Валянцін не зьбіраўся апраўдвацца.
— Я заўсёды лічыў, што душэўныя пакуты – горш за цялесныя. Ну выцяў бы я напарніка – шмат ён ад гэтага пацярпеў бы? А ён жа ўсё жыцьцё пакутуе ад таго, што ня даў Бог таленту, ад зайздрасьці канае. А дзядзька Панас усё жыцьцё ў страху жыве. Ды ў іх жа пекла на зямлі! Іх шкадаваць трэба.
Маленькая аблачынка над гарой ляцела, быццам пяро, згубленае легендарнай птушкай Сімург, якую шукаюць усе птушкі на сьвеце, каб зразумець, што яе няма.
— А чаму Марыя Апанасаўна не прыехала? – пацікавіўся Сымон.
Паліна паківала галавой.
— Маці так і не даравала мне, што я адшукала бацьку.
— Так, крутая ў цябе цешча, Валянцін, — пасьміхнуўся Сымон. – Я б з ёй лепей упраўляўся.
Валянцін зьбянтэжана кашлянуў.
— І спадар Генадзь кудысьці зьнік…— працягваў штурман.
Паліна ціха засьмяялася.
— Ды людзі пачалі заўважаць падабенства яго з помнікам. Пальцамі паказваць. Ён і ня вытрымаў. Да таго ж заўтра ў ягонай студыі сьпектакль, паехаў на прагон у Вільню.
— Дык вы дакапаліся, адкуль такое падабенства? – зноў пацікавіўся Сымон.
— Не, — уздыхнула Паліна. – Ніякіх сьлядоў. Зразумела толькі, што выпадковым такое супадзеньне абліччаў быць ня можа. Хаця на магіле Рашчынскага разьбілі герб – значыць, прызналі, што апошні ў родзе. Братоў і сясьцёр ён ня меў. Хіба што ёсьць зачэпка – невядомы бацька аднаго з Рагманавых. Па ўзросьце бязбацькавіч мог быць сынам Вінцэся Рашчынскага – але нарадзіўся, калі той жыў у Парыжы. Так што – цемра часу. Ды каго з нас ні ўзяць – колькі ў нас крыві намяшана! Колькі людзей, пра якіх мы ніколі ня чулі, перадалі асабіста нам свае вартасьці і заганы, цяжар сваіх грахоў і веліч добрых учынкаў. Нават у Бібліі шмат разоў паўтараецца пра адказнасьць да сёмага калена.
— Гэта ты пра карму? – удакладніў Сымон.
— Ды кінь свае ўсходнія вышукі! – пакрывілася Паліна. – У нас хапае свайго – і філасофіі, і містыкі. Ведаю адно – Гасподзь заўсёды дае магчымасьць выбару. Ёсьць прадвызначанасьць – і ёсьць наша воля. Усё ўраўнаважана ў гэтым ня лепшым, але падораным нам сьвеце. Нават самы страшны праклён можа страціць моц ад аднаго подыху дабра. Тое, што ўчынялі продкі, адбіваецца на нас, але й тое, што мы ўчыняем – ведаюць продкі.
— Гэта ў кітайцаў… — пачаў быў Сымон, але Паліна і Валянцін перашкодзілі распачацца чарговай лекцыі па ўсходняй філасофіі.
Любі сваё, спадар!
Вецер ударыў у твары, і быў ён вільготным, як зрэзаныя на золку кветкі. Ды яшчэ з сасны пасыпаліся дробныя кроплі –сьлёзы, і ўсьмешка сусьвету стала трохі сумнай. Сымон разьліў у падрыхтаваныя чарачкі-напарсткі нейкі цёмны настой.
— Гэта можна… На тыбецкіх травах… Жартую, жартую – настоена на нашым, беларускім, дзівасіле. Ну, за Вінцэся Рашчынскага!
Маладая трава зашумела, нібыта па ёй прайшоў нехта нябачны, стаў побач.
— За вечную памяць! За Беларусь!
— За Беларусь!
2003