюцца, кожная на сваёй ноце, і ўтвараюць прыўкрасную мелодыю – музыку сфер, і кожная зорка, кожная планета дадае ў агульны аркестр сваё. Піфагор валодаў уменьнем чуць тую музыку, можа быць, адзіны з усіх людзей. Хаця для гэтага трэба так няшмат – стацца часткай гармоніі Сусьвету.
Паліна стаяла на ганку, пазірала ў зорнае неба, і ёй здавалася, што чуе, як сьпяваюць зоры, і пяшчотна зьвініць поўня, нібы крышталёвы бакал, які стукнулі краем аб іншы… Толькі туга пра беднага Сымона, такога высакароднага і адважнага, перашкаджала адчуваньню шчасьця. Галоўнае — каб ён выжыў! Па-праўдзе, Паліна так і не пачала прымаць усур’ёз ягонае жаніхоўства, і цяпер дадаваліся пакуты сумленьня і з гэтае прычыны.
Музыку Сфер парушылі прыглушаныя галасы, аднекуль з-за адрыны. Здаецца, голас Валянціна? Паліне чамусьці зрабілася трывожна. Можа быць, варта асьцярожна падысьці?
Выявілася – варта. Валянцін стаяў, прыціснуты сьпіной да сьцяны адрыны, нехта трымаў яго за горла… Бліснула лязо… Нож!
Паліна мімаволі ўскрыкнула. Нападнік павярнуў свой твар у промні поўні. Валянцінаў няродны дзядька, “турэмшчык”! Твар дзядзькі, зарослы чорнай шчэцьцю, нагадваў аблічча ваўкалака.
— Дзевачка твая прыйшла? Можа, яна больш кемнай акажацца? Аддавай тое, што сёньня выкапалі! А то сябрука твайго зарэжу. Мне губляць няма чаго!